Вы тут

Ігар Бокій: Я магу плаваць і спаборнічаць. Што яшчэ трэба для шчасця?


Адзін залаты медаль радуе, два здзіўляюць, тры захапляюць. А 21-ы залаты медаль?.. Ігар Бокій 21 раз падымаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала. 

Гэта не проста грандыёзнае спартыўнае дасягненне. Гэта каласальная праца, неверагодная вытрымка і незвычайная сіла духу. А колькі ўсяго яшчэ стаіць за кожным медалём. Колькі ўсяго даводзіцца пераадольваць паралімпійцу і яго трэнеру Генадзю Аляксеевічу Вішнякову, ведаюць толькі яны. І ад гэтага кожны медаль яшчэ больш каштоўны. На вагу золата і кожнае інтэрв’ю Ігара Бокага — тытулаваны спартсмен больш любіць рабіць, а не гаварыць. Але, на шчасце, часам згаджаецца і паразмаўляць. І ў інтэрв’ю «Звяздзе» Ігар Бокій адказаў на пытанні, якія, напэўна, цікавяць многіх.


— Ігар, мала хто перамагаў столькі разоў, колькі гэта рабілі вы. Прызнайцеся, уражанні ад першай перамогі і ад 21-й моцна адрозніваюцца?

— Першая — самая запамінальная. Насамрэч з ёй нішто не параўнаецца па эмоцыях і ўспрыманні. Першы залаты медаль — самы асаблівы, таму што ён першы. Заваёўваць дваццаць першы, вядома, таксама вельмі прыемна, таму што за ім стаяць гадзіны, праведзеныя на трэніроўках, вялізны аб’ём працы. І таму ён таксама неверагодна значны. Але ўвогуле, кожны медаль каштоўны, кожны медаль сімвалізуе пэўны жыццёвы этап.

— Усе «залатыя» заплывы ў памяці засталіся?

— Не, заплывы не ўсе, вядома. Самым дзіўным быў заплыў у Рыа на 100 метраў брасам, у якім мне ўдалося заняць трэцяе месца. Тады яшчэ ў двух спартсменаў было першае месца і вельмі добра адклалася ў памяці, як яны двое стаяць наверсе і я збоку. Але больш я здзівіўся, што ў мяне атрымалася ўзяць медалі ў брасе. Цяпер, мусіць, мне такі подзвіг паўтарыць не атрымаецца.

— Што не так з брасам?

— Ён у мяне з дзяцінства не атрымліваецца, проста не даецца. Тая «бронза» як быццам была выпадковай. Вядома, я працаваў дзеля яе, але брас не мой від. Ды і яшчэ калі пачыналі трэніраваць брас, усе астатнія віды зляталі, проста пераставаў іх адчуваць. Таму мы з трэнерам вырашылі не мучыць сябе і пакінуць брас у спакоі, працаваць над тым, што атрымліваецца. Перад Парыжам яго практычна і не трэніравалі. І парадокс — у комплексе вынікі менавіта ў брасе былі лепш, чым калі-небудзь. Вывад відавочны: трэніраваць яго не варта. Брасістам трэба нарадзіцца, я ж, відаць, народжаны для іншых відаў.

— Прайшоўшы чатыры паралімпіяды, якую можаце назваць самай яркай?

— Дзве супастаўныя — першая і апошняя. Першая, таму што першая. Эмоцыі, колькасць гледачоў, апладысменты — у 2012 годзе ў Лондане ўсё гэта натхняла і псіхалагічна зараджала. На апошняй гледачоў і барацьбы было яшчэ больш. Але што мне асабліва запомнілася ў Парыжы, дык гэта тое, што ўсё было не так адназначна. 

Былі спартсмены, якія плылі вельмі блізка са мной, хтосьці больш напружваў, хтосьці менш. Сябры, якія назіралі за маімі спаборніцтвамі, казалі, што ў Парыжы яны былі самымі цікавымі, бо была барацьба.

— За 12 гадоў моцна вырасла канкурэнцыя?

— Адбылася змена пакаленняў. Тыя, з кім спаборнічаў у Лондане, ужо скончылі кар’еру. А ад маладых спартсменаў можна чаго заўгодна чакаць, таму што ва ўсіх па-рознаму адбываецца скок росту. У мяне рост ішоў паступова. Пік быў у 2013 годзе, ужо пасля Лондана. Але сур’ёзная праца і нагрузкі адбіліся на зроку — ён падсеў яшчэ больш. На кожным старце абсалютна кожны спартсмен можа выйсці на пік і здзівіць сваіх сапернікаў. Аднаму ў гэты момант будзе 20 гадоў, другому — 27. Гледзячы збоку, прадбачыць нельга. Таму, як кажа мой трэнер, «яны працуюць шмат, а мы працуем яшчэ больш».

— Генадзь Аляксеевіч Вішнякоў адзначаў, што ў вас прыроднае пачуццё вады і фенаменальная плывучасць. Як гэта праяўляецца?

— Гэта і мой першы трэнер Наталля Юр’еўна Пазнякова адзначала. Я лёгкі на вадзе, спакойна ляжу, нават расслаблена. Ёсць людзі, якія, нават набраўшы поўныя лёгкія паветра, усё роўна не могуць на вадзе спакойна ляжаць. Мне ж не трэба прыкладаць ніякіх намаганняў. І гэта мая вялікая перавага, паколькі чым спакайней ляжыш на вадзе, тым менш сіл марнуеш на плаванне. Таму гэта цудоўны падарунак ад прыроды.

— Зразумела, што як прафесіянал вы аб’ектыўна ацэньваеце сваіх сапернікаў. Але ці былі моманты ў кар’еры, калі адчувалі сябе непераможным?

— Вядома, было, калі выходзіў на дыстанцыю са стапрацэнтнай упэўненасцю ў сваіх сілах. Напрыклад, калі ў 2013 годзе ўстанавіў нацыянальны рэкорд — упэўненасць тады была стапрацэнтная. Але, як прафесіянал, я разумею, што занадта шмат упэўненасці ў сабе быць не павінна. У сябе трэба верыць, але не фанатычна, бо можна перагарэць. Калі вешаеш на сябе медаль, у выпадку форс-мажораў пачынаецца паніка, перастаеш думаць галавой. Нездарма ж кажуць, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Панікаваць, залішне тузацца, мітусіцца ў вадзе — гэта самае небяспечнае, што можа быць. Так, перад спаборніцтвамі можна нервавацца, гэта нармальна, ад гэтага ніхто не застрахаваны. Але нельга страчваць пільнасць і пераставаць думаць галавой падчас спаборніцтваў, інакш згубіцца ўсё напрацаванае на трэніроўках. Да ўсяго трэба падыходзіць адэкватна і спакойна. Залатое правіла, дарэчы, не толькі для спорту, працуе ўсюды.

— Сярод сотняў перамог ці ёсць нейкае паражэнне, якое да гэтага часу крыўдна ўспамінаць?

— Нядаўняе на чэмпіянаце Еўропы паражэнне для мяне крыўднае, для многіх, мусіць, дзіўнае. Перад стартам заплыву на спіне саслізнулі ногі. У мяне атрымалася не запанікаваць, не занервавацца, не ірвануць адразу за ўсімі. Спакойна, у сваім тэмпе праплыў дыстанцыю і заняў другое месца. Мог бы і першае, але вось недарэчная выпадковасць не дазволіла. Крыўдна. Аднак я прааналізаваў заплыў і зразумеў, што ў гэтым ёсць мой «касяк» — няправільна паставіў ногі. Атрымаў урок на будучыню. Надалей больш уважліва адпрацоўваю старт на спіне і сачу за тым, як стаўлю ногі. 

Прайграваць непрыемна заўсёды, нават нягледзячы на тое што паражэнні здараюцца радзей, чым перамогі. Аднак прафесіянала адрознівае тое, што з кожнага паражэння ён выносіць урокі і робіць работу над памылкамі.

— Ігар, вас часта параўноўваюць з Майклам Фэлпсам. Як да гэтага ставіцеся?

— Калі сапраўды, надакучыла. Фэлпс — гэта Фэлпс, ён далёка, на Захадзе. Я Ігар Бокій, я з Беларусі. Я пішу сваю спартыўную гісторыю, прадстаўляю сваю краіну і ўношу сваё імя ў яе гісторыю.

— У якім рэжыме трэніруецца 21-разовы паралімпійскі чэмпіён?

— У загружаны перыяд падрыхтоўкі да асноўных стартаў у нас 10 трэніровак у тыдзень — 5 на вадзе і 5 у зале. З-за таго што я выконваю некалькі відаў, даводзіцца ўвесь час сачыць за сваім станам і рэгуляваць нагрузку. Але ў гэтым ёсць і свае перавагі. Напрыклад, ад кролю можна пераключыцца на нешта іншае, адпачыць і весялей правесці час. Дзве гадзіны адпрацавалі на вадзе і потым яшчэ ў зале паўтары гадзіны. Гэта ў першай палове дня. І яшчэ адна трэніроўка на вадзе ўвечары.

— Былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць і больш ніколі не з’яўляцца ў басейне?

— Адзін раз. Калі з-за праблем са зрокам дактары перасталі даваць мне допуск на спаборніцтвы тады яшчэ сярод здаровых спартсменаў. Бацькі, баючыся за маё здароўе, прапаноўвалі пакінуць басейн, заняцца вучобай. Мільгацелі думкі, што, магчыма, яны і маюць рацыю: калі ўжо так складваецца, то са спортам трэба развітвацца. Але ў той жа час я разумеў, што плаванне я люблю больш за ўсё на свеце і хачу займацца толькі ім. Добра, што на дапамогу прыйшоў паралімпійскі спорт. Да гэтага я нічога пра яго не ведаў. Для мяне гэта быў зусім новы, нязведаны шлях, але я стараўся ісці па ім упэўнена, з поўнай самааддачай. Самым галоўным для мяне было тое, што мне дазволілі выступаць на спаборніцтвах. Я магу плаваць і спаборнічаць — што яшчэ трэба для шчасця?

— У паўсядзённым жыцці праблемы са зрокам шмат нязручнасцяў дастаўляюць?

— Для мяне заўсёды тое, як я бачу, было нормай. У дзяцінстве лічыў, што ўсе людзі так бачаць. Але, калі ў школе пасадзілі на першую парту, прапісалі акуляры, я, вядома, як і ўсе дзеці, супраціўляўся. У маім дзяцінстве за акуляры яшчэ дражнілі. Цяпер акуляры — гэта модны аксессуар, і ўсе да іх прывыклі. Мне ж акуляры, лінзы сёння ніякіх нязручнасцяў не дастаўляюць.

— Чэмпіён — гэта яшчэ і публічная асоба. Але вы, як вядома, не вельмі любіце інтэрв’ю і мерапрыемствы…

— Гэта частка маёй працы. Так, інтэрв’ю, мерапрыемствы я не люблю, але я разумею, што трэба іншым разам удзельнічаць у мерапрыемствах, даваць інтэрв’ю. 

Часам мне гэта ў цяжар. Напрыклад, калі ў аэрапорце цябе акружаюць журналісты, а я стомлены пасля пералёту, выматаны. Так, прыемна, што людзі цікавяцца, але ў такія моманты мне больш хочацца бачыць сям’ю, а не камеры. Мне падабаецца думаць, што, убачыўшы маё інтэрв’ю, малады спартсмен атрымае патрэбныя яму стымул і матывацыю. Магчыма, мой прыклад кагосьці натхніць. Гэта для мяне важна. Я спадзяюся, што, пачуўшы пра мае перамогі, дзеці, падлеткі зразумеюць, што ўсё ў нашых руках і што ніколі нельга здавацца. Трэба быць проста адданым сваёй справе.

— Што б сказалі юнаку, якому ўрачы не даюць допуску для ўдзелу ў спаборніцтвах?

— Ніколі не апускай рукі і не аддавай мару. Займацца любімай справай, якая прыносіць задавальненне, — гэта вялікае шчасце.

— Акрамя таго, што вы чэмпіён, — вы яшчэ і тата. Як у гэтай ролі сябе адчуваеце?

— Быць бацькам нялёгка. У дачкі ў чатыры гады ўжо няпросты характар. Яна вельмі ўпартая, з ёй трэба дамаўляцца, часам угаворваць. Выхоўваць дзіця няпроста, але яе ўсмешка, нейкія ласкавыя словы вартыя ўсіх складанасцяў. Таму я стараюся як мага больш часу праводзіць з сям’ёй.

— Пасля паралімпіяды ўжо прайшло дастаткова часу. Якія бягучыя планы?

— Пакуль у нас міжсезонне. А потым будзем вяртаць форму да асноўных стартаў. Наступны галоўны старт — чэмпіянат свету ў Сінгапуры ў кастрычніку 2025 года. Перад ім будуць і іншыя спаборніцтвы. Пакуль трэба адпачыць, гэта таксама важна, каб не згарэць. Па любімай справе трэба засумаваць. Бывае, пасля перапынку так наробішся, што ад болю ў мышцах устаць не можаш. Але ад гэтага добра.

— Ігар, скажыце, калі ласка, у чым ваша матывацыя.

— Па-першае, я люблю свой від спорту. Па-другое, мне самому цікава, як доўга я змагу выступаць, як доўга я змагу трымаць форму, трываць нагрузкі. Жадаю праверыць, наколькі я здольны палепшыць свае вынікі на ўсіх дыстанцыях. Гэты спартыўны інтарэс і трымае ў спорце.

— На ваш погляд, здольнасці чалавечага арганізма бязмежныя?

— Вядома, у прафесійным спорце ёсць нейкі ліміт унутраных рэзерваў. З узростам губляюцца вынослівасць і сіла, не заўсёды вытрымліваеш нагрузку. Усё ж мы жывыя людзі. Але кожны спартсмен адчувае свой арганізм і разумее, калі яго рэзервы заканчваюцца. Я гэтага пакуль не адчуваю.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».