Амаль 40 гадоў прысвяціў гэтай тэме доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Аляксандр Аўтка. У яго багажы — некалькі дзясяткаў кніг, у якіх расказваецца, што аснову правільнага рацыёну складае агародніна. Свае напрацоўкі заслужаны дзеяч навукі Беларусі адлюстраваў у панарамным стэндзе, які папулярна інфармуе аб каштоўнасці кожнага віду агародніны, іх уплыве на арганізм, наяўнасці нітратаў, спосабаў іх нейтралізацыі. Увогуле, аб усім тым, што садзейнічае правільным харчовым звычкам і здароваму ладу жыцця.
Мы сустрэліся з прафесарам якраз перад яго ад’ездам у Мінск на ўрачыстасць, прысвечаную Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, дзе знакамітага навукоўца, двойчы лаўрэата прэміі НАН Беларусі, члена міжнародных акадэмій чакала чарговае ўшанаванне — занясенне на Дошку гонару галіновага міністэрства. Зразумела, што словы такога аўтарытэтнага знаўцы нават у асабістым плане ўспрымаліся як кіраўніцтва да новага светапогляду на праблему харчавання. А перагледзець свае пазіцыі яшчэ як варта, асабліва ў святле новых ведаў. Як аказалася, «несвядомых» спажыўцоў, падобных журналісту «Звязды», даволі шмат.
— У нас досыць паспяхова развіваецца агародніцтва, ствараюцца новыя тэхналогіі, тэхнічныя прылады. Вытворчасць «раскручваецца», вырошчваецца да шасці дзясяткаў відаў культур, а вось харчаванне затрымліваецца. Насельніцтва не задумваецца пра важнасць спажывання агародніны. Таму цяпер я сваю задачу бачу ў тым, каб як мага больш папулярызаваць нашы сельскагаспадарчыя культуры, у першую чаргу сярод моладзі, — такімі словамі пачаў наш дыялог Аляксандр Аўтка.
Прафесар звяртае ўвагу на такі аспект, як сучаснае харчаванне. Моладзь у сваёй большасці аддае перавагу фаст-фудам, якія шырока рэкламуюцца. А між тым іх кошт значна вышэйшы ў адрозненні ад айчыннай агародніны. Таму цяпер варта мяняць менавіта ідэалогію спажывання і ў гэтым кірунку выхоўваць маладое пакаленне.
Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта ад харчавання залежыць 80 % здароўя чалавека. А краіна павінна быць зацікаўлена ў выхаванні здаровай нацыі.
— Мы распрацавалі такую панараму, якая наглядна дэманструе ўсе аспекты ўжывання садавіны і агародніны. Часткова гэта выкарыстоўваецца ў гродзенскіх школах, у аграрным універсітэце. Нядаўна мы зрабілі такую прэзентацыю для выкладчыкаў нашай навучальнай установы, цяпер рыхтуемся правесці яе ў школах, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч.
Мы падыходзім да маштабнай панарамы, што размешчана ў холе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Яна складаецца з шэрагу раздзелаў, якія аб’яднаны агульнай сістэмай здаровага рацыёну на аснове агародніны. Інфармацыя пададзена ў даступнай і нагляднай форме. Суразмоўнік звяртае ўвагу на лекавыя якасці агародніны. Напрыклад, хто ведае, што яна садзейнічае засвойванню іншых прадуктаў харчавання дзякуючы высокаму ўтрыманню прыроднай структурыраванай вадкасці?
— Кожная культура карысная па-свойму. Высокія антыбактэрыяльныя якасці маюць часнок, цыбуля, хрэн, бурак, пятрушка, пастэрнак, чорная рэдзька. Вельмі карысны дайкон, які спрыяе вываду цяжкіх металаў з арганізма. Хачу адзначыць асобныя якасці квашанай капусты, гэты прадукт як ніякі іншы, зніжае ўзровень халестэрыну. Карысныя цукаты з морквы, гарбуза, бурака. Яны падтрымліваюць у норме гемаглабін, стымулююць імунную сістэму, запускаюць працэс амаладжэння і рэгенерацыі. Вялікае ўтрыманне клятчаткі садзейнічае наладжванню страўнікавых працэсаў, пазбаўляе ад шлакаў. Карысныя сокі з агародніны, якія можна ўжываць штодзённа альбо курсамі. Увогуле рэкамендуецца за суткі з’есці 400-500 грамаў агародніны, — канстатуе суразмоўнік.
Што яшчэ важна. Напрыклад, для таго каб ежа засвойвалася, павінен быць добры эмацыянальны стан. Калі чалавек агрэсіўны, злы, у стрэсавым стане, мозг не дае каманды на якаснае спажыванне, і арганізм не атрымлівае патрэбнай колькасці карысных рэчываў. Пры гэтым есці трэба моўчкі. Таксама не трэба забываць аб вельмі доўгім перажоўванні ежы. Кажуць: хто доўга жуе, той доўга жыве. Варта памятаць, што ежа не павінна быць занадта гарачай, а толькі цёплай. Пасля яды не варта спажываць многа вадкасці, бо ў страўніку выпрацоўваюцца ферменты, а вадкасць змывае ўсё гэта, працэс зацягваецца, і тады ежа не такая карысная.
Па меры знаёмства з панарамным стэндам прыходзіць разуменне, наколькі важна ўсвядоміць гэту інфармацыю. Хіба многія з нас надаюць значэнне эмацыянальнаму стану падчас прыёму ежы? Наадварот, некаторыя прывыклі менавіта «заядаць» стрэс. Аказваецца, такі падыход толькі шкодзіць арганізму. А звыклая фраза пра неабходнасць захоўвання кіслотна-шчолачнага балансу ці гаворыць нам аб чым-небудзь?
А між тым гэты самы баланс — аснова харчавання. Ёсць навуковая тэорыя, што ў шчолачным асяроддзі не развіваюцца шкодныя клеткі, у тым ліку ракавыя. Менавіта агародніна і стварае шчолачнае асяроддзе, таму яе ўжыванне неабходна для здароўя.
Канон харчавання такі: сняданак 30 % агульнага аб’ёму ежы ў дзень, абед — 45 % і вячэра — 25 %. Інтэрвал паміж прыёмамі — чатыры гадзіны. Перакусамі лепш не злоўжываць, бо арганізму таксама трэба адпачываць. Неабходна ведаць і аб сумяшчальных і несумяшчальных прадуктах. Напрыклад, бялкі і вугляводы нельга ўжываць разам, а толькі з агароднінай.
Ёсць на панарамным стэндзе і раздзел, які прысвечаны нітратам.
— У свой час мне прыйшлося вызначыць утрыманне нітратаў у кожным відзе агародніны. Гэта таксама важна ведаць пры спажыванні, — расказвае суразмоўнік. — Напрыклад, у таматах іх няшмат, а вось у агурочнай скурцы 150 міліграмаў, мякаці — 38. Значыць, варта агурочную скурку зразаць, як і кончык. У морквы чым менш асяродак, тым яна карысней. У кабачка таксама трэба чысціць скурку. Варта ведаць, як прымяняць агародніну. Напрыклад, квашаная, салёная і кансерваваная зніжае ўтрыманне нітратаў на 60 %. Нітраты зніжаюцца пры мыцці, ачыстцы і варцы. Разам з тым варта рабіць акцэнт на спажыванне сырой агародніны.
У сувязі з гэтым Аляксандр Аўтка заўважае, што сёння ўдзяляецца ўвага экалагічнаму земляробству, у ходзе якога часткова зніжаецца прымяненне пестыцыдаў. Напрацоўкі ўвайшлі ў новую кнігу «Аб здаровай глебе». Кажа, што спецыялісты-аграрнікі ўжо называюць яе «бібліяй агранома».
На чарзе — новае выданне важкага тома «Агародніна — крыніца здароўя і даўгалецця». Пакуль выйшаў першы экзэмпляр. У найбліжэйшы час адбудзецца яго прэзентацыя ў Гродзенскім аграрным універсітэце. На думку Аляксандра Аўткі, асветніцкую дзейнасць у плане здаровага харчавання трэба пачынаць са школы. Першай установай, дзе з’явяцца адпаведныя інфармацыйныя стэнды, стане сталовая СШ № 42 горада Гродна. Серыя плакатаў, якая распрацавана прафесарам, выканана ў яркай каляровай гаме, дзе да кожнага віду агародніны ёсць свой афарызм.
У перспектыве арганізатары праекта плануюць праводзіць трэнінгі сярод педагогаў, каб тыя ў даступнай форме расказвалі дзецям аб карысці агародніны. Гэта дапаможа сфарміраваць здаровыя харчовыя звычкі маладога пакалення.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.