Вы тут

Алена Багайчук: «Захапляюся колерамі і адценнямі»


Таленавітая і працавітая — менавіта так кажуць пра дзяўчыну яе выкладчыкі. І нездарма: за плячыма Алены Багайчук — мноства перамог у мастацкіх конкурсах і ўдзел у шматлікіх выставах. А нядаўна жывапісны пейзаж 16-гадовай мастачкі нават пабываў у экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Пра гэта і не толькі размаўляем з ёй сёння.


— Алена, калі ты пачала захапляцца маляваннем?

— У мастацкую школу пайшла ў другім класе, але і раней любіла маляваць. Калі ж пачала актыўна ўдзельнічаць у пленэрах, то вырашыла, што і паступаць буду на мастака. Паколькі калі жывапіс — гэта маё, то чаму б не прысвяціць яму сваё жыццё?

— А як сям’я ставіцца да хобі, якое перарасло ў прафесію?

— Бацькам вельмі падабаюцца мае работы, асабліва маці. Айчым вось верыць, што калі-небудзь дзякуючы сваёй творчасці я буду добра зарабляць. Дарэчы, некалькі маіх работ ужо набываліся ў прыватныя калекцыі. Карацей кажучы, сям’я падтрымлівае мяне ў маім выбары. Калі б бацькі былі супраць, я не вучылася б цяпер у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. А ў будучыні планую паступаць на жывапісца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

— Твае працы — гэта ў большасці сваёй пейзажы. Чаму?

— Я проста вельмі люблю прыроду, таму мне і падабаецца яе пісаць. І ў пейзажах заўсёды ёсць дзе разгуляцца. Я гэтым карыстаюся, спалучаю розныя колеры і адценні. Шчыра кажучы, гэтым я заўсёды захаплялася. Таму і працую ў асноўным фарбамі. Часцей за ўсё — гуашшу, радзей — акварэллю. Мне нават неяк сказалі, што мая палітра — ранняя вясна. Усё таму, што адценні часта бледна-зялёныя, блакітнаватыя.

— І колькі ж часу патрэбна на адну карціну?

— Бывае па-рознаму. Усё залежыць ад тыпу і памеру. Эцюды, напрыклад, пішуцца адносна хутка — за 3-4 гадзіны фармат А2 будзе гатовы. Дапрацаваць эцюд таксама нядоўга. Спатрэбіцца яшчэ некалькі гадзін, каб ператварыць яго ў карціну. Але гэта будзе не самая сур’ёзная работа. Напрыклад, дыпломная зойме дні і нават тыдні, бо там вельмі доўгі і карпатлівы працэс.

— Выходзіць, што кожны дзень займаешся творчасцю?

— Так, асабліва цяпер, пасля паступлення ў мастацкі каледж. Апроч заняткаў, патрабуецца яшчэ і шмат часу на хатняе заданне. Але, калі выдаюцца вольныя хвіліны, імкнуся займацца ўласнай творчасцю. Кожныя выхадныя выходжу, каб зрабіць невялікія замалёўкі.

— Што самае складанае ў працэсе работы над карцінай?

— Бывае, што гадзіну ці дзве толькі ходзіш — шукаеш прыдатнае месца. Я лічу за лепшае на гэтым сіл не эканоміць. Вельмі важна, каб натура падабалася, прыносіла задавальненне. Мне здаецца, гэта бачна і па выніку, паколькі часам цяжка напісаць тое, што не падабаецца. Але часта існуюць абмежаванні па часе. У такіх выпадках нічога не зробіш — трэба пісаць тое, што ёсць. Бывае, праўда, толькі ў працэсе разумееш, што месца не такое ўжо і дрэннае, якім яно падалося на першы погляд. 

Так здарылася, напрыклад, калі я працавала над карцінай «Во дворе», што ў верасні гэтага года знаходзілася ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Спачатку з-за дрэў зусім не разумела, што там знаходзіцца. Але калі пачала працаваць колерам, усё стала на свае месцы, і далей справа пайшла лёгка.

— Раскажы падрабязней пра гэтую карціну. Што за месца на ёй намалявана?

— Увесну мы паехалі ў Смалявіцкі раён. Раней мы з маёй настаўніцай Вікторыяй Рыгораўнай Андрушынай ужо ездзілі туды для падрыхтоўкі творчага праекта, пісалі эцюды. На гэты раз выбар упаў на дом кагосьці з мясцовых. Ён мне вельмі спадабаўся: навокал растуць бярозы, а па двары куры гуляюць. На карціне яны таксама ёсць.

— Ці не гэтая работа ў конкурсе «Образ Родины любимой» стала найлепшай у жанры жывапісу?

— Менавіта яна. Неабходна было прайсці адбор на раённым этапе, абласным і толькі потым — на рэспубліканскім. І ўжо на «рэспубліцы» мая работа і ўзяла першае месца сярод удзельнікаў 16–18 гадоў. 

Выходзіць, я, будучы вучаніцай мастацкай школы, спаборнічала са студэнтамі каледжаў. Шчыра кажучы, няхай і часта ўдзельнічаю ў конкурсах, займаю прызавыя месцы, усё роўна, даведваючыся пра перамогу, спачатку думаю: «Напэўна, журы памылілася». Здаецца, што ёсць работы не горшыя, а часам нават і лепшыя. Вядома, гэта не адмяняе радасці і гонару за сябе, таму і цяпер, ужо ў каледжы, планую працягваць падаваць свае работы на конкурсы рознага маштабу.

— Ты часта выходзіш на пленэры. Як рэагуюць прахожыя?

— Пазітыўна, запомнілася нават некалькі гісторый. Напрыклад, аднойчы ў Лагойску да мяне пад’ехаў дзядуля на «Жыгулях». Ён хвілін 15 угаворваў, каб я пайшла маляваць менавіта яго хату. Распавёў, што пчальнік ёсць, абяцаў мёдам пачаставаць, калі я яму карціну намалюю. 

Але часу ўжо заставалася няшмат, ды і ехаць аказалася далёка.

А вось пленэр у Нясвіжы мне запомніўся, паколькі быў маім першым выязным. Спачатку думала, што маляваць у незнаёмым горадзе вельмі складана і страшна. Але як толькі пагрузіліся ў працэс, то ад страху не засталося і следу. Набыла цікавы вопыт. Ёсць цяпер, што прыгадаць.

— Пайшоў трэці месяц тваёй вучобы ў Мінску. Ужо знайшліся любімыя месцы ў сталіцы?

— Мне ў душу заўсёды западаюць старэнькія сельскія домікі. Я іх шмат і часта пішу. Бывае проста міма праходзіш — і ўжо натхняешся. Як ні дзіўна, такія дамы ў Мінску таксама ёсць, напрыклад на Паўночным завулку. Ну і, вядома, люблю гуляць па цэнтры: Нямізе, вулачках Верхняга горада, Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў. А яшчэ вельмі падабаецца раён Асмолаўка.

— А дзе параіш шукаць натхненне ў Лагойску?

— Пад Лагойскам ёсць мноства сёл, і ў кожным абавязкова знойдзецца пара цудоўных, так любімых мною старэнькіх хацінак. Заўжды, калі не ведаю, што маляваць, іду да такіх або на прыроду. Яна там надта прыгожая! Часта любуюся мясцовымі азёрамі, няхай і не магу сказаць, што заўсёды выходзіць добра іх напісаць.

— Падзелішся сваімі планамі на будучыню?

— Планую вучыцца, самаразвівацца, а яшчэ хачу зрабіць калісьці сваю персанальную выставу. Гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. Выстава — ключавы момант, які абагульняе творчасць, таму яна павінна мець уласны характар, а ў работах — счытвацца адзіная лінія. Пакуль што мы разам з маім выкладчыкам яе толькі намацваем. Думаю, у аснове выставы будуць эцюды, у першую чаргу — пейзажы, якія я так люблю.

Аміна НАЗАРАВА.

Фота з архіва гераіні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».