Яе выстаўкі праходзілі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў Мінску, у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і на іншых прэстыжных пляцоўках. Амаль дваццаць персанальных выставак за дзесяць гадоў — менавіта столькі часу творыць мастачка.
Людміла Курыловіч — ураджэнка Віцебшчыны, жыве ў Падмаскоўі, але па натхненне прыязджае на Радзіму. Член Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў і Нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы». Працы яе знаходзяцца ў музеях Беларусі і Расіі, у прыватных калекцыях у краінах Еўропы і СНД. Паразмаўлялі з мастачкай пра тое, як матэматык стала пісаць карціны, чаму важная духоўная сувязь з жанчынамі свайго роду і ці можна адкрыць у сабе талент пасля пяцідзесяці.
— Людміла Паўлаўна, як здарылася, што Вы раптам узяліся за пэндзаль?
— Сапраўды, гэта стала нечаканасцю. Муж у мяне вайсковец, мы абодва родам з горада Паставы Віцебскай вобласці і, як многія сем’і ваенных, часта пераязджалі з месца на месца. Па прафесіі я педагог, большую частку жыцця выкладала ў школе матэматыку. Потым у Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы ў Маскве займалася пытаннямі культуры і адукацыі.
Дзесяць гадоў таму, вызваліўшыся ад шматлікіх службовых абавязкаў, шукала, чым сябе заняць. Дзеці выраслі, унукаў яшчэ не было. Выпадкова знайшла ў інтэрнэце відэаўрокі жывапісу. Зацікавілася, купіла неабходныя матэрыялы. Так нарадзілася першая карціна. А далей ужо не магла спыніцца. Маё творчае развіццё ішло хутка, я брала ўрокі ў мастакоў, наведвала майстар-класы. І малявала…
— Часам працы пачаткоўцаў падобныя адна да адной, а мастак — гэта ўнікальны стыль. Як удалося знайсці сябе?
— На мой погляд, стыль спее ў душы творцы, і яго рука піша пэўным чынам, кіруючыся ўнутраным парывам. А яшчэ я выкарыстоўваю любую магчымасць вучыцца. Часам прафесіяналы раілі мне засяродзіцца на нечым адным: пісаць партрэты ці пейзажы, ці нацюрморты. Магчыма, так бы і зрабіла, пачні я свой творчы шлях у маладосці, але зараз мне цікава паспрабаваць сябе ў розных жанрах.
— У Вашых працах багата цяпла, святла, радасці жыцця…
— Магчыма таму, што я стараюся ў любых умовах усміхацца і падтрымліваць у сабе аптымізм, і гэты пазітыўны пасыл перадаю карціне. Нават калі нешта не складаецца і надвор’е пахмурнае, на маіх палотнах — сонца, усмешка, прыгажосць. Не пішу сумных карцін, асабліва сёння, калі ў свеце неспакойна і ў людзей і так дастаткова складанасцей. Хачу, каб чалавек, гледзячы на мой твор, успомніў пра нешта добрае і яго настрой палепшыўся.
— На Вашых палотнах — восеньскі дуб-волат, луг з рамонкамі і цыкорыем, цудоўныя кветкі... Што Вас натхняе?
— У першую чаргу, прырода маёй Радзімы. Калі мы з мужам едзем у адпачынак дадому і перасякаем мяжу Беларусі, я з любоўю гляджу на яе дагледжаныя палі і зялёныя абшары лясоў. А больш за ўсё натхнення чэрпаю там, дзе стаіць мая бацькоўская хата. Ёсць у мяне карціна «Родныя прасторы» — гэта беларускі пейзаж, але не раз бачыла, як адгукаецца на яго душа гледача і ў Расіі. Вельмі люблю пісаць кветкі. І, канешне, партрэты. Партрэт мужчыны «Мудрасць» заняў першае месца на конкурсе ў Салоніках. Як Пігмаліён, улюбляюся ў людзей, якіх намалявала, бо пішу партрэты родных і добрых знаёмых, а таксама вядомых людзей. Напрыклад, напісала партрэт народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага — была з ім асабіста знаёмая, а таксама партрэты Юрыя Гагарына, першай беларускай жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай і многіх іншых.
Пра партрэты жанчын варта сказаць асобна. У 2021 годзе напярэдадні 8 Сакавіка мне прапанавалі правесці выстаўку ў Мінску ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Я назвала вернісаж «Святочны букет для жанчын». Там былі сабраныя палотны, на якіх выяўленыя жанчыны і кветкі. Гэта не выпадкова: жанчына падобная на кветку сваёй унутранай далікатнасцю, а ад пяшчоты і ласкі яна расцвітае.
— У адным з інтэрв’ю Вы распавялі, што на Ваша ўспрыманне жыцця вельмі паўплывала мама…
— Так, мая мама, Ніна Захарэвіч, была самым блізкім для мяне чалавекам. На жаль, 19 гадоў таму яе не стала. Па адукацыі педагог, яна выкладала фізіку ў школе ў Паставах, была яе дырэктарам, пазней узначальвала прафсаюз работнікаў асветы. А калі выйшла на пенсію, стала пісаць вершы, якія вельмі падабаліся людзям. І сёння многія ўспамінаюць яе добрым словам. Я нават выстаўку рабіла, дзе кожнай карціне адпавядаў матулін верш, яна так і звалася — «Прыцягненне. Памяць сэрца» і праходзіла ўпершыню ў Паставах, пазней — на іншых пляцоўках.
Такая ж цесная ўзаемасувязь, як у мяне з мамай, была ў яе са сваёй маці, маёй бабуляй. Гэтую сувязь трох пакаленняў жанчын я адлюстравала, напісаўшы партрэт бабулі з калаўротам. Пісала па чорна-белай фатаграфіі. Бабуля добра прала, ткала і маме перадала ўменне рукадзельнічаць, а тая — мне. Калаўрот на карціне мае сімвалічнае значэнне — гэта кола жыцця жанчын нашага роду, якое не перастае круціцца і працягваецца цяпер у маёй дачцэ і ўнучцы.
— Аўтапартрэт, які Вы прадставілі на выстаўцы ў Мінску ў жніўні гэтага года, таксама шмат пра Вас расказвае…
— Спачатку я хацела паказаць гледачам толькі партрэты, але ў галерэі «Універсітэт культуры» мне вылучылі дзве залы. Да таго ж у дзень адкрыцця выставы мне спаўнялася 60 гадоў. Юбілейная дата, свайго роду жыццёвая вяха, і паслужыла канвой для аб’яднання палотнаў: там былі партрэты, пейзажы, нацюрморты, жанравыя карціны. Вернісаж я назвала «Лінія жыцця: погляд скрозь фарбы». Аўтапартрэт сустракаў гледачоў у самым пачатку выстаўкі. У ім я сапраўды выказала сваю ўнутраную сутнасць: напісала сябе ў беларускім народным строі, у намітцы, вытканай маёй прабабуляй, і ў кашулі, якую я пашыла, выкарыстоўваючы маміну вышыўку. Заўсёды з гонарам надзяваю гэты строй на розныя мерапрыемствы, каб падкрэсліць: дзе б я ні жыла, я — беларуска!
— Ваш прыклад пацвярджае: адкрыць у сабе творчыя здольнасці можна калі заўгодна. І пенсійны ўзрост — не перашкода.
— Гэта сапраўды так! Калі пачынала, рызыкнула паказаць Георгію Георгіевічу Паплаўскаму адну са сваіх карцін. Спытала, ці варта працягваць, бо мне ўжо пяцьдзясят. Народны мастак Беларусі мяне падтрымаў і заахвоціў да творчасці.
Зрэшты, аб узросце няма калі думаць! Маё жыццё заўсёды было напоўненае цікавымі справамі і пазітывам. Працуючы ў школе, вельмі любіла дзяцей і свой прадмет — матэматыку. У Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы пазнаёмілася са многімі вядомымі людзьмі мастацтва. Цяпер з’яўляюся куратарам міжнародных праектаў у Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў Масквы, многія нашы праекты звязаныя з Беларуссю: малявалі на Мінскім трактарным заводзе, на ААТ «Віцебскія дываны». А яшчэ ва ўзросце амаль шасцідзесяці гадоў я ўпершыню лятала на паветраным шары і на параплане над морам! Параю жанчынам сталага веку: не трэба прыслухоўвацца да сваіх недамаганняў і глядзець на тое, колькі табе гадоў па пашпарце. Будзьце аптымістамі, і ў душы вам будзе не больш за трыццаць!
— Як ставіцца сям’я да Вашага захаплення жывапісам?
— Падтрымка мужа, Аляксандра Генадзьевіча, вялікая і неацэнная: з самага пачатку разам са мной ён радаваўся кожнай новай карціне, разам мы выдзялялі грошы з сямейнага бюджэту на маё нятаннае захапленне. Дапамагаў і з перавозкай карцін з Падмаскоўя ў Беларусь для выставак.
Сын і дачка таксама толькі «за». Цяпер па святах атрымліваю ад іх у падарунак фарбы або прыстасаванні для жывапісу. Калі ёсць магчымасць, дзеці наведваюць мае выстаўкі. Сваю шасцігадовую ўнучку бяру з сабой на пленэры і майстар-класы, бо самае лепшае выхаванне — праз пазнанне прыгожага. Ды і бабуляй, якая ў сакавіку не пабаялася паехаць маляваць на льдах Байкала, унукі, лічу, могуць ганарыцца!
Часопіс «Алеся», які зараз адзначае выдатны юбілей, знаёмы мне з ранняга дзяцінства. Штомесяц з году ў год выданне прыходзіла ў нашу сям’ю: «Работніцу і сялянку», а потым «Алесю», выпісвала мая мама, Ніна Захарэвіч. І заўсёды ганарылася, калі ў ім публікаваліся яе вершы. Цяпер я з задавальненнем чытаю беларускі жаночы часопіс, для мяне вялікі гонар папоўніць плеяду яго гераінь. Напярэдадні 100-годдзя жадаю «Алесі» далейшага росквіту, удзячных чытачоў і цікавых публікацый!
Алена БРАВА
Фота прадастаўлена суразмоўніцай
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.