Вы тут

Скрадзеныя лічбы, або як цётка Галя ў Нацбанк ператварылася


Мая цётухна Галя, нягледзячы на свае за семдзесят, асоба надзвычай актыўная і цікаўная. Яна заўжды ў курсе ўсіх падзей і ўсіх навін, карацей кажучы, з тых бадзёрых бабуль, якіх на мякіне не правядзеш. У тым неаднойчы пераканаліся рознага кшталту махляры, якія званілі цётцы то з паведамленнем пра аварыю, у якую нібыта трапіў яе сын, то з папярэджаннем, што з яе рахунку спісваюцца грошы. Усе яны былі пасланыя цёткай Галяй у вядомым усім напрамку, аб чым яна сама нярэдка са смехам расказвала. Мабільны тэлефон у цёткі самы просценькі, кнопачны, яна катэгарычна адмаўлялася ад прапановы падарыць ёй новы, сучасны, зноў жа найперш з меркаванняў асцярожнасці. Маўляў, я сама яшчэ толкам у ім не разбяруся, а махляры залезуць і што-небудзь скрадуць. Карацей, я асабіста за сваю сваячку ў плане «разводу» ашуканцамі была спакойная. Як аказалася, дарэмна.


Некалькі дзён таму пабачыла я ў сваім «Вайберы», што цётка Галя там з’явілася. Ну, думаю, дзеці ўсё-ткі ўгаварылі тэлефон памяняць. Але што ж яны ёй за аватарку замест фота паставілі? Павялічыла і бачу: «Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь». Застаўка ў афіцыйных колерах банка, як у іх на сайце... Першае, што прыйшло ў галаву: цётухна ўвогуле адмовілася ад мабільнага нумара, і яго падхапіў спецыяліст Нацбанка, які вядзе ў месенджарах агульнадаступны чат... Але ўсё роўна нешта ў гэтым мне не спадабалася, і я набрала цётчын мабільны нумар — той самы, прывязаны да «Вайбера».

Пачуўшы пасля гудка знаёмы голас, я асцярожненька так спытала: «А ці не рэгістраваліся вы ў „Вайберы“?» «Ой, Леначка, не ты першая пытаешся. І сястра званіла, і пляменнік, віншавалі з тым, што нарэшце новы тэлефон купіла. А я пра той „Вайбер“ і не чула нічога, і тэлефон у мяне ўсё той жа. Сын нават да мабільнага аператара звяртаўся, але там сказалі, што нічога не зробяць...» «Цёць Галя, гэта махляры...» І цётка, усхліпваючы, пачала мне расказваць, як яна, «старая дурніца», папалася.

Патэлефанавалі ёй на дамашні нумар і паведамілі, што звоняць з «Энергазбыту», бо трэба памяняць лічыльнік. «Энергазбытчык» аказаўся ветлівым, нават пацікавіўся, як да цёткі звяртацца. І Галіна Антонаўна нічога не западозрыла, бо дзе лічыльнік, а дзе махляры? А той расказваў ёй, што лічыльнік будзе суперсучасны, па ім можна будзе адсачыць і камунальныя рахункі, і запазычанасць, калі такая ўтворыцца, і ўсё гэта будзе ў рэжыме анлайн перадавацца на мабільны. На што цётка адказала, што ніякага анлайну ёй не трэба, што тэлефон у яе кнопачны і ўвогуле стары лічыльнік яе цалкам задавальняе. «Ну што вы, Галіна Антонаўна, замяніць трэба абавязкова, гэта гарадская праграма, толькі вы ў мікрараёне са старым лічыльнікам засталіся. Тым больш гэта абсалютна бясплатна». «Дык мяняйце, што вам ад мяне трэба?» — слушна спыталася цётка, бо лічыльнік у яе не ў кватэры, а на лесвічнай пляцоўцы. «А трэба нам, шаноўная Галіна Антонаўна, унесці вас у базу, а для гэтага дайце нам свой мабільны нумар, мы вам прышлём на яго эсэмэску, а вы нам тыя лічбачкі прадыктуеце...» Цётка Галя ніколі з смс-кодамі справы не мела і папярэджанне аб тым, што гэта інфармацыя строга канфідэнцыяльная і яе нікому перадаваць нельга, міма вачэй прапусціла. Прадыктавала «энергетыку» тыя чатыры лічбы, што прыйшлі, пачула ў адказ абяцанне, што сёння-заўтра лічыльнік памяняюць.
Але сумненні ўзніклі амаль адразу пасля таго, як паклала трубку. 

Выйшла на пляцоўку, паглядзела — лічыльнікі ад усіх кватэр аднолькавыя, ніхто іх не мяняў. Пайшла па суседках, перапытала: нікому, акрамя яе, з «Энергазбыту» не званілі. «Галя, гэта махляры!» — упэўнена сказала адна з іх... Паразважаўшы, цётка ў міліцыю тэлефанаваць не стала: па-першае, было сорамна, што так пракалолася; па-другое — і гэта галоўнае — супакоіла сябе (дый сын пасля пацвердзіў) тым, што красці ў яе ашуканцам не было чаго — зноў жа з-за прымітыўнага тэлефона і адсутнасці якой бы то ні было сувязі з інтэрнетам. На тым амаль і супакоілася, толькі ўвесь час дакарала сама сябе, што вось так папалася...

Цётка Галя памылялася — махляры знайшлі, што ў яе скрасці. Вядома, ёй сапраўды пашанцавала, бо, калі б яна прадыктавала той код з смс, які прыйшоў на сучасны падключаны да інтэрнету і да анлайн-сервісаў смартфон, злачынцы б атрымалі доступ да ўсіх яе акаўнтаў і пароляў з усімі выцякаючымі адсюль дрэннымі наступствамі. Але ў яе скралі... сам тэлефонны нумар, зарэгістраваўшы на яго «Вайбер», а пасля, як высветлілася, і «Тэлеграм» — нумар жа для месенджараў быў свабодны...

Што гэта дало махлярам? Шанц быць пачутымі. Апошнім часам, у тым ліку дзякуючы і інфармацыйнай кампаніі, якую актыўна праводзяць праваахоўнікі, нашы грамадзяне сталі больш пільнымі. І перш чым адказаць на званок у «Вайберы», «Тэлеграме» ці «Вацапе», звяртаюць увагу, адкуль тэлефануюць. Так што дазваніцца з нумара, зарэгістраванага ў Літве, Малдове ці на Філіпінах, становіцца амаль бесперспектыўна. А тут рэгіструешся на беларускі нумар (з дапамогай гаспадара сім-карты, бо на яе прыходзіць той самы код, без якога зарэгістравацца не атрымаецца), прымацоўваеш аватарку якога-небудзь банка ці міліцэйскага ўпраўлення, напрыклад, і звоніш беларусам, якія ўжо не такія даверлівыя, але ўсё ж. Двое праігнаруюць, трэці адкажа — нумар жа беларускі, ці мала што. А далей — па адпрацаванай схеме, і ўжо грошы пацярпелага ў кішэні ашуканца, які недасягальны за мяжой, а то й увогуле за акіянам.

Чым, акрамя прыкрасці на самога сябе, гэта ж можа скончыцца для тых, у каго нумар скралі? Падмануты з гэтага нумара пацярпелы звернецца ў міліцыю і там абавязкова высветляць, каму гэты нумар належыць. І адпаведна прыйдуць да яго высвятляць. Вядома, ва ўсім разбяруцца, але ці патрэбен пажылому чалавеку (а менавіта нашы бабулі з дзядулямі карыстаюцца кнопачнымі, свабоднымі ад зарэгістраваных на іх месенджараў тэлефонамі) гэткі стрэс?.. У тым ліку і з нагоды таго, што, карыстаючыся іх нумарам, падманваюць і абкрадаюць людзей.

Што рабіць, спытаеце, калі махляры прыдумляюць усё новыя і новыя схемы? Банальна, магчыма, гучыць, але — быць уважлівымі. Заўважыўшы, што бабуля ці дзядуля раптам сталі карыстацца «Вайберам» ці «Тэлеграмам», не жартуйце, што вось прагрэс дабраўся і да самых адсталых слаёў насельніцтва. Пазваніць і пацікавіцца, а заадно і спытаць пра настрой, пра здароўе — гэта ж так проста. Калі западозрыце нешта неладнае паклапаціцеся набраць 102. Ну і вядома, перш за ўсё зразумець самім, зрабіць так, каб зразумелі і нашы састарэлыя сваякі, што ўся інфармацыя, якая наша, асабістая, — нават нумар мабільнага, — можа стаць прыладай для злачынства і ўцягнуць у злачынную схему яе ўладальніка. Таму, дзелячыся ёй з кімсьці, асабліва па тэлефоне, трэба яшчэ дваццаць раз падумаць, ці варта гэта рабіць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».