Вы тут

Мыс Добрай надзеі, які за той рэчкай


Горкі ліпавы мёд. Аповесці, апавяданні

Час засведчыў, што ў чытачоў карыстаюцца попытам тэматычныя зборнікі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Звычайна ў іх адбіраюцца творы вядомых пісьменнікаў, класікаў, але тэматычны прынцып адбору дае магчымасць данесці да чытача творы падзабытыя, малавядомыя, дапамагчы камусьці адкрыць новае для сябе імя. Не выключэнне — зборнік «Горкі ліпавы мёд», у які ўвайшлі творы, уключаныя ў школьную праграму па беларускай літаратуры для пазакласнага чытання. Прадстаўлена дзевяць аўтараў — ад Кузьмы Чорнага да Паўла Місько. Дзеянне адбываецца ў розныя часы і ў розных абставінах, нават у фантастычных, але яднае іх адно: галоўныя героі — дзеці і падлеткі, якія, сутыкнуўшыся з дарослымі праблемамі, вымушаныя сталець, рабіць выбар між дабром і злом, знаходзіць у сабе трываласць і мужнасць. Назву зборніку дало апавяданне Алены Васілевіч — пранізлівае, лірычна-настальгічнае, пра першае каханне. Галоўны герой успамінае перадваенныя гады, калі яны з маці апынуліся ў цяжкім становішчы і здавалі пакой дзвюм маладым кватаранткам. Адна з іх і стала прычынай душэўных перажыванняў падлетка... Але якім бы добрым, далікатным і рыцарскім школьнік ні быў, яму давядзецца прыняць — пачуцця ў адказ не будзе. Мілая, ціхмяная Ліза закаханая ў іншага — няхай той, як мы разумеем па ўскосных сведчаннях, і не варты... Але ў жыцці так бывае часта. «Тыя, што варты стакрот кахання, — тыя не маюць яго на зямлі», сведчыў Уладзімір Караткевіч, яшчэ адзін аўтар кнігі. Яго трагічнае і ўзнёслае апавяданне «Кніганошы» — і адсылка ў беларускае мінулае, і яшчэ адна мадэль экзістэнцыяльнага выбару... Ёсць там і герой-падлетак, які гіне, працягваючы справу бацькі — насіць праз мяжу кнігі... А вось апавяданне Васіля Віткі «Трывога ў Ельнічах» — цалкам сучаснае, хоць напісанае даўно. Крутасвет Юзік «з самага малку ўзяў над усімі такую патолю, што нікога не прызнаваў». Згадзіцеся, знаёмая сітуацыя — бацькі добрыя, мяккія, усё вырашаюць ласкай, а дзіця вырастае эгаістам, гатовым на ўсё, каб атрымаць, што захоча. Вось і Юзік, каб пакараць сябра, бярэцца за бацькаву стрэльбу... У апавядання адкрыты фінал — але ёсць спадзяванне, што герой, узрушаны сваім учынкам, гневам аднавяскоўцаў і асабліва горам бусліхі, нешта ўсвядоміць для сябе і зменіцца. На падобную ж тэму апавяданне Кузьмы Чорнага «Насцечка», што выхавала не адно пакаленне школьнікаў. 

Пра трагедыю Хатыні ведае кожны беларус... Спаленая вёска ўяўляецца нам велічным мемарыялам, языкамі згубнага агню... А ў аповесці Алены Кобец-Філімонавай мы бачым Хатынь яшчэ жывой, поўнай дзіцячым гоманам. «Чалавека, які перажыў вайну, можна адразу пазнаць — па вачах», — сцвярджае галоўны герой, якому пашанцавала выжыць.

Чытач у зборніка, несумненна, будзе. Застаецца спадзявацца, што гэта не толькі школьнікі, якія займаюцца пазакласным чытаннем.


Константин Коровин. Моя жизнь

Сёння час нон-фікшн — сцвярджалася неаднойчы. Мемуары і ўспаміны вядомых людзей, нават калі не адрозніваюцца асаблівай літаратурнай вартасцю, заўсёды будуць запатрабаваныя. На гэты раз мне ў рукі трапілі ўспаміны мастака Сярэбранага стагоддзя Канстанціна Каровіна. Яго залічваюць да імпрэсіяністаў, хоць сам ён казаў пра сябе — «Передача радости и есть суть картины, куски моего холста, моего я... У меня нет направления и нет моды — нет ни импрессионизма, ни кубизма, никакого „-изма“. Это я, это мое пение за жизнь, за радость — это язычество. Оттого-то я люблю... искусство, дружбу, солнце, реку, цветы, смех, траву, природу, дорогу, цвет, краску, форму...» Яго сябар Фёдар Шаляпін называў Каровіна «Паганіні ў жывапісе»... Як і ў Паганіні, у лёсе Каровіна было досыць драматычнага. Бацька разарыўся і скончыў самагубствам, карціны не разумелі — хадзіла карыкатура «Каровін піша сваю карціну ботам», першы сын памёр немаўлём, другі трапіў пад трамвай і застаўся без ног, жонка цяжка хварэла... Апошнія шаснаццаць гадоў Каровін правёў у эміграцыі, у нястачы — яго ўвесь час падманвалі, не ўмеў наладзіць фінансавы бок жыцця... У мемуарах, аднак, вы гэтага не знойдзеце — толькі ў агульным настроі тугі. Аўтар згадвае дзяцінства — пра балы ў доме дзеда ў вялікай калоннай зале з аркестрам... Як малым шукаў мыс Добрай надзеі — і згубіўся. Маці наракала бацьку: «Ты разве не видишь, что Костя всегда будет искать этот мыс. Это же нельзя. Он не понимает жизнь, как есть, он все хочет идти туда. Туда».

Мастак сапраўды ўсё жыццё ішоў «туды», у сінюю далечыню мары... Вось ён малюе пад наглядам настаўніка веснавы пейзаж — і хоча не бярвенні дома пазначаць, а саму вясну... Бо «ёсць толькі колер у форме»... Але ён быў не адзін такі — мы сустракаем на старонках успамінаў яго аднадумцаў: Левітана, Шаляпіна, Саву Марозава, Сярова, Урубеля, Саўрасава... «Когда будут думать о хлебе едином, пожалуй, не будет и хлеба». Фраза з мемуараў, над якой варта добра задумацца.

Пад канец жыцця мастак паспрабаваў сябе ў літаратуры — праўда, яго стыль параўноўвалі з яго жывапісам: ярка, сакавіта, але адрывіста і нібы не скончана... Тым не менш чытаецца лёгка, дае шмат цікавых фактаў, а таксама запамінальных вобразаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду дадзены кнігарняй крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.