З 19 па 21 лістапада на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» праходзіў асабіста-камандны чэмпіянат МНС па самаабароне. 60 работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з васьмі каманд прадставілі абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні, а таксама Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Карэспандэнт «Звязды» высветліў падрабязнасці.
Чэмпіянат складаўся з двух тураў. Першы — дэманстрацыя тэхнікі баявых прыёмаў, другі — папярэднія і фінальныя схваткі. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця чэмпіянату ўдзельнікаў павітаў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Сяргей Салановіч: «Сёння мы праводзім Чэмпіянат МНС у цудоўным спартыўным комплексе «Стайкі», які пранізаны духам спаборніцтваў і духам перамогі. Любы чэмпіянат або спаборніцтвы — гэта, у першую чаргу, вынік шматдзённых і цяжкіх трэніровак спартсменаў. Гэта лішняя нагода паказаць сябе, паўдзельнічаць у спаборніцтвах і прадэманстраваць новыя перамогі, спартыўныя поспехі і дасягненні».
Пасля ўрачыстай цырымоніі спартсмены сустрэліся на татамі, каб вызначыць лепшых у паядынках. Барацьба праходзіла па вагавых катэгорыях да 64 кг, да 71 кг, да 79 кг, да 88 кг.
«Ведаючы, што мой супернік моцны, я быў сабраны і засяроджаны. У выніку, мне ўдалося атрымаць перамогу! Гэта была напружаная барацьба, але я задаволены тым, што змог прадэманстраваць свае навыкі і вытрымку. Я разумею, што ў гэтым спорце няма месца для паслаблення, і кожная трэніроўка — гэта магчымасць стаць лепш», — распавёў прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Ермаковіч.
Сваім баявым настроем падзяліўся яшчэ адзін удзельнік чэмпіянату. «Я займаюся дзюдо і ганаруся званнем майстра спорту. Нашы супернікі ўсе годныя. Кожны з іх старанна падрыхтаваўся да спаборніцтваў. На дадзены момант справы ідуць паспяхова, і я спадзяюся, што гэты станоўчы настрой захаваецца на працягу ўсяго турніру», — адзначыў прадстаўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Ягор Дзямідаў.
Беларускія ратавальнікі паказалі сапраўдныя баявыя прыёмы і непераадольнае імкненне да перамогі «Калі размова заходзіць пра такую цяжкую і адказную прафесію, як ратавальнік, фізічная форма набывае асаблівае значэнне. Спецыяльная экіпіроўка, вага якой можа дасягаць 15 кг, патрабуе ад чалавека значнай фізічнай падрыхтоўкі. Аднак гэта не толькі пытанне фізічнай сілы. У экстраных сітуацыях неабходна праяўляць маральную ўстойлівасць і псіхалагічную стойкасць, і менавіта спорт дапамагае развіць гэтыя якасці», — перакананы прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Новікаў.
Спаборніцтвы таксама спрыяюць умацаванню каманднага духу. Ратавальнікі — гэта каманда, дзе важна давяраць адзін аднаму і дзейнічаць зладжана. Спаборніцтвы ствараюць унікальныя ўмовы для згуртавання калектыву, фарміруючы атмасферу ўзаемадапамогі і сяброўства.
«Я прыйшоў у МНС, каб паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі, бо дапамагаць людзям — гэта заўсёды высакародная справа. Я спартсмен і ўсё жыццё прысвяціў грэка-рымскай барацьбе. Рэгулярныя трэніроўкі фармуюць маю сілу і цягавітасць, і я спадзяюся, што гэтыя якасці спатрэбяцца мне ў службе», — лічыць прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Максім Разжаловец.
Рэгулярныя трэніроўкі і ўдзел у чэмпіянатах падтрымліваюць высокія стандарты фізічнай формы, што крытычна важна для работы ва ўмовах стрэсу і вялікіх нагрузак, з якімі сутыкаюцца ратавальнікі. «Ратавальнік не зможа выконваць свае функцыі і задачы, калі фізічная падрыхтоўка не будзе праводзіцца на штодзённай аснове. Гэта датычыцца ўсіх работнікаў — як тых, хто заступае на дзяжурства, так і тых, хто працуе ў васьмігадзінным рэжыме, — падкрэсліў намеснік начальніка цэнтра арганізацыі спартыўна-масавай работы РАСН «ЗУБР» Уладзімір Аліхвер. — Фізічная падрыхтоўка праводзіцца заўсёды і ўсюды. Мы развіваем не толькі прыкладныя віды спорту, але і розныя іншыя, уключаючы гульнявыя».
Чэмпіянат МНС па самаабароне — гэта не проста спаборніцтва, а ключавы этап у прафесійным станаўленні кожнага ратавальніка. Ён спрыяе развіццю асабістых якасцяў і становіцца асновай для дасягнення высокіх вынікаў, забяспечваючы бяспеку і абарону нашай краіны.
Асабіста-камандны чэмпіянат МНС па самаабароне праходзіў на працягу трох дзён. Удзельнікі праявілі высокі ўзровень майстэрства і ўпартай барацьбы. Да апошніх сутычак барацьба за прызавыя месцы была напружанай, і вынікі ў турнірнай табліцы змяняліся на вачах.
«Мы сталі сведкамі напружанай і складанай барацьбы, якая, нягледзячы на ўсе цяжкасці, падарыла нам мноства яркіх і запамінальных момантаў. Узровень гэтых спаборніцтваў сапраўды ўражвае», — адзначыў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Сяргей Салановіч. Ён таксама падзякаваў кіраўніцтву спартыўнага комплексу за прадстаўленую магчымасць правесці чэмпіянат у такім выдатным месцы.
«Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць суддзям за сумленнае і прынцыповае судзейства, якое забяспечыла справядлівую атмасферу — залог паспяховых спаборніцтваў», — дадаў ён. Намеснік міністра падкрэсліў, што кожны ўдзельнік — гэта сапраўдны чэмпіён. «Ваша штодзённая работа і ўпартасць робяць вас пераможцамі. Не спыняйцеся на дасягнутым! Хай наперадзе вас чакаюць новыя спартыўныя поспехі і дасягненні», — падагульніў Сяргей Салановіч.
Спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, удзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтаванасці і самааддачы, у поўнай меры праявілі свае маральна-валявыя якасці. Па выніках спаборніцтваў камандныя месцы размеркаваліся наступным чынам:
Ганаровае першае месца атрымала Мінскае абласное ўапраўленне МНС. Срэбра забрала Віцебскае абласное ўпраўленне МНС. Тройку лідараў замкнула Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота МНС
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.