Вы тут

Чым сімвалічны спектакль «Палачанка» ў Тэатры юнага гледача?


Ёсць спектаклі, якія ўражваюць і западаюць у душу настолькі глыбока, што разумееш: такі твор павінен не проста ісці менавіта на гэтай сцэне, а замацавацца на ёй нават не на гады, а на дзесяцігоддзі. Такое ўражанне калісьці пакінула пастаноўка «Палачанкі» рэжысёра Андрэя Андросіка паводле п’есы Аляксея Дударава з мастацкім афармленнем Барыса Герлавана і музыкай Уладзіміра Кандрусевіча. І тое, што яе ўвасобілі ўпершыню менавіта ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача, было вельмі правільна: з гісторыяй полацкай князёўны Рагнеды знаёмяцца яшчэ ў школе. Але версія даўніх падзей, якую прапанаваў Дудараў, — аўтарская. Гэта мастацкая інтэрпрэтацыя важнай і драматычнай часткі беларускай гісторыі: як магла б развівацца лінія стасункаў Рагнеды і князя Уладзіміра на фоне міжусобіц. Можа, таму так моцна і зачапіла. З аднаго боку хацелася потым заглыбіцца ў гісторыю, супастаўляючы вядомыя гістарычныя факты з тым, што паказваецца на сцэне. А з другога — дазваляла зразумець: гэта мастацтва, у яго свае падыходы да працы з гістарычным матэрыялам, свой погляд і свае важныя асветныя задачы (з якімі «Палачанка», пастаўленая ўпершыню ў ТЮГу больш за дваццаць гадоў таму, справілася). 


А цяпер яна вярнулася на сцэну гэтага ж тэатра ў новым абліччы — праз працу рэжысёра Таццяны Самбук. Праўда, з прысвячэннямі…

— Ідэя пастаноўкі нарадзілася ў памяць пра Андрэя Андросіка, колішняга мастацкага кіраўніка гэтага тэатра і рэжысёра-пастаноўшчыка «Палачанкі», якая некалі была візітоўкай тэатра, — патлумачыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача заслужаная артыстка краіны Вера Палякова-Макей. — Гэта быў адзін з самых гучных спектакляў, які прагрымеў на ўсю Беларусь. Я падумала, што было б вельмі правільна і важна зрабіць так, каб гэты спектакль зноў ажыў на сцэне Тэатра юнага гледача, і прысвяціць яго памяці Андрэя Андросіка. Але ў хуткім часе, на жаль, сышоў з жыцця Аляксей Ануфрыевіч Дудараў, якога я добра ведала. 

Я падумала, што цяпер дакладна трэба паставіць спектакль паводле п’есы Дударава і прысвяціць яго двум выдатным асобам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва. Мне здаецца, што нам удалося стварыць нешта новае, але ў той жа час захаваць цудоўны тэкст і добрыя традыцыі, якія існавалі ў ТЮГу. П’еса мела некаторыя скарачэнні, Таццяна Самбук напісала аўтарскую інсцэніроўку. І дадала свайго бачання, як яна як сучасны малады чалавек адчувае гістарычную драму ў сучасных рэаліях. Мы цалкам прыбралі ўсю ваяўнічую частку гэтага твора, пакінулі выключна лінію драматычнага кахання двух вядомых нам персанажаў — мне здаецца, што гісторыю Рагнеды і Уладзіміра, як і Рагвалода, павінен ведаць кожны беларус, які сябе паважае.

«Не хачу разуці рабыціча», — фраза Рагнеды пры сватаўстве наўгародскага князя Уладзіміра, якую захавалі ў вяках гістарычныя дакументы. Адмова гордай дзяўчыны, дачкі князя Рагвалода, што абярнулася жорсткай помстай прыніжанага «жаніха», знішчэннем Полацка і сям’і самой Рагнеды. Але што магло адбывацца раней? Чаму менавіта да Рагнеды сын кіеўскага князя Святаслава і рабыні Малушы вырашыў засылаць сватоў? Чаму так упарта яе дабіваўся і не знішчыў разам з сям’ёй за абразу, але адпомсціў своеасаблівым чынам: узяў за жонку?.. Варыянт аўтара п’есы Аляксея Дударава арыгінальны і вельмі рамантычны: яны пазнаёміліся раней, пакахалі адно аднаго, але менавіта Рагвалод хацеў аддаць дачку за кіеўскага князя Яраполка, пасланнік якога раскрыў праўду пра нараджэнне Уладзіміра. Вось гэтая частка п’есы і ўвасоблена ў новай пастаноўцы. Рэжысёр Таццяна Самбук, на думку дырэктара тэатра, як ніхто іншы, адчувае, як трэба ставіць пра каханне для маладой аўдыторыі (узроставая мяжа 16+), таму працаваць з гэтым матэрыялам без ваганняў прапанавалі менавіта ёй (але ўсе тэкставыя змены былі ўзгодненыя з удавой аўтара, якая з’яўляецца яго правапераемніцай і прысутнічала на прэм’еры).

І так, мы глядзім спектакль пра каханне. Якое па-за часам (на гэта працуе мінімалістычнае афармленне сцэны мастака-пастаноўшчыка Ларысы Рулёвай, калі сюжэт разгортваецца на чорным фоне, які дыхае, і толькі асобныя героі ці вопратка альбо дэталі маюць пэўны колер у залежнасці ад сітуацыі). Якое можа быць несвоечасовым (дзядзька Уладзіміра мае стратэгічныя планы і не вельмі радуецца таму, што наўгародскі князь шукае нейкую простую дзяўчыну, якую сустрэў у лесе). Якое часам развіваецца насуперак (Рагнеда чакае сватоў ад яго, а не ад Яраполка, як хоча бацька, і той замест дачкі паказвае сватам дзяўчыну Любаву, якая вымушана абразліва адхіліць прапанову). І ў якім часавае размежаванне таксама мае значэнне: ёсць дзень і ноч, як ёсць надзея і яе руйнаванне — у абодвух закаханых, але ў кожнага гэта адбываецца па-свойму. Уладзімір раз’юшаны адмовай дзяўчыны. Рагнеда шакаваная яго жорсткай помстай. На прэм’еры акцёры Маргарыта Кіселютэ і Генадзь Гаранскі стараліся ўвасобіць эмацыйныя ўзлёты і падзенні герояў. А маўклівым сведкам усіх гэтых сюжэтных паваротаў становіцца персанаж, якога не было ў п’есе Дударава, але рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Самбук увяла яго сама: гэта Ярыла (да яго звяртаецца Рагнеда), бог вясны і пачуццёвага кахання. Але на сцэне ён у вобразе Сонца — з адпаведным арэолам залацістых промняў. Ён становіцца сведкам размоў і стасункаў герояў. Ён то з’яўляецца, то знікае — як быццам асвятляе жыццё ў нейкія моманты, ці сыходзіць у цень, калі сітуацыя мяняецца. Ці наогул гіне — ад рукі Уладзіміра. І гэта павінна быць сімвалічна: гіне бог-сонца, таму што з’яўляецца Уладзімір Красна Сонейка — менавіта так у народзе называлі кіеўскага князя, які замясціў паганства хрысціянствам. Але да таго яшчэ далёка, а Рагнеда і Полацк — пачатак яго шляху да ўладарства.

Таццяна Самбук прызнавалася, што ў адрозненне ад папярэдніх пастановак, дзе яна больш эксперыментавала з формай, гэтая больш класічная. Не ў малой ступені так атрымалася з-за таго, што яна адчувала сваю адказнасць за матэрыял, з якім пазнаёмілася ўпершыню, таму што яна расіянка па паходжанні і ўвесь час імкнулася звяртацца па дапамогу, каб лепей разумець: ці дакладна акцёры прамаўляюць тэкст, ці правільную эмоцыю выяўляюць. Але яна падкрэсліла, што ў гэтай пастаноўцы для яе як ніколі была важна камандная работа. У яе спектаклях звычайна шмат музыкі. Тут яна таксама ёсць, але на гэты раз артысты на сцэне самі не спяваюць, песні ідуць фонам — напрыклад, народная «Рэчанька», а яшчэ гучыць аўтарская песня Антона Смаленскага ў яго ж выкананні. І асобнай важнай часткай працы рэжысёр лічыць пластычныя моманты, за якія адказваў Кірыл Балтрукоў, супрацоўнік Маладзёжнага тэатра, але ён далучыўся да пастаноўкі. Наколькі ўсё разам спрацавала і які вынік дало — пакажа рэакцыя саміх юных гледачоў. Таму што ім дазволена абсалютна адкрыта, не хаваючыся, карыстацца падчас прагляду мабільнымі тэлефонамі, рабіць здымкі і выстаўляць іх у свае сацыяльныя сеткі з выказваннем уласных меркаванняў. Да гэтага перад пачаткам спектаклю нават заклікае гледачоў асабіста кіраўнік тэатра. Што праўда, то «карцінка», як кажуць, будзе эфектная, «інстаграмная». Пры тым ніхто не забараняе прыходзіць на спектакль і больш сталым гледачам, як гэта было і ў выпадку першай пастаноўкі «Палачанкі» ў ТЮГу — як ні круці, але памяць пра той спектакль жывая, як і жывая памяць пра яго стваральнікаў. Нездарма перад прэм’ерай для гледачоў наладзілі своеасаблівы «Вечар памяці Аляксея Дударава» — для кагосьці гэта сапраўды знаёмства з драматургам, які шмат п’ес прысвяціў беларускай гісторыі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.