Аб гэтым паведаміў журналістам міністр энергетыкі, сустаршыня беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Аляксей Кушнарэнка на палях беларуска-пакістанскага бізнес-форуму ў Ісламабадзе. Форум праходзіў напярэдадні перагавораў на вышэйшым узроўні. Аб тым, што бізнес-супрацоўніцтва дзвюх краін трэба пашыраць і ўзмацняць, гаварыў нядаўна і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які сёння знаходзіцца ў Пакістане з афіцыйным візітам. Тавараабарот паміж краінамі па выніках 2023 года склаў практычна 50 млн долараў. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што гэта лічба не адпавядае існуючаму патэнцыялу. У жніўні на сустрэчы са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Аязам Садзікам кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што бакі дамовіліся «аднавіць, прарэвізаваўшы, адносіны, вывесці іх на яшчэ больш высокі ўзровень, чым гэта было раней».
«Згадзіцеся, што тавараабарот паміж высокатэхналагічнай Беларуссю і такой краінай у 200 з лішнім мільёнаў чалавек, я сказаў бы, нават мізэр. Трэба паглыбляць і пашыраць па наменклатуры наш тавараабарот», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Таму ў цяперашнім візіце кіраўніка нашай дзяржавы ў Ісламабад акцэнт робіцца на практычныя крокі па развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. І адным з такіх важных крокаў сталі вынікі беларуска-пакістанскага бізнес-форуму.
На форуме прысутнічалі прадстаўнікі больш як 250 розных кампаній і прадпрыемстваў. Вынікам гэтай работы стала падпісанне камерцыйных кантрактаў і мемарандумаў. «Мы з задавальненнем канстатуем, што расце тавараабарот паміж нашымі краінамі. Ён ужо дасягнуў 34 млн долараў з ростам у 3,7 працэнта. Пры гэтым мы разумеем, што гэта далёка не мяжа, таму ў рамках візіту плануем падпісаць дарожную карту аб усебаковым супрацоўніцтве на перыяд да 2027 года», — расказаў Аляксей Кушнарэнка.
Гэты дакумент павінен надаць імпульс актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. «Мы бачым каласальны ўзаемны інтарэс па розных кірунках. Гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, сфера адукацыі, фармакалогія і іншыя. У абодвух бакоў ёсць кампетэнцыі, якімі яны гатовы дзяліцца», — дадаў Аляксей Кушнарэнка.
Гаворачы аб сумесным бізнес-форуме, ён падкрэсліў, што мерапрыемствы такога фармату з’яўляюцца эфектыўнай пляцоўкай для прамога дыялогу бізнес-колаў. Што датычыцца Беларусі і Пакістана, то добрыя камерцыйныя перспектывы адкрываюцца ў галіне прамысловай кааперацыі сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, адукацыі, навукі і турызму. На пакістанскім рынку запатрабаваны беларуская сельскагаспадарчая тэхніка, прамысловая, нафтахімічная, малочная прадукцыя. У Беларусі ж карыстаюцца попытам тавары лёгкай прамысловасці з Пакістана і прадукты харчавання.
Беларускія прадпрыемствы на бізнес-форуме ў Пакістане дасягнулі дамоўленасцяў на 17 млн долараў, паведаміў журналістам старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.
У рамках візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пакістан прыбыла вялікая бізнес-дэлегацыя з Беларусі — больш як 40 прадстаўнікоў айчынных прадпрыемстваў. «Ужо гатовы да падпісання восем дакументаў на агульную суму больш як 17 млн долараў. Але перагаворы будуць праходзіць два дні, таму, думаю, дадаткова будзе падпісаны яшчэ шэраг дакументаў і пратаколаў аб намерах», — адзначыў Міхаіл Мятлікаў.
Паводле яго слоў, бакі сышліся на думцы, што пакуль яшчэ мала ведаюць адзін аднаго. Так, некаторыя кірункі супрацоўніцтва з’яўляюцца ўжо традыцыйнымі, напрыклад, машынабудаванне, сельская гаспадарка, але неабходна выходзіць на новыя перспектывы. Мы ўжо дамовіліся, што бізнес-дэлегацыя з Пакістана прыедзе на нашу новую выставу «Мая Беларусь» (у студзені яна плануе наведаць нашу краіну), прыме ўдзел у «Белагра». І мы таксама разглядаем удзел нашых кампаній у шэрагу выставак, якія праходзяць на тэрыторыі Пакістана, каб пашырыць лінейку прадукцыі, што пастаўляем адзін аднаму", — расказаў старшыня БелГПП.
Міхаіл Мятлікаў дадаў, што ў 2023 годзе беларускі экспарт у Пакістан дадаў 250 працэнтаў у параўнанні з 2022 годам. Сёлета таксама адзначаецца рост: за паўгоддзе — плюс 130 працэнтаў да мінулагодняга паказчыка. І ўжо за гэты прамежак часу, за паўгода, экспарт склаў больш за $17 млн«, — прывёў лічбы ён.
Беларускія прадпрыемствы плануюць наладзіць у Пакістане зборачныя вытворчасці сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі, расказаў Аляксей Кушнарэнка.
«Ёсць канкрэтныя намеры беларускіх вытворцаў наладжваць тут зборачныя вытворчасці сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі. Гэта могуць быць шматфункцыянальныя цэнтры, зборачныя вытворчасці. І мы адзначаем каласальную цікавасць пакістанскага боку ў гэтым напрамку. Думаю, у рамках форуму гэта пацвердзіцца канкрэтнымі кантрактамі і пагадненнямі, таму што ўжо цяпер ільвіную долю экспарту ў Пакістан якраз займаюць пастаўкі беларускай тэхнікі», — адзначыў Аляксей Кушнарэнка.
Па словах міністра, сярод канкурэнтаў Беларусі ў Пакістане — Кітай і суседнія дзяржавы. Але пры гэтым узровень кампетэнцый і развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі дае магчымасць беларускім прадпрыемствам на роўных канкурыраваць з асноўнымі гульцамі на пакістанскім рынку.
У Беларусі таксама ёсць у Пакістане свае інтарэсы. Напрыклад, тут вельмі моцна развіта лёгкая прамысловасць. З Пакістана пастаўляецца садавіна. Сур’ёзна развіваецца фармакалогія. «Гэта таксама такія пункты росту, якія неабходна абмяркоўваць, за якія неабходна чапляцца і развіваць існуючы патэнцыял», — падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.
Міністр гандлю Пакістана, сустаршыня беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Джам Камал Хан на палях бізнес-форуму заявіў аб зацікаўленасці Пакістана ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў сферы вуглевадароднай прамысловасці.
«У Пакістана таксама вялікі патэнцыял у вуглевадароднай прамысловасці. Некаторыя нашы кампаніі працуюць тут ужо 70 гадоў. А Беларусь мае значны тэхналагічны вопыт у выкарыстанні і перапрацоўцы вуглевадародаў. Мы хацелі б вывучыць гэтыя напрацоўкі для патрэб Пакістана. На дадзены момант гэтыя сферы ўяўляюць узаемны інтарэс для дзвюх краін», — сказаў Джам Камал Хан.
Ён адзначыў, што бакі ўжо даўно наладзілі цеснае ўзаемадзеянне ў машынабудаванні і сельскай гаспадарцы. Так, трактар «Беларус» карыстаецца ў Пакістане вельмі вялікай папулярнасцю яшчэ з савецкіх часоў.
«У той жа час мы стараемся даследаваць іншыя таварныя групы, асабліва ў плане скураных вырабаў, фармацэўтыкі. Ёсць вялікі патэнцыял з пункту гледжання росту ў сельскай гаспадарцы, павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання. У Беларусі нам цікавая вытворчая тэхніка, — сказаў міністр. — Так што, я думаю, ёсць шмат магчымасцяў для росту».
Беларусь і Пакістан прапрацоўваюць арганізацыю «бясшвовай» грузавой лагістыкі, паведаміў журналістам генеральны дырэктар РУП «Белмытсэрвіс» Дзмітрый Кавалёнак на палях беларуска-пакістанскага бізнес-форуму.
Дзмітрый Кавалёнак адзначыў, што лагістыка паставак у Пакістан няпростая. Цяпер бакі працуюць над тым, каб прадпрыемствы маглі скараціць свае выдаткі на пастаўку тавараў у Пакістан і з Пакістана ў Беларусь.
«Калі мы наладзім правільныя партнёрскія адносіны, можам іх скараціць працэнтаў на 15. Трэба выпрацаваць агульныя транспартныя рашэнні для таго, каб у нас была бясшвовая лагістыка і грузы не прастойвалі ні ў Беларусі, ні ў порце Расійскай Федэрацыі, ні ў порце Пакістана», — распавёў генеральны дырэктар «Белмытсэрвіса».
Так, бакі падрыхтавалі праект міжурадавага пагаднення аб міжнародных аўтамабільных зносінах. У дакуменце вызначаюцца парадак ажыццяўлення міжнародных аўтамабільных перавозак пасажыраў і грузаў, умовы ўзаемнага вызвалення перавозчыкаў ад выплаты мытных пошлін, падаткаў і збораў, звязаных з выкарыстаннем транспартных сродкаў.
Рэалізацыя гэтага міжнароднага дагавора будзе садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам у галіне аўтамабільных перавозак, а таксама павелічэнню аб’ёмаў экспарту аўтатранспартных паслуг у напрамку Пакістана і сумежных краін.
Паводле БелТА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».