З надыходам халадоў наш арганізм усё менш здавольваецца гароднінай і садавіной і ўсё часцей патрабуе чаго-небудзь «больш істотнага». Жаданне насыціць арганізм у халодную пару года высокакаларыйнай ежай цалкам натуральнае, бо нам патрабуецца больш энергіі для захавання цяпла. У той жа час рухальная актыўнасць многіх з нас падае: дачныя клопаты прыпынены да наступнай вясны, і ў доме мы праводзім больш часу, што небяспечна наборам вагі. Якія ж прадукты дапамогуць змагацца з голадам і холадам без урону для здароўя і фігуры? Пра гэта расказала інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.
Найперш уключаем у рацыён кашы з цэлага зерня: аўсянка, грэчка, буры рыс, ячныя і кукурузныя крупы, булгур. Яны — выдатная крыніца складаных вугляводаў, якія расшчапляюцца і ператраўляюцца ў нашым страўнікава-кішачным тракце досыць доўга, ствараючы адчуванне сытасці і цяпла.
Не забываем аб прадуктах, багатых на ёд: марская рыба і водарасці, грэцкія арэхі, фейхоа, хурма неабходныя для звычайнага функцыянавання шчытападобнай залозы, гармоны якой удзельнічаюць у тэрмарэгуляцыі арганізма.
Суп, калі ён правільна прыгатаваны, добра сагравае і насычае ў дрэннае надвор’е, лёгка засвойваецца, утрымлівае мноства пажыўных рэчываў і вітамінаў.
Мяса — ялавічына, бараніна, свініна — з’яўляецца добрай крыніцай жалеза. У людзей з нізкім утрыманнем гэтага рэчыва могуць мерзнуць рукі і ногі, яны часта адчуваюць стомленасць.
Прадукты, багатыя на калій і магній, а гэта бульба, сухафрукты, арэхі, бабовыя, бананы, неабходны для нармальнага функцыянавання сардэчна-сасудзістай сістэмы і добрага кровазвароту. Памятаем, што менавіта кроў дапамагае пераразмеркаваць цяпло ўнутры арганізма.
Вострыя прыправы. Корань імбіру, гваздзіка, карыца, кары, хрэн, гарчыца, разнастайныя перцы расшыраюць сасуды, паскараюць кровазварот і, як вынік, саграваюць. Аднак людзям з хваробамі страўнікава-кішачнага тракта ўжываць іх трэба з асцярожнасцю, каб не справакаваць абвастрэнне наяўных захворванняў.
Улічыце, што павышаная адчувальнасць да холаду можа сведчыць аб такіх захворваннях, як вегета-сасудзістая дыстанія, анемія, атэрасклероз, гіпатырэоз, цукровы дыябет. У такіх выпадках неабходна пракансультавацца з урачом.
Алена КРАВЕЦ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».