Вы тут

Руслан Чарнецкі: Мая асноўная заслуга — я тут


У «ЛіМе» — прэм’ера рубрыкі, у якой будуць інтэрв’ю з дзеячамі культуры, навукі і пісьменнікамі аб іх саміх і тых пераўтварэннях, якія адбываюцца ў розных сферах нашай жыццядзейнасці, у першую чаргу ў культуры і літаратуры. 

Руслана Чарнецкага, пэўна, ведаюць усе прыхільнікі беларускага кіно і тэатральнага мастацтва. Ён заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, а цяпер яшчэ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дакладней — член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Не так даўно вы маглі бачыць яго ў ролі вядучага ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і закрыцця Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад», таму гаворку мы распачалі менавіта з гэтай тэмы.


Фота з сайта house.gov.by

— Генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей назваў «Лістапад» БРІКС у сферы кіно, бо гэта выдатная пляцоўка для перагавораў, на якой можна вырашаць розныя пытанні. А якім «Лістапад» пабачылі сёлета вы? Са стужкамі якой краіны асабліва цікава знаёміцца? 

— Дзякуючы юбілейнаму статусу ўсё было на высокім узроўні. Фестываль стаў вялікай падзеяй! Дасягненне, што ў нашай краіне наогул ёсць такі кінафорум, які існуе ўжо 30 гадоў. Сюды прыязджаюць прадстаўнікі розных кінашкол. Беларусь — краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры еўразійскага кантынента, у нас адкрытая пазіцыя ў адносінах да свету, мы заўсёды чакаем сяброў і будзем рады іх у сябе бачыць. Іншая справа — некаторыя дзяржавы самі ад нас закрываюцца... Для мяне асабіста няма культуры, якая была б мне не цікавая. Немагчыма параўноўваць фільмы розных краін, ад кожнага варта нешта ўзяць для сябе. Усе стужкі са сваёй гісторыяй, унікальнасцю, са сваім болем. У гэтым і ёсць дыялог культур паміж нашымі краінамі, галоўнае, каб ён быў у імя стварэння. На жаль, падчас «Лістапада» ў мяне было недастаткова часу на зносіны з калегамі з-за іншай дзейнасці, але нельга сказаць, што не падтрымліваю стасункі з замежнымі сябрамі. Летам я ездзіў на розныя фестывалі ў Расію, напрыклад, «Еўразія-Кінафэст». Вельмі важна цяпер падтрымліваць добрыя стасункі, бо, калі ідзе вайна ў розумах і сэрцах людзей, свет становіцца чорна-белым. Гэта бітва за чалавечыя душы! 

— «Лістапад» сёлета адкрываў фільм «Чорны замак» па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча, у якім вы таксама здымаліся. Чым запомнілася работа? 

— Гэта было выпрабаванне, хоць я і спартсмен. Давялося ў 30-градусную спякоту ў даспехах два дні здымаць бойку ў кар’еры пад Мінскам. На экране гэта цягнецца вельмі мала, але работа з улікам самой падрыхтоўкі была вялікая. Для эстэтычнай прывабнасці ў кадры мы вучылі ўсе патрэбныя звязкі, бо ў фільме, вядома, не сапраўдная бойка, а балет са зброяй. Насамрэч так ніхто, канешне, не б’ецца на мячах. Мы многа рэпеціравалі з каскадзёрамі, усё спецыяльна ставілася на пляцоўцы з улікам пэўных абставін. Спадзяюся, глядач ацэніць гэтую працу. Вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі ў такі вялікі праект.

— Чаму, на вашу думку, так папулярны Караткевіч сёння на сцэне і ў кадры? Яго кнігі дагэтуль адны з самых запатрабаваных. Нават зноў перавыдадзены «Чорны замак Альшанскі»…

— Караткевіч — адзін з нямногіх беларускіх гістарычных раманістаў, ды яшчэ ў яго творах прысутнічае містыка. Я вельмі люблю яго кнігі! Нават адну не вылучу. Найбольш складана было чытаць «Каласы пад сярпом тваім» з-за спецыфічнай багатай лексікі — трэба было ўсё прапусціць праз сябе. 

— Як лічыце, ці з’явіцца ў Беларусі другі Караткевіч?

— Усяму свой час! Не трэба скардзіцца, што цяпер не тое пакаленне творцаў. Калі будзе патрэбны такі чалавек, як Караткевіч, ён прыйдзе. З’явяцца калісьці другі Колас, Купала... Я стаўлюся да гэтага па-філасофску. Дарэчы, мая першая галоўная роля ў спектаклі — паводле твора «Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» Караткевіча. Яна была філасофская. Як ні дзіўна, але тую пастаноўку асабліва любіла моладзь. Барыс Іванавіч Луцэнка мне, 26-гадоваму, даверыў ролю, за што я яму дагэтуль удзячны. На жаль, яго ўжо няма…

— Сёлета вы ўзялі ўдзел у «Песні Сірын» (яна адкрывала «Лістападзік») — агучылі бога Вялеса ў першай 3D-анімацыйнай стужцы «Беларусфільма». Рэжысёр Алена Турава, распавядаючы пра выбар артыстаў, сказала, што вы нават носіце нейкі амулет, нібы Вялес, і наогул ваша асоба гарманіруе з ім, таму вас адразу і запрасілі на гэтую ролю…

— Я ўпершыню ў жыцці агучваў мультфільм, таму «Песня Сірын» — значная работа для мяне. Адразу спадабалася тэма, сюжэт заснаваны на славянскіх традыцыях і нашай міфалогіі. Прыемна, што мяне запрасілі на ролю аднаго з найважнейшых багоў у славянскім пантэоне. На жаль, не атрымалася пабываць на прэм’еры з-за камандзіроўкі. Аднак я з задавальненнем спрычыніўся да гэтай работы.

— Як паспяваеце сумяшчаць дэпутацтва з работай артыста? 

— А як інакш? Я прадстаўнік сферы культуры ў Палаце прадстаўнікоў. Дзякуючы добра адладжанаму графіку і вопыту такой працы, я актыўны 24 на 7, паспяваю весці і тэлеперадачу («Наша раніца» па суботах на АНТ), і служыць у тэатры. Асноўная мая работа цяпер — Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Паколькі працягваю сумяшчаць дэпутацтва з артыстычнай дзейнасцю, кожны дзень праводжу сустрэчы з прадстаўнікамі сферы культуры і працоўнымі калектывамі незалежна ад таго, акруговы гэта тыдзень ці не. Нездарма Прэзідэнт казаў, што дэпутат выключна ў кабінеце — не дэпутат, бо патрэбна ісці да людзей, якія цябе выбралі, ведаць іх праблемы. 

— У вас за плячыма каля 120 роляў у кіно. Якога персанажа вы б ні за што не ўвасобілі?

— Гэта прафесія! Тут няма ніякай рамантыкі. Не існуе адмоўных роляў: хтосьці павінен паказваць чалавеку, як не варта сябе паводзіць. Я лічу, маё ад мяне ніколі не ўцячэ. Не адмоўлюся ад добрых роляў ні ў якім разе, нават калі гэта адмоўны персанаж! Вядома, з-за дэпутацкага статусу аб’ектыўна не стану ўвасабляць кагосьці, хто ніяк не адпавядае маім маральным прынцыпам. Ад іншай работы не стану адмаўляцца, калісьці нават іграў у жаночым адзенні ў рабоце накшталт «У джазе толькі дзяўчаты». Чаму б не? Чым больш акцёр умее, тым больш ён запатрабаваны ў прафесіі. Я ўсё жыццё змагаюся з тэрмінам «амплуа», бо паводле яго я — герой. Аднак дакладна ведаю: магу быць і камічным. Задачы на здымках бываюць розныя. Неяк я выконваў ролю начальніка кіналагічнай школы. Рэжысёр за мяне вельмі перажываў, бо, паводле сюжэта, мы вучылі сабак лазіць з мінамі пад танк, а адна з іх не хацела гэта рабіць, бо толькі нядаўна ашчанілася. Для таго, каб прымусіць яе залезці пад танк, патрэбна было ўзяць у вальеры двух шчанят і кінуць іх пад танк. Ніводны сабака не пацярпеў. І ўсё ж сцэна была не такая простая, але яна вельмі характарызуе майго персанажа: ён герой, які ахвяраваў у фінале жыццём, каб выратаваць аднаго са сваіх падначаленых. Разумеў, што за ім — краіна, блізкія, і каб спыніць ворага, ён зробіць усё, што ад яго залежыць. Вядома, мне хочацца ўвасабляць самыя розныя вобразы на сцэне і ў кіно. І ўсё ж дамоў да любімай жонкі (яна таксама са сферы культуры — мастак-грымёр тэатра і кіно) я павінен прыйсці самім сабой. Гэта ўжо правіла. Часам патрэбна крыху пачакаць пасля спектакля ў грымёрцы, каб вярнуцца ў свой стан. Аднак дзякуючы вопыту навучыўся пераключацца хутка.

— Чым асабліва ганарыцеся цяпер, калі сталі дэпутатам? 

— Мая асноўная заслуга — я тут. У нас сапраўды шмат таленавітых акцёраў, якія ў розны час з’ехалі хто куды, у асноўным у Маскву. Прызнаюся, у 2017-м у мяне ўзнікала думка кудысьці паехаць, каб падштурхнуць сябе да яшчэ большага развіцця. Спыніла, пэўна, само наканаванне. Не шкадую пра тое рашэнне. Дакладна разумею: я патрэбен сваёй краіне, асабліва цяпер. Не паехаў кудысьці з жонкай і дзіцем па вялікі рубель, а застаўся дома, бо дзякуючы захапленню геапалітыкай яшчэ задоўга да дэпутацтва ўсвядоміў, што трэба жыць і працаваць у сваёй краіне. Тут будзе ўсё добра дзякуючы тым людзям, якія ўсё гэта стваралі і захоўвалі на працягу 30 гадоў. У нас вялікія дасягненні ў сацыяльнай сферы і не толькі. Гэта без перабольшвання! У сучасным свеце выжывуць толькі дзяржавы, а глабалістычныя ідэі наконт свету як карпарацыі — гэта ўсё ад д’ябла.

— Разам са старшынёй Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўгенам Арэндарэвічам вы працуеце над вырашэннем шэрагу задач у сферы культуры. Шмат яшчэ трэба зрабіць дзеля падтрымкі і развіцця беларускай культуры? Ці прасоўваеце новыя нацыянальныя праекты?

— Канешне, усім хочацца больш нацыянальных праектаў, але ў адрозненне ад іншых краін у нас грошы проста так не выдзяляюцца — ёсць больш важныя рэчы, таму нацыянальных праектаў не можа быць шмат. Пакуль рана казаць пра нейкія глабальныя змены, яшчэ ідзе работа. Радуе, што праблемы ў сферы культуры вырашальныя, нас чуюць, значыць, неўзабаве ўсё будзе яшчэ лепш. Хачу падкрэсліць, наколькі наогул важна, што ў парламенце ёсць прадстаўнікі сферы культуры. Заканатворчасць — сур’ёзная рэч, трэба быць у курсе нашай спецыфікі, разумець шэраг нюансаў, знаходзіцца ўнутры тых працэсаў, якія адбываюцца ў беларускай культуры. У тых, хто працуе «ў палях», свая роля ў парламенце. Рады, што ў нас такое вельмі збалансаванае скліканне па сваім складзе, бо кожны дапаўняе адзін аднаго. Такі баланс вельмі важны, калі ёсць прадстаўнікі розных сфер, прафесіяналы ў заканатворчасці, людзі з вялікім жыццёвым досведам. Калі ў мяне ўзнікае нейкае пытанне па заканадаўстве, прыродных рэсурсах і г. д., адразу падкажуць. Я ў сваю чаргу тлумачу спецыфіку ў сферы тэатра і кіно. Да мяне перыядычна звяртаюцца з іншых акруг, і я перадаю гэтую інфармацыю іх дэпутату. Ён адразу падключаецца. 

Мы робім адну важную справу разам!

— Кіно і тэатр для вас — магчымасць пражываць некалькі жыццяў на сцэне і ў кадры? Як змянілася роля кіно ў вашым жыцці пасля таго, як сталі дэпутатам?

— Дарэчы, выбаршчыкі мяне вельмі прасілі, каб я не сыходзіў са сцэны. Яны часцей за ўсё выказваюць падзяку за ролі ў «Гур’янаве» і ў «Монтэ-Крыста». Што ж датычыцца мэты майго знаходжання ў прафесіі, яна не змянілася — гэта дапамога людзям. Не важна, у кадры я ці на сцэне, дапамагаю гледачу стаць лепшым, чым быў да таго, як паглядзеў той ці іншы твор. Дэпутацтва — тая ж дапамога, толькі ўжо з Дома ўрада. Гэта мая місія! Кіно і тэатр для мяне заўжды былі не столькі сродкам для баўлення часу, колькі спосабам адукацыі і выхавання чалавека як асобы. Нездарма класічныя творы ставяцца на сцэне і экранізуюцца, бо яны дапамагаюць зрабіць нейкія важныя адкрыцці, штосьці перажыць і ўсвядоміць. 

— На вашу думку, якіх стужак цяпер не хапае? Пра што б вы знялі сваё кіно, калі б былі рэжысёрам?

— Лічу, што для ігравога кіно актуальныя дзве тэмы: тое, што адбываецца ў свеце (але варта знайсці прыём, як гэта данесці гледачу), і фільмы пра простых людзей, дзякуючы працы якіх мы і жывём цяпер, — рабочых заводаў, працаўнікоў вёскі і прадстаўнікоў іншых прафесій, якія забяспечваюць нашу харчовую і нацыянальную бяспеку. Здымаць, канешне, я наўрад ці стану, але быць аўтарам ідэі змагу. Памятаеце, якія папулярныя былі ў час СССР ды і сёння фільмы «Дзяўчына без адрасу», «Каралева бензакалонкі», «Дзяўчаты» і г. д. Мне здаецца, час такога кіно настаў!

— Над чым працуеце цяпер? 

— Пакуль Рускі тэатр на рамонце, таму я не бяру ўдзел у рэпетыцыях новых спектакляў (пастаноўкі ідуць на іншых пляцоўках). Аднак адна прэм’ера ўсё ж адбудзецца: разам з Аляксандрам Сухаравым мы працуем над новай песняй.

Гутарыла Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.