Вы тут

Каб кніга стала бліжэй да чытача


У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага, якая святкуе векавы юбілей, абмеркавалі ролю кніжнай скарбніцы ў выхаванні чалавека як асобы. Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Таццяна Швед і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхаіл Пазнякоў расказалі пра важнасць чытання і ролю прыгожага пісьменства ў грамадстве, звярнуўшы ўвагу на супрацоўніцтва бібліятэкараў і літаратараў.


Галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Палунчанка шчыра падзякавала бібліятэкарам за іх працу, пажадала творчага натхнення і падзялілася вопытам, як яе праект, прысвечаны 80-годдзю вызвалення краіны, знайшоў водклік у школах і стаў сапраўды запатрабаваным. Так, улічваючы ўзрост навучэнцаў, пра подзвіг абаронцаў Брэскай крэпасці распавядалася праз паэтычнае слова. Вольга Палунчанка расказала пра важнасць праграмы «Прафесар» і шэраг праектаў, сярод якіх вылучаецца «Быць вартым Вялікай Перамогі». Яна таксама анансавала адкрыццё дзіцячага кніжнага цэнтра Нацыянальнай бібліятэкі ў студзені, Рэспубліканскую дзіцячую навукова-практычную канферэнцыю «Застацца чалавекам у полымі вайны» (адбудзецца 6 мая 2025 года ў Мінску з удзелам навучэнцаў з Расійскай Федэрацыі) і выказала прапанову перавыдаць кнігі. прысвечаныя піянерам-героям.

Дырэктар Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Людміла Гурыновіч раказала, што робіцца, каб аматары кніг з ахвотай наведвалі яе ўстанову. Сапраўды, паказчыкі выдатныя: звыш 22 тысяч чытачоў, 127 тысяч наведванняў у год, больш за 1,5 тысячы мерапрыемстваў, звыш 91 тысячы экземпляраў кніг выдаецца ў бібліятэцы. Амаль 80% кніг за 10 сёлетніх месяцаў набыта ў выдавецтваў, у тым ліку ВД «Звязда». 

Наколькі важна ездзіць ва ўсе куткі краіны, каб беларуская кніга стала бліжэй да чытача, нагадала Святлана Ганцарэвіч, намеснік дырэктара ВД «Звязда»: «Гэта не вельмі проста, але патрэбна, таму столькі ўвагі і сродкаў (у тым ліку маральных) удзяляецца арганізацыі і правядзенню шматлікіх прэзентацый кніг ва ўстановах адукацыі і бібліятэках, удзелу ў розных літаратурных фестывалях. Вядома, ВД „Звязда“ будзе працягваць гэту карпатлівую працу надалей! У рэгіёнах чытачы не настолькі „разбэшчаны“ жывымі сустрэчамі з літаратарамі з аўтограф-сесіяй». Прысутныя прадстаўнікі бібліятэк з рэгіёнаў выказалі вялікую падзяку СПБ і ВД «Звязда» за тое, што яны сумесна заўжды знаходзяць магчымасць прывесці пісьменнікаў нават у глыбінку.

Вядучы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аксана Малішэўская-Спрынчан расказала пра кнігі-навінкі. Галоўны рэдактар часопіса «Бярозка» Яніна Каралёва падзялілася вопытам павелічэння тыража выдання і наладжвання стасункаў з чытачом праз сацсеткі. Яна падзякавала старшыні СПБ, дырэктару ВД «Звязда» Алесю Карлюкевічу за падтрымку беларускамоўнага кантэнта на партале.

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат