Вы тут

Не пра шапку, альбо даўгі нашы цяжкія


Гэта ўжо рэфлекс — з пачаткам халадоў успамінаць адно і тое ж: ранічка, субота, інтэрнат, дзверы ў наш пакой ціха адчыняюцца, і ў іх з’яўляецца... Не, не Лорык з суседняга, а... шапка — пілотачкай, з бліскучай блакітнай норкі... Мяккая, лёгкая, цёплая, нават чароўная, бо варта надзець — і ў люстэрку ўжо быццам не ты, а... ХТОСЬЦІ куды прыгажэйшы і разумнейшы, варта зняць — чарадзейства знікае. Нам хацелася яго захаваць.


Такім чынам шапка з блакітнай норкі стала гэткай жа блакітнай, нязбытнай марай, бо адкуль тыя грошы ва ўчарашніх школьніц?

Не ведаю, як у іншых аднапакойніц — у нас з мужам патрэбная сума з’явілася толькі праз гады і якраз увосень: мы збіраліся (і, вядома ж, з’ездзілі б) на рынак — нешта купілі б (хай не блакітнае, бо яно «запрасіла» б новага паліто), але...

Не з нашым шчасцем, як той казаў, бо якраз тады аб’явілася знаёмая, стала распавядаць, што яны з мужам знайшлі-такі прыстойную кватэру, ды гаспадар умову паставіў: альбо плаціце за паўгода наперад, альбо... «Сіл няма болей шукаць! — ледзь не плакала тая знаёмая. — Выручце — пазычце грошай хоць колькі зможаце!»

Што заставалася рабіць?.. Ну, зразумела ж, увайсці ў становішча — пайсці насустрач і пры гэтым — хібa абмовіцца, што грошы адкладвалі на шапку. «Дык яшчэ ж не зіма! — з радасцю заявіла пазычальніца. — А праз месяц мы ўсё аддадзім!»

Не, яны з мужам нас не падманулі: доўг і напраўду аддалі — праз месяц і... шэсць гадоў, за якія, пахварэўшы, я неяк прывыкла xaдзіць без шапкі.

І, думаеце, зрабіла высновы? Не: перахапіць грошай да авансу ці зарплаты рэгулярна забягала суседка; амаль пастаянна заходзіў былы калега-ўдавец, які не ўмеў на месяц расцягваць пенсію; часцяком зазіраў знаёмы выпівака, звярталіся родныя ды сябры...

І мы да іх (справа жыццёвая!), здаралася, таксама: размова не пра тое, хто ў каго што пазычаў, а як аддаваў.

Той удавец, напрыклад, сустракаў каля пад’езда ў дзень атрымання пенсіі. Суседка і выпівака старыя даўгі плюсавалі да новых, часам — не могучы аддаць — сыходзілі ў глыбокае падполле, а ўрэшце проста зніклі з гарызонту, на шчасце, не з такімі значнымі сумамі... Адну блізкую прыяцельку «кінулі» на значную: судом вяртала (добра, што распіска была), другую падставіў сын: угаварыў узяць крэдыт, абяцаў, што вяртаць будзе сам, і... У яго змяніліся абставіны — падмануў.

Мама, вядома ж, даравала яму, банк ёй — не...

Старая казка. Двух паляўнічых у лесе дзед пераняў, сказаў: «Хлопцы, не ідзіце па гэтай сцежцы, а то загінеце!» Тыя спярша паслухалі і нават збочылі, але вярнуліся назад: маладыя ж, маўляў, са зброяй — чаго нам баяцца?.. Колькі метраў прайшлі — карціна алеем: цэлы россып грошай!
Узрадаваліся дзядзькі — сталі думаць, што далей рабіць. «Я тут са стрэльбай пасяджу, папільную, — кажа адзін, — а ты дадому крутніся, каня падгані, з ежы што прыхапі, а то пакуль пагрузімся... І глядзі ж — нікому ні слова».

Шчасліўчык не вытрымаў — жонцы сказаў... Загадаў яшчэ праснак спячы для таварыша, а сам на падворак — каня запрагаць, скрыню на воз усцягваць ды марыць, як добра было б... ні з кім не дзяліць тыя грошы, сабе ўсе пакінуць.

Пра тое ж самае і жонка падумала: атруты ў праснак насыпала.

Пахваліў яе муж за знаходлівасць, але грошы забраць не паспеў, бо «ахоўніка» таксама жаба душыла. А таму ён пачакаў, пакуль таварыш наблізіцца, і... выстраліў. Потым сляды замёў, грошы пагрузіў і з песнямі дадому б заехаў, калі б... праснак па дарозе не з’еў.

...Гэта ўжо рэфлекс: з надыходам халадоў успамінаць пра шапку. І з гадамі — зycім не для таго, каб пашкадаваць блакітную, так і няспраўджаную мару, а каб аднойчы «пайсці далей» і прасачыць лёс кожнага, хто хоць-нехаць xітрыў ды выгадваў, хто хацеў «падняцца» — збудаваць сваё шчасце на чужым няшчасці і пераканацца, што ніхто з іх па вялікім рахунку нічога не выйграў.

...Доўг — паводле тлумачальнага слоўніка — тое ж, што і абавязак; тое, што пазычана (пераважна грошы). Бярэш, сапраўды, чужыя і зусім ненадоўга. Аддаваць павінен свае, назаўжды. Іншага выйсця няма, бо (цытата): «Ёсць два жаданні, здзяйсненне якіх можа зрабіць чалавека па-сапраўднаму шчаслівым: быць карысным і мець спакойнае сумленне». Леў Талстой, з якім, вядома ж, не паспрачаешся.

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».