У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна прайшла сустрэча кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда» з бібліятэкарамі Віцебскай вобласці. «Літаратурны стыль» — такая назва ў серыі сустрэч з кіраўнікамі абласных, раённых і гарадскіх бібліятэк краіны зусім не выпадковая. Два органы дзяржаўнага кіравання — міністэрствы культуры і інфармацыі — вырашылі такім чынам пазнаёміць бібліятэкараў з праектамі планаў у галіне кнігавыдання, якія складзены дзяржаўнымі выдавецтвамі на 2025 год.
Адкрываючы сустрэчу, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці міністэрства культуры Ірына Карповіч звярнула ўвагу на прыярытэты бібліятэк у закупцы сацыяльна значнай літаратуры, выпуск якой зацвярджаецца калегіяй Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Падрабязна пра новыя планы 2025 года распавёў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У прыватнасці, новы план добра вядомага бібліятэкарам і чытачам выдавецтва скіраваны на пашырэнне прасторы дзіцячага чытання, на выданне кніг, адрасаваных дзецям, падлеткам, моладзі. Алесь Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшы час «Звязда» выдасць кнігі такіх папулярных дзіцячых пісьменнікаў, як Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Павел Гушынец, Дзмітрый Мікалаеў, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Мікола Чарняўскі, Генадзь Аўласенка, Сяргей Клімковіч... Падрабязна дырэктар выдавецтва спыніўся на творчасці Ганны Чыж-Літаш, Мікалая Чаркашына, Алесі Кузняцовай. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Андрэевіч Чаркашын стварыў цыкл раманаў, якія прысвечаны драматычным падзеям 1941 года ў Беларусі, мужнасці чырванаармейцаў і камандзіраў, якія першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкага агрэсара ў Вялікай Айчыннай вайне.
Выдавецкі дом «Звязда» па традыцыі ўважлівы да класікі, да асветніцкай, выхаваўчай літаратуры. І кнігі такога характару — таксама ў планах на 2025 год.
Наступныя сустрэчы ў межах праекта «Літаратурны стыль» пройдуць у Мінску і Мінскай вобласці, Магілёве, Гродна, Гомелі, Брэсце. Разам з Выдавецкім домам «Звязда» свае планы кнігавыдання на 2025 год прэзентуюць выдавецтвы «Беларусь» і «Мастацкая літаратура».
Сяргей ШЫЧКО