Дэбютны фільм «Трымайся сонца» расійскага рэжысёра Леаніда Кулібабы сёлета скарыў сэрцы журы і гледачоў на конкурсе дзіцячых і юнацкіх фільмаў «Лістападзік». Кінастужка ўзяла прызы ў трох намінацыях, прычым «золатам» сярод конкурсных работ яе ўзнагародзілі і дзеці, і дарослыя. Чакаць у пракаце, у тым ліку і ў беларускай сталіцы, кінаработу варта ў наступным годзе, але пагаварыць пра яе хочам па гарачых слядах кінафоруму.
Прапаноў кінафільмаў для сямейнага прагляду хапае, прычым, калі не належыце да прыхільнікаў сучаснага кіно, то можна выбіраць з апрабаваных часам гісторый. Але і сёлетні конкурс «Лістападзіка» даў шэраг стужак такога кірунку, бо там былі і работы пра школьныя будні, і прыгоды ў кантэксце спазнання роднай гісторыі і саміх сябе... Аднак знайсці сваё кіно для душы і розуму — задача заўсёды не з простых. Як і цяжка ацэньваць, што адпавядае паказчыку добрага фільма, бо на адзін пойдуць з-за вядомых імён у цітрах, на іншы — каб параўнаць, напрыклад, кнігу і яе ўвасабленне на экране, а на трэці — проста па прычыне таго, што выбіраць асабліва і не было з чаго, таму далі шанц нязведанаму і, можа, добра разрэкламаванаму. Фільм «Трымайся сонца» можна ацэньваць таксама з розных ракурсаў.
Спачатку сюжэт. Дзеянне адбываецца ў наш час. Галоўны герой — школьны настаўнік Андрэй Уладзіміравіч (Сяргей Янкоўскі) — сыходзіць з чарговага месца работы і накіроўваецца на новае. Туды ж адпраўляецца і дзяўчына, якую выключылі з элітнага замежнага каледжа. Абодва персанажы нібы аказваюцца ў высылцы ў інтэрнаце для складаных падлеткаў. Там, уласна, і адбываюцца ўсе астатнія падзеі фільма.
Спойлерыць не будзем, але пра некаторыя моманты згадаем...
Ужо самі назвы населеных пунктаў «Дно», «Выпалзава», дзе разгортваюцца падзеі, нібыта настройваюць нас на тое, што нічога добрага цяпер нашых герояў не чакае. А ўрэшце, калі б было па-іншаму, то і гісторыя не набыла б жыцця, хаця лакацыяй для здымак выбралі сядзібу Знаменка (непадалёк ад Пецяргофа)... Спынімся на акцёрскім складзе. У гэтым фільме ён сабраны вельмі ўдала, бо і станоўчыя, і адмоўныя героі арганічна глядзяцца ў кадры, пазнаюцца гледачом з першых сустрэч на экране. Ужо згаданы Сяргей Янкоўскі, Міхаіл Баярскі, Сяргей Мігіцко, Максім Ханжоў, Ганна Мігіцко і іншыя ў кожным эпізодзе пражываюць свае ролі пераканаўча, таму ім не проста верыш, а нібы пражываеш з імі ўсё за кампанію.
Асабліва калі яны аказваюцца ў сітуацыях няпростага выбару ці важнага кроку. Прычым малады састаў артыстаў таксама вельмі ярка заяўляе пра сябе ў гэтай карціне. Вядома, дасягаецца тое як прафесійным майстэрствам артыстаў, так і працай стылістаў, візажыстаў — словам, усіх, хто прыклаў руку для стварэння ўдалых кадраў і эпізодаў.
Некаторыя персанажы па ходзе дзеяння набываюць новае жыццё і паступова выходзяць з ценю. Такім, на мой погляд, з’яўляецца якраз дырэктар школы. Чалавек старой савецкай загартоўкі, які прысвяціў сваё жыццё школе, спачатку паўстае перад гледачом проста стомленым і абыякавым.
Ён нібы толькі намінальна існуе ў гэтай установе і гатовы да любых распараджэнняў зверху, каб толькі не чапалі і далі спакойна дапрацаваць. Але якраз з’яўленне новага настаўніка і яго жаданне паляпшаць устаноўленыя парадкі ў навучальнай установе нібы абуджаюць кіраўніка інтэрната ад сну. Дарэчы, менавіта Сяргея Мігіцко ўзнагародзілі як «Найлепшага дарослага акцёра ў фільме для дзяцей».
Ярка і самабытна ўвасобіў на экране дарослага персанажа і Сяргей Янкоўскі, які за час фільму ў кожным эпізодзе дэманструе самыя розныя эмоцыі і пачуцці: умее патлумачыць відавочнае, не паддацца на правакацыі, адчайна стаяць на абароне таго, у што свята верыць.
Каларытнымі тут атрымаліся і вобразы адмоўных герояў, якія стваральнікі фільма зашыфравалі і ў іх паводзінах, звычках.
Сярод галоўных пасылаў я дазволю сабе агучыць, напрыклад, узаемаадносіны з людзьмі і важнасць заставацца вернымі сабе незалежна ад абставін. Кожнага з іх у ходзе дзеяння можна назіраць у розных кантэкстах. Бо незалежна ад таго, разглядаем мы ўзаемаадносіны калег-настаўнікаў ці вучняў розных класаў альбо таварыства аднадумцаў, — усюды існуюць свае правілы гульні. Іх можна прымаць альбо спрабаваць мяняць пад сябе. Другое — патрабуе наяўнасці ўнутранага стрыжня і ўмення пераконваць апанентаў, у чым яны памыліліся адносна вас. Але галоўнае — гэта ўсё ж уменне бачыць свет вачыма дзяцей, талент пражываць час вашай сустрэчы з імі так, каб і ўспомніць было што, і даць ім важныя ўрокі, незалежна ад таго, вам трэба распавесці пра ўзнікненне рок-музыкі альбо натхніць праявіць высакароднасць у канфліктнай сітуацыі. Тут, бадай, ніяк без уласнага прыкладу. А галоўнае, калі мы дзелімся нечым з іншымі, то і самі набываем вельмі шмат. І тут згадваюцца запаветы Януша Корчака «Не чакай, што тваё дзіця будзе такім, як ты, ці як ты хочаш. Дапамажы яму стаць не табой, а сабой», «Любі сваё дзіця любым: неталенавітым, няўдачлівым, дарослым. Размаўляючы з ім, радуйся, таму што дзіця — гэта свята, якое пакуль яшчэ з табой» і «Не забывай, што самыя важныя сустрэчы чалавека — яго сустрэчы з дзецьмі». Гэтыя словы — найлепшы напамін усім нам.
Дынамічны сюжэт, пераканаўчая ігра акцёраў, адметнае музычнае аздабленне, гумар — усё спрыяе ў кінарабоце таму, што мы шчасліва не заўважаем, як пралятаюць дзве гадзіны. Але паспяваем перажыць разам з дзеючымі асобамі іх прыгоды, расчараванні, шчаслівыя адкрыцці, а галоўнае — змены самых розных маштабаў. І пасля прагляду ўсім будзе пра што падумаць, пагаварыць у сямейным ці сяброўскім коле.
Алена ДРАПКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.