Традыцыйна ў вядучых дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман» творы друкуюцца «свежыя» — новыя. Чытач мае ўнікальную магчымасць прайсціся па гэтым папяровым «цаліку» і, вызначыўшыся са сваімі густамі і сімпатыямі, даць першую ацэнку прачытанаму, а часам, як прызнаюцца аўтары, і параўнаць свае тэксты з прапанаванымі... Ну што ж, разгорнем часопіс, каб прайсціся па восеньскіх публікацыях, а можа, і рызыкнуць пакінуць першыя «сляды»...
Ала Клемянок выступае з нізкай «Мастацтва пачынаецца з малітвы», у якой дзеліцца з чытачом сваімі «касмічнымі» вершамі. Па радках лунаюць згадкі пра блізкасць малітвы і мастацтва, пра водгукі біблейскіх сюжэтаў у прасторы камп’ютарных гігабайтаў — так узаемадзейнічае вядомае і новае, спалучаюцца розныя ўзроўні вечнага, умацоўваецца мімалётнае. Аўтар заўважае:
Ніхто не варожыць па зорках,
хіба толькі невук ці псіх...
Гартае стагоддзяў старонкі
Сусвет, не чытаючы іх.
Падборка Ігара Пракаповіча «Жыцця залатыя імгненні» — гэта чатырохрадкоўі з «мудрынкамі», здабытымі аўтарам на працягу жыцця, часам шчырымі, знаёмымі многім людзям, але пра якія не ўсе могуць адкрыта гаварыць. За гэтую тэрапеўтычную функцыю мы і цэнім мастацтва, асабліва славеснае: яно як быццам дае магчымасць легалізаваць і асвоіць нешта табуіраванае. Лірычны герой аднаго з вершаў прызнаецца, як, бывае, пасля хаўтур радуешся таму, што табе ўсё яшчэ даступныя ўцехі гэтага свету, хоць і разам з яго пакутамі. Мільгае то тут, то там падзяка Богу за магчымасць нарадзіцца, таму што такога выпадку — і гэта пацвярджаюць вылічэнні матэматыкаў — магло б з вялікай верагоднасцю і не здарыцца. Лірычны герой прызнаецца, што хацеў бы вечна гушкацца на арэлях пачуццяў, хоць хістае ўжо вельмі моцна, відаць, таму што каханню ўсе ўзросты пакорны. Аўтар усведамляе, што спараджае «хвалі» пакуль яшчэ тут, а некалі, можа быць, зробіць гэта ў нейкім іншым, пазасветным месцы — трансцэндэнтнае прысутнічае ў радках. Плынь думак пакідае на галаве лірычнага героя сівыя валасы, так што хутка «снег» пакрые ўсю галаву. Законы быцця, некім усталяваныя, вядуць чалавека да аднаго для ўсіх фіналу:
Мы — палонныя ў храме
жыцця-мітусні.
У паветры — арган, каля ног — камяні.
І з якім бы імпэтам да зор
ні імкнуўся, —
А штодня ўсё мацней прыцягненне зямлі.
Іван Капыловіч у падборцы «Бацькоўскі край адзін» расказвае пра пакутлівую асуджанасць чалавека страчваць родных і блізкіх на шляху жыцця.
Ледзьве не кожнага паэта, якія ў «Полымі» пераважна шаноўнага ўзросту, цягне ў прастору ўспамінаў, дзе жывыя родныя і дзе сам «жывейшы»:
Хачу азірнуцца назад,
Дзе маці, яшчэ маладая,
Вясною ідзе цераз сад,
Шчасліва ў мой бок паглядае.
Жыццё — чаканне смерці. Гэтая думка на пэўным этапе прыходзіць да чалавека, асуджанага жыць, усведамляючы, што кожны дзень набліжае да канца, якога не мінуць, не адмовіць, не аспрэчыць. І чым раней гэта зразумееш, тым, магчыма, лепей для цябе самога, як гэта ні парадаксальна.
Праблематыка смерці прысутнічае і ў вершаванай падборцы Валерыя Максімовіча «Незабыўны летапіс жыцця», прычым раскрываецца з самых розных бакоў. У першую чаргу размова ідзе пра смерці тых, хто пакутліва загінуў, лёгшы ў магілу цэлымі вёскамі, — ваеннай тэме прысвечаны некалькі вершаў. Але смерць — яшчэ і тое, што адбываецца сёння з вёскамі, з хатамі бацькоў, якія па розных прычынах даўно перасталі быць радавымі гнёздамі:
Віравала дзе калісь жыццё —
Чэзнуць і дзічэюць краявіды,
Спакваля знікае Атлантыда,
Неўпрыкмет спадае ў небыццё.
Пастаю ў самоце на двары
І суседзяў колішніх згадаю,
Летапіс вясковы прагартаю
Ля цяпельца, што пакуль гарыць.
Пераважная большасць вершаў падборкі Наталлі Жызнеўскай «Сэрца, малітвай сагрэтае» расказвае пра каханне лірычнай гераіні да мужчыны, яе абранніка. Прастора душы паэтэсы запоўнена смелымі, яркімі пачуццямі, якія даюць сэнс і падтрымліваюць жаданне жыць з надзеяй на лепшае. У вершы «Не хвалюе нас гора чужое» лірычная гераіня смела прызнаецца ў тым, як часта чалавек безуважны да праблем іншага, як схільны заставацца глухім да сяброў. Кажуць, прызнанне ўнутраных заган — ужо палова маральнага аздараўлення.
«Прозы, прозы добрай, мастацкай прозы беларускай дайця нам!» — прасіў М. Гарэцкі ў «Велікоднай пісанцы» за 1914 год, але запатрабаванне застаецца актуальным ва ўсе часы, нават сёння, у эпоху масмедыя. Праз сто дзесяць гадоў беларуская перыёдыка дае прозу — новы буйны эпічны твор: Людміла Рублеўская пачынае публікаваць алхімічна-філалагічны раман «Запавет Фаўста». Ужо ў гэтай частцы пазнаецца почырк пісьменніцы, якая схільна гуляць часавымі пластамі: дзеянне перамяшчаецца з 2018 года ў даўні савецкі час і, канешне, наадварот. У жыцці Пелагеі Вакар і яе навуковага кіраўніка, Мсціслава Раманавіча Роўбы, узнаўляюцца актуальныя падзеі, звязаныя з мінулым: у даўніне героям, як гэта прынята ў літаратуры на працягу апошняга амаль што стагоддзя, яшчэ трэба будзе разабрацца.
Алена Стэльмах прапаноўвае «Тры апавяданні», якія на самай справе ўяўляюць сабой адзін трыпціх пра саракапяцігадовага Генрыха. Герой мае экзатычнае для беларусаў імя, і асоба яго таксама нетыповая, яна раскрываецца ўсё больш глыбока з кожным прапанаваным эпізодам. Перад намі бізнесмен, які, нарэшце, саспеў да жаніцьбы і бацькоўства, але не ўмее, як часта здараецца, убачыць тое, што прапаноўвае жыццё, і бяжыць шукаць шчасця ў віртуальную прастору, дзе вялікі выбар кандыдатак. Аднак аўтарская іронія ў апісанні размовы з патэнцыяльнай жонкай наўрад ці пакідае ўражанне, што справа будзе мець сапраўдны поспех: Генрыха чакае доўгая дарога пошукаў той, з кім можна надзейна звіць гняздо.
Паліна Корнева, дваццацігадовы аўтар, выступае з апавяданнем «Хмары з захаду», у якім яна закранае актуальныя сёння тэмы. Першая — ад’езд беларусаў за мяжу, што пазіцыянуецца як здрада і адпаведна выклікае ў гераіні непрыемныя пачуцці. Яна збіраецца стаць медыкам — якраз іх, асабліва добрых і нераўнадушых, нам сёння ў краіне так не хапае, — таму гераіня канчаткова расчароўваецца ў былым каханым, які збіраецца пераязджаць на чужыну. Праблема эміграцыі сёння знаёмая многім дзяржавам, і, на жаль, у найбліжэйшай перспектыве яе наўрад ці можна будзе вырашыць, хіба што толькі паслабіць — павелічэннем прыцягальнасці жыцця ў сваёй краіне, прычым за кошт не толькі патрыятычных матываў, але і сацыяльна-эканамічных фактараў. Другая тэма — занядбанне роднай мовы.
Завяршаецца публікацыя дзённіка «Божы дар» Георгія Марчука, дзе расказваецца, як пісьменнік не знайшоў падтрымкі сярод калег, калі яго вылучалі на Нобелеўскую прэмію, такую патрэбную беларусам, каб не цягнуцца «ў апошнім вагоне» да Стакгольма. «Суцяшаў сябе і тым, што вельмі многія пісьменнікі не жыравалі, авалодваючы прафесіяй літаратара. А як Э. Заля прыехаў у Парыж і быў у нястачы? Лавіў вераб’ёў ды смажыў сабе на абед. А колькі пакут выпала на долю маладога Горкага, пакуль ён стаў на ногі? А грашовыя праблемы ў Пушкіна, Дастаеўскага? А хіба ж наш Колас не сядзеў у турме?» Драматург шчыра ганарыцца дачкой, якая са сваёй дзіцячай п’есай здолела трапіць на сцэны тэатраў не толькі Беларусі, але і Расіі.
У гэтай частцы тэксту расказваецца пра змаганне Г. Марчука з анкалогіяй і пра тое, як пасля працяглага лячэння зноў захацелася жыць, як з’явіліся новыя творчыя ідэі, як сталі хутка нараджацца і друкавацца новыя кнігі. З узростам і выпрабаваннямі да чалавека прыходзіць сапраўдная мудрасць, якой пісьменнік дзеліцца з чытачамі: «На парозе сур’ёзнай старасці, хоць у яе і не верыцца, яшчэ з большай сілай разумееш, якое табе даверана шчасце, Божы дар, жыць на зямлі, любіць сваё, жанчыну, дзяцей, унукаў, сяброў, калег, суседзяў, землякоў, адным словам, сваю радзіму, свой народ. І няхай нас, беларусаў, на зямлі ўсяго некалькі мільёнаў, але мы ёсць і, дай Божа надалей будзем. Прывяду ў прыклад словы славянафілаў: „Не давайте на поругание свое, берите все лучшее у других“. Вось вам і нацыянальная ідэя».
«Вось так!.. Сабе падумаў: жыцьмуць як унукі?! // І паўтараю перад смертухнай: навукі! // Навукі дзецям даць!..» — прамаўляў Я. Лучына вуснамі героя польскамоўнай паэмы «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся...» у самым канцы XIX ст. Аднак у гэтым нумары навукі «Полымя» прапануе няшмат, што нас, літаратуразнаўцаў, вымушаных па паўгода ці нават год «стаяць у чарзе» на публікацыю артыкула, засмучае. У нумары ёсць толькі адно даследаванне Марыі Шамякінай «„Наша сонца“ — песня машын»: фантастыка паэта Андрэя Александровіча«. Урбаністычная паэзія, футурызм, утопія — вось пералік праблем, што спрабуе вырашыць аўтар, цэнтрам увагі якіх выступае амаль нявывучанае ў айчынным літаратуразнаўстве апавяданне «Палёт у мінулае» А. Александровіча, якое прапануецца ўспрымаць як першы навукова-фантастычны твор у беларускай літаратуры.
Навум Гальпяровіч у публікацыі «Адным штрыхом. Зацемкі пра сустрэчы з творцамі» дзеліцца гісторыямі сваіх сустрэч з вядомымі людзьмі ў нашай літаратуры. Напрыклад, згадвае пра падтрымку і спрыянне Янкі Брыля, пра чалавечую неардынарнасць Сяргея Грахоўскага, пра майстар-клас ад Рыгора Барадуліна, які таленавіта падправіў вершы паэта ў калектыўным зборніку, пра Міхася Стральцова, які змог «сабраць расу, якой умыўся колас», пра атрыманне дарчага надпісу ад Пятра Броўкі на двухтомніку твораў, пра Алеся Разанава, які раіў разгадаць таямніцу гуку, пра іншых сваіх сяброў і знаёмых, ад якіх засталіся прыгожыя, напоўненыя някідкай змястоўнасцю вершы.
Кастусь Лешніца ў публікацыі «Старонкі магілёўскага краязнаўства: далёкія і блізкія постаці» расказвае пра вядомых ураджэнцаў гэтага рэгіёна Беларусі, пачынаючы з другой паловы XIX стагоддзя, пра людзей, якія дапамагалі захоўваць веды пра згаданых дзеячаў на культурнай ніве. Сярод імёнаў — Рыгор Блох, Аляксандр Быхоўскі, Цэцылія Кін, Леў Гінзбург, Усевалад Аніковіч і іншыя. Аўтар публікацыі пераконвае: «Гістарычная памяць складаецца з многіх фрагментаў.
І жыццяпісы асоб-адзінак, асабліва тых, хто штосьці важкае паспеў у жыцці зрабіць, — надзвычай патрэбны кірунак у раскрыцці нашай гісторыі. Збіраючы па крупінках гэтыя лёсы, часам вельмі неардынарныя, мы становімся багацейшымі, мы здольныя асэнсаваць, якім шматгранным у сваім служэнні многім справам было грамадства і да нас, у папярэднія этапы свайго развіцця... І ўвогуле ісці далей, шматабсяжна развівацца мы можам толькі пры адной умове — калі захоўваем памяць, калі захоўваем уяўленне пра зробленае, здзейсненае нашымі прашчурамі».
У «Кнігарні» часопіса гэтым разам толькі адна рэцэнзія, якая належыць пяру аўтара гэтых радкоў. У публікацыі «На дэкадэнцкіх «Крылах» чытачу прапануецца заглыбіцца ва ўнутраны свет паэта і навукоўца Анатоля Брусевіча, прадстаўлены ў паэтычным зборніку «Крылы». Ужытыя мною словы «дэкадэнцкі» і «крылы» выглядаюць як аксюмаран, таму што першае намякае на падзенне ў прорву безвыходнасці, а другое абяцае судакрананне з нечым высокім, ледзь улоўным, але жаданым і напоўненым асалодай, у тым ліку чытання. Як гэта можа (ды і ці можа?) у паэтычным свеце спалучацца, будзе вырашаць чытач, зазірнуўшы і ў рэцэнзію, і ў сам зборнік.
Наталля БАХАНОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».