Колькі было эмоцый, абдымкаў, цёплых сустрэч за гэтыя як адно імгненне прамільгнуўшыя пяць дзён фестывалю, не пералічыць! У Магілёў прыехалі 300 гасцей з усіх куткоў Беларусі і Расіі. Шмат хто з іх ведае адзін аднаго, чакаў гэтай сустрэчы, рыхтаваўся. Канцэрты, выставы, конкурсныя праслухоўванні, майстар-класы, іншыя мерапрыемствы. І не толькі культурныя. Гэты фестываль запомніцца тым, што на ім падымаліся праблемныя пытанні інвалідаў на міжнародным узроўні. І разглядаліся яны з удзелам парламентарыяў Саюзнай дзяржавы.
У дзень адкрыцця ў фае Магілёўскага абласнога цэнтра метадычнай і культурна-асветнай работы яблыку не было дзе ўпасці. Заўзята гучалі народныя інструменты, спявалі і танцавалі артысты ў народных строях, удзельнікі дзяліліся сваімі дасягненнямі і напрацоўкамі. Канстанцін Цой па нацыянальнасці ўзбек, але даўно жыве ў Смаленскай вобласці і лічыць яе сваёй радзімай.
— У Магілёў прыехаў упершыню, але мне ўжо падабаецца, — кажа ён.
Падобныя сустрэчы даюць надзею людзям з абмежаванымі магчымасцямі, разнявольваюць іх, дазваляюць адчуць сябе патрэбнымі грамадству.
— Гэта вялікі абмен вопытам. Мне як музыканту цікава ведаць, як спяваюць іншыя. Цікава пазнаёміцца з новымі людзьмі.
Пра тое ж казаў і Анатоль Прысяжнюк, міма яго работ з дрэва немагчыма было прайсці. Карункавыя, з мноствам дробных дэталяў, яны здаваліся амаль паветранымі.
— Мой дом у Верашковічах Смаленскай вобласці ўсе ведаюць па гэтых узорах, — усміхаецца драўляных спраў майстар. — Я сам іх прыдумваю. Езджу шмат, усю Смаленскую вобласць аб’ехаў. Раней, калі рукі, ногі былі здаровыя, нічога не перашкаджала працаваць. Нават тады, калі пальцы страціў. Трэба было зноў вучыцца трымаць лобзік, але ж прывык. Сіла волі была такая, што пераадолеў усе цяжкасці.
Аляксандр Шабашкін, дырэктар школы мастацтваў горада Старыца Цвярской вобласці, прыехаў на фестываль як баяніст. Па сумяшчальніцтве ён яшчэ і кіраўнік ансамбля рускіх народных інструментаў, а таксама дэпутат. Праблемы са зрокам не перашкаджаюць яму жыць на поўную моц. І шмат у чым яму дапамагае ўдзел у такіх вось конкурсах.
— Гэты фестываль вельмі важны, ён дае магчымасць людзям з інваліднасцю рэалізаваць свае навыкі, уменні, здольнасці, — кажа ён. — Такіх фестываляў павінна быць больш. Упершыню трапіў на яго ў 2017 годзе. Уразіў высокі ўзровень арганізацыі, артыстаў. Як у Расіі, так і ў Беларусі шмат таленавітых людзей з інваліднасцю. Хочацца, каб усім ім пашчасціла.
Старшыня Цвярской абласной арганізацыі Усерасійскага таварыства інвалідаў Алена Драгіна прапануе звярнуць увагу на выставачныя работы яе падапечных. Вось гэтыя вышытыя падушачкі — справа рук Валянціны Смалёнавай: яркія карціны, упрыгожаныя шоўкавымі стужкамі, — Ірыны Гусаравай, а далікатныя сувеніры з бісеру — творчасць маладой аўтаркі Алены Токаравай са Ржэва. Таленавітая дзяўчына, на жаль, не размаўляе, але калегі разумеюць яе па жэстах.
Пад такім дэвізам прайшоў круглы стол, які сабраў прадстаўнікоў міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, дэпутатаў Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, мясцовай улады, грамадскіх арганізацый. На фестывалі ўпершыню закранулі балючую тэму праблем, з якімі сутыкаюцца ў жыцці людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
— Фестываль, які праходзіць на магілёўскай зямлі, унікальны. Ён — вынік сумеснай дзейнасці грамадства і парламентарыяў, — адзначыла ў размове з журналістамі старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, сенатар Расійскай Федэрацыі Алена Афанасьева. — Гэта элемент салідарнасці, павагі адзін да аднаго. Калі бачыш, як людзі сустракаюцца, з якой цеплынёй адзін да аднаго ставяцца, ёсць жаданне працаваць. Радасна, калі з’яўляюцца такія творчыя аб’яднальныя, сяброўскія праекты. У гэтым вялікая заслуга дэпутатаў. Наша справа — абараняць інтарэсы звычайнага чалавека.
Парламентарый звярнула ўвагу на важнасць таго, што мерапрыемства не абмяжоўваецца культурнымі рамкамі, на ім абмяркоўваюцца і такія сур’ёзныя пытанні, як дабрабыт чалавека з інваліднасцю, яго сацыялізацыя, умовы пражывання на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, дапамога на ўзроўні заканадаўства.
— Мне падаецца, што наша Саюзная дзяржава — гэта такі элемент дзяржаўнай палітыкі, які павінен служыць прыкладам для іншых дзяржаў, — падкрэсліла Алена Афанасьева. — Для нас важна ўніфікаваць наша заканадаўства так, каб эканоміка працавала на дабрабыт нашых людзей. Ствараючы роўныя магчымасці, мы забяспечваем і роўныя правы на тэрыторыі дзвюх краін. Адно рухае другое.
Член Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка паведаміў, што праблемныя пытанні людзей з асаблівасцямі — у цэнтры ўвагі парламентарыяў.
— Фестываль трансфармаваўся з пляцоўкі, якая адлюстроўвае творчыя магчымасці і здольнасці людзей з пэўнымі абмежаванні, у палітычную, дзе ідзе абмеркаванне тых навел і навацый, якія кожная дзяржава паасобку павінна даць грамадзянам, — рэзюмаваў ён. — Круглы стол можа стаць дадатковым інструментам, які дазволіць нам глыбей разабрацца ў праблемах, каб іх максімальна хутка нівеліраваць праз заканадаўчыя акты і абмеркаванні на высокім узроўні. Сёлета мы ўпершыню адышлі ад размоў пра творчыя дасягненні да абмеркаванняў набалелых пытанняў з прадстаўнікамі таварыстваў па зроку, апорна-рухальнага апарату і гэтак далей. Ёсць нюансы, якія мы павінны ўлічваць у нашым агульным жыцці.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка расказала, што ў Беларусі рэалізуецца пілотны праект па рэгістрацыі тэхнічных сродкаў рэабілітацыі па паскоранай праграме.
— Гэта зроблена ў рамках рашэнняў, якія былі прынятыя на вышэйшым узроўні, — адзначыла яна. — Мы ўжо на этапе атрымання дазволу, каб можна было пастаўляць сродкі рэабілітацыі на рынкі Казахстана, Расійскай Федэрацыі. У цэлым за апошнія пяць гадоў дасягнуты значны прагрэс па павышэнні якасці жыцця людзей з інваліднасцю. Амаль два гады таму ў Беларусі быў прыняты Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». У нас развіваецца рэабілітацыйная індустрыя і створана даступнае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, павышаецца інфармаванасць грамадства па праблемных пытаннях людзей з інваліднасцю.
Намеснік міністра звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі дзейнічае рэспубліканскі міжведамасны савет па правах інвалідаў, які ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. У краіне створана 148 саветаў абласнога і раённага ўзроўняў па правах інвалідаў. У гэтыя структуры ўваходзяць лідары рэгіянальных грамадскіх аддзяленняў, якія даносяць праблемныя пытанні да органаў улады.
Гэты фестываль увойдзе ў гісторыю яшчэ і тым, што змяніў статус. Дагэтуль ён праводзіўся раз у два гады. Рашэнне зрабіць яго штогадовым прынятае Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Парламентам Саюзнай дзяржавы. Як было адзначана парламентарыямі, гэта мерапрыемства адзінае такога тыпу ў Саюзнай дзяржаве.
— Праводзіць фестываль — вельмі ганаровая місія для нас, — рэзюмаваў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. — Ды і самім удзельнікам ён падабаецца. Мы прыкладаем усе намаганні, каб мерапрыемства існавала. Прасякаешся павагай да людзей, якія маюць абмежаванасці па здароўі і дасягаюць сваіх мэт праз пераадоленні. Мы хацелі б ведаць, што неабходна ім не толькі для таго, каб развівацца ў творчасці, а і наогул для сацыялізацыі. У гэтым задзейнічаны адпаведныя міністэрствы і парламентарыі.
Старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і па справах моладзі Магілёўскага аблсавета, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско:
— Людзі з абмежаванымі магчымасцямі, безумоўна, маюць патрэбу ў падтрымцы. І фестываль якраз адно з такіх мерапрыемстваў, якое дае ім магчымасць адаптавацца ў грамадстве, даведацца пра сваю значнасць, паказаць, што яны могуць нешта рабіць нават лепш, чым цалкам здаровыя людзі. Кожны чалавек з абмежаванымі здольнасцямі мае таленты, якія трэба дапамагчы яму раскрыць. Такія людзі не павінны сядзець за закрытымі дзвярамі ў чатырох сценах, ім патрэбна сацыялізацыя. Звярніце ўвагу, як мяняецца наш Магілёў, паўсюль падчас рэканструкцыі ідзе стварэнне безбар’ернага асяроддзя. А ў новым жылым фондзе першапачаткова прадугледжваецца яго стварэнне.
З пачатку 2000-х у Беларусі на ўсю моц развіваюцца рэабілітацыйныя мерапрыемствы. З’явіліся цэнтр ранняга ўмяшання, рэабілітацыйныя аддзяленні і цэнтры для дзяцей малодшага і старэйшага ўзростаў, развіваем катамнестычную службу, сутнасць якой — адсачыць з моманту нараджэння дзіцяці праблемы са здароўем і своечасова іх папярэдзіць. Да Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы прыбудоўваем рэабілітацыйны корпус. Былая наша «рэабілітацыя» не адпавядае патрабаванням, таму прынята рашэнне ўвесці новую, сучасную. Тут мы зможам і дзяцей лячыць, і ў раннія тэрміны пачынаць рэабілітацыю. На базе гэтага цэнтра прадугледзім розныя дапаможныя службы, якія дапамагаюць сацыялізацыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.