Дажджлівая восеньская пара, калі з кожным днём сонечныя промні радуюць людзей усё менш, а навагодняя атмасфера яшчэ не запоўніла гарадскія вулачкі яркімі агеньчыкамі гірляндаў, — найлепшы час для асэнсавання сучасных праблем грамадства, даўно забытых падзей мінулага і ўласных пачуццяў. Аўтары дзясятага нумара часопіса «Нёман» успамінаюць цікавыя і важныя моманты жыцця, даследуюць мінулае і паглыбляюцца ў свет супярэчлівых адчуванняў.
Нумар не радуе чытачоў багаццем паэзіі. Напэўна, філасофскія рыфмаваныя радкі аўтары вырашылі пакінуць на больш прыдатны для лірыкі час — вясну. Аднак прадстаўленае ў часопісе паэтычнае слова таксама кранае душу і ўзнімае важныя тэмы ўзаемаадносін.
Акрываюць рубрыку вершы Анатоля Зэкава, у якіх аўтар разважае пра жыццё і смерць, пра каханне і вайну. Вечныя тэмы, якія асэнсоўвалі паэты і празаікі, кампазітары і мастакі на працягу ўсяго існавання чалавецтва. Яны ніколі не страцяць актуальнасці, бо з’яўляюцца нязменнай часткай нашых агульных мінулага і будучыні. Творчасць Анатоля Зэкава напоўнена меланхоліяй, якая мяккім ветрыкам абвявае розум і сэрца. Вачыма ўжо сталага чалавека мы глядзім на каханне і вандроўкі, разам з пісьменнікам вяртаемся ў мінулае, дзе ўсе родныя побач і сонейка свеціць ярчэй…
Я однажды налягу на весла,
Поплыву по речным перекатам
Прямо в детства далекого весны,
Где так солнечно было когда-то.
Путь туда не простой и не близкий —
С каждым новым гребком понимаю,
Что и солнце уж клонится низко,
Да и я не плыву —
Отплываю...
Паэзія Анатоля Зэкава нагадвае дзённік, у які аўтар старанна і шчыра запісвае свае пачуцці. Трымаючыся за мінулае, паэт нясмела глядзіць у невядомую будучыню, якая можа прынесці адначасова новыя радасці і новыя беды.
Сімвалічны вобраз часу чырвонай ніткай звязвае вершы Уладзіміра Ясева. Хуткаплыннасць жыцця не палохае аўтара, але секундная стрэлка з кожным рухам прымушае задумацца пра сэнс чалавечага існавання, пра сваё прызначэнне... Секунды, хвіліны, гадзіны не павінны наводзіць жах, яны толькі нагадваюць: трэба спяшацца, каб потым не шкадаваць аб страчаным часе.
Я временем безжалостным прикован
К отрезку, называемому «жизнь»,
И должен жить по временным
законам,
Используя расчет и фатализм.
Здесь циферблата круглое
пространство
Терзает стрелки тонкая игла:
Во времени текуче постоянство
И постоянна хрупкость бытия.
Нягледзячы на глыбіню абранай тэмы, Уладзімір Ясеў знаходзіць і аптымістычныя моманты ў паўсядзённым жыцці. Гэта моцнае і шчырае каханне, прыгажосць прыроды і яе зменлівасць. Паэзія аўтара запрашае чытача падвесці вынікі ўласнага жыцця і нарэшце зрабіць той крок, на які доўгі час не адважваўся.
Сапраўдны жах наводзіць апавяданне Ганны Леа «Загадкавая гасцініца ў горадзе N», напісанае ў найлепшых традыцыях гогалеўскай містыкі. Месцам дзеяння з’яўляецца невялічкі старадаўні польскі гарадок, дзе вельмі шмат выдатных мясцін і вельмі мала турыстаў. Галоўныя героі — Ніна Іванаўна і Ігар Мікалаевіч Зябікавы — амаль кожны год прыязджалі сюды ў адпачынак. Але апошні візіт надоўга запомніўся сямейнай пары... Ніна Іванаўна, як сапраўдная знаўца даўніны, выбрала для адпачынку гасцініцу з «гісторыяй». Аднак акрамя сужэнцаў у нумары ўжо даўно (а можа, і зусім нядаўна) жыве Зло. Мяккае і спакойнае апавяданне паступова набывае містычныя рысы і напружаны тон. Аўтар таленавіта раскрывае характары герояў як у «мірны» час, так і ў паранармальным кантэксце, не пазбаўляючы іх асноўных якасцей.
Другое апавяданне Ганны Леа «Класікі» напісана ў жанры дэтэктыва і змяшчае не толькі закручаны сюжэт, але і філасофскія разважанні пра літаратуру, крытыку і ролю сучаснага пісьменніка. У апавяданні складана вылучыць галоўных герояў. Аўтар цікава ператасоўвае персанажаў і іх асабістыя гісторыі такім чынам, што ні адзін не праходзіць міма чытача. Аднак Максіму Максімаву (невыразнае прозвішча як сімвал невыразнай асобы) адведзена больш месца. Яго нельга назваць тыповым антаганістам, але каштоўнасці і жыццёвы шлях героя адлюстроўваюць толькі негатыўны бок яго асобы. Негледзячы на пераважна адмоўныя рысы Максіма Максімава, яго вобраз не выклікае непрыязнасць. У параўнанні з папярэднім апавяданнем «Класікі» здаюцца менш яркімі і прывабнымі, аднак лёгкі стыль і мяккі гумар надаюць твору асаблівую чароўнасць.
Да тэмы вайны звяртаецца ў сваёй аповесці «Пад покрывам нябёс» Уладзімір Гаўрыловіч. Галоўны герой — васьмігадовы хлопчык Міша, які разам з матуляй і малодшай сястрычкай трапіў у канцлагер Азарычы. Маленькі Міша спрабаваў быць мужным і дапамагаць маме, як казаў яму бацька-разведчык. Але душа маленькага хлопчыка была вельмі чыстай для цяжкіх выпрабаванняў лагернага жыцця. Аўтар вядзе дзве лініі аповеду: падзеі адбываюцца ў ваенны час і ў 2024 годзе. Хлопчыку Мішы пашчасціла: савецкія салдаты выратавалі яго з фашысцкага пекла, але матуля і сястрычка Кацярына назаўсёды засталіся ў халоднай балоцістай зямлі. Міша вырас, стаў настаўнікам літаратуры, а пазней і дырэктарам вясковай школы. Але падзеі мінулага адгукаюцца ў душы і целе героя нават праз 40 гадоў. Увесь гэты час Міхаіл Васільевіч хаваў тайну свайго дзяцінства, але жыццё станавілася ўсё цяжэйшым.
Добра, што на гэтым свеце заўсёды знойдуцца людзі, якія гатовы падтрымаць і прыйсці на дапамогу ў цяжкія хвіліны. Такімі людзьмі ў жыцці Міхаіла Васільевіча сталі суседскія дзеці Мікітка і Міланка, якія для пажылога мужчыны сталі роднымі ўнукамі (сваіх дзяцей у Міхаіла і яго жонкі Паліны не магло быць з-за доўгага знаходжання ў канцлагеры). Герой нарэшце змог адкрыцца і расказаць гісторыю мінулага. Толькі на захадзе жыцця маленькі хлопчык Міша знайшоў спакой і цішыню.
Раман «Крутагор’е» Алеся Камароўскага таксама змяшчае некалькі часавых ліній. Спачатку падзеі развіваюцца ў той перыяд, калі татара-мангольскае нашэсце было ў самым разгары. Галоўны герой — мангольскі хан Койдан — шукае схаванае золата знакамітага Чынгісхана. На сваім шляху ён знішчае гарады і вёскі, бязлітасна забівае мірных жыхароў. У гэты ж час (напэўна, бо аўтар не дае канкрэтных характарыстык) звычайны хлопец Васіль уцякае ад пераследнікаў у пушчу, дзе плануе жыць усю зіму, а магчыма, і даўжэй. Час панавання Залатой Арды спалучаецца з сучаснасцю, пра якую апавяданне вядзецца ад першай асобы. Галоўны герой — звычайны офісны супрацоўнік, які шукае шчасце ў нуднай паўсядзённасці. Пісьменнік часта выкарыстоўвае сучасныя фемінітывы («біялагіня», «шэфіня» і інш.), што можа выклікаць дыскусіі сярод чытачоў (хаця аўтар дадзенага артыкула цалкам падтрымлівае такую ініцыятыву).
Ідэя рамана можа зацікавіць аматараў гісторыі і гэтага канкрэтнага гістарычнага перыяду. Аднак стыль апавядання вельмі зацягнуты і складаны не толькі для звычайнага сярэднестатыстынага чытача, але і для прыхільнікаў закручаных сюжэтаў. З дапамогай шматлікіх апісанняў аўтар спрабуе паглыбіць у гістарычны кантэкст, што толькі адцягвае ўвагу ад асноўнага апавядання. Магчыма, далей, калі сюжэт наблізіцца да кульмінацыі, падрабязнае апісанне не будзе перашкаджаць гісторыі і засланяць асобы галоўных герояў.
Лірычны настрой вершаў Кацярыны Стройлавай разбаўляе меланхалічнасць дзясятага нумара. Каханне і прыгажосць прыроды цесна перапляліся ў творчасці паэтэсы.
Бирюзовая крапинка в нежном
небесном просторе.
Я люблю созерцать твой кровавый
закат, горизонт.
Свет какой-то нездешний,
и пенится шумное море.
Тучи ливнем грозят, только взять
не решаюсь я зонт.
Вы, предвестники горя,
не будете плакать напрасно.
Кто ушел — не вернется,
открыть не сумеет глаза.
Сердце глухо молчит, а душа к небу
тянется страстно.
Я не плачу. То след от дождя.
Нет, совсем не слеза.
У паэтычнай форме паэтэсса расказвае гісторыю жыцця мастака Альбрэхта Дзюрэра. У дзяцінстве яны з братам дамовіліся аплаціць навучанне адзін аднаго, але, пакуль Альбрэхт вучыўся, старэйшы брат працаваў у шахце.
Всю благодарность за такую жертву
Альбрехт излил
На полотно: натруженные руки
Изобразил.
Рубрыка «Эпоха» прыцягвае ўвагу яркімі і ўнікальнымі нататкамі вядомага беларускага кінарэжысёра Вячаслава Нікіфарава. У «Гісторыях з кухні кіношнікаў» мастак дзеліцца цікавымі ўспамінамі са здымачнай пляцоўкі. Матэрыял прываблівае шчырасцю і лёгкім настроем. У юбілейны для беларускага кінематографа год такія артыкулы вяртаюць да крыніц і ахутваюць чытача таямнічай атмасферай, дзе можна пачуць толькі: «Камера, матор, запісваем!» Рэжысёр расказвае пра цікавыя здарэнні на пляцоўцы, знаёмствы з будучымі зоркамі беларускага і савецкага кіно, пра пошук асабістага падыходу да кожнага артыста і імправізацыі ў любімых кінастужках. Вячаслаў Нікіфараў разважае пра будучыню індустрыі, уласны след у кінамастацтве і феномен акцёрскай гульні на экране і ў рэальным жыцці. «Усе людзі — выдатныя акцёры, паглядзіце на дзяцей. І гэта не камплімент чалавецтву, хутчэй дыягназ. Тысячы гадоў удасканальвацца ў камунікацыі з сабе падобнымі, прыкідвацца і мімікрыраваць, выкрываць і ўсхваляць — гэта не мінае бясследна і ператвараецца ва ўсвядомленую патрэбу. Ва ўстойлівы навык. І пачыналі так усе выдатныя акцёры».
У «Літаратурнай супольнасці» — інтэрв’ю старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карюкевіча з галоўным рэдактарам часопіса «Прастор» (Казахстан) Фархатам Тамендаравым. Беларуская паэзія і проза таксама знайшлі сваё месца на старонках алмацінскага часопіса. Пагутарылі пра літаратурную крытыку ў Казахстане і свеце, пераклады найлепшых айчынных і замежных твораў, цесныя сувязі паміж беларускімі і казахскімі пісьменніцкімі супольнасцямі.
Завяршае дзясяты нумар «Нёмана» рэцэнзія Людмілы Маркоўскай «Летапіс вайны» на кнігу Наталлі Саветнай «Была бясконцая вайна...». Твор напісаны ў жанры аўтафікшн і змяшчае ўспаміны сапраўдных сведкаў ваенных падзей у розных кутках Беларусі. «Перагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, разумееш: так, гэта наша гісторыя, якая ніколі і нікім не павінна забывацца. Разважанні пасля чытання прыводзяць чытача да асноўнай гуманістычнай думкі пра тое, што любая вайна — гэта гвалт і велізарнае зло, якое знішчае мільёны чалавечых жыццяў».
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.