З 2016 года Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур праводзіць творчыя стажыроўкі для беларусаў замежжа, калі на працягу тыдня яны знаёмяцца з культурай і традыцыямі, наведваюць рэгіёны і памятныя мясціны. За гэты час на такіх занятках пабывала каля 600 нашых суайчыннікаў з розных краін свету, у тым ліку з Аргенціны, дзе створана дзевяць беларускіх клубаў. Дарэчы, па ініцыятыве дыяспары ў аргенцінскім горадзе Берыса з’явілася вуліца з назвай «Рэспубліка Беларусь».
«Раней мы рабілі „смачны вінегрэцік“, калі ў праграме былі і песні, і танцы, і знаёмства з рамёствамі, а ў гэтым годзе вырашылі зрабіць стажыроўкі вузканакіраванымі, каб на іх займаліся менавіта тыя людзі, якія атрыманыя тут веды і навыкі змогуць перадаць у месцах свайго пражывання», — расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга ЯКАБСОН.
Вясной па веды прыязджалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у верасні — вакалісты, а на лістапад прыпала стажыроўка для кіраўнікоў і ўдзельнікаў харэаграфічных калектываў. Аб тым, што такое дзяленне «па інтарэсах» спрацавала, сведчаць справаздачы, якія нашы суайчыннікі дасылаюць з розных краін свету. Яны дзеляцца тым, як праводзяць майстар-класы, уключаюць новыя песні ў рэпертуары сваіх калектываў, узнаўляюць абрадавыя элементы, паказваюць, што сабраны ў Беларусі матэрыял выкарыстоўваецца на занятках з дзецьмі...
Удзельнікі апошняй стажыроўкі таксама падзяліліся, што на творчых занятках атрымалі шмат ідэй, якія плануюць рэалізаваць у сваіх аб’яднаннях. Прынамсі, на харэаграфічныя заняткі прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з Італіі, Латвіі, Расіі, Казахстана і Эстоніі.
«Раней мы варыліся ў сваім катле, шукалі інфармацыю ў інтэрнэце, не хапала сапраўдных строяў», — расказала старшыня грамадскай арганізацыі «Беларуская мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Таганрога», мастацкі кіраўнік узорных вакальна-харэаграфічных калектываў «Зорачкі» і «Ластаўкі» Эліна СТАРЫКАВА. Усё змянілася, калі прадстаўнікі арганізацыі наладзілі сувязі з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і пабывалі на творчых стажыроўках. Яны ўбачылі, як многа матэрыялу могуць атрымаць у Беларусі, і гэта іх нават натхніла на тое, каб адкрыць у сябе цэнтр нацыянальных культур і запусціць шэраг новых праектаў для дзяцей і дарослых, у тым ліку і этнатэатр «Берагіне», спектаклі, мюзіклы, развіваць супрацоўніцтва са школамі. Створаны вакальна-харэаграфічныя, харэаграфічныя калектывы, ансамбль народных шумавых інструментаў. А нядаўна беларусы Таганрога падзяліліся ўжо сваім вопытам з суайчыннікамі ў Старабельску, Белакуракіна, Мелітопалі і Валнавасе. Дапамагалі калегам са строямі, паказвалі, як рабіць абярэжныя лялькі, перадавалі фанаграмы, паказвалі харэаграфію, рабілі сумесныя спектаклі.
Беларусы Таганрога з задавальненнем прыязджаюць на розныя фестывалі ў Беларусь, прывозяць сюды выступаць дзяцей. І вельмі хвалююцца, што юныя артысты, як падрастуць, з’едуць зусім: дзеці кажуць, што хочуць паехаць вучыцца і перасяліцца ў Беларусь, дзе «жывуць самыя добрыя людзі». Эліна Старыкава заўважыла, што з яе горада багата хто ўжо пабываў у Беларусі, у рамках дзелавых, культурных паездак, і ў якасці турыстаў, і ўсе ад блакітнавокай краіны ў захапленні. «Я ганаруся сваёй радзімай, прыродай, добраўпарадкаваннем вуліц, маімі землякамі!» — падзялілася эмоцыямі жанчына.
Беларусы замежжа заўважаюць, што імкнуцца падаваць беларускую культуру якасна. Стажыроўкі даюць магчымасць у тым ліку пракансультавацца наконт рэпертуару, вызначыць, якія песні ці элементы танцаў сапраўдныя, а што наноснае. Заняткі праходзяць на базе арганізацый культуры, а таксама ўстаноў адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для гэтай галіны. Ні адна стажыроўка не абыходзіцца без майстар-класаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. У праграме таксама заўсёды сустрэчы з вядучымі калектывамі. Дзве апошнія стажыроўкі пачыналіся майстар-класамі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.
А яшчэ беларусы замежжа выязджаюць у рэгіёны, сустракаюцца з носьбітамі. Так, падчас харэаграфічнай стажыроўкі яны наведалі Ліду і Салігорск, а на Любаншчыне не толькі паўдзельнічалі ў майстар-класе па традыцыйных побытавых танцах, але і даведаліся пра тэхналогію і традыцыю выпякання хатняга хлеба ў вёсцы Жораўка, якая з’яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
«Калі працуеш з беларускім танцам, хочацца чысціні ў выкананні, у музычных творах, у строях. Вядома, ёсць інтэрнэт, старыя кнігі, але нішто не заменіць чалавечых зносін і паглыблення ў культуру менавіта на месцы», — упэўнена Аліна УШАКОВА, харэограф дзіцячай групы Паўночна-Казахстанскага абласнога беларускага культурнага цэнтра «Радзіма» (горад Петрапаўлаўск). Яна мяркуе, што без ведання фальклору, прыкладнога мастацтва, музыкі немагчыма працаваць у народна-сцэнічным танцы: «Для мяне кожны крок танца, кожны рушнік, усё, што датычыцца фальклору, асабліва важна. Імкнуся кожнае слова ўвабраць, не прапусціць ніводнага руху, каб з гэтымі ведамі прыехаць і працаваць далей».
Сувязь з радзімай беларусы замежжа захоўваюць не толькі праз танцы, песні, якія яны працягваюць спяваць у тых краінах, куды іх закінуў лёс, перадаюць дзецям і ўнукам. Повязь з ёй і ў сямейных гісторыях, якія часта звязаны з рэчамі, якія належалі продкам. На мінулай стажыроўцы прадстаўнік дыяспары з Эстоніі сказаў, што перадаў у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны бацькавы ўзнагароды: яны вярнуліся на радзіму бацькі. А на апошняй стажыроўцы старшыня некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр вучобы і развіцця EVA-Studіorum» Ніна Пээрна, якая прыехала з Таліна, расказала, што летась перадала многія рэчы сваіх бабулі і маці ў Жлобінскі этнаграфічны музей. Праўда, адзін з рарытэтаў, якім вельмі зацікавіліся музейшчыкі, пакуль яе сям’я вырашыла пакінуць сабе — гэта абраз, што ў гады вайны выратаваў жыццё яе бабулі, маме і цётцы, якія тады яшчэ былі маленькімі дзяўчынкамі. У вайну ў Жлобіне захопнікі вынішчалі яўрэяў, шукалі іх па дамах. Зайшлі і да яе родных. Нямецкі афіцэр тады закрычаў на бабулю: «Іуда. У цябе абраза дома няма». Жанчыне сказалі, што, калі на наступны дзень не будзе абраза, усю яе сям’ю расстраляюць. Але адкуль яго было ўзяць, калі ў савецкі час вялася барацьба з рэлігіяй? Уначы ў акенца іх хаты нехта ціхенька пастукаў.
Бабуля адчыніла дзверы і кінулася ў ногі нямецкаму салдату: «Пан, не забівай». А той працягнуў абраз, дастаў з-пад шыняля фота, на якім ён з жонкай і чатырма дзецьмі, і сказаў «Трэба жыць!» Можа, менавіта з-за гэтай сямейнай гісторыі Ніна Пээрна, калі бывае ў Беларусі, імкнецца наведаць музеі і месцы памяці, такія як Чырвоны Бераг, Ала. У сваёй жа арганізацыі яна, настаўніца па адукацыі, шмат увагі аддае заняткам з дзецьмі, а гэта песні, танцы, майстар-класы. На стажыроўках жанчына пазнаёмілася з беларусамі свету з розных краін, і яны ўжо праводзяць сумесныя праекты, напрыклад такія, як конкурсы чытальнікаў. Штогод яе арганізацыя адзначае юбілеі класікаў беларускай літаратуры, праводзіць літаратурна-паэтычныя і музычныя вечары.
У рамках стажыроўкі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы прайшла дыялогавая пляцоўка з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем МАРКЕВІЧАМ і Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам РУМАКАМ.
«Сёння ўсё больш беларусаў замежжа адчуваюць патрэбу ўзгадаць імя сваё, і гэта нядзіўна, бо ў сучасным свеце Беларусь застаецца духоўнай крэпасцю, абараняе традыцыйныя каштоўнасці, з’яўляецца носьбітам веры і культуры», — заўважыў Анатоль Маркевіч і звярнуў увагу, што сёння важна паклапаціцца пра выхаванне моладзі. А каб яна не захаплялася субкультурамі, якія часта з’яўляюцца небяспечнымі, неабходна прапанаваць ёй здаровую альтэрнатыву: «Наш абавязак не пакідаць дзяцей на саміх сябе. Трэба вярнуцца да нашых вытокаў і традыцый, рабіць і паступаць так, як нашы дзядулі, бабулі, бацькі і настаўнікі, — выхоўваць. Добра, што ёсць на чым — на прыкладах з гераічнай айчыннай гісторыі, на духоўнай спадчыне беларускага народа і традыцыйных сямейных каштоўнасцях. Музей і аб’екты гістарычнай спадчыны становяцца натуральным асяроддзем для выхавання нашай моладзі».
Рэалізуецца праграма «Ўрокі ў музеі». Адроджаныя аб’екты спадчыны, такія як палацы Косава, Жылічы, Стары Замак у Гродна, становяцца месцамі правядзення баляў, фестываляў, свят з актыўным удзелам нашай моладзі.
У 2026 годзе з’явіцца новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея.
«Культура ў нашай краіне разглядаецца як стратэгічны рэсурс, які дазваляе ў эпоху глабалізацыі захаваць Беларусь як суверэнную дзяржаву. Таму яе падтрымка з’яўляецца інвестыцыяй у нацыянальную бяспеку, бо толькі чалавек, выхаваны ў традыцыях нацыянальнай культуры, можа стаць паўнавартасным грамадзянінам, патрыётам і абаронцам сваёй краіны», — заўважыў міністр.
Адным з кірункаў работы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў з’яўляецца ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай у розных краінах свету, падтрымка аб’яднанняў нашых суайчыннікаў. Апарат упаўнаважанага перадае калектывам суайчыннікаў строі, літаратуру, сувенірную прадукцыю. Беларусы ж замежжа дзеляцца сваімі здабыткамі, у тым ліку падчас асабістых сустрэч у апараце, а таксама дасылаюць фатаграфіі з мерапрыемстваў. У 2024 годзе ў апараце ўпаўнаважанага прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі аб’яднанняў беларусаў Расіі, Арменіі, Казахстана, Латвіі. «Беларусы, якія пражываюць за мяжой, — неад’емная частка нашага народа, бо вашы карані і сэрцы знаходзяцца тут», — заўважыў Аляксандр Румак і падзякаваў суайчыннікам за тое, што яны гатовы захоўваць і прымнажаць нашу культурную спадчыну нават удалечыні ад радзімы.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, фота аўтара.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.