Вы тут

Яднанне душы і пачуццяў


DK-галерэя запрашае наведаць выставачны праект сучасных беларускіх мастачак «Humanum». У цэнтры даследавання — чалавек, яго ўзаемадзеянне з навакольным светам, унутраная барацьба з самім сабой, якая можа прывесці да трагедыі ці, наадварот, стаць крокам да лепшага жыцця.


Ганна Лаўрова «Прыняцце», 2023 г.

У экспазіцыі прадстаўлены работы Ганны Лаўровай, Яўгеніі Новік, Лізаветы Янковай і Васілісы Васілеўскай. Жывапісныя і графічныя, а таксама творы, выкананыя ў змешанай тэхніцы, аб’ядноўваюць традыцыі класічнай беларускай школы і прыёмы сучаснага мастацтва.

Прастора галерэі ўвабрала багатую колеравую палітру, разнастайнасць форм і стыляў. Яркія творы Лізаветы Янковай паказваюць цесную ўзаемасувязь чалавека і прыроды. Мастачка не абмяжоўваецца адным стылем — пачуцці і эмоцыі яна адлюстроўвае з дапамогай графікі і жывапісу. «У сваёй творчасці я даследую навакольнае асяроддзе. Усё гэта перакладаю на графічную і жывапісную мову пачуццяў. Мяне цікавіць, як чалавек звязаны з прыродай і як я бачу рэальнасць, у якой знаходжуся», — апісвае мастачка свае работы.

Стыль Лізаветы Янковай набліжаны да экспрэсіянізму: парушаная кампазіцыя, яркія плямы, актыўны сюжэт, рытмічныя рухі і зламаныя лініі. Дамінантай жывапісу мастачкі з’яўляецца дыптых «Чароўная прастора» (2023), дзе часткі «Земляробства» і «Жывёлагадоўля» расказваюць доўгую гісторыю чалавецтва на шляху да панавання на Зямлі. На абедзвюх карцінах чалавек трымае ў руках сімвал сваёй перамогі — прыручаную жывёлу і кошык з садавінай. Праз творы можна прасачыць і змены ў галоўным героі. 

Пераходным этапам паміж яркімі жывапіснымі работамі графікай і аўтара з’яўляецца карціна «Singer» (2023). 

Асноўныя колеры — зялёны, жоўты, шэры, чорны і белы. Гіпербалізаваныя формы робяць акцэнт на галоўных героях. Але швейная машынка «Singer», якая дала назву твору, губляецца на фоне магутнай фігуры швачкі.

Галоўная тэма графікі Лізаветы Янковай — жаноцкасць у яе сапраўдным выглядзе. Серыя «Венеры» (2024), выкананая з дапамогай звычайнай паперы і вугалю, адлюстроўвае багіню ў тым выглядзе, як яе ўяўлялі старажытныя рымляне. Неідэальная, на першы погляд, фігура ў выкананні мастачкі становіцца эталонам прыгажосці і пачуццёвасці.

Яўгенія Новік «Кот», 2024 г.

Яўгенія Новік спецыялізуецца на жанры «партрэт», які дазваляе ўбачыць асобу вачыма мастака, прасачыць асабістыя пачуцці аўтара і зазірнуць у яго душу. Партрэт расказвае пра мастака больш, чым пра саму мадэль. Яўгенія Новік працуе з рознымі колерамі і матэрыяламі. Творы «Развітанне», «Мацвей. Погляд», «Палёт. Я» выкананы з дапамогай звычайнай паперы і ручкі, з-за чаго гатовыя работы здаюцца незавершанымі. Мастачка выкарыстоўвае тэхніку «лайн-арт» — маляванне з дапамогай ліній і кропак, якія перадаюць двухмерныя і трохмерныя аб’екты. «Лайн-арт» падкрэслівае форму і контур, не абапіраючыся на колер, зацямненне і тэкстуру.

«Мае работы — гэта адлюстраванне мяне і таго, што аб’ядноўвае ўсіх нас значна больш, чым цялесная абалонка, — душы і пачуццяў. Я знаходжуся ў творчым пошуку, і ўсё, што ствараю, — гэта эксперымент. Мастацтва для мяне — спосаб спазнання свету і сябе», — піша мастачка.

Творы Васілісы Васілеўскай вельмі падобныя сюжэтам і колеравай палітрай. Яркія вогненныя абліччы адлюстроўваюць розныя пачуцці. Трыпціх «Якія гараць» (2024) адлюстроўвае ўнутраную барацьбу чалавека, супрацьстаянне супярэчлівых пачуццяў. Кожная частка паказвае розныя ступені чалавечай роспачы. Хваляванне адчуваецца ў работах «Жар» (2023) і «Camouflage» (2022).

Васіліса Васілеўская «Жар», 2023 г.

На ўнутраных перажываннях сканцэнтравана творчасць Ганны Лаўровай. Манахромныя работы напоўнены смуткам і дэпрэсіўным настроем. Мы не бачым твараў герояў, толькі постаці — як сапраўднае ўвасабленне душэўных пакут. Пасля яркіх і экспрэсіўных твораў Васілісы Васілеўскай і Лізаветы Янковай работы Ганны Лаўровай вяртаюць у душу спакой і раўнавагу.

«Я факусіруюся на адлюстраванні меланхалічных сцэн. Даследуючы тэмы адзіноты і светлага суму, імкнуся перадаць настрой праз свае работы. Выкарыстоўваю традыцыйныя тэхнікі жывапісу і спалучаю іх з сучаснымі падыходамі. Таксама — абмежаваную палітру, каб падкрэсліць элегійны настрой, стварыць кантраст паміж святлом і ценем», — падзялілася творца.

Акрамя жывапісных і графічных твораў, можна пазнаёміцца з эскізамі, замалёўкамі мастакоў і пагартаць скетчбукі.

Выстаўка працуе да 1 снежня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Загаловак у газеце: Спосаб спазнаць сябе

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.