19–21 лістапада 1954 года Мінск гасцінна прымаў і шчодра дарыў апладысменты вялікаму творчаму калектыву з Паднябеснай. Абставіны візіту, канцэртных выступленняў у сталіцы Беларусі ансамбля песні і танца Народна-вызваленчай арміі Кітая ўзнёсла асвятляліся ў рэспубліканскім друку.
Першыя артыкулы былі прысвечаны ўрачыстаму прыёму на мінскім чыгуначным вакзале. Тэксты суправаджалі фотаздымкі з вялікімі букетамі жывых кветак у руках кітаянак. Кіраўнік творчага калектыву генерал Чэн І адказваў на пытанні беларускіх журналістаў. Высветлілася насычаная праграма візіту ансамбля ў краіны сацыялістычнай садружнасці і рэспубліках Савецкага Саюза.
Кітайскія артысты прыехалі ў СССР пасля месячных гастроляў у Польшчы. Канцэрты з вялікім поспехам прайшлі ў Варшаве, Гданьску, Познані, Кракаве і іншых гарадах.
Гісторыя творчага калектыву з інтэрв’ю генерала Чэн І для карэспандэнта «Звязды» (публікацыя ў нумары газеты ад 20 лістапада 1954 г.): «Наш ансамбль існуе з першых дзён утварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая. Удзельнікамі яго з’яўляюцца таленавітыя байцы і афіцэры Народна-вызваленчай арміі. Спачатку гэта быў невялікі калектыў, а цяпер у яго складзе налічваецца 270 спевакоў, танцораў, музыкантаў. Мастацкім кіраўніком ансамбля з’яўляецца Шы Лэ-мын, кіраўніком танцавальнай групы — Ху Го-чан».
Першымі прыпынкамі ў Беларусі з запланаванага двухмесячнага візіту ў Савецкі Саюз сталі Брэст і Брэсцкая крэпасць. 19 лістапада кітайскія госці знаёміліся з Мінскам, а вечарам таго ж дня прысутнічалі на пасяджэнні, прысвечаным Дню артылерыі, прынялі ўдзел у святочным канцэрце.
Газета «Мінская праўда» змясціла ў нумары ад 20 лістапада артыкул «Сустрэча сяброў», а 23 лістапада апублікавала падагульняльны тэкст з характарыстыкай выступленняў — «Высокае майстэрства нашых сяброў» (аўтар Е. Ракава).
«ЛіМ» ад 20 лістапада змясціў на сваёй перадавіцы сціслую інфармацыю «Госці з Кітая» з пералікам асноўных пунктаў запланаванага знаёмства са сталіцай рэспублікі (аўтазавод, музей Вялікай Айчыннай вайны, тэатр оперы і балета), а праз нумар — 27 лістапада 1954 г. — апублікаваў агляд канцэртаў, дадзеных у Акруговым Доме афіцэраў 20 і 21 лістапада, у ацэнцы спецыяліста — кандыдата мастацтвазнаўчых навук Н. Арлова: артыкул «Мастацтва вялікага кітайскага народа», тэкст якога суправаджалі два фотаздымкі І. Салавейчыка з подпісам «Артысты ансамбля выконваюць танцы „Армейскі барабан“ і „Лоўля матылькоў“», а таксама асобная выява «Артысты Беларускага народнага хору вітаюць кітайскіх сяброў».
З агульных ацэнак творчага калектыву: «Трэба адзначыць вялікую прафесійную спеласць, высокую харавую культуру ансамбля. Хор — як аб’яднаны, так і жаночы — гучыць стройна, дыкцыя і інтанацыя яго бездакорныя, нюансіроўка і разнастайнасць адценняў гучання надаюць творам сапраўдную прывабнасць. Адчуваецца вялікая работа, праведзеная з хорам (дырыжоры — Фан-Жэнь і Ху Дэ-фун), любоў да песні артыстаў ансамбля, грудзі якіх упрыгожаны баявымі ўзнагародамі».
Зачынным творам праграмы была песня Вано Мурадэлі «Партыя — наш рулявы».
З харавых выкананняў рэцэнзентам вылучаны марш Народна-вызваленчай арміі Кітая (кампазітар Ждэнь Люй-чэнь) і песня, якую аўтар артыкула называе кантатай, — «Героі пераадолелі раку Дадухэ» (Ло Цзун-сянь і Шы Лэ-мыт). Былі выкананы некалькі твораў на рускай мове савецкіх кампазітараў: «І хто яго знае» У. Захарава, «Ой, цвіце каліна» І. Дунаеўскага, «Масква — Пекін» В. Мурадэлі.
«З падкупляючай шчырасцю і зладжанасцю гучання выступала жаночая група ансамбля», якая выканала карэйскую «Песню аб вясне» кампазітара Лі Мянь-саня, а таксама патэтычны твор «Няхай жыве Мао Цзэдун».
Танцавальная група ансамбля (кіраўнік Ху Го-чан) захапіла дакладнасцю і ўзгодненасцю рухаў, пластыкай, надзвычайнай трэніроўкай цела. Былі прадэманстраваны танцы розных рэгіёнаў: «Вяселле нацыянальнасці Мяа», уйгурскі «Танец з жалезным кальцом» з правінцыі Сіньцзян. Уразілі спрытам і дынамікай выканаўцаў нумары «Тыбецкія кавалерысты» і «Армейскі барабан».
На відовішчнасць пастановак выдатна працавалі яркія касцюмы, якія «захапляюць сваёй прыгажосцю, нацыянальным арнаментам мастацкай вышыўкі, яркай і радаснай гамай афарбоўкі шаўковых і аксамітных матэрый, а таксама серабрыстай і залатой парчы». Эфектнасці дадаваў і рэквізіт: «...мячы, барабаны, сцяжкі і сцягі, вееры, кашолачкі. <...> У руках танцораў гэтыя рэчы жывуць, ствараючы святочны фон, які яшчэ больш падкрэслівае пластычны і чароўны малюнак саміх танцаў».
Заключным нумарам праграмы стала класічная кітайская опера, створаная на аснове старажытнай легенды, — «Цар малпаў здабывае зброю ў палацы цара дракона». Адносна яе адметнасцей спецыялістам адзначана, што тут «няма вакальных партый — ёсць моўныя дыялогі дзеючых асоб, суправаджэнне ансамбля кітайскіх нацыянальных інструментаў і надзвычайная паводле віртуознай лёгкасці акрабатыка ўсіх удзельнікаў оперы». Раскрыццю сюжэта спрыяюць «яркія касцюмы, маскі галоўных персанажаў, надзвычай выразныя мімічныя рухі».
У 1954 годзе Юльян Пшыркоў — загадчык сектара беларускай дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР, а таксама член Таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў Беларускай ССР. Даволі статусная акадэмічная пасада, прыналежнасць да ўплывовай грамадскай арганізацыі не ў апошнюю чаргу маглі паспрыяць запрашэнню Ю. Пшыркова на адзін з відовішчных канцэртаў.
У персанальным фондзе вучонага, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, знаходзіцца буклет праграмы канцэрта Народна-вызваленчай арміі Кітая ў Мінску, а таксама некалькі фотаздымкаў, якія зафіксавалі некаторыя эпізоды, што не трапілі ў публікацыі свайго часу, але з’яўляюцца важнымі і цікавымі з пункту гледжання гістарычнай рэтраспектывы.
На некаторых здымках бачым дзеячаў нацыянальнай культуры: Ларысу Александроўскую, галоўнага рэжысёра Беларускага тэатра оперы і балета, народную артыстку СССР; Іосіфа Жыновіча, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага народнага аркестра БССР; Глеба Глебава, народнага артыста СССР, прадстаўніка Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.
Даты і абставіны афіцыйных выступленняў і памятных сустрэч праясніла «Звязда» ад 21 лістапада 1954 года.
Александроўская вітала гасцей ад імя грамадскасці Мінска на сцэне Акруговага Дома афіцэраў 20 лістапада — у першы дзень канцэртных выступленняў. Тады ж адбылася і сустрэча работнікаў культуры і мастацтва сталіцы рэспублікі з удзельнікамі кітайскага ансамбля. З прывітальным словам выступіў народны артыст Павел Малчанаў.
У адказ прамаўляў таварыш Лі Вэй.
Потым адбыўся вялікі канцэрт, у першым аддзяленні якога бралі ўдзел дзяржаўны хор БССР, аркестр народных інструментаў і Беларускі дзяржаўны народны хор. У другім выступіў ансамбль Народна-вызваленчай арміі Кітая, што і засведчана ў буклеце праграмы.
Такім чынам, захаваныя матэрыялы, якія ў свой час можна было назваць рабочымі, сёння выконваюць ролю архіўна-гістарычную, асвятляюць трыумфальнае выступленне вялікага творчага калектыву з Паднябеснай у Мінску ў лістападзе 1954 года цеплынёй і шчырасцю былых эмоцый.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.