Вы тут

Беларускія баскетбалісты паказалі клас


Героі тыдня. Беларускія каманды занялі ўвесь п’едэстал другога тура турніру па баскетболе 3×3 «Обнінск Open». У фінале спаборніцтваў «Мінск» перамог салігорскі «Шахцёр» з вынікам 21:17. У складзе пераможцаў, гульнёй якіх кіраваў Раман Гесць, выступалі Ілья Языковіч, Вацлаў Бугаёў, Раман Варабей і Святаслаў Кавалёў. Сярэбранымі прызёрамі сталі Сяргей Вабішчэвіч, Цімур Друкаў, Арсень Вержбіцкі, Антон Зарэцкі, галоўны трэнер — Уладзімір Агабаб’ян. На трэцім месцы — беларуская каманда «Мінск U-23», якая саступіла «Шахцёру» з вынікам 13:21. Бронзавымі прызёрамі сталі Іван Балдуеў, Ян Марынін, Аляксей Шаўчэнка і Валянцін Шаркоў.

Турнір тыдня. У Ханты-Мансійску завяршыўся Кубак Міжнароднай лігі клубнага біятлона з удзелам наймацнейшых беларускіх і расійскіх спартсменаў. На першым старце зімовага сезона ўдзельнікі прадстаўлялі не рэгіёны, а біятлонныя клубы. Беларусь прадстаўлялі тры каманды. За «Беларускі нафтавік» выступалі Антон і Дзінара Смольскія, а таксама Дзмітрый Лазоўскі і Ганна Сола, у склад Беларускага клуба біятлона ўвайшлі Ілья Аўсеенка, Іван Тулацін, Адаліна Сабітава і Дар’я Кудаева, а за «Беларускіх зуброў» выступалі Максім Варабей, Сцяпан Данілаў, Ксенія Варабей і Алена Кулак. Найлепшы вынік паказаў «Беларускі нафтавік». У масстарце Антон Смольскі прынёс камандзе 36 ачкоў за трэцяе месца, 30 балаў за шостую пазіцыю набраў Дзмітрый Лазоўскі. Дзінара Смольская і Ганна Сола па выніках жаночай гонкі дадалі 45 пунктаў на дваіх (26+19). У змешанай эстафеце беларускія біятланісты фінішавалі трэцімі, зарабіўшы яшчэ 120 ачкоў. Агульны вынік «Беларускага нафтавіка» склаў 231 бал, што прынесла камандзе трэцяе месца і ў агульным заліку. Наступным стартам для нашых біятланістаў стане другі этап Кубка Садружнасці, які таксама прыме Ханты-Мансійск з 22 да 24 лістапада.

Перамога тыдня. Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук (347-ы нумар сусветнага рэйтынгу) стала пераможцай турніру ІTF у партугальскім Фуншале. У вырашальным паядынку яна сустрэлася з мальтыйскай тэнісісткай Франчэскай Курмі (417-ы нумар рэйтынгу), якую перамагла з вынікам 6:1, 3:2.

Намінацыя тыдня. Беларус Ігар Брыштэль прызнаны найлепшым гульцом Беларусі ў пляжным футболе па выніках 2024 года. Паводле апытання, у якім удзельнічалі спецыялісты, журналісты і балельшчыкі, Брыштэль набраў 110 балаў. У мінулым сезоне 37-гадовы Ігар Брыштэль, які выступае за нацыянальную зборную Беларусі і піцерскі «Крышталь», стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату свету (14 мячоў) і атрымаў «Бронзавы мяч» планетарнага форуму ў Дубаі. У тройку найлепшых беларускіх гульцоў па пляжным футболе таксама ўвайшлі Алег Гапон (90 балаў) і галкіпер Міхаіл Аўгустоў (87).

Цытата тыдня. «Прыярытэтнай задачай для Нацыянальнага алімпійскага камітэта з’яўляецца ўдзел беларускіх атлетаў у зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года. Мы прыкладзём усе намаганні, каб нашы спартсмены былі прадстаўлены ў Італіі. Пакуль пазітыву не так шмат. Ад міжнародных спартыўных федэрацый па зімовых відах спорту рашэння аб допуску яшчэ няма, аднак надзея на разумнае і рацыянальнае вырашэнне гэтага пытання захоўваецца», — адзначыла генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ксенія Санковіч. Па яе словах, НАК Беларусі працягвае весці канструктыўны дыялог з Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) і ў міжнародных спартыўных арганізацыях на змену эмоцыям і імкненню прытрымлівацца палітычных трэндаў прыходзіць усведамленне відавочных фактаў. «Цяпер абмяркоўваюцца пытанні ўдзелу і аднаўлення беларускіх атлетаў і каманд на міжнароднай арэне. У гэтых працэсах назіраецца станоўчая дынаміка. Лічу, неабходна рухацца насустрач адзін аднаму і шукаць кампрамісы, асабліва ў гэты няпросты час», — адзначыла Ксенія Санковіч.

алерыя СЦЯЦКО.

Фота з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».