Вы тут

Міжнацыянальнае і міжканфесіянальнае адзінства ў Казахстане


Казахстан — гэта шматнацыянальная краіна, у якой мірна і ў добрасуседстве пражываюць прадстаўнікі больш як 130 этнасаў і 17 канфесій. Краіна заўсёды славілася гасціннасцю і адкрытасцю да розных культур. Тут пражываюць казахі, рускія, таджыкі, узбекі, уйгуры, украінцы, беларусы (больш за 60 тысяч), палякі, немцы, татары, кыргызы, туркмены, карэйцы, дунгане і многія іншыя этнічныя групы. Такая разнастайнасць стварае ўнікальны сацыякультурны ландшафт, дзе кожная група робіць свой унёсак у агульнае багацце краіны. У Пасольстве Казахстана ў Беларусі расказалі, як у вялікай краіне ўдалося захаваць міжнацыянальную згоду.


Захаванне і павага культурнай і моўнай разнастайнасці з’яўляюцца прыярытэтамі Казахстана. Дзяржава актыўна падтрымлівае і развівае розныя культурныя традыцыі і нацыянальныя мовы. Адукацыйныя ўстановы ў краіне прапаноўваюць навучанне на розных мовах, каб кожная этнічная група магла захоўваць свае ідэнтычнасць і мову. Акрамя таго, праводзяцца фестывалі, канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы, на якіх кожная нацыянальная культура мае магчымасць прадставіць сваю спадчыну і творчасць.

Дзяржава актыўна працуе над забеспячэннем міжнацыянальнай гармоніі і згоды ў грамадстве. Заканадаўства Казахстана забараняе дыскрымінацыю па нацыянальнай, этнічнай або рэлігійнай прыкмеце, што садзейнічае стварэнню раўнапраўнага і талерантнага асяроддзя для ўсіх жыхароў краіны.

За гады незалежнасці ў Казахстане створана ўласная ўнікальная мадэль міжэтнічнай і міжканфесіянальнай згоды.

З першых дзён суверэннага развіцця краіны гэтае пытанне стала адным з прыярытэтных. Пагроза міжэтнічных канфліктаў была адной з самых сур’ёзных праблем для постсавецкай дзяржавы, якая атрымала ў спадчыну чацвёрты па велічыні ядзерны арсенал у свеце. Гэта ўзмацнялася прагнозамі маштабных узброеных канфліктаў і рызыкай страты дзяржаўнасці.

Дакладна ўсведамляючы гэтыя рызыкі, у пачатку 1990-х гадоў кіраўніцтва краіны абазначыла ключавыя ідэі палітыкі ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва — захаванне міжэтнічнай згоды, этнічнай разнастайнасці і роўнасці грамадзян, незалежна ад іх нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці.

Прынцып культурнай аўтаноміі быў рэалізаваны ўрадам Казахстана яшчэ ў 1991 годзе праз стварэнне нацыянальных культурных аб’яднанняў, каб падтрымаць «нацыянальнае адраджэнне» казахстанскіх этнасаў для захавання нацыянальнай самасвядомасці, падтрымання і развіцця нацыянальных традыцый, культур і самабытнай духоўнасці, каб захаваць згоду сярод людзей не толькі розных нацыянальнасцяў, але і розных канфесій.

Прынятая ў 1995 годзе на агульнарэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыя Рэспублікі Казахстан гарантуе, што «ніхто не можа падвяргацца якой-небудзь дыскрымінацыі па матывах паходжання, сацыяльнага, службовага і маёмаснага становішча, полу, расы, нацыянальнасці, мовы, адносін да рэлігіі, перакананняў, месца жыхарства або па любых іншых абставінах». У асноўным законе краіны таксама замацавана, што «кожны мае права на карыстанне роднай мовай і культурай, на свабодны выбар мовы зносін, выхавання, навучання і творчасці». Такім чынам, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў і этнічных груп, якія пражываюць у Казахстане, валодаюць аднолькавымі правамі і не могуць падвяргацца дыскрымінацыі.

Міжэтнічная згода казахстанскага грамадства грунтуецца на прынцыпе «адзінства ў разнастайнасці». Функцыя агульнапрынятай нацыянальнай ідэі заключаецца ў аб’яднанні ўсіх казахстанцаў у казахстанскую нацыю, вызначэнні для ўсяго свету яе іміджу і памкненняў. Такім чынам, нацыянальная ідэя выказвае прыярытэты светапогляду, агульныя для ўсіх этнічных груп, канфесій, якія насяляюць Казахстан, з рознымі палітычнымі перакананнямі.

Важным кірункам сучаснага казахстанскага грамадства з’яўляецца духоўнае адраджэнне, бо без духоўнасці няма рэальнай магчымасці ацаніць сэнсаўтваральныя фактары ў жыццядзейнасці людзей, устанавіць сувязь пакаленняў, захаваць пераемнасць культурных традыцый і каштоўнасцяў. Таму роля духоўных каштоўнасцяў кожнага этнасу і значнасць іх захавання для пабудовы дэмакратычнага грамадства і росквіту дзяржавы сталі аб’ектам многіх вялікіх мысліцеляў. Духоўныя каштоўнасці, прадстаўленыя ў патоку гістарычнага развіцця, знаходзяць сваё выяўленне ў менталітэце кожнага этнасу.

У сучасным казахстанскім грамадстве крыніцамі этнакультурнай ідэнтычнасці з’яўляюцца іслам, хрысціянства і іншыя рэлігійныя вераванні этнасаў, якія пражываюць у краіне.

Сімвалам адзінства народа і агульнанацыянальнай салідарнасці краіны з’яўляецца Асамблея народа Казахстана (АНК), створаная ў 1995 годзе для ўмацавання і падтрымкі міжнацыянальнай згоды ў краіне, — унікальная арганізацыя грамадзянскай супольнасці, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў 130 этнасаў. АНК займае цэнтральнае месца ў сістэме дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, уключаючы ў сябе больш як 800 этнакультурных аб’яднанняў (ЭКА).

Старшынёй АНК з’яўляецца Прэзідэнт краіны, а сесія — найвышэйшым органам, рашэнні якога абавязковыя да разгляду ўсімі дзяржструктурамі. АНК стала каардынатарам работы цэнтральных і мясцовых выканаўчых органаў улады па пытаннях міжэтнічнага развіцця. Гэта дзейнасць ахоплівае інфармацыйныя, адукацыйныя, выхаваўчыя, прававыя, а таксама міжнародныя аспекты забеспячэння міжэтнічнай згоды.

Асамблея, якая стала інстытутам агульнанацыянальнай салідарнасці і валодае канстытуцыйным статусам, укараняе ў сваю дзейнасць новыя падыходы і стандарты, арыентаваныя на больш шырокае ўцягванне казахстанцаў у грамадска-палітычнае жыццё краіны. Дзякуючы АНК звычайнай практыкай сталі такія новыя формы грамадзянскай актыўнасці, як дабрачыннасць, сацыяльнае прадпрымальніцтва, мецэнацтва, медыяцыя. АНК таксама ўдзяляе асаблівую ўвагу папулярызацыі дзяржаўнай мовы і ўмацаванню яе статусу ў Казахстане.

За гады сваёй дзейнасці АНК зазнала істотнае развіццё, яе аўтарытэт прызнаны ва ўсім свеце. Створана некалькі грамадскіх структур Асамблеі: саветы грамадскай згоды, пасрэдніцкія саветы, клуб журналістаў, навукова-экспертны савет, маладзёжны рух, асацыяцыя прадпрымальнікаў і інш.

Асамблея ператварылася з кансультатыўнага органа ў законнага абаронцу інтарэсаў казахстанскага грамадства, у тым ліку праз парламенцкае прадстаўніцтва — з 2007 года АНК атрымала паўнамоцтвы дэлегаваць дзевяць сваіх прадстаўнікоў у Мажыліс (ніжнюю палату парламента Казахстана). Паўнацэннае функцыянаванне Асамблеі на высокім узроўні дазваляе аддзяляць этнічныя праблемы ад цесна звязаных з імі палітычных, эканамічных, сацыяльных пытанняў і вырашаць іх магчымымі метадамі.

У цяперашні час 16 этнасаў Казахстана маюць рэспубліканскія і рэгіянальныя ЭКА, 21 этнас мае рэгіянальнае ЭКА. Этнакультурныя аб’яднанні АНК удзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па забеспячэнні грамадскай згоды і нацыянальнага адзінства, садзейнічаюць умацаванню казахстанскай ідэнтычнасці на прынцыпе грамадзянства, на аснове патрыятызму, духоўна-культурнай агульнасці этнасаў Казахстана пры кансалідавальнай ролі казахскага народа.

Для згуртавання народаў Казахстана ў краіне праводзяцца розныя мерапрыемствы, адно з якіх — святкаванне «Дня Адзінства народа Казахстана» (адзначаецца 1 мая з 1996 года). У гэтае яркае вясновае свята праходзяць парады і шэсці па цэнтральных вуліцах гарадоў, а таксама шматлікія забаўляльныя мерапрыемствы.

Вялізнае значэнне мае тое, што ў свяце ўдзельнічаюць этнакультурныя аб’яднанні, каб пазнаёміць народ Казахстана з традыцыямі розных этнасаў. Вясёлыя танцы, спартыўныя спаборніцтвы — усё гэта робіць мерапрыемства адным з самых яркіх і любімых свят для казахстанцаў.

Удзел у свяце бяруць не толькі этнакультурныя цэнтры, але і працоўныя калектывы, студэнты, прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў. У месцах правядзення свят устанаўліваецца нацыянальнае жыллё прадстаўнікоў усіх нацый і народнасцяў, якія пражываюць у Казахстане. 

Гэта своеасаблівыя міні-музеі, дзе можна сустрэць прадметы адзення, традыцыйны посуд, упрыгажэнні, уласцівыя той ці іншай народнасці, а таксама пакаштаваць стравы рознай нацыянальнай кухні.

У гэты дзень музеі і бібліятэкі Казахстана арганізоўваюць выставы, прысвечаныя святу і этнасам, якія пражываюць у краіне. Гэтае свята не проста знаёміць народ Казахстана з традыцыямі і культурай розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы, — яно заклікана кансалідаваць народ краіны ў адзінае цэлае.

Штогод, у першы дзень вясны, 1 сакавіка, у дзень стварэння АНК у Казахстане, пачынаючы з 2016 года, адзначаецца свята «Дзень удзячнасці». У гэты дзень шматлікія народы Казахстана могуць падзякаваць адзін аднаму і казахам за цярпімасць і гасціннасць у тыя гады, калі многія народы былі дэпартаваны ў гэту краіну. Па ўсёй краіне праходзіць мноства святочных і ўрачыстых мерапрыемстваў.

Варта адзначыць, што сучасны шматнацыянальны Казахстан — гэта вынік некалькіх міграцыйных хваль, калі ў рэспубліку ў розныя гады былі дэпартаваны цэлыя народы, якіх выгружалі з таварных вагонаў проста ў голым стэпе, а казахскія сем’і, якія самі знаходзіліся ў крайняй галечы, прымалі іх у свае саманныя дамы. Толькі ў пачатку XX стагоддзя ў Казахстан прыбылі 1,1 млн чалавек з Расіі, Украіны і Беларусі. У 1930-я гады падчас калектывізацыі сюды было саслана 250 тысяч раскулачаных сялян, каля 1,2 млн чалавек з усіх куткоў СССР пераселена на будаўніцтва прамысловых аб’ектаў.

У тым, як усе гэтыя людзі змаглі ўладкавацца і выжыць, — велізарная заслуга народа Казахстана. Таму заснаванне свята «Дня ўдзячнасці» стала данінай павагі і падзякі ўсім этнасам адзін аднаму і казахам, якія праявілі міласэрнасць і прынялі гэтых людзей як родных. «Памятай і ганарыся сваёй гісторыяй» — адзін з асноўных пасылаў свята, іншая мэта — выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця талерантнасці, прыязнасці і павагі адно да аднаго, умацаванне міжэтнічнай згоды і міжнацыянальных сувязяў.

Шматнацыянальнае адзінства Казахстана з’яўляецца не толькі крыніцай гонару для краіны, але і фактарам яе росквіту. Узаемадзеянне і ўзаемаразуменне паміж рознымі этнічнымі групамі ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі, культуры, адукацыі і іншых сфер жыцця. Разнастайнасць перспектыў і ідэй, прапанаваных рознымі культурамі, садзейнічае інавацыям, крэатыўнасці і сацыяльнаму развіццю.

Гэта адбіваецца і ў знешняй палітыцы, дзе Казахстан уваходзіць у лік сусветных лідараў у міжканфесіянальным дыялогу.

Казахстан, які актыўна папулярызуе культуру міру і дзейснага міжканфесіянальнага дыялогу як у нацыянальным, так і глабальным маштабе, стаў ініцыятарам шэрагу запатрабаваных ініцыятыў у сферы міжцывілізацыйнага і міжкультурнага дыялогу.

Пачынаючы з 2003-га, кожныя тры гады ў Казахстане праводзіцца З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, што пацвярджае палітыку міжканфесіянальнай згоды дзяржавы, паважлівае, талерантнае стаўленне да ўсіх этнасаў і канфесій (у выніку пандэміі каранавіруса правядзенне VІІ З’езду з 2021 года было перанесена на 2022 год).

Казахстан стаў цэнтрам глабальнага міжрэлігійнага і міжканфесіянальнага дыялогу, форум — аб’ектыўнай і заканамернай рэальнасцю гісторыі дыялогу цывілізацый, доказам таго, што прадстаўнікі розных веравызнанняў павінны весці добразычлівы і зацікаўлены дыялог, у якім бакі не толькі гавораць, але і чуюць адзін аднаго.

На VІІ З’ездзе, які прайшоў 14–15 верасня 2022 года, акрамя вядомых духоўных прадстаўнікоў ісламу і іншых аўтарытэтных лідараў розных рэлігійных абшчын з усяго свету, бралі ўдзел Папа Рымскі Францыск, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, вярхоўныя рабіны Ізраіля ашкеназскі Давід Лау і сефардскі Іцхак Ёсеф.

Наступны VІІІ З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій пройдзе ў 2025 годзе ў Астане.

«Народ Казахстана ўвабраў у сябе традыцыі розных цывілізацый і рэлігій, дух талерантнасці і адкрытасці. І таму прынцып „адзінства ў разнастайнасці“ для нас з’яўляецца асноватворным», — падкрэсліў, адзначаючы прыярытэтнасць палітыкі міжнацыянальных адносін, умацавання міру і згоды, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у сваім выступленні на адкрыцці ў Астане VІІ З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій.

Сёння Казахстан з’яўляецца сведчаннем трыумфу адзінства, згоды, даверу і ўзаемаразумення, якое прадстаўляе міжэтнічнае і міжкультурнае ўзаемадзеянне на аснове прынцыпаў, што забяспечваюць роўнае культурнае развіццё і самарэалізацыю ўсіх этнасаў пры захаванні этнічнай і канфесіянальнай самабытнасці. Унікальная разнастайнасць этнічных груп, іх культур і моў ствараюць асаблівую атмасферу, у якой квітнеюць талерантнасць, сяброўства і салідарнасць.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.