У Траецкім прадмесці Мінска знаходзіцца ўтульны старасвецкі дом, «гаспадар» якога — самы рамантычны беларускі паэт... Страцім-лебедзь айчыннай літаратуры, які рана памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, але яго постаць дасюль прыцягвае і простых чытачоў, і тых, хто прысвячае жыццё даследаванню яго жыцця і творчасці... Вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец — менавіта з апошніх. Нездарма на зборніку яе артыкулаў «РЭ/ЭКСПАЗІЦЫЯ. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча», які нядаўна пабачыў свет, значыцца слоган «Максім перадусім...» Менавіта выхад гэтай кнігі стаў падставай для нашай сустрэчы.
Мы сустрэліся, зразумела, у музеі. Там якраз праходзіць выстава «Мая сям’я», прысвечаная сваякам Максіма Багдановіча — так што найперш мяне чакала цікавая экскурсія. Сёння Ірына Вітальеўна шукае нашчадкаў сваякоў Максіма Багдановіча... І ідэя выставы належыць ёй. Нездарма ж аднойчы ў гутарцы яна сказала, што пакідае вывучэнне самога паэта слынным навукоўцам, а сама сціпла бярэцца за яго атачэнне…
— «Ад усіх цяпер нашчадкі ёсць, ды няма адных — Максімавых...» — сумна перафразаваў радок са свайго верша хворы на сухоты Максім Багдановіч, прадбачачы, што не паспее стварыць сям’ю і мець уласных дзяцей. Але з вашых расповедаў відаць, што кола нашчадкаў людзей, звязаных з паэтам, зацікаўленых у захаванні яго спадчыны, толькі павялічваецца…
— Гэта так... Я па-добраму ўвесь час зайздросціла музею Якуба Коласа, бо ў Коласа ёсць прамыя нашчадкі, і гэта магутная сіла. Зайздросціла і музею Янкі Купалы — хоць і непрамыя нашчадкі, але жывуць у Мінску. А мы былі такімі сіротамі... Не мелася родзічаў Максіма Багдановіча ў Мінску. Цяпер, праўда, знайшлася адна далёкая, але родзічка. Нашы асноўныя кантакты — у Ніжнім Ноўгарадзе, гэта нашчадкі стрыечнай сястры Максіма Багдановіча Веры, і ў Краснадары, дзе жыве яго ўнучатая пляменніца Наталія Сарока. Нашчадкі цёткі Магдаліны ў Ніжнім Ноўгарадзе не маглі ацаніць Максіма Багдановіча, але яго стрыечная пляменніца Анастасія Кунцэвіч выйшла замуж за Аркадзя Бараховіча, які зразумеў, што за асоба наш Максім. Рабіў пераклады яго вершаў, прапанаваў надаць імя Максіма Багдановіча вуліцы ў Ніжнім Ноўгарадзе — і яна з’явілася. Быў у ліку тых, хто ініцыіраваў з’яўленне мемарыяльнай дошкі на будынку былой гімназіі, дзе Максім вучыўся. Марыў пра музей Максіма Багдановіча ў Ніжнім Ноўгарадзе. Калі б у яго было крышку больш даўгое жыццё, думаю, такі музей з’явіўся б. Сёння, на жаль, Аркадзя Якаўлевіча ўжо няма, але мне ўдалося аднавіць стасункі з яго сынам і яго сям’ёй. Мы былі ў іх у гасцях, нам перадалі некаторыя дакументы, у прыватнасці перапіску зводнага брата Максіма Багдановіча Паўла. З перададзеных нам дакументаў — лісты Соф’і Арнольдавай, пра яе ёсць артыкул у маёй кнізе. Яна ведала Адама Ягоравіча Багдановіча, калі той працаваў настаўнікам у Мінску, ведала Марыльку, маці Максіма, калі тая яшчэ вучылася ў школе для бедных дзяўчат, сустракалася з Марылькай, калі тая вучылася ў Пецярбургу ў настаўніцкай школе, прыязджала да Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад, жыла там... Такое ўражанне ў мяне склалася, што прымярала сябе на ролю жонкі аўдавелага Адама Ягоравіча.
— Паверу — ён жа як магнітам прыцягваў да сябе жанчын, прычым самых прыгожых і разумных.
— У лістах Арнольдавай знайшліся новыя факты. Напрыклад, яна пісала, што Марыля была вельмі эмацыянальная і неўраўнаважаная, і калі ёй не хапала ўвагі Адама Багдановіча, яна звярталася да Соф’і з просьбай даць ёй 25 рублёў, каб сысці ад мужа.
— А Адам Ягоравіч тут жа ўключаў сваю абаяльнасць…
— Напэўна, пачынаў быць больш ласкавым, і жонка супакойвалася. Думаю, у яго была моцная харызма, якую не перадаюць фотаздымкі. І пра фота Марылі ён гаварыў, што яны не перадаюць яе характару, яны — маска, а ўся яна — «сверкающая поющая жизнь, вся движение, радость, восторг».
— Пара была незвычайная, паглядзець, як дзяцей сваіх выхавалі — усе геніі, кожны ў сваёй справе. Недарэмныя былі выхаваўчыя эксперыменты па метадзе Мантэсоры... Вадзім, Леў, Максім... Шкада, лёс не даў пражыць нікому з братоў дастаткова доўга.
— У гэтых дзяцей была смеласць да жыцця. Калі якую мэту сабе ставілі, ішлі да яе, не баяліся, не перажывалі, што скажуць іншыя... Гімназіст Вадзім піша вядомаму сацыёлагу Мікалаю Даніэльсану: «Мы хацелі б выдаць збор твораў вашых сачыненняў. Вы не супраць?». Адкуль такая смеласць? Потым звяртаецца да першага перакладчыка Карла Маркса на рускую мову Лапаціна: «Мы хочам выдаць вашу біяграфію»... Лапацін, зразумела, адмовіўся — ён ведаць не ведаў, хто такі да яго піша.
— Максім жа ў многім брата пераймаў…
— Так. У гімназіі было дапушчальна, каб гімназісты старэйшых класаў стваралі палітычныя гурткі. І Вадзім у шостым класе стварыў гурток анархістаў. А Максім, які вучыўся ў чацвёртым класе, прыйшоў з сябрамі на гурток і пачаў патрабаваць, каб іх таксама ўзялі. Шасцікласнікі выпхнулі, праўда, малых за дзверы. Падчас рэвалюцыі 1905 года Максім з сябрам, Дзмітрыем Крыловым, учынілі ў будынку гімназіі падрыў петарды. Калі высветлілася, што падрываў Крылоў, Максім адпрасіўся з заняткаў і пабег на кватэру сябра, каб схаваць сляды крыміналу. З лістоў Паўла Багдановіча высноўваецца, што і без удзелу трэцяга брата, Льва, які любіў матэматыку і хімію, не абышлося. Вось пра лёс Дзмітрыя Крылова мы па сёння нічога не ведаем — яго выключылі з гімназіі і збіраліся адправіць да бацькоў, бацька быў суддзёй у Кашынскім павеце. Я шукаю нашчадкаў Крылова. Можа, ён пражыў да дзевяноста гадоў і захаваў ліставанне з Максімам Багдановічам! Максім жа быў верным сябрам, ліставаўся і з сябрамі, і з настаўнікамі, з тым жа Андрэем Кабанавым, настаўнікам гісторыі. Максім кансультаваўся з ім па пытаннях беларусікі — я высветліла, што жонка Кабанава мела беларускія карані, маёнтак яе бацькоў быў каля Полацка, каля мястэчка Сіроціна. Нашчадкаў Кабанава я адшукала, яны перадалі ў музей электронныя копіі лістоў, фота. Мы разам ездзілі ў тое Сіроціна паглядзець на камяні, якія засталіся ад царквы, дзе некалі вянчаўся настаўнік Максіма Багдановіча.
— У вашай кнізе ёсць артыкул пра знойдзены ў ніжагародскай газеце невядомы фельетон Максіма Багдановіча…
— На сённяшні момант тут я стаўлю пытальнік. Ці можам мы дакладна сцвярджаць, што аўтарам фельетона «Международный чемпионат и ярославцы» з’яўляецца Максім Багдановіч? Так, падыходзяць і час апублікавання, — 1909 год, і выданне «Голас», у якім Максім друкаваўся, і псеўданім «Эхо», які нібыта выкарыстоўваў Максім паводле згадкі рэдактара Каныгіна. Але нельга выключаць, што пад гэтым псеўданімам нешта друкаваў іншы чалавек. Мне, вядома, вельмі хочацца знайсці новы твор Багдановіча, але, з другога боку, я аддаю перавагу фактам. Думаю, творы пад псеўданімам «Эхо» лепш змяшчаць у раздзеле твораў, якія прыпісваюцца Багдановічу. Калі будуць знойдзены дакладныя звесткі — аўтограф Багдановіча, яго ліст з адпаведнай згадкай, тады ўжо пераносіць у асноўны раздзел.
— Калі нядаўна знайшлі невядомы верш Багдановіча, дакладней, пераклад яго на рускую мову, сумненняў не было…
— Так, бо гэта аўтограф. Я ведала, што ў Маскве захоўваецца перапіска Адама Багдановіча з другой жонкай, з Максімам Горкім, з жонкай Горкага Кацярынай, але доступ да гэтых лістоў закрыты. У 2017-м я брала ўдзел у беларуска-расійскім форуме Саюзнай дзяржавы і выступала з дакладам, дзе сказала, што нам вельмі хочацца да юбілею Максіма Горкага зрабіць праект, для чаго патрэбнае ліставанне Адама Багдановіча. Пасля мне патэлефанавала намесніца дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры РАН Дар’я Маскоўская і паведаміла, што прынята рашэнне рыхтаваць такое выданне. У архіве Горкага адсканавалі 314 лістоў і пераслалі нам. І калі мы амаль падрыхтавалі кніжку, тэлефануе Дар’я Маскоўская. Яна пайшла ў архіў Максіма Горкага працаваць над пісьмамі Буніна, вырашыла заадно зазірнуць і ў картатэку па Багдановічу. І знайшла там звесткі пра рукапісны сшытак перакладаў «Зеленя». Максім Багдановіч пераклаў на рускую мову ўласныя вершы: з васьмі вершаў сем былі вядомыя, адзін невядомы, арыгінала яго пакуль мы не знайшлі.
— А раней самая галоўная сенсацыя была — неапублікаваны так званы «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча…
— Я да згаданага дзённіка стаўлюся роўна — ён для мяне проста крыніца інфармацыі факталагічнай. Пакуль што ўсё, што датычыцца жанчыны, якая так захапіла нашага Максіма падчас яго лячэння ў Крыме, — домыслы. Ёсць іншая гісторыя... Калі Максім ездзіў у Крым раней, у 1909 годзе, то адпачываў у пансіёне «Шалаш» і там пазнаёміўся з дзяўчынай, якой прысвяціў верш. Пазначана — «А. М. Кіц-най». У каментарыях да першага збору твораў Максіма Адам Багдановіч называе прозвішча той дзяўчыны — «А. Кіціцына». А мы ж нічога не ведаем пра яе... Пачала шукаць. Знайшла звесткі пра дваранскую сям’ю Кіціцыных, што жыла непадалёк ад Яраслаўля, мая знаёмая генеолаг Алена Кароўчанка выйшла на нашчадкаў. Знайшлі нават партрэт М. А. Кіціцынай, магчыма, гэта тая самая асоба.
— Пра яе гавораць, што была экзальтаванай дэкадэнткай…
— Гэта ўсё домыслы даследчыкаў, якія абапіраюцца на верш Багдановіча «Цемень», прысвечаны ёй, і каментары Адама Ягоравіча, які назваў яе «асобай містычнай». Трэба шукаць факты.
— У вашай сям’і культа Багдановіча няма?
— Ды не. Родныя, вядома, далучаны да маёй справы. Ведаюць, што калі дзе сустрэнуць інфармацыю пра Багдановіча, трэба мне яе прынесці. А калі сын быў маленькі і не было з кім пакідаць яго ў выхадныя, прыходзіла з ім у музей. Быў выпадак — прыйшлі дзеці на экскурсію, я пачала шукаць указку — а яна ў майго сына, які ўжо праводзіць экскурсію і радасна тлумачыць: «Вось газета, а вось кніга Максіма Багдановіча».
— А вырасшы, не праводзіць экскурсіі?
— Не, у яго іншая спецыяльнасць. Кажа: «Маці, нам хапае адной цябе з тваім інтарэсам на ўсю сям’ю». Радуе, што вакол мяне з’яўляецца ўсё больш аднадумцаў. Вось тэлефануюць з Яраслаўскай бібліятэкі — адкрылі доступ да газеты «Голас»... Падчас апошняй паездкі ў Ніжні Ноўгарад мяне пусцілі ў чытальную залу, хоць быў сандзень. Пачала сутаргава перагортваць вялізную падшыўку газеты «Нижегородский листок», знайшла артыкул Адама Багдановіча. Хоць напачатку Адама Ягоравіча не любіла і ім адмыслова не займалася…
— Ну, Уладзімір Караткевіч таксама яго не любіў і дакараў за адносіны да Максіма, за тое, што не разумеў захапленне сына беларушчынай…
— Як бы там ні было, гэта яго бацька, ён захаваў і перадаў на Беларусь архіў сына, папулярызаваў яго спадчыну…
— Знаёмыя абураліся выхаваннем дзяцей у сям’і Багдановічаў: ходзяць дзе хочуць, ядуць абы-як, займаюцца чым хочуць... Затое бацька чытае з імі «Іліяду».
— Там былі свае правілы... У хатнюю бібліятэку Адам Ягоравіч збіраў усё найлепшае з класічнай сусветнай літаратуры, а сучасную не любіў: лічыў яе аднадзённай. І Максім літаратурныя часопісы хадзіў чытаць у бібліятэку. Яшчэ Адам Ягоравіч забараняў дзецям наведваць кінематограф — і казаў, што ўсе сыны, акрамя аднаго, тое выконвалі. Хто той адзін — не ведаю. Расказвае ён ва ўспамінах і пра небяспечныя забавы сваіх дзяцей. Леў, калі яму было гадоў шаснаццаць, з аднакласнікамі садзіўся на параход, даплывалі да сярэдзіны Волгі, скакалі ў ваду і плылі да берага. У Яраслаўлі пачаліся чуткі, што бандзюкі садзяцца на гэты параход, рабуюць дам і з нарабаваным скачуць у ваду, дзе іх чакае лодка. Тады на параходах увялі дадатковую ахову, і небяспечныя гульні Льва спыніліся. Яшчэ адна гісторыя датычыцца стрыечнага брата Максіма Паўла Гапановіча. Ён, як і Леў, пайшоў падчас Першай сусветнай вайны на фронт. Ваяваў на Усходзе, параненым трапіў у шпіталь у Шанхаі. Там яго сляды і згубіліся... І раптам я знайшла звесткі: ён дажыў да 1993-га года, памёр у 97 гадоў. Я ледзь не заплакала, калі даведалася. Каб раней гэту інфармацыю знайсці, стрыечны брат Максіма мог бы нават прыехаць на адкрыццё нашага музея... На нашчадкаў Паўла Гапановіча пакуль не выйшлі, але я шукаю.
— Які ваш любімы раздзел у кнізе?
— Прысвечаны «Вянку». Я займаюся пошукамі асобнікаў адзінага прыжыццёвага зборніка Максіма Багдановіча. У артыкуле, прысвечаным нязнойдзеным «Вянкам», ёсць адна недакладнасць, але прыемная: калі кніга выйшла, Рыгор Бараховіч, стрыечны ўнучаты пляменнік Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада, перадаў на часовае захаванне ўнікальны «Вянок» з дароўным надпісам паэта стрыечнай сястры Веры Гапановіч. Цяпер з’явілася інфармацыя яшчэ пра адзін «Вянок», пойдзем глядзець... Усяго сёння вядома пра 45 «Вянкоў». Наклад быў дзве тысячы, так што 1955 асобнікаў нам яшчэ трэба шукаць.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Фота Лізаветы ГОЛАД
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.