Вы тут

Скарбонка гістарычнай памяці


ХІ Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» ў гэтым годзе сабраў спецыялістаў бібліятэчнай справы 15 краін свету, у тым ліку Індыі, Малі і Гвінеі. Пашырэнне кантактаў у гэтай галіне, па словах міністра культуры Анатоля Маркевіча, — яскравае сведчанне імкнення кіраўніцтваў краін развіваць і ўмацоўваць міжкультурны дыялог дзеля захавання міру і развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва. Менавіта кніга з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў для наладжвання кантактаў, захавання і перадачы ведаў, маральных каштоўнасцяў і ідэалаў паміж народамі, пакаленнямі. У перыяд бурнага развіцця інтэрнэту і сацсетак на першы план выходзіць выхаваўчая і асветніцкая роля бібліятэк, прызначаных стаць праваднікамі ў свеце інфармацыі, адкрыць дарогу да сапраўднай літаратуры, выхоўваць прывычку да чытання як жыццёва неабходнага занятку.


Сховішча нацыянальных здабыткаў

Безумоўна, на кангрэсе гаворка вялася пра тое, якія місіі сёння стаяць перад бібліятэкамі, як сучасныя тэхналогіі ўплываюць на іх работу, якое маецца нарматыўнае і прававое забеспячэнне галіны, як выкарыстоўваюцца новыя формы работы і развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва. На працягу двух дзён ішлі пасяджэнні, працавалі тэматычныя секцыі, праходзілі круглыя сталы, экскурсіі, выстаўкі.

Да прадстаўнічага форуму была прымеркавана і прэзентацыя новага адзінага профілю камплектаванння сістэмы фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Папярэдні быў падпісаны ў 2004 годзе. З таго часу бібліятэка пераехала ў новы будынак, увогуле адбыліся вялікія змены, у тым ліку звязаныя з развіццём сучасных тэхналогій, актыўна ідзе лічбавізацыя, вядзецца адбор дакументаў з розных носьбітаў. Пры гэтым бібліятэка павінна не толькі забяспечваць навуку, культуру і адукацыю, але і заставацца сховішчам нацыянальных здабыткаў і гістарычнай памяці. Новы дакумент, паводле якога будуць камплектавацца бібліятэчныя фонды, — вынік працы вялікага калектыву, пры яго падрыхтоўцы ўлічваўся вопыт работы бібліятэк Расійскай Федэрацыі і іншых краін.

Разам з Нацыянальнай бібліятэкай арганізатарамі кангрэса выступілі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.

Сёлета кангрэс быў прысвечаны 85-годдзю вызвалення Беларусі, і, вядома, адна з тэм, якую абмяркоўвалі яго ўдзельнікі, — Вялікая Айчынная вайна ў дакументах і кніжных фондах бібліятэк. Падчас пленарнага пасяджэння генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін расказаў, што робіцца ўстановамі культуры і работнікамі бібліятэчнай галіны Беларусі для захавання гістарычнай памяці. Так, сярод праектаў, якія рэалізуе галоўная кніжная скарбніца краіны, — «100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 года», «Газетныя радкі чытаючы сэрцам». На партале бібліятэкі змяшчаюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944–1945 гадоў, якія адлюстроўваюць хроніку падзей таго часу: інфармацыя пра вызваленне Беларусі і Еўропы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамленні пра аднаўленне дзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. У выніку такой працы была падрыхтавана нават асобная кніга.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны шырока прадстаўлена таксама дзякуючы праекту «Імёны герояў бессмяротныя», анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях», інфармацыйнаму рэсурсу «Беларусь у інфармацыйнай прасторы» віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі.

Развіваць супрацоўніцтва

У 2024 годзе супрацоўнікі «Нацыяналкі» ініцыявалі правядзенне рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Дарогамі славы», прысвечанай юбілею беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Перасоўная тэматычная выстаўка, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай, пабывала ў Светлагорску, Бабруйску, Полацку, Гродне, Брэсце.

У 2023–2024 гадах наведвальнікі «алмазу ведаў» знаёміліся з ваеннай хронікай, дзякуючы патрыятычна-выхаваўчаму праекту «Золак вызвалення займаецца над Беларуссю», падрыхтаваным бібліятэкарамі сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі. У рамках яго праходзілі выстаўкі кніг іархіўных дакументаў, прэзентацыі, сустрэчы з моладдзю і нашчадкамі герояў.

Інфармацыйна-ілюстрацыйны праект «Лясная песня», прысвечаны гісторыі беларускага партызанскага руху, быў паспяхова прадстаўлены ва ўстановах культуры Малдовы, Турцыі, Казахстана, Узбекістана.

У рамках кангрэса прайшла ўрачыстая цырымонія падпісання дагавора аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Амурскай абласной навуковай бібліятэкай імя Мікалая Мураўёва-Амурскага. Сёння бібліятэкі актыўна супрацоўнічаюць з іншымі ўстановамі і арганізацыямі. Так, выставачны праект «Памяці вечны агонь» падрыхтаваны сумесна з Нацыянальным архівам, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім саюзам мастакоў, Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», Беларускім Чырвоным крыжам, Музеем гісторыі медыцыны. Выстаўка «Мова ваеннай ілюстрацыі» стала магчымай дзякуючы працы прадстаўнікоў шэрагу ўстаноў культуры, грамадскіх арганізацый пры садзейнічанні Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі РБ. Дарэчы, сёння «плакатнае мастацтва» — выстаўкі з работамі, якія ствараліся падчас вайны і пасля яе, —вельмі цікавяць моладзь.

Нацыянальная бібліятэка плануе браць удзел у розных міжнародных праектах, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. Так, на наступны год запланаваны перасоўны выставачны праект аб ролі народаў СССР у гады вайны. На ім будзе прадстаўлена інфармацыя пра страты, якія панеслі іх прадстаўнікі ў найважнейшых бітвах, удзел у наступальных аперацыях, партызанскіх фарміраваннях, рабоце тылу. У праекце будуць выкарыстаны матэрыялы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага архіва, а таксама шэрагу бібліятэк постсавецкай прасторы.

Рэгіёны: гісторыя, подзвіг, памяць

Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца ініцыятарам стварэння электроннага рэсурсу з бібліяграфічнай інфармацыяй аб выданнях 1941–1945 гадоў былых савецкіх рэспублік. Назва гэтага праекта «Бібліяграфія Перамогі». У яго рамках вядзецца дзейнасць, накіраваная на сістэматызацыю інфармацыі аб выданнях, прысвечаных гэтай тэматыцы.

Рэгіянальныя бібліятэчныя цэнтры, найперш абласныя бібліятэкі, таксама ўдзяляюць вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню, займаюцца краязнаўчай і асветніцкай работай, удзельнічаюць у пошукавых праектах, супрацоўнічаюць з музеямі, архівамі і ваенна-гістарычнымі клубамі. 

Так, Магілёўскай абласной бібліятэкай і бібліятэкамі вобласці за апошнія гады створаны дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў, аб’яднаных адзіным парталам «Праз вайну, скрозь памяць, праз лёсы». Тут змяшчаюцца матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза, удзельнікаў вайны, у гонар якіх названы вуліцы, успаміны ветэранаў і расповеды пра людзей, чыё юнацтва прыпала на ваеннае ліхалецце.

Віцебская абласная бібліятэка стварыла гісторыка-патрыятычны мультымедыйны праект «Вызваленне Віцебшчыны». Поўная тэкставая база даных «Рэха Перамогі» — праект Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі. 80-годдзю вызвалення Гомеля быў прысвечаны яе выставачны праект «Гомельскі полк народнага апалчэння: гісторыя, подзвіг, памяць». Таксама бібліятэка правяла такія мерапрыемствы, як «Беларусь — 80 мірных гадоў», «Мы — не рабы» (расказ пра остарбайтараў у дакументах, лістах і ўспамінах).

У Мінскай абласной бібліятэцы праведзены круглы стол «Партызанскі і падпольны рух у Беларусі», у Гродзенскай — рэалізуецца анлайн-праект «77 кніг аб вайне».

Як заўважыў Вадзім Гігін, сёння, калі робяцца спробы перапісаць гісторыю, асветніцкая роля бібліятэк узрастае: «Мы гатовы абараняць гістарычную памяць, памяць аб подзвігу нашых бацькоў і дзядоў, адстойваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Не ведаючы гісторыі, не ўмеючы аналізаваць і разумець гістарычныя працэсы, немагчыма стаць патрыётам сваёй краіны. Менавіта таму Нацыянальная бібліятэка ўзяла на сябе місію навукова-метадычнага цэнтра па захаванні гістарычнай памяці, выхаванні патрыятызму і асветы праз праекты бібліятэк, музеяў і архіваў».

Алена Дзядзюля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.