Пра гэта распавёў намеснік старшыні Дзяржстандарту — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі на практычнай канферэнцыі ў Мінску па тэме павышэння энергаэфектыўнасці эканомікі. Ён адзначыў, што з моманту атрымання незалежнасці ў краіне востра паўстала пытанне, дзе ўзяць энергарэсурсы, каб задаволіць патрэбнасць у іх эканомікі. Былі знойдзеныя рэзервы зніжэння энергаёмістасці ўнутранага валавога прадукту. Дзякуючы прынятым мерам удалося знізіць энергаёмістасць ВУП краіны ў параўнанні з 1993 годам — у 4,7 раза.
Задача па выніках цяперашняй пяцігодкі — мінус 7% да ўзроўню 2021 года. Дырэктар дэпартамента заўважыў, што рэалізаваныя мерапрыемствы даюць эканамічны эффект: толькі за восем месяцаў бягучага года энергаёмістасць зніжана на 1,6% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года пры гадавым заданні 1,5%.
«Таксама паспяхова выконваецца паказчык па долі мясцовых відаў паліўна-энергетычных рэсурсаў. Асноўны рэсурс — выкарыстанне ў кацельна-пячным паліве біямасы», — адзначыў Віталь Крэцкі. Паводле яго слоў, з улікам электраэнергіі, што выпрацоўваецца БелАЭС, узровень энергетычнай самастойнасці краіны набліжаецца да 28%. «Фактычна да 2025 года на адну трэць патрэба эканомікі рэспублікі будзе забяспечаная ўласнымі энергарэсурсамі», — сказаў
Віталь Крэцкі.
Рэалізуецца дзяржаўная праграма «Энергазберажэнне» на 2021–2025 гады. За час яе дзеяння атрымана эканомія двух мільёнаў тон умоўнага паліва, а да 2026-га яна складзе каля 2,5-3 мільёнаў тон. Пры гэтым дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці звярнуў увагу, што мерапрыемствы патрабуюць усё больш складаных рашэнняў.
Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў дасягаецца па розных кірунках: укараненне ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных і павышэнне энергаэфектыўнасці дзейных тэхналогій, працэсаў, абсталявання і матэрыялаў у вытворчасці, аптымізацыя схем цеплазабеспячэння, прымяненне аўтаматычных сістэм кіравання асвятленнем і энергаэфектыўных асвятляльных прылад, секцыйнага падзелу асвятлення і іншыя.
«Мы вельмі хутка крочылі спачатку, цяпер тэмпы знізіліся. За апошнія 10 гадоў энергаёмістасць зніжаем толькі на 10%, што адпавядае сусветнаму ўзроўню. Тая палітыка, якая праводзіцца і кіраўніком дзяржавы, і ўрадам, рэалізуецца праз Дэпартамент па энергаэфектыўнасці, абсалютна дакладная», — дадаў Віталь Крэцкі.
Намеснік старшыні Дзяржстандарту расказаў, што распрацавана канцэпцыя дзяржпраграмы «Энергазберажэнне» на 2026–2030 гады. «Урадам падтрымана неабходнасць распрацоўкі гэтай праграмы на чарговую пяцігодку. Асноўны арыенцір — зніжэнне энергаёмістасці ВУП», — адзначыў Віталь Крэцкі, дадаўшы, што за наступныя 10 гадоў неабходна забяспечыць тэмп зніжэння каля 10%.
Ён звярнуў увагу на новы падыход: акцэнт зроблены на памяншэнні залежнасці ад энергарэсурсаў, якія імпартуюцца. Мяркуецца пашырэнне выкарыстання не толькі мясцовых відаў паліва, але і электраэнергіі, якая выпрацоўваецца на беларускай атамнай электрастанцыі. «Будзе даводзіцца паказчык па долі імпартаваных энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве», — растлумачыў Віталь Крэцкі, дзе падкрэсліў, што прадпрыемствы і арганізацыі цяпер маюць права самастойна вызначаць, за кошт чаго дасягаць выніку.
Канцэпцыя прадугледжвае захаванне падпраграмы па будаўніцтве аб’ектаў на мясцовых відах паліва і ўключэнне новай падпраграмы, якая прадугледжвае прымяненне паліўных пелет. Іх выкарыстанне, дэталізаваў спецыяліст, памяншае сабекошт вытворчасці цеплавой энергіі на 25%, а гэта адчувальнае зніжэнне нагрузкі на бюджэт.
Пры рэалізацыі такіх праектаў, асабліва пры пераводзе аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, гарантавана сафінансаванне з рэспубліканскага бюджэту.
На думку спецыяліста, выкарыстанне пелет зараз даступна практычна любому сельскаму жыхару. «Драўняныя паліўныя гранулы — самы экалагічны від паліва, які мае шэраг пераваг. Яго зручна захоўваць, зручна транспартаваць. Выкіды вуглякіслага газу пры спальванні гэтага віду паліва практычна адсутнічаюць. А з улікам тых мер, якія цяпер наша дзяржава прымае для субсідзіравання набыцця гэтага віду паліва насельніцтвам (ільготныя крэдыты, субсідыі), выкарыстанне драўняных паліўных гранул найбольш выгадны і эканамічна мэтазгодны від паліва», — адзначыў Віталь Крэцкі.
З дакладамі на канферэнцыі выступіла звыш дзясятка спецыялістаў. Яны закранулі розныя аспекты аўтаматызацыі і лічбавізацыі вытворчых і бізнес-працэсаў, перспектыўных тэхналогій павышэння энергаэфектыўнасці. А таксама пытанні ўкаранення новых відаў электратэхнічнага абсталявання, рацыянальнага імпартазамяшчэння і ролі дзяржавы ў гэтых працэсах. Разгледзелі магчымасці ўкаранення на прамысловых прадпрыемствах сістэм назапашвання энергіі, выкарыстання штучнага інтэлекту для павышэння якасці абслугоўвання спажыўцоў, а ў фармаце экспертнай дыскусіі — шляхі павышэння ролі мясцовых відаў паліва.
Напрыклад лейтматывам выступлення вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута энергетыкі НАН Аляксандра Грэбенькова стала павышэнне эфектыўнасці энергазабеспячэння і энергаспажывання ў жыллёвым сектары.
Дакладчык адзначыў, што на забеспячэнне жылых і грамадскіх будынкаў сыходзіць звыш паловы ўсёй электрычнай і цеплавой энергіі, што вырабляецца ў краіне. Адсюль павышаная ўвага да гэтага сектара. Дапамогуць жа павышэнню эфектыўнасці рашэнні на аснове аднаўляльных і гібрыдных энергакрыніц, а таксама энергазберагальных інжынерных сістэм, прымяненне якіх дазволіць прыкметна знізіць энергаёмістасць эканомікі ў цэлым.
Сяргей КУРКАЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».