Вы тут

Як выбраць ёлку да Новага года


Да Новага года застаўся літаральна месяц. Самы час вызначыцца з выбарам ёлкі — галоўным атрыбутам свята. Сапраўды, сёння перад кожным, хто жадае адчуць дома казачны і святочны настрой, стаіць даволі сур’ёзны выбар: ставіць жывую ёлку, штучную альбо ўвогуле ўпрыгожыць сваю хату дрэвам у кадцы?


Жывая ёлка

Варыянт традыцыйны і правераны часам. Лясная прыгажуня без сумневу створыць атмасферу сапраўднага зімовага свята. Па-першае, калючую лясную прыгажуню ў дзяцінстве ўпрыгожваў амаль кожны. Па-другое, гэта неверагодны і ні з чым непараўнальны водар! Уявіце сабе карціну: вы ходзіце па ёлачным базары, якія традыцыйна ладзяць у гарадах перад святам; на зямлю, ціха кружачыся, падае снег, а вакол навагодняя мітусня, смех, гарачыя спрэчкі аб форме і памеры дрэва, якое выбіраюць. Нарэшце вы знайшлі яго, самае-самае, купілі і — хутчэй дадому. І пакой напаўняецца пахам лесу, які, дарэчы, яшчэ і вельмі карысны, бо дрэва вылучае ў паветра шмат фітанцыдаў, якія абараняюць чалавека ад інфекцый.

Акрамя таго, ёлка з лесу — гэта каштоўная сыравіна. Пасля свята ёй можна знайсці прымяненне: для абагрэву хаты ў каміне ці печцы, а ігліца выдатна падыходзіць для мульчыравання — пакрыцця глебы для паляпшэння яе якасцяў. Пад такой подсцілкай значна менш расце пустазелле, не заводзяцца смаўжы, а фітанцыды абеззаражваюць глебу.

Аднак ёсць у варыянта з жывой ёлкай і пэўныя мінусы. Амаль галоўны з іх — патрэба ў пастаянным доглядзе. Лясной госці неабходна рэгулярна мяняць ваду, але і гэта не ратуе ад іголак, якія асыпаюцца. Вядома, і прыборку ў доме прыйдзецца рабіць значна часцей.

Каб паменшыць асыпанне іголак, рэкамендуецца дадаваць у ваду цукар або аспірын, а саму лясную прыгажуню пажадана ставіць як мага далей ад батарэй і абагравальнікаў.

Але для аматараў жывых ёлак сёння ёсць добрая альтэрнатыва — дрэва ў кадцы. Такая ёлка спалучае ў сабе плюсы апісаных вышэй варыянтаў: і ігліцай пахне, і месца для захоўвання шукаць не трэба, і не асыпаецца. Гэты варыянт таксама дазваляе захаваць жыццё дрэўцу: вясной яго можна перасадзіць у адкрыты грунт. Акрамя таго, набыццё дрэва ў кадцы спрыяе вырашэнню пытання незаконнай высечкі лесу пад Новы год. Дарэчы, каб не заахвочваць браканьераў, заўсёды цікаўцеся ў прадаўцоў пра ліцэнзію на правоз і гандаль хвойнымі.

Штучная ёлка

Прыгожа і даўгавечна. Сінтэтычнае дрэва выбіраецца адзін раз на доўгі тэрмін. Аднак трэба памятаць: лепш выдаткаваць больш грошай і набыць галоўны атрыбут свята з якасных матэрыялаў. Па-першае, такая рэч праслужыць шмат гадоў, па-другое, танны пластык выраблены з матэрыялаў, якія змяшчаюць устойлівыя арганічныя забруджвальнікі, напрыклад фенолы.

Акрамя таго, якасная ёлка глядзіцца прыгажэй і рэалістычней. Так, водару хвоі, вядома, не будзе. Але гэтая праблема лёгка вырашаецца. Можна набыць адпаведныя араматычныя палачкі або свечкі, якія будуць не толькі прыемна пахнуць, але і ствараць утульную і святочную атмасферу. Свечкі лепш выбіраць з натуральнага воску, бо парафін з’яўляецца прадуктам перапрацоўкі нафты. 

Наўрад ці хто захоча ўдыхаць шкодныя рэчывы.

Сярод мінусаў штучнай ёлкі варта адзначыць цяжкасці з захоўваннем: ёй спатрэбіцца для гэтага месца, бо нават у складзеным выглядзе яна займае даволі шмат прасторы. Асабліва гэта датычыцца буйнагабарытных варыянтаў. У якасці альтэрнатывы пастаянным збіранням і разбіранням сінтэтычнае дрэва можна зрабіць элементам інтэр’ера. Але ў гэтым выпадку можа страціцца ўвесь святочны шарм.

Увогуле, вырашайце самі. Аднак памятайце, у перыяд зімовых свят у свеце штогод высякаецца каля 120 мільёнаў хвойных дрэў. А для таго каб ёлка вырасла хоць бы да двух метраў, патрабуецца каля сямі гадоў. Таму пры выбары навагодняга дрэва турбуйцеся не толькі пра сябе, але і пра стан нашых лясоў.

* * *

Падрабязней аб тым, як экалагічна ўтылізаваць ёлкі, выбраць бяспечныя дзіцячыя цацкі ў падарунак да навагодніх свят, чытайце ў штомесячным грамадска-палітычным, навукова-папулярным часопісе «Родная прырода». Падпісацца на яго можна праз аддзяленні сувязі «Белпошта» і на сайце Belpost.by, сістэму Belpressa.by, аўтаматызаваную сістэму АРІП і ў магазінах і павільёнах «Белдруку».

Марыя САМАЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.