Гэта адбылося падчас правядзення круглага стала ў рамках фестывалю творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш». Мерапрыемства праходзіць на базе Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы і сацыяльных пансіянатаў Магілёўскай вобласці з 12 па 16 лістапада. Удзел у ім прымаюць 300 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі з усіх рэгіёнаў Беларусі і Мінска, а таксама з шасці расійскіх абласцей — Маскоўскай, Бранскай, Калужскай, Пскоўскай, Цвярской і Смаленскай. Фестываль праводзіцца з мэтай захавання агульнай культурнай спадчыны, стымулявання творчых людзей з інваліднасцю і супрацоўніцтва двух краін у гэтым кірунку. У рамках 5-дзённага марафону праходзяць канцэрты, выставы, конкурсныя праслухоўванні, майстар-класы, іншыя мерапрыемствы. Шмат спікераў сабраў круглы стол «Роўныя магчымасці — роўныя правы». Удзел у ім прынялі прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, дэпутаты парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, мясцовай улады, грамадскіх арганізацый.
— Той унікальны фестываль, які праходзіць на магілёўскай зямлі, вынік нашай сумеснай дзейнасці нашага грамадства і парламентарыяў, — адзначыла ў размове з журналістамі старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, сенатар Расійскай Федэрацыі Алена Афанасьева. — Гэта элемент салідарнасці, павагі адзін да аднаго. Калі бачыш як людзі сустракаюцца, з якой цеплынёй адзін да аднаго адносяцца, ёсць жаданне працаваць. Радасна, калі з’яўляюцца такія творчыя яднаючыя, сяброўскія праекты. У гэтым вялікая заслуга дэпутатаў. Наша справа — абараняць інтарэсы звычайнага чалавека.
Парламентарый звярнула ўвагу на важнасць таго, што мерапрыемства не абмяжоўваецца культурнымі рамкамі, на ім абмяркоўваюцца і такія сур’ёзныя пытанні як дабрабыт чалавека з інваліднасцю, яго сацыялізацыя, умовы пражывання на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, дапамога на ўзроўні заканадаўства.
— Мне падаецца, што наша Саюзная дзяржава — гэта такі элемент дзяржаўнай палітыкі, які павінен служыць прыкладам для іншых дзяржаў, — падкрэсліла Алена Афанасьева. — Для нас важна ўніфікаваць наша заканадаўства так, каб эканоміка працавала на дабрабыт нашых людзей. Ствараючы роўныя магчымасці, мы забяспечваем і роўныя правы на тэрыторыі двух краін. Адно рухае другое.
Член Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка паведаміў, што праблемныя пытанні людзей з асаблівасцямі ў цэнтры ўвагі парламентарыяў.
— Фестываль трансфармаваўся з пляцоўкі, якая адлюстроўвае творчыя магчымасці і здольнасці людзей з пэўнымі абмежаванні, ў — палітычную, дзе ідзе абмеркаванне тых навэл і навацый, якія кожная дзяржава паасобку павінна даць грамадзянам, — рэзюмаваў ён. — Круглы стол можа стаць дадатковым інструментам, які дазволіць нам глыбей разабрацца ў праблемах, каб іх максімальна хутка нівеліраваць праз заканадаўчыя акты і абмеркаванні на высокіх саветах. Сёлета мы ўпершыню адышлі ад размоў пра творчыя дасягненні да абмеркаванняў набалелых пытанняў з прадстаўнікамі таварыстваў па зроку, апорна-рухальнаму апарату і гэтак далей. Ёсць нюансы, якія мы павінны ўлічваць у нашым агульным жыцці.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка расказала пра пілотны праект, які рэалізаваны ў Беларусі.
—У рамках рашэнняў, якія былі прынятыя на вышэйшым узроўні, мы правялі пілотны праект па рэгістрацыі тэхнічных сродкаў рэабілітацыі па паскоранай праграме, — адзначыла яна. — Адзін выраб, які стварае рэспубліканскі цэнтр, ужо зарэгістраваны, адпрацавалі працэдуру сертыфікацыі. Яна сёння займае меней часу і не такая дарагая. Мы ўжо на этапе атрымання дазволу, каб можна было пастаўляць сродкі рэабілітацыі на рынкі Казахстана, Расійскай Федэрацыі. У цэлым за апошнія 5 гадоў дасягнуты значны прагрэс па павышэнні якасці жыцця людзей з інваліднасцю. Два гады таму ў краіне прыняты «Закон аб правах інвалідаў». У нас развіваецца рэабілітацыйная індустрыя і створана даступнае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, павышаецца інфармаванасць грамадства па праблемных пытаннях людзей з інваліднасцю.
Намеснік міністра звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі дзейнічае нацыянальны механізм па рашэнні праблем людзей з інваліднасцю — рэспубліканскі міжведамасны савет па правах інвалідаў, які ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. У краіне створана 148 саветаў абласнога і раённага ўзроўню па правах інвалідаў. У гэтыя структуры ўваходзяць лідэры рэгіянальных грамадскіх аддзяленняў, якія даносяць праблемныя пытанні да органаў улады.
Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада абазначыў высокі статус міждзяржаўнага мерапрыемства.
— Прапанова правесці такі круглы стол па праблемах людзей з інваліднасцю прагучала на папярэднім фестывалі і наша сустрэча пацвярджэнне таму, што фестываль на пракладзе даказвае сваю значнасць і спрабуе вырашаць тыя задачы, якія перад ім стаяць, — аргументаваў ён. — Людзям з асаблівасцямі прыходзіцца пераадольваць сур’ёзныя бар’еры для рэалізацыі сваіх магчымасцяў. І ад нас залежыць, наколькі хутка мы можам стварыць умовы, каб хутчэй зняць гэтыя бар’еры. Такія мерапрыемствы і з’яўляюцца тым самым месцам, дзе такія праблемы абмяркоўваюцца ўслых.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.