У прыватнасці, праект закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2025 год», адобраны сенатарамі, вызначае крыніцы фарміравання даходаў бюджэту фонду, іх аб’ём і напрамкі выкарыстання сродкаў фонду, устанаўлівае парадак выканання бюджэту фонду.
Даходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 32 775,6 млн рублёў, выдаткі — 32 273,8 млн рублёў, прафіцыт — 501,8 млн рублёў. Асноўная частка даходаў (92,3 працэнта) будзе фарміравацца за кошт узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, якія прадстаўлены абавязковымі страхавымі ўзносамі і ўзносамі на прафесійнае пенсіённае страхаванне.
Расходы бюджэту фонду запланаваны ў памеры 32 273,8 млн рублёў. Асноўная сума расходаў прадугледжваецца на фінансаванне пенсіённага забеспячэння грамадзян і на выплату дапамог. Фінансаванне па іншых артыкулах расходаў запланавана ў адпаведнасці з мэтавым назначэннем сродкаў фонду.
Праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі» падрыхтаваны з улікам правапрымяняльнай практыкі ў мэтах удакладнення асобных норм Кодэкса аб адукацыі. У прыватнасці, прадугледжваецца прадастаўленне гарантыі маладым спецыялістам, звольненым з працы ў сувязі з прызывам на ваенную службу, але не накіраваным для яе праходжання, на займанне ранейшай пасады.
Мясцовыя органы ўлады надзяляюцца паўнамоцтвамі па арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў у межах буйных населеных пунктаў да ўстаноў адукацыі і да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў (цяпер прадугледжаны падвоз толькі ў сельскіх населеных пунктах да ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі).
Даецца магчымасць асваення вучнямі X-XI класаў адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын. Ураду прадастаўлены паўнамоцтвы па вызначэнні ў Кодэксе выпадкаў пераразмеркавання і перанакіравання на работу маладых спецыялістаў (напрыклад, іх перанакіраванне на службу ў МУС, Следчы камітэт, Мытны камітэт).
У мэтах узмацнення адказнасці заказчыкаў мэтавай падрыхтоўкі прадугледжваецца абавязак арганізацыі — заказчыка кадраў кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, у выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання ўмоў дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы.
Прадугледжваецца вызваленне выпускнікоў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ад кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы пры пераразмеркаванні ў населеных пунктах па месцы жыхарства або па месцы ўключэння іх у спісы ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Выключаецца права рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. Замацавана патрабаванне да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні.
Каментуючы навацыі праекта Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі», старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей СІВЕЦ адзначыў, што яны накіраваны на пашырэнне правоў і магчымасцей навучэнцаў у атрыманні якаснай адукацыі ў нашай краіне.
«Гэта дастаткова знакавы законапраект, па якім праходзіла шырокае абмеркаванне і ў Палаце прадстаўнікоў пры падрыхтоўцы да першага і другога чытанняў, і ў экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі, — адзначыў парламентарый. — На пасяджэнні экспертнага савета быў выказаны шэраг ключавых момантаў і прапаноў, якія ў далейшым знайшлі сваё адлюстраванне ў дадзеным праекце Закона, у першую чаргу з пункту гледжання пашырэння сацыяльных гарантый для навучэнцаў.»
У ліку такіх гарантый: права на атрыманне лагапедычнай дапамогі дзецям з расстройствам аўтыстычнага спектру; пашырэнне пераліку суб’ектаў, якія маюць права на пераважнае накіраванне ў санаторныя школы-інтэрнаты, а таксама шэраг іншых сацыяльных прэферэнцый і льгот.
Прынцып інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца ключавым у Кодэксе аб адукацыі, заўважыў Сяргей Сівец: «Законапраектам мы паляпшаем сацыяльнае становішча тых, хто на сённяшні дзень атрымлівае адукацыю ў нашай краіне, і даем пэўныя магчымасці асобным катэгорыям, якім патрабуецца дадатковая апека, патэрны з боку дзяржавы ў атрыманні адукацыі з улікам асаблівасцей развіцця».
Праект закона «Аб каштоўных металах і каштоўных камянях» прадугледжвае сістэмную карэкціроўку дзеючага паняційнага апарату і ўвядзенне новых тэрмінаў («іменнік», «апрацоўка каштоўных камянёў», «апрацоўка (перапрацоўка) лому і адходаў каштоўных металаў» і іншых). Удакладняюцца паўнамоцтвы Міністэрства фінансаў, якое з’яўляецца рэгулятарам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, Нацыянальнага банка і іншых дзяржаўных органаў.
Прадугледжваецца далейшае спрашчэнне аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі шляхам пашырэння пераліку камплектуючых, вузлоў і дэталей абсталявання, прыбораў і іншых вырабаў, з якіх атрыманне каштоўных металаў немэтазгодна, за кошт абсталявання, што знаходзіцца ў замежных установах (камп’ютары, прынтары, іншая бытавая і электронна-вылічальная тэхніка), а таксама шляхам вызначэння відаў маёмасці, якая можа перадавацца або рэалізоўвацца без уліку кошту каштоўных металаў і каштоўных камянёў, змешчаных ў ёй.
Адобраны сенатарамі праект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» прадугледжвае абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю прыналежных фізічным асобам аб’ектаў нерухомасці і тэрмін, на працягу якога неабходна звярнуцца па іх рэгістрацыю; магчымасць здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў не па месцы знаходжання аб’екта нерухомасці, а таксама магчымасць пасведчання здзелкі двума і больш рэгістратарамі; неабходнасць унясення ў рэгістр нерухомасці звестак аб наяўнасці зямельнай спрэчкі; удакладненне кваліфікацыйных патрабаванняў да рэгістратара; абавязковы дасудовы парадак абскарджання дзеянняў (бяздзеяння) рэгістратара; аўтаматычнае ўнясенне выпраўленняў у рэгістр нерухомасці, звязаных са змяненнем персанальных даных грамадзян або найменняў юрыдычных асоб; змяненне парадку ўзаемадзеяння паміж натарыусамі і рэгістратарамі пры рэгістрацыі нерухомасці.
Таксама сенатары адобрылі законапраекты аб унясенні змяненняў у Закон «Аб ліцэнзаванні», «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны». Ратыфікаваны і міжнародныя пагадненні , якія тычацца гарманізацыі заканадаўства дзяржаў ЕАЭС у сферы выканання патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і узаемнага прымянення Беларуссю і Азербайджанам электронных сістэм сертыфікацыі паходжання тавараў.
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.