Вы тут

Паказаць гісторыю музея праз выстаўку


Сёння фасад адной з галоўных скарбніц краіны — Нацыянальнага мастацкага музея — упрыгожвае рэпрадукцыя карціны народнага мастака Беларусі Мая Данцыга «Мой горад старажытны, малады» 1972 года. На палатне, своеасаблівым партрэце Мінска, жывапісец адлюстраваў амаль увесь гістарычны цэнтр — той, якім мы яго бачым сёння, той, што ў свой час змяняўся, пазбаўляўся пэўных характэрных рыс, аднак набываў новыя. Творца імкнуўся паказаць рух — сведчанне пераўтварэнняў, імкнення да новага жыцця. 


Старажытную і маладую сталіцу Беларусі складана ўявіць без яе істотнага складніка — Нацыянальнага мастацкага музея. 85 гадоў таму была створана Дзяржаўная карцінная галерэя БССР, размешчаная ў будынку Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы (гэта былая дарэвалюцыйная пабудова мінскай жаночай гімназіі па вул. Карла Маркса, 29). А потым — Вялікая Айчынная вайна, рабаванне музея і знікненне яго ўжо на той час багатай калекцыі... Збор галерэі перастаў існаваць, лёс часткі работ дагэтуль не вядомы. 

Пасля вызвалення Мінска Дзяржаўную карцінную галерэю размясцілі ў часовых памяшканнях Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23. Ішло аднаўленне, неверагоднымі высілкамі нешматлікіх супрацоўнікаў папаўняліся калекцыі, каб у 1957 годзе пераехаць у новы будынак, праектаваннем якога займаўся архітэктар Міхаіл Бакланаў. Так ужо Дзяржаўны мастацкі музей БССР на Леніна, 20, строгі і прыгожы, з масіўным фасадам, стаў адным з сімвалаў сталіцы. Яго адкрыццё адбылося 5 лістапада — дата сёння лічыцца днём нараджэння Нацыянальнага мастацкага, статус якога музей атрымаў у 1993 годзе. 

Міхаіл Зічы «Амуры», 1860 г.

У тым ліку зваротам да карціны Мая Данцыга, аднаго з найярчэйшых твораў айчыннага выяўленчага мастацтва, скрабніца адзначае сваё 85-годдзе. Між тым гэтымі святочнымі днямі тут расказваюць аб самым важным у яе гісторыі — стратах, вяртаннях і набытках. 

Гісторыя і лёс даваеннай калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея — балючая тэма для ўсіх, хто ведае і любіць беларускае выяўленчае мастацтва, хто паважае і цэніць працу музейшчыкаў, галерэйшчыкаў у фарміраванні дастойных калекцый, важных і каштоўных для любой краіны музейных фондаў... У НММ налічваецца больш за 400 экспанатаў з тагачасных збораў. Па прыблізных падліках, вядома, вернута толькі адна восьмая частка тых работ, а лёс амаль 2900 твораў — таямніца. Так, многае ўжо даследавана, высветлена, пастаўлены кропкі над «і», аднак на шматлікія пытанні адказы не знойдзены, штосьці застаецца невядомым і непакоіць неабыякавых да спадчыны людзей.

Абапіраючыся на імкненне грамадства даведацца болей аб тым, з чаго складалася калекцыя Дзяржаўнай карціннай галерэі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходкі былі зроблены пасля і як увогуле аднаўляўся Мастацкі, музейшчыкі стварылі выстаўку «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939–1957» (будзе працаваць да 20 студзеня). Куратарамі выступілі Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу НММ, мастацтвазнаўца, якая шмат робіць для папулярызацыі ведаў аб спадчыне беларускіх творцаў, і Анастасія Рубашная, старшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела. 

Леанід Шчамялёў «Партрэт. Алена Васільеўна Аладава», 2007 г.

Аляксандр Шаўчэнка «Па дровы», 1913 г.

Выстаўка «Страты і вяртанні», з дапамогай якой пераказваецца ўнікальная гісторыя музея, размешчана ў чатырох залах галоўнага корпуса. Кожны з іх аформелены ў адпаведнасці з задумай куратараў расказаць пра важныя старонкі гісторыі — адкрыццё галерэі, ваенны і пасляваенны перыяды. Экспазіцыя, як адзначаюць музейшчыкі, самая маштабная з падобных да яе, арганізаваных у папярэднія гады. Асаблівасць у тым, што можна ўбачыць больш за 100 твораў менавіта з даваеннага збору. Гэта і тыя, што вярнулся з Германіі, і тыя, што былі набыты пасля заканчэння ВАВ замест страчаных. Між іншым, працэс вяртання заняў палову стагоддзя. Так, ключавы год — 1948-ы, калі ў Мінск з Мюнхенскага цэнтральнага сховішча прыйшлі два вагоны з вывезенымі каштоўнасцямі. Пачыналася вялікая справа... Завяршылася яна ў 1998 годзе: тады з музея гісторыі Вялікай Айчыннай, дзе захоўваліся некаторыя экспанаты, паступіў апошні твор. Гэта было палатно Аляксандра Шаўчэнкі «Па дровы» (1913). 

Нельга абысці ўвагай і прэзентацыю «Засталіся толькі на фатаграфіях» — дэманстрацыю здымкаў музейных прадметаў, якія ўваходзілі ў фонды галерэі або захоўваліся ў ёй і былі зафіксаваны ў прэсе і каталогах. Дакументальная частка выстаўкі ўвогуле дастаткова падрабязная: у экспазіцыю ўключана больш за 20 дакументаў з архіва НММ, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Варонежскага абласнога мастацкага музея імя І. М. Крамскога, Дзяржаўнага Уладзіміра-Суздальскага гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка, Омскага абласнога музея выяўленчага мастацтва імя М. А. Урубеля.

З чатырох залаў адзін разлічаны на аповед пра раскраданне калекцыі. «Залаінтэр’ер» прызначана выклікаць эмоцыі ў гледача, прымусіць яго адчуць незваротнасць страты, асэнсаваць — такое становішча назаўжды, нешта не вернецца ніколі. Тут жа, дарэчы, дэманструецца фільм-рэпартаж з ваеннага Мінска. Сярод экспанатаў — палотны «Ігнацій Авіцэта Кезгайла Завіша» (каля 1751 года) невядомага мастака, «Святая Канстанцыя» (для надмагілля Канстанцыі Чудоўскай з Радзівілаў; пасля 1825 года) Яна Дамеля, «Юдзіф і Алаферн» (канец 1940-х—1750-я) Іаганеса Цыка. 

Фрагмент экспазіцыі

У гэтай жа зале як напамін аб варварстве нацыстаў — пустыя рамы. Вядома, што палотны выразалі нажамі, а рамы пакідалі на сценах — пасля імі палілі печы... Побач знаходзяцца этыкеткі са звесткамі пра некаторыя са страчаных твораў. Гэта, напрыклад, «Дажынкі» (1902) Фердынанда Рушчыца (прыўкрасны сюжэт, што відаць па фотаздымку побач з рамай), «Партрэт дачкі ў блакітным» Валянціна Волкава (выразная карціна з цікавымі дэталямі), «Канал гатовы» (1937) Фёдара Мадорава (адметны пейзаж рускага жывапісца), «Зіма» Івана Айвазоўскага (выявы не захавалася)... Месцазнаходжанне гэтых твораў, на вялікі жаль, не вядома. 

Асобная зала аддадзена пад творы, якія легендарная Алена Аладава, шматгадовы дырэктар Мастацкага музея, пачала набываць адразу пасля вызвалення Мінска. Пры падтрымцы дзяржавы яна, як успамінаюць былыя і сённяшнія супрацоўнікі, магла дамовіцца з калекцыянерамі і антыкварамі, адшукаць і атрымаць многае, аб чым марылі музейшчыкі СССР. Як і ў астатніх залах выстаўкі «Страты і вяртанні», у гэтай экспануюцца творы аўтараў розных перыядаў, прыхільнікаў асобных стыляў у выяўленчым мастацтве. Тут «Валежнік», эцюд, напісаны ў пачатку 1890-х Іванам Шышкіным, «На рацэ» (1894) Альберта Бенуа, «Бабы» (1902) Сяргея Вінаградава, «Гурзуф» (1906) Канстанціна Каровіна, «Захад сонца» (1920) Юлія Клевера, «Сям’я» (1940) Льва Зевіна, «Партызаны вяртаюцца з аперацыі» (1943) Паўла Гаўрыленкі, «Кветкі» (1943) Яўгена Зайцава, «Партрэт дзяўчыны» (1945) Зянона Паўлоўскага, «Партрэт дачкі мастака» (1945) Уладзіміра Хрусталёва, «Лагойск» (1945) Міхаіла Даўгялы... Атрымліваеш асалоду адно толькі ад пераліку гэтых цудоўных жывапісных і графічных работ: настолькі яны розныя, самабытныя, каштоўныя — кожная па-свойму. Змешчана тут і скульптура, творы з керамікі... 

Алена Аладава ўсяму ведала цану, была ўпэўнена ў тым, што варта ўвагі, а без чаго можна лёгка абысціся. Аднак рэчаіснасць дыктавала свае ўмовы. Здаралася, пры набыцці нейкага твора калекцыянер угаворваў яе купіць яшчэ іншыя два — так бы мовіць, па сімвалічнай цане. Такія дзве работы, як правіла, былі не самага высокага ўзроўню выканання. 

Сара Лебедзева  «Татлін Уладзімір Яўграфавіч», 1944 г.

Пра постаць Алены Аладавай, асаблівасці працы, якой яна займалася, і зробленае славутым дырэктарам музея ішла гаворка на нядаўняй сустрэчы з Іванам Міско, народным мастаком Беларусі, які 20 гадоў працаваў у Мастацкім, у тым ліку поруч з Аленай Васільеўнай —удзельнічаў у закупках, арганізоўваў экспазіцыі... Разам з ім гэтым вечарам выступілі заслужаны дзеяч мастацтваў, жывапісец Уладзімір Уродніч (ён у той перыяд працаваў у Міністэрстве культуры і дапамагаў музею), а таксама Алена Шапашнікава, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела, якая аддала Нацыянальнаму мастацкаму ўжо 52 гады жыцця, з іх 10 працавала з Аленай Аладавай. Мерапрыемства адбылося ў зале, дзе змешчаны першыя набытыя ёй творы — 73 работы — для пасляваеннага музея. 74-ты твор у гэтай экспазіцыі — партрэт Алены Васільеўны (2007) пэндзля Леаніда Шчамялёва — як сведчанне пра адзін з галоўных набыткаў Нацыянальнага мастацкага музея. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Аб стратах, вяртаннях і набытках

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.