Парламентарыі разгледзелі шэраг законапраектаў. Так, у другім чытанні былі прыняты праекты законаў «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі»; «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ліцэнзаванні»; «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй»; «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб каштоўных металах і каштоўных камянях».
Перад разглядам законапраектаў да дэпутатаў звярнуўся Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Ён адзначыў, што цяперашняя сесія праходзіць на фоне падзей сапраўды гістарычнага значэння як для будучыні нашай краіны, так і ўсяго свету.
«З правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў 2025 года завершыцца працэс абнаўлення грамадска-палітычнай сістэмы Беларусі ў адпаведнасці з прынятай на рэспубліканскім рэферэндуме абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Мэта ўсёй гэтай вялікай працы — забяспечыць краіне запас трываласці, які дазволіць нам захаваць суверэнітэт, мір і ўстойлівае развіццё на фоне тэктанічных зрухаў, што адбываюцца ў сусветнай палітыцы, — зазначыў спікер. — У жорсткай барацьбе мы адстаялі права беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс, і час даказаў правільнасць прынятых рашэнняў».
Ігар Сергяенка падкрэсліў: ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску краіна працягвае ўпэўнена дэманстраваць сваю эканамічную ўстойлівасць і канкурэнтаздольнасць, эканоміка расце тэмпамі, вышэйшымі за сусветныя. Гэта дазваляе людзям нармальна жыць і працаваць, утрымліваць сем’і, а дзяржаве — выконваць свае сацыяльныя абавязацельствы і ўмацоўваць нацыянальную бяспеку.
«Пра тое, што на нашым баку праўда, сведчыць і той факт, што ўсе спробы прыхільнікаў так званага парадку, заснаванага на правілах, ізаляваць нас на сусветнай арэне, церпяць няўдачу, — працягнуў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Беларусь стала паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Зусім нядаўна краіна атрымала афіцыйны статус партнёра БРІКС, пацвердзіўшы тым самым сваю адпаведнасць стандартам і крытэрыям Арганізацыі. Менавіта гэтыя аўтарытэтныя міжнародныя аб’яднанні сёння аказваюць рэальны ўплыў на фарміраванне новага аблічча планеты. Таму з імі звязвае сваю будучыню ўсё больш краін глабальнай большасці».
Асобна Ігар Сергяенка адзначыў важнасць стаўлення да нашай дзяржавы ў названых аб’яднаннях: «...Беларусь тут разглядаюць у якасці раўнапраўнага ўдзельніка агульнай справы — стварэння светапарадку, заснаванага на прынцыпах раўнапраўя, узаемапавагі і эфектыўнага эканамічнага супрацоўніцтва. Невыпадкова мінская пляцоўка зноў аказалася запатрабаванай для развіцця дыялогу па бяспецы. На ІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы кіраўнік дзяржавы гаварыў аб рэчах простых і зразумелых кожнаму здароваму чалавеку на планеце Зямля — аб міры, аб павазе нацыянальнай годнасці сваіх партнёраў, аб выгадах узаемаразумення, даверу і раўнапраўнага супрацоўніцтва.
Менавіта таму ідэя стварэння Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі выклікае сёння вялікую цікавасць, прычым не толькі ў краінах глабальнага Поўдня, але і на Захадзе. Ва ўсялякім выпадку гэта пацвярджаюць вынікі нашых нядаўніх кантактаў з парламентарыямі Балгарыі, Сербіі, Славакіі, а таксама на азіяцкім і афрыканскім напрамках».
Гаворачы аб міжнародным іміджы краіны, Ігар Сергяенка зазначыў, што ён, імідж, не можа не турбаваць тых, хто адмаўляе нам у праве праводзіць незалежную ўнутраную і знешнюю палітыку. І дадаў, што цяперашнюю электаральную кампанію ворагі Беларусі зноў паспрабуюць выкарыстоўваць для дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.
«Аднак за апошнія гады беларускае грамадства значна пасталела ў палітычных адносінах. У абсалютнай большасці насельніцтва ёсць дакладнае разуменне, што лёс сваёй краіны можа вырашыць толькі яе народ, — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Мы павінны прайсці гэты шлях упэўнена і годна. І на нас, як на дэпутатах, ляжыць свая доля адказнасці па абароне электаральнага суверэнітэту. Перш за ўсё гэта датычыцца заканадаўчай дзейнасці — час патрабуе аператыўных і максімальна вывераных рашэнняў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў нашых грамадзян».
На заканчэнне прамовы Ігар Сергяенка азначыў, што ў гэты лёсавызначальны час парламентарыі абавязаны быць разам са сваімі выбаршчыкамі і трымаць руку на пульсе грамадска-палітычнага жыцця, растлумачваць меры, якія прымаюцца ўсімі органамі ўлады па вырашэнні пытанняў, што ўздымаюцца грамадзянамі, як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўнях.
Далей дэпутаты прыступілі да абмеркаванняў законапраектаў. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк прадставіў праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі». Ён адзначыў, што змяненні накіраваны на аператыўнае ўрэгуляванне найважнейшых пытанняў практычнага характару.
У прыватнасці, праектам закона прадугледжаны гарантыі маладым спецыялістам, звольненым з працы ў сувязі з прызывам на ваенную службу, але не накіраваным для яе праходжання, на занятак ранейшай пасады. Таксама пашыраюцца паўнамоцтвы мясцовых улад у пытаннях падвозу школьнікаў у межах буйных населеных пунктаў, а навучэнцам X-XІ класаў дадзена магчымасць асваення адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын.
Акрамя таго, прадугледжана вызваленне выпускнікоў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ад кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў пры немагчымасці выдзялення ім новага месца працы пры пераразмеркаванні ў населеных пунктах па месцы жыхарства, альбо па месцы ўключэння іх у спісы ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Дакумент узмацняе адказнасць заказчыкаў мэтавай падрыхтоўкі, а таксама ўтрымлівае шэраг іншых навацый.
Праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю» прадставіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч.
Сярод асноўных навацый праекта — увядзенне экстэрытарыяльнасці дзяржаўнай рэгістрацыі. То-бок па дзяржрэгістрацыю нерухомасці заяўнік зможа звярнуцца ў любое агенцтва, незалежна ад месца знаходжання нерухомасці без дадатковай аплаты за такую опцыю. Больш за тое, праектам прадугледжваецца магчымасць пасведчання дагавора двума або больш рэгістратарамі адной або розных тэрытарыяльных арганізацый па дзяржрэгістрацыі, што дазволіць ажыццявіць адпаведную працэдуру ва ўзгодненыя адзіны дзень і адзіны час у розных рэгістратараў у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі без сумеснай вочнай прысутнасці бакоў здзелкі. Таксама істотна аптымізуецца парадак узаемадзеяння паміж натарыусамі і рэгістратарамі.
Акрамя вышэйзгаданых дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў адным чытанні законапраекты «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны»; «Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб прынцыпах і падыходах ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў мэтах гарманізацыі заканадаўства дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў названай сферы ад 16 лютага 2021 года»; «Аб ратыфікацыі пратакола паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Азербайджанскай Рэспублікі аб узаемным прымяненні электронных сістэм сертыфікацыі паходжання тавараў».
Фота: БелТА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.