19 лістапада Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін зацвердзіў змены ў ядзерную дактрыну дзяржавы, што спарадзіла інфармацыйную хвалю ў сусветных СМІ. Разам з тым на працягу папярэдніх тыдняў яны ж абмяркоўвалі, а ці дазволіць Вашынгтон Украіне наносіць ракетныя ўдары ўглыб тэрыторыі Расіі. Так і хочацца спытаць: «І чаго ж вам карціць?»
Хамская рыторыка заходніх СМІ у адрас Расійскай Федэрацыі і яе Прэзідэнта — гэта ўжо палітычная і інфармацыйная рэальнасць. Проксі-вайна, развязаная Захадам супраць Расіі на Украіне, прадугледжвае дэманізацыю саперніка, расчалавечванне яго лідараў, знішчэнне эканомікі і знішчэнне на полі бою. Канкрэтныя крокі ў дадзеным кірунку дакладна апісаны ў даследаваннях карпарацыі RAND, выкананых па заказе ўрада ЗША ў 2019 годзе пад назвай «Расцягваючы Расію. Супрацьстаянне з выгадных пазіцый» і ў 2021 годзе «Канкурыраваць з Расіяй па-ваеннаму. Наступствы звычайнага і ядзернага канфліктаў».
У выпрацаваных рэкамендацыях планавалася шляхам эскалацыі ўнутранага пратэснага патэнцыялу пазбавіць Расію саюзнікаў, стварыць уздоўж яе заходніх меж «санітарны кардон», уключыць Беларусь у сферу ўплыву Захаду, падарваць эканоміку за кошт палітыкі ізаляцыі і санкцый, ініцыіраваць унутраны пратэст і нанесці ваеннае паражэнне «чужымі рукамі». У якасці галоўнай прылады была выбрана Украіна.
Гаворачы аб «стрымліванні і абароне», пачынаючы з 2022 года ЗША і Еўрасаюз на практыцы рэалізоўвалі свае стратэгіі, эканамічна душылі Расійскую Федэрацыю і Беларусь, уводзілі загадзя падрыхтаваныя санкцыйныя пакеты, замарожвалі дзяржаўныя актывы, рвалі лагістычныя сувязі, знішчалі стратэгічныя камунікацыі.
Альянс, заяўляючы аб сваім няўдзеле ў канфлікце, стаў стратэгічным тылам кіеўскага рэжыму, які забяспечвае яго рэсурсамі, узбраеннем, базамі для падрыхтоўкі войскаў, дарадцамі і фінансамі для вярбоўкі наёмнікаў. НАТА аб’яднала свае рады перад «пагрозай дэмакратычным прынцыпам» і ўпэўненасцю ў хуткай перамозе. «Расія не павінна перамагчы!» — як мантру паўтараюць лідары заходняга свету.
Паслядоўна ЗША, ЕС і НАТА пашыраюць спектр зброі, якая пастаўляецца Кіеву. Спачатку гаворка ішла выключна аб «нелятальных» узорах, затым пайшлі супрацьтанкавыя комплексы («Джавеліны»), міны і боепрыпасы, сістэмы СПА (уключаючы «Патрыёт»), артылерыя, бранятэхніка (БТР, БМП і танкі), беспілотныя сродкі, крылатыя і балістычныя ракеты і, нарэшце, самалёты (уключаючы носьбіты ядзернай зброі). Гэта, не лічачы тысяч наёмнікаў, сабраных з усіх куткоў свету, падрыхтоўкі дзясяткаў тысяч салдат на палігонах ЕС і ЗША, атрымання разведвальнай інфармацыі і разгортвання ваенных вытворчасцяў ва ўсходняй Еўропе і ва Украіне.
Пагардлівасць і поўнае грэбаванне інтарэсамі Расіі нярэдка заўважаюцца ў выказваннях заходніх палітыкаў, дэманструючы іх поўную адарванасць ад рэчаіснасці. Старшыня Камісіі Еўрапейскага саюза (ЕС) Урсула фон дэр Ляен у відэазвароце ў 1000-ы дзень вайны паабяцала і надалей падтрымліваць Украіну. Яна дэкларавала: «1000 дзён таму Расія спрабавала сцерці Украіну з зямлі, Расія прайграе дзякуючы супраціўленню Украіны і самаахвяраванню герояў. Яна павінна заплаціць за тысячу дзён злачынстваў і разбурэнняў... Мы абяцаем заставацца побач з вамі столькі, колькі спатрэбіцца. Будучыня Украіны — у нашым Саюзе. Ваша свабода — наша свабода. А наш Саюз — ваш дом».
І гэта ў той час калі сотні тысяч украінцаў ужо аддалі свае жыцці за «заходнія каштоўнасці», іх рукамі наносіцца ўрон стратэгічнаму саперніку — Расіі, а ЗША падлічваюць прыбытак, атрыманы ад вайны. Усе заклікі глабальнага Поўдня і Усходу аб мэтазгоднасці завяршэння вайны застаюцца без адказу, а ваеннае супрацьстаянне зацягвае ў сваю арбіту ўсё большую колькасць краін. З 2022 года ЕС і яго дзяржавы-члены ўклалі ў вайну каля 124 млрд еўра, а ЗША — яшчэ каля 80 млрд долараў.
ЗША і іх саюзнікі на практыцы блакіруюць усе дыпламатычныя магчымасці спынення канфлікту, штучна разганяюць гонку ўзбраення, пераходзяць да стратэгіі «доўгачасовага знясілення» і рэалізацыі плана па выратаванні заходняга светапарадку ваеннымі сродкамі. Вашынгтон спрабуе зрабіць канфлікт ва Украіне бестэрміновым і выкарыстоўваць яго для аслаблення Расіі і ператварэння НАТА ў рэальны інструмент глабальнай вайны. У Еўропе — супраць Расіі, а затым у Азіі — супраць Кітая.
Мілітарысцкая рыторыка ўвесь час падтрымліваецца заходнімі элітамі. Кіраўнік Федэральнай разведвальнай службы (BND) Германіі Бруна Каль і старшыня Ваеннага камітэта НАТА адмірал Роб Баўэр на поўным сур’ёзе заяўляюць: «Улады краін — членаў НАТА і іх грамадзянскае насельніцтва павінны быць гатовы да поўнамаштабнай вайны з Расіяй». Ім падтаквае прэзідэнт ЗША Дж. Байдэн, дэкларуючы: «Калі Пуцін возьме Украіну, ён не спыніцца там. Важна паглядзець у доўгатэрміновай перспектыве. <...> Пуцін нападзе на саюзнікаў [ЗША па] НАТА, калі ён працягне прасоўвацца, ён атакуе саюзнікаў НАТА». Ваенная істэрыя набрала максімальныя абароты.
Адначасова заходнія ваенныя прызнаюць, што «Паўночнаатлантычны альянс ужо адправіў бы ва Украіну свае войскі, калі б у Расіі не было ядзернай зброі». Пра гэта 10 лістапада 2024 года на саміце ў Чэхіі казаў Р. Баўэр. Больш за тое, прадстаўнік Стратэгічнага амерыканскага камандавання (STRATCOM) контр-адмірал Томас Б’юкенен заявіў, што ЗША дапускаюць абмен ядзернымі ўдарамі, калі краіна захавае частку свайго арсеналу для далейшага стрымлівання патэнцыяльных сапернікаў. Характэрна, што ў абноўленай ядзернай дактрыне Вашынгтона адсутнічае абавязацельства не прымяняць ядзерную зброю першымі.
Па сутнасці, размова ідзе аб перарастанні лакальнага канфлікту ў сусветны з прымяненнем зброі масавага паражэння. Бакі працягваюць узнімаць стаўкі, не слухаючы голас розуму. Крайнім фактарам эскалацыі сталі «дазволы» ЗША, дадзеныя Кіеву, наносіць дальнабойнымі ракетамі АТАCМS удары па тэрыторыі Расіі і аналагічныя рашэнні Вялікабрытаніі і Францыі адносна Storm Shadoy і SCALP. Падобныя крокі патрабуюць адказу, адэкватнага абстаноўцы.
Варта адзначыць, што да моманту прыняцця кааліцыйнай стратэгіі НАТА-2022 на тэрыторыі Украіны ўжо вялася рэальная вайна паміж Расіяй і Паўночнаатлантычным саюзам. Праз два гады, 18 лістапада 2024-га, новы Генеральны сакратар альянсу Рутэ абвясціў журналістам, што «калі саюзнікі Украіны пастаўляюць ёй зброю, ім не варта накладваць абмежаванні на іх выкарыстанне. Аднак прыняцце падобнага рашэння застаецца правам кожнай краіны, якая пастаўляе дапамогу».
Галоўны па НАТА практычна абстрагаваўся ад праблемы, аддаўшы «калектыўную абарону» на водкуп асобным краінам-удзельніцам. Сапраўды, «саламонава» заява заходняга палітыкана. Аднак у адрозненне ад такіх персанажаў лідары Беларусі і Расіі адказваюць за ўласныя словы і рашэнні, якія закранаюць грамадзян Саюзнай дзяржавы.
19 лістапада 2024 года быў зацверджаны і апублікаваны дактрынальны дакумент «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў галіне ядзернага стрымлівання», названы таксама ядзернай дактрынай. Уладзімір Пуцін анансаваў унясенне змяненняў у яе на нарадзе 25 верасня, заявіўшы, што палажэнні абмеркаваны з Мінскам. Пры гэтым было абвешчана, што канцэптуальна расійская ядзерная дактрына з’яўляецца адаптыўным дакументам, які можа рэагаваць на змяненні абстаноўкі.
Дакумент стаў адказам Захаду на спробы знайсці пралазы для нанясення паражэння Расіі і ўдараў па яе тэрыторыі натаўскай зброяй рукамі Украіны. Сярод асноўных дапаўненняў: Масква разглядае як сумесны напад агрэсію з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай. І гэта прамая адсылка да Украіны, ЗША і НАТА.
Акрамя таго, у абноўленай рэдакцыі дакумента ўдакладнены ўмовы магчымага пераходу Расіі да прымянення ядзернай зброі. Да такіх аднесены: атрыманне дакладнай інфармацыі аб масіраваным запуску самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатых ракет, беспілотнікаў, гіпергукавых і іншых лятальных апаратаў і перасячэнне імі дзяржграніцы. Раней у гэтым кантэксце згадваліся толькі балістычныя ракеты.
Расія гатова выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі як удзельніцы Саюзнай дзяржавы.
Падобны адказ з’яўляецца прапарцыянальным развіццю абстаноўкі ў еўрапейскім рэгіёне і фактарам стратэгічнага стрымлівання для заходніх ястрабаў. У перыяд палітычнай блытаніны ў Белым доме і барацьбы за ўплыў у ЕС нельга дапусціць зніжэння ўзроўню бяспекі для грамадзян Саюзнай дзяржавы.
На нашых вачах геапалітычнае супрацьстаянне пераходзіць у ваенную фазу і пашырае свае маштабы. Аднак спробы Захаду аперыраваць чужымі рукамі разбіваюцца аб своечасовыя рашэнні саюзнікаў.
Мы дакладна ўсведамляем, што «дабро павінна быць з кулакамі» і не прымаем дыктату ў міжнародных адносінах. Усе пытанні трэба вырашаць за сталом перагавораў, улічваючы інтарэсы ўсіх удзельнікаў працэсу, а ўнутраныя праблемы не варта выносіць на міжнародны ўзровень. Сёння ў перыяд электаральнай кампаніі ў Беларусі праходзіць маштабнае камандна-штабное вучэнне, мэта якога «праверка гатоўнасці і здольнасці ўсіх суб’ектаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі да выканання задач у адпаведнасці з прызначэннем». Удакладненне стратэгічных планавальных дакументаў — гэта не толькі элемент глабальнага стрымлівання, але і шлях адаптацыі сістэмы да рэальных умоў, які дазваляе забяспечыць мірнае неба краіны.
Нам ёсць чым адказаць сапернікам. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі мае ядзерны шчыт і магутны меч, у надзейнасці якіх не варта сумнявацца. Працэс фарміравання шматпалярнага светаўладкавання ўжо запушчаны, а яго завяршэнне — толькі справа часу.
Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прафесар
Прэв’ю: з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».