Вы тут

Магілёў сустракае «Марафон адзінства»


Пра гэту з’яву ў горадзе нагадваюць білборды ўздоўж дарог і красамоўная чырвона-зялёная «выцінанка» на гарадскіх афішах. Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства» нясе магутны зарад настрою, моцных эмоцый і драйву. У такім рытме горад пачне жыць ужо заўтра — 22 лістапада.


Фота: БелТА

З раніцы спікеры, артысты, блогеры, журналісты накіруюцца на заводы і ў сярэднія спецыяльныя ўстановы Магілёва, каб прыняць удзел у крэатыўных цэхавых канцэртах «Разам працуем, разам спяваем» і «НЯсумных НЯлекцыях» . Навучэнцам прапануюць інтэрактыўныя сустрэчы, стасункі з цікавымі суразмоўнікамі, сярод якіх намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая. Яшчэ ў Бабруйску яна заўважыла, што такі фармат вельмі спадабаўся моладзі. Бо там нават няма намёку на лекцыі. Гэта стасункі па душах.

Выхаванцы Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя І.Лучанка атрымаюць карысны досвед ад музыкантаў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкага аркестра. З імі пазаймаюцца маладыя зоркі, якія адзначаны за свае творчыя дасягненні дзяржаўнымі ўзнагародамі. 

Інклюзіўны складнік дадаецца ў праект «Адну справу робім». Калектыў магілёўскага ААТ «Ольса», якое спецыялізуецца на вытворчасці вырабаў на металічным каркасе і электратавараў, сустрэнецца з прадстаўнікамі прадпрыемства «Тыфлас» Беларускай асацыяцыі інвалідаў па зроку.

У горадзе адкрыецца адразу некалькі выставак. У гандлёвым цэнтры «Парк-Сіці» па вуліцы Мінская шаша можна будзе ўбачыць рарытэтныя плакаты са збору Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Са знакам якасці», а ў МДУ імя А. Куляшова — кнігі, якія былі перададзены ў дар Прэзідэнту. У абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава размясціцца выстава Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Вызваленне Беларусі. Верасень 1943-1944 гады».

Запамінальнай для падлеткаў стане цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласных этапаў адкрытага конкурсу малюнку сярод навучэнцаў пачатковых класаў «Мы разам» і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў на тэму «Што такое адзінства». У гарадскіх і раённых этапах конкурсу сачыненняў прыняла ўдзел болей чым 5,5 тысячы школьнікаў, у абласны трапіла толькі 69 лепшых. У конкурсе малюнкаў першапачаткова ўдзельнікаў наогул было болей чым 12,6 тысячы. На абласны этап адабрана 766 работ. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці. Выставу малюнкаў можна будзе паглядзець тут яшчэ на працягу двух тыдняў.

Яшчэ адной знакавай падзеяй стане сустрэча ў МДУ імя А. Куляшова студэнтаў і грамадскасці з доктарам педагагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым. У шчырай размове з магіляўчанамі ён закране тэму «Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт».

У суботу магіляўчан чакае шмат розных забаў, канцэртаў, выстаў на пляцоўцы каля Лядовага палацу спорту. Адным з цікавых выпрабаваннем стане гарадскі квест «Гэта ўсё маё роднае», які пачнецца ў 12.00. Трэба паспець зарэгістравацца на інтэрнэт-партале «Моладзь Беларусі» (brsm.by), каб атрымаць дадатковых 20 балаў. Камандам (ад 5 да 10 чалавек) прапануецца зняць кароткі відэаролік — прызнанне ў каханні Магілёву на чыгуначным вакзале, зрабіць фатаграфію на фоне ратушы на плошчы Славы і размясціць гэтыя матэрыялы ў сваіх сацыяльных сетках і месэнджарах з хэштэгамі #МарафонАдзінства #БРСМ #ГэтаУсёМаеРоднае. Рэгістрацыя анлайн прыпыніцца за дзве гадзіны да пачатку квеста. Можна будзе зарэгістравацца і непасрэдна на пляцоўцы, але без перавагі ў 20 балаў. Усяго ўдзельнікам трэба прайсці 10 станцый і адказаць на пытанні па гісторыі Беларусі і Магілёва, беларускай мове і літаратуры, цікавых фактах аб нашай краіне і яе дасягненнях, аб знакамітых людзях — ураджэнцах беларускай зямлі, месцах і прадукцыі, якія сталі візітоўкамі краю, беларускай кухні. 

Тут жа перад лядовікам будзе працаваць мабільны музей Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Наш доўг — помніць!» , размесціцца выстава дасягненняў айчыннага аўтапрама.

Падмацавацца можна будзе, як той казаў, не адыходзячы ад месца дзеяння. Спецыялізаваны комплекс фудтракаў, рознічнага гандлю і грамадскага харчавання прапануе аматарам смачна паесці разнастайнае меню. 

Вечарам пляцоўка пераўтворыцца ў танцавальную, дзе кіраваць настроем будзе дыджэй «Душэўнага радыё» Дзмітрый Санковіч. Арганізатары абяцаюць любімыя мелодыі і выдатны настрой. Танцы ля Лядовага палацу стануць працягам таго двухгадзіннага маштабнага канцэрту «Час абраў нас», які адбудзецца на лядовай арэне. У ім бяруць удзел вядомыя беларускія артысты і музыканты. 

Арганізатары марафона запрашаюць таксама на «Знакавую сустрэчу», якая адбудзецца 23 лістапада ў ГЦ «Атрыум». Удзел у ёй прымаюць начальнік аддзела па радыёвяшчанні «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, вядомы палітолаг Вадзім Гігін, беларускі тэлежурналіст Рыгор Азаронак. Тэма сустрэчы «Хто і як фарміруе наша мысленне».

На памяць аб «Марафоне адзінства» у Магілёве застанецца мурал «Будучае Беларусі ў тваіх руках», які нанесены на адзін з дамоў па вуліцы Фаціна. Яго адкрыццё адбудзецца таксама ў суботу з удзелам першага сакратара ЦК БРСМ, сенатара Аляксандра Лук’янава. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.