Міністр эканомікі Юрый Чабатар пракаментаваў вынікі работы эканомікі краіны ў студзені — кастрычніку.
Ён адзначыў, што ўжо ёсць звесткі за 10 месяцаў гэтага года. «У прынцыпе, усё ў рамках прагнозных параметраў. ВУП у студзені — кастрычніку вырас на 4,2 %. Нагадаю, што задача па годзе ў нас 3,8 %. Дынамічна развіваюцца і даюць асноўны ўклад у развіццё эканомікі такія галіны, як прамысловасць, будаўніцтва і сельская гаспадарка. Акрамя таго, за 10 месяцаў мы выйшлі на ўзровень мінулага года па будаўніцтве жылля і ўжо бачым, што выканаем задачу праграмнага дакумента», — распавёў міністр.
Рэальныя даходы насельніцтва, дзякуючы ў тым ліку і развіццю прамысловасці, сельскай гаспадаркі, падтрымліваюцца сёння на высокім узроўні — у студзені — верасні яны выраслі на 9,4 %. «Гэта дае нам магчымасць развіваць і наш рознічны тавараабарот, які за 10 месяцаў вырас амаль на 12 %. Мы бачым даволі вялікі попыт на нашы айчынныя тавары — легкавыя аўтамабілі і іншую тэхніку», — адзначыў міністр.
Што датычыцца будаўнічай галіны, тут у нашай краіне за студзень — кастрычнік арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 30,4 тысячы кватэр, уведзена ў эксплуатацыю 2980,1 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 992,5 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы, або 33,3 % ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.
З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 631,6 тысячы квадратных метраў.
У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 1122 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля, або 37,6 % ад агульнага ўводу па краіне.
Самы высокі тэмп росту па будаўніцтве агульнай плошчы жылля адзначаны ў Гродзенскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. Па будаўніцтве жылля для маючых патрэбу з дзяржаўнай падтрымкай са станоўчай дынамікай спрацавала і Віцебская вобласць (135 %).
Таксама ў эксплуатацыю ўведзена 266,1 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы арэнднага жылля, 1399,3 тысячы квадратных метраў індывідуальнага жылля. Для шматдзетных сем’яў пабудавана больш за 4,4 тысячы кватэр (84,6 % ад гадавога задання). Найлепшыя паказчыкі тут забяспечылі Брэсцкая і Віцебская вобласці.
Акрамя таго, на пасяджэнні калегіі Мінбудархітэктуры адзначалася, што ў студзені — верасні экспарт будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслуг склаў 580,8 мільёна долараў. Са станоўчым вынікам спрацавалі практычна ўсе рэгіёны краіны. Асноўным партнёрам застаецца Расія, яе доля складае 80 %. Узаемадзеянне наладжана з 70 рэгіёнамі партнёра. У найбліжэйшай перспектыве — развіццё экспарту ў краіны далёкай дугі, у тым ліку ў краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Сяргей КУРКАЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».