Вы тут

Бывалькі — радзіма бывалых людзей


У 16 кіламетрах на поўдзень ад Лоева на высокім правым беразе Дняпра размяшчаецца вёска Бывалькі. За мноства стагоддзяў Дняпро адступіў тут ад правабярэжнага пагорка прыкладна на два кіламетры, утварыўшы шырокую даліну, а там, дзе некалі шчыравала рэчка, засталіся шматлікія старычныя азёры. Насупраць Бывалек на левым беразе Дняпра ляжыць вялікі ўкраінскі пасёлак Радуль, у якім у сярэднявеччы пасяліліся стараверы.


Ад жалезнага веку пачатак

Аб тым, што гэтыя мясціны былі заселены яшчэ ў глыбокай старажытнасці, сведчыць гарадзішча ранняга жалезнага веку, размешчанае на адлегласці 1,5 кіламетрa на паўночны ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Котвіна.

Паданне аб паходжанні назвы вёскі сведчыць, што ў далекія часы тут пасяліліся «бывалыя людзі», так называлі людзей, якія доўга блукалі па свеце, шукалі найлепшай долі. Бывалыя людзі, гэта людзі не мясцовыя, прышлыя, якія шмат цяжкасцяў перанеслі ў сваім жыцці, але вытрымалі і выжылі. Менавіта перасяленцы і заснавалі вёску. Створанае паселішча спачатку называлася Церазіно. А бывалымі людзьмі — «бывалкамі» — жыхароў Церазіно называлі суседзі, жыхары бліжэйшых вёсак. Месца пасялення «бывалкаў» з цягам часу па асацыяцыі стала называцца Бывалькамі.

Яшчэ паданне сведчыць, што прышлыя людзі, якія жылі ў лясах вакол Бывалек, часта займаліся рабункам — «брылі», гэта значыць рабавалі багатых людзей, якія праязджалі па прыдняпроўскім шляху. Таму і цяпер у вёсцы часта згадваюць прымаўку: «Хто ў Бывальках не бываў, той і гора не відаў».

У пісьмовых крыніцах вёска Бывалькі ўпершыню згадваецца пад 1571 г. як родавая ўласнасць шляхцічаў Бывалькевічаў, род якіх пазней паказачыўся. Ужо ў каралеўскіх інвентарах 1615-1616, 1622, 1628–1629 і 1636 гг. Бывалькі запісаны як замкавая вёска Любецкага замка. Падчас каралеўскай люстрацыі 1631–1633 гг. у Бывальках пражывала 16 падданых, якія выплачвалі гадавыя падаткі ў казну ў суме 67 злотых. Дарэчы, у гістарычных крыніцах вёска Бывалькі да сярэдзіны ХІХ стагоддзя згадваецца пад назвай Бывалькі-Мікалаеўка. Што ж азначае двайная назва гэтага населенага пункта?

Вядомы даследчык тапанімікі гэтага рэгіёна Гомельшчыны А. Рогалеў мяркуе, што гэты факт, хутчэй за ўсё, сведчыць аб злучэнні двух пасяленняў у адну вёску. Назва Мікалаеўка магла датычыцца фальварка — панскай гаспадаркі, Бывалькі ж — гэта асноўны сельскі пункт. Што гэтае меркаванне мае падставы, сведчыць і тое, што ў сучасных Бывальках і цяпер адна з частак вёскі носіць назву Мікалаеўка.

У 1667 г. вёска Бывалькі была ўключана ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства ВКЛ і ў складзе лоеўскага зямельнага ключа трапіла ва ўласнасць графа Міхаіла Станіслава Юдзіцкага, войта рэчыцкага, а ў 1793 г. увайшла ў склад Расійскай імперыі і згадваецца як вёска Дзяражыцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні.

Дваццаць пяць дзён пехатой да дому

У чэрвені 1848 г. княгіня Любавіцкая (народжаная Радзівіл) выкупіла фальварак Бывалькі з 2709 дзесяцінамі зямлі і вёскай за 37 500 рублёў серабром з таргоў у Мінскім губернскім праўленні. 

У вёсцы ў гэты час налічвалася 211 душ мужчынскага полу; меліся карчма, валавы млын, цагельня. Сяляне вёскі, акрамя працы на сваёй і панскай гаспадарцы, займаліся лесасплавам па Дняпры для «ўплаты за паншчыну, чынш, хлеб і даніну».

У 1848 г. пры падпісанні мірской дамовы аб пераводзе 27 сялян вёскі з паншчыны на аброк у Бывальках не было ніводнага пісьменнага селяніна, і таму дамову за гэтых сялян падпісваў святар Дзяражыцкай царквы Лашкевец. Тады ў вёсцы пражывалі 211 мужчын і 251 жанчына. У 1850 г. у Бывальках было 82 двары.

У 1858 г. на перабудову царквы ў Дзяражычах стараста вёскі Бывалькі Іван Антонавіч Самойленка ахвяраваў 1254 рублі. У тыя часы гэта была вялізная сума грошай, якая прыкладна раўнялася абароту штогадовага двухдзённага Лоеўскага дзесяціннага кірмашу.

У сувязі з адменай прыгоннага права сялянская абшчына вёскі Бывалькі была пераведзена на выкуп зямлі. Згодна выкупному акту, падпісанаму 20 жніўня 1864 г., 85 сялянскіх двароў вёскі атрымалі ва ўласнае карыстанне 2070 дзесяцін 1313 сажаняў зямлі, з іх 1257 дзесяцін 155 сажаняў ворыва.

З 21 снежня 1877 г., пасля смерці Любавіцкай, фальварак перайшоў ва ўладанне Рэчыцкай дваранскай апекі і арандаваўся сялянамі вёскі Бывалькі за 200 рублёў у год. У сувязі з тым, што былая ўладальніца фальварка мела грашовую запазычанасць банку ў суме 9800 рублёў, фальварак неаднаразова выстаўляўся на продаж з таргоў, але выкуплены не быў.

14 мая 1902 г. у вёсцы нарадзіўся Сінілаў (Сініла) Кузьма Раманавіч, будучы генерал-лейтэнант (1944 г.), камендант Масквы (1941–1953 гг.), адзін з арганізатараў знакамітага парада савецкіх войск 7 кастрычніка 1941 г. і Парада Перамогі ў чэрвені 1945 г.

Сінілаў (Сініла) Кузьма Раманавіч.

У 1908 г. Бывалькі ўяўлялі сабой вялікае і шматлюднае сяло, у якім налічвалася 254 двары, 1547 жыхароў, дзейнічала праваслаўная царква. Бывалькаўцы па-ранейшаму былі вымушаны хадзіць пехатой у Смаленск дзеля найму ў сплаўшчыкі лесу, ганяць плыты да Херсона, а адтуль пехатой ісці да дому. На зваротную дарогу з Херсона яны затрачвалі 24-25 дзён. Асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі працы ў сялян былі драўляная саха, серп, драўляныя вілы, цэп, самапрадка, кросны, для асвятлення сваіх хацін выкарыстоўвалі лучыну. Напрыканцы лета і восенню мужчыны збіралі і звозілі свой ураджай, а зімой усёй сям’ёй ці ў адзіночку цэпам малацілі жыта, ячмень, грэчку. Жанчыны ўсю зіму пралі пражу і вясной ткалі кросны. Канаплянае суровае палатно ішло на адзенне сяляніна. З іх жанчыны шылі бялізну, рабілі радны, якімі ўкрываліся ў пасцелі. 

Звычайна фарбавалі палатно фарбай, вырабленай з дубовай ці альховай кары, і шылі штаны, сарочкі і нават шапкі. Тыя, у каго было некалькі авечак ці коз, змешвалі пражу з партой і ткалі палатно для вопраткі. Валілі яго ў драўляных ступах з прымяненнем драўлянага таўкача і кіпячонай вады. Гэта тканіна называлася «сукном папалам з партом». З яго рабілі фуфайкі, кажухі, буркі і іншае. Каб можна было прасці канапляную нітку, трэба было пяньковае валакно мяць нагамі ў хаце на падлозе па невялікіх порцыях — «жменях». А каб «жменя» мялася хутчэй і якасней, падлога павінна была быць жорсткай. Таму зімой падлогу мылі толькі адзін раз — да Раства Хрыстова.

Трагедыяй для вёскі былі частыя вялікія пажары. Да 1912 г. сядзібы сялян у асноўным размяшчаліся на Старым кутку, Ветраках (названа так па трох ветраных млынах) і царкоўнай вуліцы, на якой была царква. Вуліцы Мікалаеўка і Пагон яшчэ толькі засяляліся. Пагон пачаў засяляцца ў пачатку XX стагоддзя, а сядзібы, размешчаныя па вуліцы Мікалаеўка, групаваліся ў асноўным каля грабнякоў. Пасля вялікага пажару ў 1912 г. засяленне вёскі адбывалася больш раўнамерна. 

У «Памятной книге Минской губернии на 1913 год» ёсць звесткі, што ў 1912 г. на Лоеўшчыне існавала Бывалькаўская царква, у якой святаром быў Яфрэм Марчанка, прыпісаны да другой благачыннай акругі, Стрэлічаўскай царквы Рэчыцкага павета. Гэта дае падставы меркаваць, што бывалькаўскі царкоўны прыход быў утвораны ў самым пачатку ХХ стагоддзя.

Прастольнае свята вёскі штогод адзначалася 21 верасня, на свята Раства Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень у Бывалькі на свята з’язджаліся родзічы, якія пражывалі ў суседніх вёсках.

У Бывальках трохкласнае царкоўна-прыходскае вучылішча было адкрыта ў 1914 г. Першымі настаўнікамі працавалі Карп Машко і Ксенія Злотнікава, а затым настаўнікі Анціповіч і Федарэнка. Вывучалі пісьмо, закон Божы, арыфметыку. У 1917 г. у вёсцы налічвалася 290 гаспадарак і 1812 жыхароў. 

У школе навучаліся 104 вучні.

У калгасе

Савецкая ўлада была ўстаноўлена у лістападзе 1917 г. У сакавіку 1818 г. вёска была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, у маі-чэрвені 1920 г. — польскімі войскамі. Пасля выгнання польскіх інтэрвентаў у вёсцы быў створаны камітэт сялянскай узаемадапамогі, які ўзначаліў Жук Харытон Андрэевіч, а сакратаром працаваў Плюшчай Пятро Піліпавіч.

У 1923 г. Бывалькі былі далучаны да Лоеўскай воласці, тады ў вёсцы налічвалася 300 двароў і 1650 жыхароў. 3 лістапада 1923 г. у вёсцы Бывалькі Лоеўскай воласці Гомельскай губерні ў сялянскай сям’і, якая насіла прозвішча Сініла, нарадзіўся Сінілаў (Сініла) Рыгор Карпавіч, будучы доктар юрыдычных навук (1983 г.), прафесар (1987 г.), заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі (1991 г.).

Сінілаў (Сініла) Рыгор Карпавіч.

З 1926 г. Бывалькі сталі цэнтрам сельсавета. Першым старшынёй Бывалькаўскага сельсавета быў Пікус Трафім Міхеевіч. Паводле перапісу 1926 г., у вёсцы налічваліся 362 гаспадаркі і 1868 жыхароў, кузня, працавалі чатыры ветраныя і паравы млыны, воўначасальня, пераважалі прозвішчы Андрыянец, Жук, Пікас, Плюшчай, Сініла.

Па стане на 15 снежня 1927 г. працавала школа 1-й ступені з чатырма гадамі навучання. Бывалькаўскую школу наведвалі 99 вучняў, заняткі праводзіліся ў адну змену пры двух настаўніках. У 1926 г. быў адкрыты пункт ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, які наведвалі 48 чалавек, працавалі драмгурток у складзе 18 чалавек, школьны кааператыў, бібліятэка, якая налічвала 170 кніг і 15 падручнікаў.

У 1930 г. быў створаны калгас «Чырвоны сцяг», у які аб’ядналася 33 гаспадаркі. Першым старшынёй калгаса працаваў Трафім Пікус. Калектывізацыя суправаджалася жорсткім уціскам сялян-аднаасобнікаў. У 1929–1930 гг. у Бывалькаўскім сельсавеце было абкладзена кабальным сельгаспадаткам 15 сялянскіх гаспадарк. Ужо па стане на май 1930 г. былі раскулачаны і высланы за межы Беларусі дзевяць сям’яў.

У агні вайны

Вёска Бывалькі значна пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны, на франтах якой загінулі 176 чалавек, былі забітыя і дзевяць мірных жыхароў. На пачатку нямецкай акупацыі ў Бывальках ворагі зрабілі спробу стварыць паліцэйскі ўчастак, які ў 1942 г. быў разгромлены партызанамі. 

22 кастрычніка 1943 г. вёска была вызвалена воінамі 60-й стралковай дывізіі 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Батава. У баях за вызваленне вёскі вызначыліся камандзір аддзялення Казанаў і малодшы сяржант Уладзіміраў, якія былі ўганараваныя званнем Героя Савецкага Саюза. Падчас гэтых баёў загінулі 493 савецкія воіны, з 420 хат у Бывальках было спалена 413. Сярод пахаваных у цэнтры вёскі воінаў — Героі Савецкага Саюза Даўлетаў, Ермакоў, Карпенка. На брацкай магіле ў 1966 г. устаноўлены помнік — скульптура воіна ў жалобе — і пліты з імёнамі загінулых.

Пасля вайны вёска была адбудавана нанова. У ліпені 1954 г. тэрыторыя Бывалькаўскага сельсавета была далучана да Дзяражычскага сельсавета. Паводле перапісу 1959 г., у Бывальках налічвалася 1222 жыхары. У 1964 г. у цэнтры вёскі быў пабудаваны цагляны двухпавярховы будынак сярэдняй школы са спартыўнай залай і сталовай.

25 сакавіка 1965 г. цэнтрам Дзяражычскага сельсавета стала вёска Бывалькі, а сельсавет быў перайменаваны ў Бывалькаўскі сельсавет. У 1987 г. у Бывальках было пабудавана 50 дамоў для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй тэрыторый пасля чарнобыльскай катастрофы.

Паводле перапісу насельніцтва 1999 г., вёска Бывалькі налічвала 318 гаспадарак і 802 жыхары, працавалі сярэдняя школа, дзіцячы сад , музычная школа, сельскі дом культуры, бібліятэка, участковая бальніца на 50 ложкаў, аптэка, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, тры магазіны. У 2008 г. у Бывальках была адкрыта бальніца сястрынскага догляду, а ў 2010 г. пачала дзейнічаць царква «Усіх смуткуючых Радасць іконы Божай Маці».

Мікалай АНІСАВЕЦ, краязнавец.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.