Больш за трыццаць удзельнікаў міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі паказваюць сябе ў Віцебску, дзе з 20 да 24 лістапада адбываецца XXXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (ІFMC-2024). Сярод тых, хто пазмагаецца за перамогу, — маладыя артысты, студыі танца і асобныя праекты з Расіі і КНР, але большасць прадстаўляюць нашу краіну.
...І гэта нягледзячы на тое, што міжнародны конкурс адбываецца раз на два гады і чаргуецца з беларускім. Але калі ёсць новыя праекты, то чаму трэба чакаць наступнага года, калі можна паказаць іх раней?.. Магчыма, удзел у форуме, які набыў імідж адной з самых яркіх падзей у галіне сучаснай харэаграфіі на постсавецкай прасторы, стане дадатковым стымулам для творчага росту — ужо да наступнага конкурсу. Таму што айчынным гледачам цікава, каб былі і плён, і развіццё перш за ўсё для нашай культурнай прасторы. Таму мае значэнне і тое, хто з гасцей да нас прыязджае сябе паказаць, — гэта падстава ацаніць свой узровень у параўнанні з іншымі. І магчымасць паглядзець, што робяць іншыя ў гэтым кірунку, чаго яны дасягнулі. А фестываль, паводле арганізатараў, сёлета павінен прыняць гасцей з дзесяці краін.
Вызначаецца, безумоўна, галоўны госць сёлетняй праграмы — славуты Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета імя Леаніда Якабсона. Яго выступленне ў дзень адкрыцця стала магутнымі «ўводзінамі» ў сучасную харэаграфію. Таму што Леанід Якабсон некалі быў адным з найсмялейшых эксперыментатараў у балеце. А яго балет «Радэн» дагэтуль чаруе: на сцэне перад вачыма «ажываюць» скульптуры вялікага майстра, кожная мініяцюра напоўнена лірызмам і вытанчанасцю. Разам яны склалі цыкл, які лічыцца прыкладам дасканаласці ў балеце ХХ стагоддзя. Але і цяпер гэты тэатр працягвае творчы імпульс, зададзены сваім стваральнікам, што дэманструе балет «Гарэзныя прыпеўкі», пастаўлены амаль два гады таму Вячаславам Самадуравым на музыку Радзівона Шчадрына.
Госці з Расійскай Федэрацыі прадстаўляюць розныя рэгіёны сваёй краіны. Некаторыя, як тэатр сучаснай харэаграфіі «Балет. Тэатр» з Санкт-Пецярбурга, звяртаюцца да вобразаў, што ўжо прыцягвалі харэографаў раней, але падаюць свой погляд на іх: калі ласка, «Petrushka» намінаваны на прэмію «Залаты сафіт» па выніках сезона 2023/2024 гадоў. Некаторыя з гасцей паказваюць, наколькі глыбокія творы можна ствараць на мове цела. У прыватнасці, праз сучасную харэаграфію можна абуджаць сур’ёзныя думкі пра чалавека і свет («ЭТО Руская кампанія сучаснага танца» прывезла пастаноўку «Гэта ўсяго толькі рэчы» пра тое, дзе захоўваецца наша памяць). А нярэдка творцы звяртаюцца да знакамітых асоб праз харэаграфію. Напрыклад, маскоўская кампанія «ЯТЭАТР» прадставіла «Калыханку для Маякоўскага», створаную на аснове падзей жыцця паэта. А вось Дзяржаўны маладзёжны ансамбль песні і танца «Алтай» з Барнаула прапануе звярнуцца да творчасці Васіля Шукшына праз харэаграфічную навелу «Грацыі. Спадчына» (паводле апавядання). А ўлюбёны віцябчанамі калектыў з Пермі «Балет Яўгена Панфілава» сёлета нагадвае пра Шэкспіра: «Рамэа і Джульету» можа было паглядзець нават у Мінску ў межах фестывалю. Ды яшчэ звяртаецца да баек Крылова ў спектаклі «Пасмешышча». Зрэшты, у гэтага калектыву сёлета вялікая праца, яны занятыя на фестывалі штодня з рознымі спектаклямі. І нават у адмысловым сумесным праекце.
Спектакль «Прыгажосць» у пастаноўцы Кірыла Балтрукова з’явіўся ў афішы Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра ў 2021 годзе. Але ў Віцебску, пад заслону фестывалю, яго прадставяць разам з артыстамі тэатра «Балет Яўгена Панфілава». Назва адпавядае духу фестывалю сучаснай харэаграфіі, што так ці інакш накіроўвае да думак пра цуды, якія можна ствараць праз чалавечае цела. Гэта можна рабіць з гумарам, з пэўнай філасофіяй. У гэтым ёсць пачуццёвасць і эмацыянальнасць. Але, як правіла, галоўнае, што прыцягвае да харэаграфічных спектакляў — у тым ліку ў сучасным выяўленні, — гэта прыгажосць, якая пануе на сцэне. Яна можа быць рознай: з канкрэтнымі вобразамі ці з абстрактнымі, як у гэтым спектаклі. У сумесным «віцебскім» варыянце ён мае ўзроставае абмежаванне «12+»: фестывальная аўдыторыя мае быць больш шырокай і прыцягальнай для падлеткаў, якія, магчыма, захопяцца гэтым мастацтвам. Як пераможцы конкурсу, якіх журы назаве 24 лістапада. Для іх «Прыгажосць» павінна стаць свайго роду фінальным майстар-класам. А нас, гледачоў, павінна зацікавіць тое, што гэты спектакль застанецца ў афішы Маладзёжнага тэатра — ужо ў снежні яго можна будзе паглядзець на сталічнай сцэне.
Ларыса ЦІМОШЫК
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.
Дом з краявідам на будучыню.
Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат