Вы тут

«Код» да продкаў: народная традыцыя — як брэнд Рэчыцы


На Гомельшчыне невялікі дружны калектыў Рэчыцкага цэнтра рамёстваў, сапраўды, здзіўляе сваёй калекцыяй славянскіх тэкстыльных лялек. Мясцовыя майстрыхі — самабытныя таленты Рэчыцкага краю. 


У нашых продкаў — лялька стваралася не толькі для гульні, але і як абярэг на шчасце, для абароны дома, захавання сям’і, прыцягнення дабрабыту. Так абуджаюць цікавасць да вывучэння старажытных традыцыі рэчыцкія майстры народных мастацкіх рамёстваў. Здаўна, час для такога рукадзелля наступаў як раз ў сярэдзіне-канцы лістапада, калі спыняліся асноўныя работы ў полі. Як любое сакральнае для нашых продкаў дзейства, выраб той ці іншай лялькі суадносілі з пэўнай важнай падзеяў ў жыцці чалавека, сям’і ці са святам. Менавіта таму існаваў і свой лялечны «каляндар».

Лялечны народны каляндар і ўласна лялька — частка народнай традыцыі, і праз знаёмства з гэтай творчасцю, сапраўды, адкрываецца вельмі цікавая народная мудрасць, самабытнасць, гісторыя нашага народу. У гэтыя пераканана дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Рэчыцкі цэнтр рамёстваў» Юлія Быкоўская.

Юлія Аляксандраўна — ідэйная натхняльніца мноства цікавых праектаў для сваёй невялікай дружнай каманды майстраў народных мастацкіх рамёстваў. У іх калекцыі ёсць і сваё творчае ўвасабленне таго самага гадавога календара, з якім знаёмяць тэкстыльныя лялькі. 

У календары кожная пара лялек — дзяўчына і юнак — «адказваюць» за пэўнае царкоўнае ці народнае свята, якое адзначалі нашы продкі. Каляды, гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’еў дзень, Троіца, Купалле, Зажынкі, Спас, Дажынкі, Пакровы... На коле ў вобразах лялек можна прасачыць і змены пор года. Уражвае незвычайная ўвага да кожнай дэталі ў адзенні лялек. Элементы касцюмаў на ляльках вышытыя ўручную. Надзвычай дэталёва прадумана сшытая, звязанае адзенне на ляльках для розных сезонаў надвор’я. Над ўвасабленне гэтага праекту працавала майстар народных мастацкіх рамёстваў дзяржаўнай установы культуры «Рэчыцкі цэнтр рамёстваў» Таццяна Шышкіна. 

— У аснове гэтага календара — сонечнае кола як сімвал кругавароту часу. Работа заняла каля месяца. Кожны дзень рыхтавала па адной ляльцы. Але, безумоўна, папярэднічала рабоце над лялькамі доўгі падрыхтоўчы працэс і прадумванне самой канцэпцыі, — тлумачыць Таццяна.

Гэты праект, сапраўды, — гонар Рэчыцы творчай. Прадставіць лялечны святочны каляндар майстраў цэнтра запрашаюць на ўсе значныя святы ў раёне. На аснове гэтага праекту супрацоўніцы цэнтра распрацавалі і асобную пазнавальную гульнявую праграму. 

 

Дырэктар Рэчыцкага цэнтра рамёстваў натхніла сваіх калег увасобіць і яшчэ адзін цікавы праект. Яны прадстаўляюць сваё аўтарскае ўвасабленне абярэгавых славянскіх тэкстыльных лялек. У ім лялька «пражывае» ўсе этапы сталення дзяўчынкі-дзяўчыны-жанчыны, увасабляе народнае прадстаўленне жыццёвага кола ад маленькай дачушкі, якая вырастае ў маці сямейства, гаспадыню. Захапляе і само прадстаўленне лялькі — цэлае прадстаўленне народных традыцый. У ім адна лялька як бы «вырастае» з тканіннага «цела» другой. 

— Першая лялька — дзяўчынка-красуня — з лялечкай ў ручках, выпеставаная, бацькі яе любяць, банцікі завязваюць, — прадстаўляе народную трапічную ляльку-«перавёртыша» Таццяна Шышкіна. — Вырасла яна ў прыгожую дзяўчыну. Цяпер яна нявеста — сукенка ў яе чырвоная, пацеркі, каса доўгая і ручкі доўгія-доўгі, а кулачкі звязаныя. Значыць да ўсёй работы прывучаная, але незамужняя і не гаспадыня яшчэ. Вось яна ўжо замуж выйшла: з’яўляецца хусцінка на яе галоўцы, фартушок. Ён быў не проста элементам адзення, а лічыўся абярэгам, які прыкрываў цела жанчыны ад сурокаў. Цікава, што ў гэты перыяд ў нашай лялькі няма ручак, а толькі доўгія канцы хустачкі і скрутачка пад грудзямі.

Так, у ляльцы нашы продкі адлюстроўвалі, што жанчына носіць дзіця і павінна сцерагчыся, клапаціцца аб сабе, — распавядае майстар.

Таццяна працягвае гісторыю жаночага жыццёвага кола — са пышнай спадніцы лялькі нібы вырастае чарговы вобраз. 

— Прайшоў час — наша жанчына маладая нарадзіла, перад ёй дзіця, але рук у яе бы няма асобна, яны пераходзяць адна ў адну. Лялька называлася «Вядучка» — то бок, маці вядзе сваё дзіця, вучыць, выхоўвае, перадае вопыт. Чарговы этап — наша жанчынка ўжо пасталела: сукенка ўсё яшчэ шыкоўная, фартух — з больш складаным вышытым ўзорам. Лічылася, што чым шырэйшы фартух, чым больш на ім вышыўкі, тым жанчына больш вопытная, мудрая, — тлумачыць Таццяна.

Як зазначае майстар народных мастацкіх рамёстваў, нашы продкі жаночыя фартухі ўмелі «чытаць». Дазнацца па ім шмат чаго можна пра яго ўладальніцу — сацыяльны, сямейны статус, колькасць дзяцей. 

— У пасталеўшай нашай лялькі касы ўжо не відаць, плотна заматана хустка, а вось ручак ўжо — дзесяць. Гэта лялька «Дзесяціручка». Такую маці дарылі сваім дочкам на вяселле, каб маладая гаспадыня ўсё ўмела і рабіла, што трэба для дабрабыту сям’і, добра глядзела мужа, дзяцей, была руплівай і ў дамашніх справах, і ў доглядзе жывёлы, па гаспадарцы, у полі, — дадае Таццяна Шышкіна. 

Дарэчы, не толькі ўзгаданыя, але ўсе выставачныя праекты і майстар-класы супрацоўніц Рэчыцкі цэнтр рамёстваў карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Актыўна яны развіваюць і саломапляценне. Вядучы майстар саломапляцення —майстар народных мастацкіх рамёстваў «Рэчыцкага цэнтра рамёстваў» Ніна Балдзенка. Яна займаецца інкрустацыяй саломкай, а таксама разнастайнай мастацкай апрацоўкай гэтага прыроднага матэрыялу — стварае таксама цікавыя творчыя калекцыі. 

Сакрэт поспеху ўвасаблення праектаў папулярызацыі народных традыцый гэтай моцнай творчай каманды раскрывае дырэктар Рэчыцкага цэнтра рамёстваў Юлія Быкоўская. Усе супрацоўнікі цэнтра — творчыя «ўніверсальныя салдаты»: апантана развіваюць самыя розныя тэхнікі традыцыйнай народнай творчасці. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».