У Мінску прайшла Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя па забеспячэнні якасці адукацыі. Другое па ліку мерапрыемства падобнага фармату працавала ў штаб-кватэры Садружнасці Незалежных Дзяржаў і сабрала шматлікую аўдыторыю. У сталіцу Беларусі прыбылі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, арганізацый па забеспячэнні якасці адукацыі і адукацыйных устаноў Азербайджана, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Такім чынам, краіны СНД працягваюць распрацоўку агульных падыходаў да забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі. Пытанні, якія былі вылучаны на абмеркаванне, датычыліся сучасных праблем у гэтай галіне ў дзяржавах — удзельніцах СНД, выпрацоўцы адзіных падыходаў да вызначэння крытэрыяў ацэнкі і кіравання якасцю адукацыі і шэраг іншых аспектаў.
Некалькі апошніх гадоў Беларуская сістэма адукацыі інтэнсіўна ўдасканальвалася і не толькі дасягнула на гэтым шляху поспеху, але і набыла салідны вопыт, якім з удзельнікамі канферэнцыі дзяліліся прадстаўнікі галіны. І які з натхненнем быў прыняты і ўзяты на ўзбраенне спецыялістамі сферы адукацыі іншых краін.
— Тэма сённяшняй канферэнцыі цікавіць усіх, таму што дзяржава на пэўным узроўні развіцця разумее, што чалавечы капітал ключавы ў сістэме, без яго не можа быць развіцця любога грамадства. Беларусь нездарма з’яўляецца ініцыятарам мерапрыемства, бо ў пытаннях якасці адукацыі за перыяд суверэнітэту мы прайшлі заўважную эвалюцыю, — сказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Ён адзначыў, што ў краіне выбудавана дакладная сістэма. Пачатак яе — ацэнка якасці атэстацыі школьнікаў, навучэнцаў у сістэме каледжаў, студэнтаў ВНУ. А завяршальны пункт — непасрэдна кантроль якасці ў цэлым ва ўстановах адукацыі: навучальных планаў, праграм, усяго, што рэгламентуецца нарматыўна-прававой базай у гэтай сферы. Аляксандр Кадлубай выказаў упэўненасць, што калегі з іншых дзяржаў таксама маюць цікавы досвед арганізацыі гэтых працэсаў.
— Мы павінны быць у курсе, якія новыя выклікі сёння нам дыктуюць працэсы глабалізацыі, інфарматызацыі, таму што гэта таксама датычыцца пытанняў якасці адукацыі, якія нельга здымаць з рахункаў. Бо грамадства імкліва развіваецца: гэта і дасягненні штучнага інтэлекту, і лічбавізацыя, гэта пакаленні новых навучэнцаў. Усё гэта выклікі, да іх нам неабходна рыхтаваць педагогаў новай фармацыі, — падкрэсліў намеснік міністра.
Ён таксама зазначыў, што калегам з СНД будзе цікавая беларуская сістэма кантролю ведаў навучэнцаў.
— У прыватнасці, наша Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі (НИКО — «Зв»). На з’ездзе настаўнікаў СНД мы прапанавалі маштабаваць гэты вопыт на пляцоўцы Садружнасці, калегі прапанову падтрымалі, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Неабходнасць інтэграцыі ў сферы адукацыі пацвердзіла і саветнік дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Выканаўчага камітэта СНД Галіна КАЗАК. Яна прадставіла інфармацыю аб напрамках развіцця агульнай адукацыйнай прасторы Садружнасці і заўважыла, што развіццё інтэграцыі ў сферы адукацыі рэгламентуецца Пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, падпісаным кіраўнікамі ўрадаў СНД 15 мая 1992 года. Другім асноватворным дакументам з’яўляецца Пагадненне аб супрацоўніцтве па фарміраванні адзінай (агульнай) адукацыйнай прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 17 студзеня 1997 года.
— Інтэграцыйныя працэсы накіраваны на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва па забеспячэнні якасці і даступнасці адукацыі на ўсіх узроўнях у дзяржавах СНД, — паведаміла саветнік. — Удасканальваецца сфера падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі высокакваліфікаваных і матываваных спецыялістаў, якія выклікаюць інтарэс для эканамічнага і сацыяльнага развіцця дзяржаў Садружнасці. Робяцца практычныя крокі па ўзаемадзеянні ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў. Рэалізацыя пастаўленых задач ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.
Галіна Казак праінфармавала, што ўсяго ў сферы адукацыі вышэйшымі органамі СНД прынята 52 дакументы. Акрамя іх, ужо завершана работа над праектамі Канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці і Плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.
Створана Рабочая група па распрацоўцы праекта Пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб вучоных ступенях дзяржаў — удзельніц СНД.
Яна дадала, што для сістэмнага разгляду прапаноў і іншых наспелых пытанняў у галіне атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі на прасторы СНД патрэбны спецыяльны орган. Сёння пад эгідай Савета ў сферы адукацыі Садружнасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць 18 базавых арганізацый.
— Па прапанове расійскага боку пры Савеце ствараецца адпаведная камісія, — канстатавала яна. — Акрамя таго, завяршаецца ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне праекта Палажэння аб базавай арганізацыі СНД па пытаннях харчавання навучэнцаў.
Яшчэ адзін праект, «Сеткавы ўніверсітэт СНД», па словах Галіны Казак, стаў знакавым на адукацыйнай прасторы Садружнасці. У ім сёння бяруць удзел 49 ВНУ з 9 краін СНД. А за 14 гадоў, з 2010 да 2024, навучанне ў іх прайшлі 1436 магістрантаў.
— Дзякуючы дзейнасці Савета і прынятым вышэйшымі органамі Садружнасці дакументам адукацыйная прастора СНД працягвае дынамічна развівацца. Праводзяцца шматлікія міжнародныя мерапрыемствы і рэалізоўваюцца адукацыйныя праекты. Удасканальваецца нарматыўна-прававая база, аказваецца падтрымка базавым арганізацыям СНД у сферы адукацыі. На чарговым пасяджэнні Савета 12 лістапада 2024 года ў Бішкеку пад старшынствам Кыргызскай Рэспублікі трэба будзе прааналізаваць выкананне пастаўленых задач і вызначыць перспектывы далейшага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі на адукацыйнай прасторы Садружнасці, — падкрэсліла саветнік.
Закранула яна і работу З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. На працягу 14 гадоў гэты аўтарытэтны орган быў і застаецца платформай для дэманстрацыі педагагічных дасягненняў і вызначэння перспектыў далейшага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Галіна Казак распавяла ўдзельнікам канферэнцыі аб выніках праведзенага 3–4 кастрычніка ў Ерэване VІІІ З’езда і паведаміла, што наступны, дзявяты па ліку з’езд, адбудзецца ў 2026 годзе ў Беларусі.
Як ужо было сказана вышэй, замежныя ўдзельнікі форуму былі надзвычай уражаны тымі напрацоўкамі і дасягненнямі, якія не толькі існуюць, але і актыўна выкарыстоўваюцца ў сферы адукацыі Беларусі.
Узяць, напрыклад, правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Новае для Беларусі даследаванне, накіраванае на атрыманне аб’ектыўнай інфармацыі аб стане сістэмы агульнай базавай адукацыі, праводзілася ў 2023 годзе.
— Па выніках даследавання распрацавана дарожная карта па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў устаноў адукацыі, — сказала рэктар Акадэміі адукацыі Ірына СТАРАВОЙТАВА. — Плануем праводзіць даследаванне раз на тры гады. Такі падыход дасць магчымасць адсочваць дынаміку развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, уключаючы ўзровень адукацыйных дасягненняў навучэнцаў.
Паводле яе слоў, на першы раз узялі для даследавання чатыры віды функцыянальнай адукаванасці: чытацкая, матэматычная, натуральна-навуковая і фінансавая. На перспектыву гэты спіс плануецца значна пашырыць і ўключыць у яго інфармацыйную адукаванасць, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, эмацыянальны інтэлект.
Умовы для паступлення матываваных і адораных дзяцей — яшчэ адзін вопыт беларускай сістэмы адукацыі, які вельмі зацікавіў калег з СНД. Аб тым, наколькі дакладна сфармуляваны ўмовы для паступлення абітурыентаў, і аб тым, наколькі гэты працэс празрысты, расказала намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Алена ЗЯМНОВА. Яна ж агучыла і вельмі «гаворачыя» лічбы.
— У 2024 годзе практычна ў два разы павялічылася колькасць адораных і матываваных дзяцей, залічаных у ВНУ без уступных іспытаў. У тым ліку больш як у тры разы — выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, больш як у два разы — пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных алімпіяд, практычна ў два разы — уладальнікаў залатога, сярэбранага медалёў або дыплома з адзнакай аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Да ўступнай кампаніі 2024 года былі скарэкціраваны ўмовы паступлення ў абласныя ВНУ некаторых катэгорый абітурыентаў з мэтай падтрымаць як самі абласныя ўніверсітэты, так і насыціць эканоміку рэгіёнаў неабходнымі спецыялістамі. З гэтай задачай таксама справіліся.
— 375 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд залічылі менавіта ў гэтыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, — канстатавала дырэктар дэпартамента. І адзначыла, што любая сістэма адукацыі павінна быць арыентавана на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў пад патрэбы эканомікі.
Таму жыццёва важна, каб у ВНУ прыходзіла найбольш здольная моладзь.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл МІРОНЧЫК праінфармаваў аб тым, што дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі», і падкрэсліў, што ўсе карэкціроўкі, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі, накіраваны на далейшае павышэнне якасці адукацыі і ўрэгуляванне важных пытанняў практычнага характару.
Ён спыніўся на некаторых важных навацыях, унесеных у дакумент. І агучыў, што з прыняццем заканадаўчага дакумента будзе выключана магчымасць рэалізацыі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Вылучыў навацыю па размеркаванні мэтавікоў і расказаў аб абавязках, якія ўводзяцца для арганізацый — заказчыкаў кадраў па кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста ў выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы.
Алена ВІНАГРАДАВА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.