Спецыялісты сцвярджаюць, што для выхавання будучых чэмпіёнаў разам з правільным планам трэніровак, спрыяльнымі ўмовамі неабходны і прыклады для пераймання. Задач у іх безліч — матываваць, натхняць, дапамагаць, падказваць, засцерагаць. Але чэмпіёны з імі спраўляюцца. Для таго, каб перад вачамі юных атлетаў заўсёды былі толькі станоўчыя прыклады ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву запусцілі праект «Калі мы адзіныя, мы непераможныя». Праект аб’яднаў алімпійскіх чэмпіёнаў, знакамітых спартсменаў, вопытных трэнераў, спартыўных кіраўнікоў, якім ёсць што расказаць чарговаму пакаленню спартсменаў, найлепшыя з якіх сканцэнтраваны ў РДУАР.
Госцем праекта стаў Дзмітрый Даўгалёнак, алімпійскі чэмпіён 1992 года па веславанні, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта. «Звязда» таксама наведала гэту сустрэчу і адзначыла самыя трапныя пасылы чэмпіёна і функцыянера, агучаныя маладым калегам.
Калі вы імкняцеся да сваёй мэты, вам падабаецца ваш спорт — у вас усё абавязкова атрымаецца. Мне адразу спадабалася веславанне, я ў яго літаральна акунуўся. Калі я ўжо стаў алімпійскім чэмпіёнам, мой першы трэнер паказаў мне журналы наведвальнасці заняткаў — за чатыры гады я прапусціў толькі адну трэніроўку. Думаю, менавіта з-за такой самааддачы ў мяне атрымалася добрая спартыўная кар’ера.
На поспех уплывае толькі адно — дысцыпліна і праца. Вы будзеце выступаць за розныя зборныя — Мінска, сваёй вобласці, юнацкую і дарослую нацыянальныя каманды — у кожнай будуць розныя трэнеры. У мяне за кар’еру змянілася шэсць трэнераў. У кожнага — свой падыход. Таму кожны раз, калі трэнер дае вам заданне, вы павінны самі аналізаваць, што дасць вам яго выкананне, павінны думаць, што вы робіце.
Калі займаецеся спортам з-пад палкі, то ў вас нічога не атрымаецца. Каб дамагчыся сваёй мэты, трэба «выключыць» ляноту. Чаму часам з добрага спартсмена не атрымліваецца трэнер — таму што ён першапачаткова не запамінаў і не аналізаваў, што яму даваў яго трэнер. А калі ты пачынаеш гэта запамінаць, аналізаваць, задаваць пытанні трэнеру — фарміруецца разуменне таго, што вы робіце. І не забывайце вучыцца. У вас зараз такі ўзрост, што вы ўсё ўпітваейце ў сябе. Вучыцеся. Веды абавязкова вам спатрэбяцца. Мне ўжо ў дарослым узросце прыходзілася вучыць тое, што ў дзяцінстве здавалася непатрэбным, на што з-за спорту не хапала часу. Але спорт скончыўся і прыйшлося наганяць.
Шануйце першых трэнераў, таму што гэта людзі, якія даюць вам пуцёўку ў жыццё. Бачачы, як некаторыя спартсмены ставяцца да сваіх першых трэнераў, мне становіцца не па сабе. Першы трэнер — ён назаўжды першы. Так, на пэўным этапе ён ужо можа вам нечага не дадаць. Але, мая вам парада, не забывайце першых трэнераў. Заўсёды паважайце і памятайце трэнера, які вас знайшоў і даў вам першапачатковыя веды.
Ісці да мэты разам весялей. Я ўдзячны лёсу, што ўсё склалася менавіта так. Я пачынаў як адзіночнік, быў прызёрам чэмпіянату СССР. А ў майго будучага напарніка Сашы Масяйкова не ўсё атрымлівалася ў адзіночцы, яму больш падабалася працаваць у камандзе. І трэнер Сяргей Пастрэхін прапанаваў нам сесці ў каноэ-двойку. І мы адразу сталі паказваць добры вынік. Магчыма, як адзіночнік і я б раскрыўся, быў бы ў прызах, магчыма, патрапіў бы на Алімпіяду. Але ўсё склалася як мага лепш. Калі на Алімпійскіх гульнях пасля гонкі мы ўбачылі свае прозвішчы на табло, то сваю перамогу ўсвядомілі не адразу. Трэнер сказалі, што мы толькі праз месяц зразумеем, што мы насамрэч выйгралі Алімпіяду. І гэта праўда — разуменне такой перамогі прыходзіць пазней. Таму што пасля таго, як табе павесілі залаты медаль, у цябе жыццё пачынае ісці вельмі хутка, цябе ўвесь час кудысьці клічуць, трэба некуды ехаць. І толькі, можа, праз месяц пачынаеш усведамляць, што ты зрабіў нешта важнае.
Адразу хачу вас папярэдзіць: няма ніводнага спартсмена, які не мандражаваў бы перад стартам. Прад іспытамі, сур’ёзнымі момантамі, спаборніцтвамі мы ўсё думаем аб гэтай падзеі і думаем, справімся ці не. Мне пашанцавала, што наш трэнер Сяргей Пастрэхін — алімпійскі чэмпіён, сам гэта ўсё прайшоў, і як псіхолаг нам дапамагаў. Яшчэ да Алімпіяды на чэмпіянаце СССР ён сказаў, што як бы не было дрэнна, з лодкі ты не выпадзеш і вясло не страціш, ды і наогул, для таго, каб навучыцца выйграваць, трэба навучыцца адключаць сваю падсвядомасць. Я спачатку гэтага не зразумеў, а потым дайшло: калі ты жадаеш выйграць, ты павінен выключыць падсвядомасць. Проста так перамога не дасца, трэба давесці сябе да такога стану, каб было неўмагату, і тады ўсміхнецца табе фартуна перамогі.
Адразу настройваецеся на тое, што пераходны перыяд пасля спорту вельмі няпросты. Калі ты — спартсмен, за табой усе даглядаюць, дапамагаюць вырашаць розныя пытанні. А калі ты заканчваеш са спортам, ты ўсё гэта вырашаеш сам, сам прымаеш рашэнні. Таму вучыцеся самастойна прымаць рашэнні і несці адказнасць за свае ўчынкі.
Тое, што мы адпраўлялі каманду ў Парыж у нейтральным статусе — гэта быў першы крок. Усё ж трэба адстойваць нашыя пазіцыі, каб адпраўляць спартсменаў на Алімпійскія гульні з надпісам «Беларусь» і нашым гербам. Гэта на сёння — найпершая задача Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Тым больш ужо ёсць пацяпленне. І да таго ж многія еўрапейскія краіны зразумелі, што гэта не зусім той шлях, які трэба было выбраць і нас адхіляць. Трэба размаўляць, знаходзіць варыянты вырашэння праблемы, што мы і робім.
Самае прыемнае ў маёй працы як чыноўніка — бачыць той вынік, які паказваюць беларускія спартсмены. Я быў шэфам місіі на чатырох Алімпійскіх гульнях. Было ўсякае. Было нямала праблем. Але выступленні беларускіх спартсменаў, іх перамогі і поспехі перакрываюць усе цяжкасці.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».