Як адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксей Новаш, зараз кіберзлачынствы — гэта не проста дзейнасць асобных асоб, а сур’ёзны бізнес, пабудаваны на жаданні маментальнага ўзбагачэння. І зламыснікі генеруюць масу розных спосабаў падману. Па выніках дзесяці месяцаў такія тэхналагічныя злачынствы займаюць больш як чвэрць у агульнай структуры злачыннасці. І гэтая лічба пастаянна расце. Адна з асноўных прычын — развіццё высокіх тэхналогій. Асобы, якія здзяйсняюць злачынствы, пераносяць сваю супрацьпраўную дзейнасць у лічбавае асяроддзе, якое забяспечвае пэўную ступень іх ананімнасці і дазваляе прыносіць вялікі прыбытак.
«Сёлета каля 60 % кіберзлачынстваў кваліфікавалася як махлярства, калі пацярпелыя практычна самастойна перадавалі свае зберажэнні злачынцам пад рознымі падставамі», — падкрэсліў Аляксей Новаш. Паводле яго слоў, раней кіберзлачыннасць характарызавалася здзяйсненнем дзеянняў, звязаных з крадзяжом грашовых сродкаў грамадзян з выкарыстаннем несанкцыянаванага доступу да іх банкаўскіх рахункаў, перадачай пароляў і рэквізітаў. Праводзілася прафілактычная работа, калі прымяняліся тэхнічныя метады абароны. Усё гэта паспрыяла таму, што ўзровень лічбавай пісьменнасці насельніцтва павысіўся. І проста так да банкаўскіх рахункаў ужо не дабярэшся.
«Злачыннасць перайшла да менш затратных у матэрыяльным і тэхнічным плане спосабаў махлярства, якія грунтуюцца на бестурботнасці грамадзян, таму мы павінны больш казаць аб павышэнні іх эканамічнай пісьменнасці», — адзначыў Аляксей Новаш.
Звыш паловы злачынстваў, звязаных з кібермахлярствам, прыпадае на куплю неісных тавараў у інтэрнэце. Калі да іх дадаць розныя віды махлярства ў сферы паслуг, як, напрыклад, арэнда жылля, то мы выйдзем на паказчык больш за дзве траціны. Другое месца займаюць злачынствы, звязаныя з вішынгам, калі грамадзянам паступаюць званкі з выдуманых «банкаўскіх устаноў», «праваахоўных органаў», а таксама званкі або паведамленні ад «кіраўнікоў арганізацый» з выдуманага акаўнта. У кожным з гэтых выпадкаў праводзіцца псіхалагічная апрацоўка ахвяры, заснаваная на метадах сацыяльнай інжынерыі. Галоўная мэта зламысніка — схіліць чалавека да добраахвотнага пераводу сродкаў, афармлення крэдыту, правядзення маніпуляцый са сваімі зберажэннямі, каб яны трапілі на кантраляваны злачынцам рахунак. Як правіла, такія злачынствы адносяцца да катэгорыі цяжкіх, бо сумы шкоды грамадзянам перавышаюць 250 базавых велічынь. «Людзі даставалі зберажэнні, якія яны назапашвалі гадамі. Фіксаваліся выпадкі, калі грамадзяне не толькі займалі сродкі ў родных і знаёмых, афармлялі крэдыты, але і прадавалі транспартныя сродкі і нават аб’екты нерухомасці. І па алгарытмах, навязаных ашуканцамі, пераводзілі сродкі на іх рахункі», — адзначыў Аляксей Новаш.
Праваахоўныя органы прымаюць сур’ёзныя меры, накіраваныя на папярэджанне і прафілактыку такога роду злачынстваў. Змагацца са злачынным бізнесам, які прыносіць сур’ёзны прыбытак, можна толькі тэхнічнымі спосабамі. «Так, з 1 сакавіка ўступіў у сілу Указ № 269, згодна з якім штодзень у кругласутачным рэжыме спецыяльныя падраздзяленні сілавых структур абменьваюцца інфармацыяй з пастаўшчыкамі плацежных паслуг аб усіх несанкцыянаваных плацяжах. Гэта дазваляе на працягу сутак устанаўліваць увесь ланцужок руху грашовых сродкаў. Асноўная задача — забяспечыць захаванасць зберажэнняў нашага насельніцтва. Рэалізуючы гэты кірунак дзейнасці, мы бачым, што тэмпы росту такіх злачынстваў запавольваюцца», — падкрэсліў ён.
Аднак супакойвацца не варта: зламыснікі прыдумляюць новыя спосабы адабрання сродкаў, таму адным з дзейсных метадаў іх абароны павінна заставацца пільнасць саміх грамадзян. «Тэхнічныя і прававыя меры, безумоўна, даюць эфект, аднак яны не працуюць супраць бестурботнасці людзей, якія жадаюць хутка зарабіць, не прадпрымаючы ніякіх дзеянняў, альбо купіць жаданы тавар, паслугу па „прыгожай“ цане. А ашуканцы, выкарыстоўваючы розныя спосабы, у тым ліку павышэнне попыту на сезонны тавар, гэтым і карыстаюцца», — адзначыў Аляксей Новаш.
У якасці прыкладаў ён прывёў шэраг сітуацый, звязаных са здачай кватэр у арэнду па нерэальна нізкай цане, продаж елак, зімовых шын у інтэрнэце па дысконтных цэнах, калі грамадзяне, уносячы перадаплату, заставаліся без тавару і без грошай. «У гэтым выпадку на першы план выходзяць эмоцыі, а не логіка», — падкрэслівае спецыяліст.
Следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта краіны Таццяна Шаюк рэкамендуе заўсёды правяраць нумары, з якіх паступаюць званкі, і спыняць размову ў выпадку ўзнікнення мінімальных падазрэнняў. Гэта і многае іншае дапаможа пазбегнуць ролі ахвяры ашуканскіх схем.
Мэта ў ашуканцаў заўсёды адна — завалодаць сродкамі. Таму грамадзяне павінны ведаць, што, напрыклад, перавод сродкаў на нібыта бяспечны банкаўскі рахунак, ініцыяваны ашуканцамі, — гэта падман, бо ў банках няма нейкіх асаблівых рахункаў, прызначаных для аховы грашовых сродкаў. Таксама не можа быць размяшчэння грашовых сродкаў на рахунках, падкантрольных КДБ ці іншым дзяржструктурам, на якія прымушаюць пакласці грошы грамадзян, што ёсць у іх па месцы жыхарства, альбо гэтыя сродкі перадаць кур’еру.
«Махлярствам акажацца і размяшчэнне сродкаў на якіх-небудзь рахунках для выяўлення нядобрасумленнага работніка банка», — расказала Таццяна Шаюк.
Яшчэ адзін з выкрутаў злачынцаў — перападключэнне паслугі мабільнага аператара альбо ўстаноўка ўдасканаленага дадатку аператара сотавай сувязі з наступнай прапановай запоўніць звесткі аб сваіх асабістых даных. Такім чынам злачынцы атрымліваюць доступ да ўліковых запісаў у месенджарах, сацсетках і інтэрнэт-банкінгу, праводзячы спісанне грашовых сродкаў.
«Цяпер актуальная схема „фэйк бос“, у якой даступнасць фота і асабістых звестак кіраўнікоў у інтэрнэце дапамагае злачынцам ствараць іх фэйкавыя акаўнты, аналагічныя рэальным. Работнік, які атрымаў паведамленне з такога акаўнта, перакананы, што яму піша яго ж кіраўнік, выконвае ўказанне апошняга. Каб не апынуцца ахвярай такой злачыннай схемы, у гэтай сітуацыі неабходна звяртаць увагу на характар паведамленняў, іх спецыфіку, форму зваротаў. Часцей званкі ад фэйкавага боса ажыццяўляюцца ў „Телеграм“ або „Вацапе“, таму ў першую чаргу павінен насцярожыць нумар, з якога паступаюць гэтыя званкі, — адзначыла Таццяна Шаюк. — Праваахоўнікі ўпэўненыя, што любы званок злачынца можна распазнаць і пры ўзнікненні сумненняў спыніць размову. Любую інфармацыю можна праверыць асабіста, звярнуўшыся ў арганізацыю, з якой нібыта паступіў званок».
Рассылка апавяшчэнняў аб рэкламнай гульні банка, просьбы пакінуць голас за канкурсанта пасля пераходу па спасылцы — усё гэта ашуканскія схемы з мэтай выкрасці грошы альбо асабістыя даныя. У апошнія некалькі тыдняў стала актуальнай ашуканская схема, калі пенсіянерам тэлефануюць на стацыянарныя тэлефоны, прапаноўваючы ўстанавіць новыя электралічыльнікі па вельмі прывабнай цане, а ў некаторых выпадках нават і на бязвыплатнай аснове. У ходзе размовы пенсіянеры паведамляюць свае асабістыя даныя, а таксама перадаюць ашуканцам коды доступу для актывацыі месенджараў.
«Ашуканцы выкарыстоўваюць іх у злачынных схемах. Пры гэтым самі пацярпелыя маюць звычайны кнопачны тэлефон без доступу ў інтэрнэт. А іх уліковыя запісы некалькі месяцаў выкарыстоўваюцца ашуканцамі, тады як сапраўдныя ўладальнікі і іх сваякі нічога нават не падазраюць», — дадала Таццяна Шаюк.
Як распавяла следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця, калі казаць аб злачынствах, звязаных з гандлем на трэйдынгавых біржах, то «хочацца адзначыць, што з верасня ўступіў у сілу Указ № 367, які рэгламентуе парадак звароту лічбавых знакаў (токенаў) у Беларусі. І грамадзянам трэба памятаць, што набыццё іх за наяўныя грашовыя сродкі магчыма толькі праз рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Сапраўды гэтак жа вяртанне наяўных сродкаў ад продажу крыптавалюты магчыма праз даныя структуры. Звесткі аб рэзідэнтах можна атрымаць на афіцыйным сайце ПВТ, дзе размешчана інфармацыя аб крыптабіржах. У цяперашні час МУС распрацоўваецца новая норма адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні ў сферы звароту токенаў, аднак у нас маецца практыка прыцягнення да адказнасці такіх асоб па артыкуле 13.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такім чынам, усе здзелкі не праз рэзідэнтаў ПВТ — па-за законам. «Грамадзяніна павінна насцярожыць прапанова аб заробку на Bіnance. Спачатку трэба падумаць, ці з’яўляецца тая такой прывабнай?», — падкрэсліла яна.
Калі грамадзяніну ўдалося пазбегнуць кібермахлярства, ён у любым выпадку павінен звярнуцца ў міліцыю. Чаму гэта неабходна зрабіць? Таццяна Шаюк тлумачыць, што сёння злачыннасць актыўна пераходзіць у сетку інтэрнэт, паколькі для яе гэта больш бяспечны спосаб узбагачэння.
Захаваць сляды на тэрмін у сетцы можна, але складана, калі прытрымлівацца пэўных правіл. Таму, калі грамадзянін пагутарыў са злачынцам, у яго захаваліся перапіска, рэквізіты картак, якія далі для пераводу сродкаў, нумары, з якіх тэлефанавалі зламыснікі, усё гэта неабходна зафіксаваць, зрабіўшы скрыншоты. Злачынцы хутчэй за ўсё паспрабуюць усё гэта выдаліць. Зафіксаваную інфармацыю варта падаць у міліцыю і тым самым прадухіліць наступныя магчымыя злачынствы.
«Нам важна сабраць максімальную колькасць звестак, прааналізаваць іх — пры вялікім масіве інфармацыі і яе дбайнай апрацоўцы можна атрымаць звесткі аб дачыненні той ці іншай асобы, а таксама групы асоб да таго ці іншага злачынства», — распавяла Таццяна Шаюк.
Ашуканцы ад імя «Белпошты» рассылаюць паведамленні аб прыбыцці пасылкі на склад са спасылкай на фішынгавы сайт. Зламыснікі накіроўваюць паведамленні на мабільныя прылады са спасылкай на рэсурс у інтэрнэце. Пры пераходзе па названым адрасе кліент трапляе на фішынгавы сайт, дзе яму прапануецца ўвесці адрасныя даныя і аплаціць паўторную адпраўку пасылкі.
У гэтым выпадку «Белпошта» нагадвае, што дасылае кліентам паведамленні пра паступленне паштовых адпраўленняў толькі інфармацыйнага характару. «Рассылка паведамленняў, якія ўказваюць на неабходнасць аплаты паштовых паслуг па спасылцы ў рэжыме анлайн з наступным уводам даных банкаўскіх плацежных картак, не ажыццяўляецца», — падкрэслілі на прадпрыемстве.
«Прывітанне, гэта ты на фота?» — з такім подпісам ашуканцы рассылаюць у Telegram вірусы пад выглядам фатаграфій. Гэтыя дзеянні адбываюцца ў Мінску. Праграмнае забеспячэнне ўяўляе небяспеку для ўладальнікаў Аndroіd, папярэджваюць праваахоўнікі. Спампаваўшы файлы са «здымкамі», карыстальнік можа не толькі заразіць сваю прыладу, але і страціць усе дадзеныя са смартфона. Спецыялісты звяртаюць увагу, што фатаграфіі не могуць мець пашырэнне apk. Здымкі з такім пашырэннем спампоўваць нельга.
Каб абараніць свой мабільны, праваахоўнікі рэкамендуюць устанавіць на тэлефон антывірус і адключыць устаноўку ПА з неправераных крыніц, адключыць ва ўсіх месенджарах аўтаматычную загрузку і, безумоўна, не спампоўваць падазроныя файлы.
Сяргей КУРКАЧ
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.