Кожны з дзяцінства ведае, хто такі Чабурашка. Пагадзіцеся, мы любім яго менавіта дзякуючы яго ўвасабленню на экране. Да яго вобраза звярталіся кінематаграфісты неаднойчы, таму зразумела, чаму ў праграме «Лістапада» ёсць і «чабурашкаў» след. Гаворка пра работу Кацярыны Шарамет «Леанід Шварцман. Казка аб хлопчыку і старым горадзе». Здзівіла іншае: пасля прагляду фільма аўтар гэтых радкоў звярнулася да Кацярыны, каб даведацца больш пра гісторыю стварэння такой выдатнай стужкі, але яна збянтэжылася: «У мяне сур’ёзныя канкурэнты. Наўрад ці я выйграю, і вы напішаце пра кагосьці іншага». Аднак, яшчэ не ведаючы пра вынікі, дамовіліся паразважаць пра фільм, таму адразу пасля сеанса мы ўсё ж пагутарылі.
Кацярына Шарамет распавяла, што родам з Магілёва, скончыла ў 2020 годзе Акадэмію мастацтваў (майстэрню Паўла Уладзіміравіча Іванова), спрабавала сябе ў рэкламе, але замацавалася ў рэжысуры. Цяпер працуе ў Майстэрні Уладзіміра Бокуна, дзе стварыла ўжо тры фільмы. Нават здзівіла такая сціпласць чалавека, чые тры работы прадстаўлены ў нацыянальным конкурсе сёлета: акрамя вышэйзгаданай гісторыі пра стваральніка Чабурашкі гэта «Леанід Шчамялёў. Усё адценні белага» (да юбілею славутага мастака) і «За нашу Перамогу. Ад мары да легенды» — пра аднайменны аўтамабіль (Кацярына калекцыяніруе з дзяцінства машынкі, у тым ліку «Перамогу»).
Фільм «Леанід Шварцман. Казка аб хлопчыку і старым горадзе» праляцеў, бы адно імгненне. Паглядзеўшы анімацыйную дакументалістыку Кацярыны Шарамет, пераканалася: дакументальнае кіно можа быць цікавым для ўсіх пакаленняў гледачоў і яркім. Дзякуючы гэтай стужцы можна зрабіць некалькі адкрыццяў. Чабурашка ў нейкай ступені — мінчанін, бо ходзіць аднымі з намі вуліцамі. Леанід Шварцман правёў сваё дзяцінства ў беларускай сталіцы, любіў яе, таму ўвасобіў дарагія сэрцу краявіды на экране. Менавіта пра гэта і распавядаецца ў карціне. Даваенны Мінск паказаны вельмі маляўніча. Знакаміты мосцік з дзіцячага парку Горкага ўважлівы глядач, пэўна, заўважыць.
У дзень аб’яўлення вынікаў «Лістапада» Кацярына Шарамет прыйшла ў Палац Рэспублікі з надзеяй, але ўсё роўна сумнявалася ў сваёй перамозе. Яна прызналася: нават тое, што яе работы прадстаўлены ў нацыянальным конкурсе, — ужо вялікая перамога.
— Узнагарода стала для мяне нечаканасцю і глыбокім узрушэннем. — кажа Кацярына. — Шлях да гэтай перамогі быў поўны складанасцей, сумненняў і незлічоных гадзін працы.
Часам здавалася, што сіл ужо недастаткова, адбывалася выгаранне... Але калі ты ўспамінаеш, дзеля чаго ўсё робіш, што распавядаеш гісторыю чалавека і бярэш за гэта адказнасць, адразу з’яўляюцца сілы рухацца наперад і прыкладаць максімальныя намаганні. Выказваю велізарную падзяку ўсім, хто падтрымаў мяне ў той перыяд.
Ідэя стварэння анімадока належыць не Кацярыне: «Раздаўся званок. На іншым канцы лініі быў прадзюсар студыі дакументальных фільмаў Уладзімір Бокун. Ён прапанаваў стварыць фільм пра Леаніда Шварцмана. Але я паставілася да праекта скептычна, нават думала адмовіцца. Тэма Чабурашкі мне падалася заезджанай. Усё змянілася, калі пачала глыбей вывучаць біяграфію Леаніда Шварцмана: ён уразіў сваёй дабрынёй, прастатой і кранальнай наіўнасцю, яго бескарыслівасць і абсалютная адданасць справе запалілі ўва мне жаданне расказаць пра яго ўсяму свету. Над стварэннем фільма таксама працавалі сцэнарыст Анжаліка Новікава і прадзюсар Уладзімір Бокун. «Вырашылі, што гісторыя будзе расказана ад асобы маленькага Леаніда, бо ён быў дзіцячым мультыплікатарам, а гэта прафесія, якая патрабуе неверагоднага ўмення бачыць свет вачыма дзіцяці, застаючыся пры гэтым дарослым. Імкнуліся паказаць, з чаго ўсё пачыналася, што сфарміравала Шварцмана і чаму ён захоўваў сваю дабрыню і наіўнасць на працягу ўсяго жыцця. Хоць цяжкасцей было нямала, яго светлы погляд на свет заставаўся нязменным. Асабліва натхніла серыя карцін Шварцмана «Стары Мінск. Успаміны дзяцінства». Гэтыя работы сталі не проста асновай сюжэта, але своеасаблівымі дакументальнымі «фатаграфіямі», бо даступныя архіўныя матэрыялы амаль адсутнічалі.
Кацярына Шарамет хацела ўдыхнуць жыццё ў гэтыя карціны, паглыбіцца ў іх і ўбачыць свет вачыма маленькага Шварцмана, паказаць той самы даваенны Мінск. І гэта ў яе выдатна атрымалася! «Стыль фільма адшукаць было нялёгка: дзе ён, той самы ключ, які дазволіў бы ажывіць гісторыю і зрабіць яе па-сапраўднаму кранальнай? — згадвае рэжысёр. — Пасля месяца карпатлівай працы нарэшце нарадзіўся сцэнарый, а разам з ім — і стыль».
Задумка ўсім спадабалася, але часу на яе ўвасабленне было недастаткова. Каманда вырашыла захаваць ідэю для наступных праектаў, а Кацярыне давялося тэрмінова шукаць новы шлях. Натхненне з’явілася, калі яна звярнулася да ўніверсальнай сучаснай стылістыкі, навеянай яе любімымі анімацыйнымі фільмамі. Так, вочы герояў не адпавядаюць стандартным шаблонам анімэ з вострымі вугламі, але гэта і не класічная заходняя школа. Асяроддзе таксама стала мешанінай розных стыляў, што дало жыццё нечаму ўнікальнаму і прыдатнаму.
Сцэнарый набыў канчатковую форму дзякуючы Анжаліцы Новікавай, якая падзяліла яго на дзве сюжэтныя лініі: першая — погляд маленькага Лёлі з паглыбленнем у стары Мінск, дзе паказана аніміраваная частка (мультфільм пра жыццё Шварцмана), другая лінія — дакументальная, поўная ўспамінаў з рэальнымі фактамі, падзеямі з жыцця Шварцмана, цытатамі і дакументальнымі матэрыяламі. «Ідэя з кнігай скразным дзеяннем праходзіць праз увесь фільм, яна не толькі як адсылка да «Снежнай каралевы» Андэрсена, але і даніна павагі Шварцману, які любіў маляваць ілюстрацыі да дзіцячых кніг, — тлумачыць Кацярына. — У стужцы шмат такіх тонкіх адсылак. Мы імкнуліся ўплесці іх у аповед, нягледзячы на абмежаваны час: хронаметраж фільма павінен быў складаць 26 хвілін. Цікавых фактаў аб жыцці Шварцмана было так шмат, што многія з іх прыйшлося расказаць праз візуальныя дэталі. У сцэне, дзе маленькі Лёля выходзіць на балкон, на заднім плане можна ўбачыць карціну, у якой схаваны кадр з фільма «Ліст» (гісторыя пра сына марака, які дапамагае маці; хлопчык таксама стаіць на балконе, чакаючы бацьку). Гэта пераклікалася з гісторыяй самога Шварцмана, і такія дэталі надавалі фільму своеасаблівую душэўнасць.
Паступова рэжысёр пачала заўважаць, што ў яе шмат агульнага са Шварцманам. Магчыма, невыпадкова ёй выпаў гонар стварыць гэты фільм? «Мантаж і графіка занялі амаль шэсць месяцаў. Гэта нагадала мне, як Шварцман ствараў свайго Чабурашку — з той жа карпатлівасцю і ўвагай да дэталяў, — заўважае Кацярына. — Праца была нават ювелірнай». Яна была няпростай яшчэ і таму, што гэта быў першы досвед Кацярыны Шарамет у анімацыі. «Я вучылася і працавала адначасова, без права на памылку, бо стварала фільм аб мультыплікатары. Часта я пыталася ў сябе: „Чаму ўзялася за гэта? Ці спраўлюся?“ Але кожны раз успамінала, што паставіла перад сабой задачу, значыць, выканаю яе», — заўважыла рэжысёр.
Не хапала дакументальных матэрыялаў. Кацярына праводзіла дні ў пошуках патрэбных дакументаў у бібліятэках і на аўкцыёнах. У фільме ёсць сцяна з шаржамі супрацоўнікаў «Саюзмультфільма»: яе стварэнне заняло нямала часу і намаганняў. Але кожны знойдзены фрагмент — нібы каштоўнасць, якая дапамагала ажывіць гісторыю.
«Я пражыла з гісторыяй Шварцмана паўгода. Калі напісала заключныя цітры, мяне ахапіла глыбокае шкадаванне, што Леанід Аронавіч ніколі не зможа ўбачыць гэты фільм... — кажа Кацярына. — Аднак, спадзяюся, яго ўбачылі людзі, і ён пакінуў у іх сэрцах гісторыю пра такога цудоўнага і таленавітага чалавека».
Ірына ПРЫМАК
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.