Вы тут

Прычына кожнага чацвёртага пажару — незатушаныя цыгарэты


На Міншчыне супрацоўнікі МНС праводзяць акцыю «Не прапальвай сваё жыццё!». У яе рамках ратавальнікі арганізоўваюць маршруты па домаўладаннях. Галоўная задача — прафілактыка, такія рэйды і мерапрыемствы накіраваны на мінімізацыю няшчасных выпадкаў. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся падрабязнасці.


«У перыяд вялікіх выхадных: з 7 па 11 лістапада 2024 года ў Мінскай вобласці было абследавана больш за 5400 домаўладанняў (кватэр), задзейнічана 556 работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Усяго з пачатку года на Міншчыне адбылося 1267 пажараў, загінуў 121 чалавек», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена Немагай.

Прафілактыка на Барысаўшчыне

Паводле даных на 18 лістапада ў раёне з пачатку года адбылося каля 145 пажараў, якія забралі жыцці 13 чалавек. Таму на тэрыторыі прайшла маштабная прафілактычная акцыя, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і іншых служб. «Толькі сумеснымі намаганнямі можна выратаваць жыцці грамадзян», — упэўненыя ў МНС. Пасля праведзенага інструктажу ўдзельнікі акцыі былі падзеленыя на групы і накіраваны па вызначаных маршрутах. Асноўнай задачай стала выяўленне небяспечных умоў пражывання грамадзян і інфармаванне іх аб правілах пажарнай бяспекі.

У адным з домаўладанняў удзельнікі рэспубліканскай кампаніі высветлілі, што ў доме адсутнічае аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ратавальнікі патлумачылі гаспадару важнасць устаноўкі такой прылады, распавялі пра прынцып яе работы і пра тое, як правільна сачыць за станам, каб своечасова адрэагаваць на небяспеку.

У кожным домаўладанні, дзе пабываў удзельнік акцыі, была пакінута наглядна-выяўленчая прадукцыя з важнымі напамінамі пра бяспеку. Ратавальнікі таксама нагадалі нумары тэлефонаў, па якіх трэба тэлефанаваць у надзвычайнай сітуацыі: «101» або «112». Таксама грамадзянам, якія маюць згубную звычку курэння, настойліва рэкамендавалі рабіць гэта на вуліцы, а лепш задумацца пра тое, каб зусім адмовіцца ад яе.

Бяспека ў дамах Смалявіччыны

У Смалявіцкім раёне прафілактычныя маршруты ахапілі населеныя пункты Забалоцкага, Пекалінскага і Азярыцка-Слабадскога сельсаветаў.

Статыстыка паказвае, што чалавечы фактар застаецца асноўнай прычынай узнікнення пажараў. Гэта падкрэслівае важнасць работы з насельніцтвам. У ходзе абследавання домаўладанняў адзінокіх і шматдзетных сем’яў асаблівая ўвага надаецца стану пячнога ацяплення: правяраюцца яго гатоўнасць і спраўнасць у ацяпляльны сезон, наяўнасць перадтопачнага ліста памерам не менш за 50 на 70 сантыметраў, а таксама адсутнасць расколін у печах і дымаходах.

— Пячное ацяпленне з’яўляецца распаўсюджаным спосабам абагравання, але няправільнае яго выкарыстанне можа прывесці да трагічных наступстваў, — адзначыў намеснік начальніка Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Сяргей Тарасевіч. — Мы тлумачым грамадзянам, як правільна эксплуатаваць печы і каміны, каб пазбегнуць небяспечных сітуацый. Таксама акцэнтуем увагу на важнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Гэты невялікі, але жыццёва важны прыбор можа выратаваць жыццё.

Падчас візітаў ратавальнікаў жыхары розных узростаў даведваюцца пра нядаўнія пажары ў раёне, вобласці і краіне, а таксама пра рызыкі, звязаныя з курэннем у доме, небяспеку пакідання дзяцей без нагляду і недастатковага кантролю за падлеткамі.

Праграма «Сацыяльная абарона»

З набліжэннем выхадных кожны з нас імкнецца атрымаць асалоду ад адпачынку, правесці час з блізкімі і забыцца пра будзённую мітусню. У гэтыя дні асабліва важна памятаць пра бяспеку і абараніць свае дамы ад магчымых надзвычайных сітуацый. Пра гэта днямі казалі работнікі Цэнтральнага апарату МНС, падпарадкаваных яму падраздзяленняў, прадстаўнікі зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі, Мінскага РУУС, упраўлення па працы і занятасці сацабароны райвыканкама, упраўлення па адукацыі, унітарнага прадпрыемства «Мінгаз», а таксама прадстаўнікі Энергагазнагляду і Папярнянскага сельсавета грамадзянам, чые дамы яны наведалі.

Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Міхаіл Батура, напярэдадні і падчас ацяпляльнага сезона, МНС нацэлена на правядзенне прафілактычнай работы і выяўленне праблем у адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў 1-й і 2-й групы, грамадзян, схільных да злоўжывання алкагольнымі напоямі, а таксама на наведванне дамоў, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і і сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Першы адрас абраны невыпадкова. Суб’екты прафілактыкі тут частыя госці. Сям’я М. адносіцца да катэгорыі злоўжываючых алкаголем, яны жывуць у небяспечных умовах, таму знаходзяцца на кантролі. Парушэнні відавочныя: разеткі эксплуатуюцца без карпусоў, правадныя скруткі, газавыя балоны ў адкрытым доступе — усё ўяўляе небяспеку для жыцця. Па гэтых фактах правялі прафілактычную гутарку, уручылі рэкамендацыі і ўстанавілі ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які будзе «ахоўнікам» для гэтай сям’і.

Наступны адрас па вуліцы Сонечнай. Да сям’і Б. ратавальнікі таксама прыйшлі з праверкай. Каля 12 гадоў таму ў гэтым доме здарыўся пажар, у выніку якога была пашкоджана праводка. Як і чаму гаспадары дагэтуль не знайшлі магчымасці ліквідаваць наступствы — пытанне важнае, але не першараднае для работнікаў МНС. У госці да бабулі на выхадныя прыехала дачка з двума непаўналетнімі дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З парога дома бачныя прыкметы небяспечных умоў пражывання, і для гэтага неабавязкова быць спецыялістам.

Рашэнне камісіі — праінфармаваць установу адукацыі для далейшага кантролю за гэтай сям’ёй і тату з просьбай, каб забраў дзяцей на месца пастаяннага жыхарства, дзе, па словах прадстаўнікоў адукацыі, створаны ўмовы, якія не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Гісторыя сумная, але павучальная.

Ганна Вікенцьева была рада гасцям, бо яны праверылі печ і комін, устанавілі пажарны апавяшчальнік. А галоўнае, у рамках дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» — аказанне дапамогі адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам — запісалі яе на чаргу па ўстаноўцы новага пячнога ацяплення. Ганне Вікенцьевай 83 гады і яна клапоціцца пра сваю бяспеку. Жанчына была вельмі ўдзячная камісіі і адзначыла, што адчула падтрымку і ўвагу, якія так важны для яе.

Прычына кожнага чацвёртага пажару

Як адзначаюць ратавальнікі МНС, не затушаныя цыгарэты могуць стаць прычынай сур’ёзных пажараў як у жылых памяшканнях, так і на вуліцы. Яны заклікаюць курцоў захоўваць асцярожнасць і не пакідаць недакуркі без нагляду. «Пажары, якія адбыліся з-за курэння, заўсёды адрозніваюцца сваім доўгім перыядам развіцця, значным дымавыдзяленнем і, на жаль, вельмі часта суправаджаюцца гібеллю людзей. Усяго адзін недакурак, які ўпаў на ложак, можа тлець ад 20 хвілін да трох гадзін, а потым стаць крыніцай загарання. Дастаткова 3-4 удыхаў у дыме, і гаспадара ўжо не выратаваць. А калі напярэдадні гора-курэц ужываў алкагольныя напоі — шанц яго выратаваць яшчэ меншы», — распавёў намеснік начальніка Салігорскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Бань.

Прафілактычныя мерапрыемствы з насельніцтвам вельмі важныя. Яны служаць напамінам, што пажар можна прадухіліць, загадзя паклапаціўшыся аб выкананні простых патрабаванняў. Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Салігорскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Соф’я Кудзелка на рэальных прыкладах паказала навучэнцам дзяржаўнага каледжа горада, да чаго можа прывесці шкодная і вельмі небяспечная звычка — курэнне.

«Вам прасцей прыняць дрэнныя звычкі грамадства? А што, калі вы занесяце ў свой лад жыцця станоўчыя звычкі, напрыклад спорт, чытанне кніг, знойдзеце такі занятак, дзякуючы якому вы будзеце развівацца?» — заклікала супрацоўнік МНС.

Пасля гутаркі з падлеткамі, многія з якіх пражываюць у інтэрнаце, прадэманстравалі відэаролік «Пажарная бяспека ў інтэрнаце». З маладымі людзьмі таксама правялі гульню «Назаві прычыну», «Разгадай рэбус», «Збяры пазл», дзе яны змаглі праявіць свае веды, уважлівасць, логіку і памяць. «А вы ведалі, што курэнне — гэта прычына кожнага чацвёртага пажару? Што больш за 80 працэнтаў загінулых на пажары курылі ў ложку? Цяпер будзеце ведаць!» — падагульніла Соф’я Кудзелка.

У тэму

Маштабная акцыя ад МНС праходзіць на Міншчыне

З надыходам халадоў і няўстойлівага надвор’я нялішнім будзе нагадаць грамадзянам аб захаванні правіл пажарнай бяспекі, бо ў перыяд ацяпляльнага сезона, на жаль, павялічваецца рызыка ўзнікнення пажараў з-за бестурботнасці і халатнасці грамадзян. Агонь патрабуе да сябе асаблівай увагі, нядбайнасць у абыходжанні з ім можа абярнуцца бядой. З мэтай папярэджання пажараў супрацоўнікі МНС праводзяць пажарна-прафілактычную работу з грамадзянамі, якія патрапляюць пад рызыку ўзнікнення надзвычайных сітуацый.

У перыяд правядзення рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё» абследуюцца домаўладанні грамадзян, дзе пражываюць асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, вядуць асацыяльны лад жыцця, а таксама іншыя грамадзяне.

Вядома ж, работнікі МНС робяць акцэнт на прафілактычную і інфармацыйна-тлумачальную работу. Кожны імкнецца дастукацца да грамадзян, накіраваць на шлях выпраўлення. Ратавальнікі звяртаюць пільную ўвагу на наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, бо дадзены прыбор ужо даўно даказаў сваю эфектыўнасць у папярэджанні гібелі людзей на пажарах. Правяраецца таксама стан пячнога ацяплення і электраабсталявання. Праводзяцца прафілактычныя гутаркі з прывядзеннем апошніх прыкладаў пажараў з гібеллю, высвятляюцца праблемы ў грамадзян, растлумачваюцца дзеянні ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі.

— Не варта забывацца і на, што заўчаснае закрыццё засланкі печы можа прывесці да атручвання ўгарным газам, які не мае ні колеру, ні паху і ўтвараецца пры любых відах гарэння. Менавіта таму неабходна заканчваць паліць у печы не менш чым за дзве-тры гадзіны да адыходу да сну. Пры гэтым спачатку пераканайцеся, што вуголле цалкам прагарэла, — кажа начальнік сектара нагляду і прафілактыкі Лагойскага РАНС Уладзіслаў Рамановіч.

Рэспубліканская прапагандысцкая кампанія «Не прапальвай сваё жыццё!», якая накіравана на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, праводзіцца ва ўсіх кутках Міншчыны. Не абмінула яна і Слуцк. У рамках акцыі работнікі сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з кадэтамі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча адправіліся на аўта- і чыгуначны вакзал, каб расказаць людзям аб неабходнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі, аб недапушчэнні курэння дома, лежачы ў ложку і тым больш — у стане алкагольнага ап’янення.

Гараджане, у сваю чаргу, пры жаданні забівалі цвікі ў імправізаваную цыгарэту і атрымлівалі за гэта прыемны бонус у выглядзе настольнага календара. Таксама тыя, хто курыць, маглі абмяняць цыгарэту на цукерку, папрактыкавацца і паспаборнічаць у надзіманні паветраных шароў для «праверкі» аб’ёму лёгкіх. Вельмі спадабалася наведвальнікам вакзала гульня «Бяспечная бутэлечка», а таксама праходзіць тэсты ў дадатку «МНС Беларусі: дапамога побач».

У ходзе мерапрыемстваў у наведвальнікаў таксама паўсталі пытанні аб іх дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару і парадку выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння, на якія яны атрымалі разгорнутыя адказы. Усім удзельнікам акцыі ўручаліся тэматычныя прафілактычныя буклеты і налепкі, брашуры і салодкія прызы.

Нагадваем чытачам, што акцыя працягваецца, і наперадзе вас чакае шмат мерапрыемстваў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.