Вы тут

У выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга «Снайпер Маша»


Нельга забываць гісторыю сваёй краіны, таму што ў адваротным выпадку яе лёгка перайначыць і перапісаць. У серыі «Дети войны», заснаванай у 2010 годзе выдавецтвам «Чатыры чвэрці», выйшла чарговая кніга з назвай «Снайпер Маша». Яе аўтар — пісьменнік і журналіст Рыгор Саланец. Прысвечана яна 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І хоць змешчаныя ў ёй творы з’яўляюцца мастацкай прозай, у аснове іх сюжэта — сапраўдныя падзеі ваеннага ліхалецця.


Тры аповесці аб’яднаны тэмай выжывання і барацьбы звычайных людзей на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі з моманту, калі бот захопніка ступіў на беларускую зямлю, і да часу вызвалення не толькі нашай краіны, але і ўсёй Еўропы.

Гераіня аповесці «Снайпер Маша» Марыя Івушкіна — не беларуска па паходжанні, але змагацца з фашыстамі ёй прыйшлося на беларускай зямлі. Семдзесят пяць фашыстаў знішчыла снайпер Маша ў гады вайны, але чамусьці рука не націснула на пускавы кручок, калі ў прыцэле вінтоўкі аказаўся маладзенькі нямецкі ваенны. Мінула паўвека, і ў Мінску адбылася іх сустрэча. Аўтар кнігі «Снайпер Маша» вельмі яскрава перадаў агульнае жаданне ўсіх людзей (і беларусаў, і немцаў): нікому не патрэбна вайна!

Асноўныя падзеі аповесці «Батюшки-солдаты» ў гады вайны разгарнуліся на Дзяржыншчыне. І хаця галоўныя героі — члены сям’і Хмялеўскіх, якія жылі на хутары недалёка ад Койданава (цяпер Дзяржынск Мінскай вобласці), пісьменнік вельмі шмат апавядае пра свяшчэннікаў гэтай зямлі, тых, хто дапамагаў людзям выжыць у ліхую гадзіну, дапамагаў верыць у перамогу.

Сын Хмялеўскіх Змітрок, застаўшыся ў жывых пасля выканання складанай аперацыі па падрыве нямецкай агнявой амбразуры ў 1944-м (яго нават палічылі загінулым), верыў, што яго выратавала іконка Божай Маці, якую дала мама. Пасля заканчэння вайны ён стаў свяшчэннікам, вучыўся на пастырска-багаслоўскіх курсах, затым — у духоўнай семінарыі ў Жыровічах.

Рыгор Саланец сваёй аповесцю сцвярджае, што толькі ўсёй грамадой, разам, мужна, нягледзячы на страты, пакуты, савецкі народ змог перамагчы такога жорсткага ворага, як фашызм.

Трэцяя аповесць «Чужбины горький мед» апавядае пра дзяўчыну Веру Мельнік са Смалявічаў, якую сілком немцы адправілі ў Германію ў працоўнае рабства. 

Вера разам з іншымі дзяўчатамі спачатку працавала ў ліцейным цэху на заводзе, які размяшчаўся на ўскраіне Лейпцыга. Гэта было сапраўднае пекла. Дзяўчатам такая праца была проста не па сілах. Некаторыя страчвалі прытомнасць. Нарэшце іх перавялі на крыху лягчэйшую працу. А калі завод разбамбілі англійскія самалёты, жанчын накіравалі ў сельгаскааператывы і на фермы. Летам 1944 года Вера Мельнік «переступила порог дома солдата Первой мировой Конрада Вильке».

Аўтар распавядае пра цяжкую працу беларускай дзяўчыны на ферме (нагляд за жывёлай), па дамашняй гаспадарцы, па даглядзе інваліда вайны. Мне здаецца, што ў беларускай літаратуры яшчэ не было твора на падобную тэму. Адносіны да людзей, якія аказаліся на чужыне ў рабстве не па добрай волі, не засталіся такімі ж, якімі былі падчас вяртання Веры Мельнік на радзіму з Германіі. У дзяўчыны нават не прынялі дакументы на паступленне ў педінстытут.

Нягледзячы ні на што, Вера ўладкавалася на працу, пакахала, нарадзіла дзяцей. Нарэшце жыццё ўсталявалася. 

Рыгор Васільевіч прысвяціў гэтую аповесць памяці сваёй роднай цёткі Праскоўі Мельнік, шаснаццацігадовай дзяўчынай вывезенай у Нямеччыну.

Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА

Загаловак у газеце: Гісторыя праз лёсы

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.