«Гэтая падзея адыграла значную ролю ў фарміраванні ідэнтычнасці беларусаў», — заўважыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Бабук на адкрыцці выставачнага праекта «Бібліятэка Полацкага сабора 1839 года». Экспазіцыя прымеркавана да 185-годдзя Полацкага аб'яднанага царкоўнага сабора, калі было прынята рашэнне аб уз'яднанні беларускіх уніяцкіх прыходаў з праваслаўнай царквой.
Урачыстае саборнае богаслужэнне духавенства ўніяцкіх Беларускай і Літоўскай епархій адбылося ў Полацку ў Сафійскім саборы ў лютым 1839 года пад кіраўніцтвам епіскапа літоўскага Іосіфа Сямашкі. Яно стала найважнейшай падзеяй у жыцці праваслаўнай царквы ХІХ стагоддзя на беларускіх землях. Напярэдадні быў падпісаны «Саборны акт», у якім гаварылася аб вяртанні ўніятаў у праваслаўнае веравызнанне.
Кандыдат багаслоўя, дацэнт, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірылы Тураўскага протаіерэй Аляксандр Раманчук заўважыў, што некаторыя гістарычныя падзеі могуць мяняць культуру народа, кірунак яго развіцця. Менавіта такую ролю і адыграў Полацкі сабор, бо адна з функцый рэлігіі — фарміраванне светаадчування. «Рэлігія фарміруе тыя пункты, на якія абапіраецца культура. Нават няверуючы чалавек, будучы прадстаўніком сваёй культуры, з'яўляецца носьбітам відавочнай рэлігійнасці», — упэўнены Аляксандр Раманчук. Роля Полацкага сабора да гэтага часу яшчэ не ацэнена ў поўнай меры, падзея прызабыта, хоць менавіта гэты гістарычны факт заклаў духоўны фундамент для беларускага народа, бо пасля яго нашы землі сталі краінай праваслаўя.
Полацкі сабор спыніў дзейнасць Брэсцкай царкоўнай уніі на беларускіх землях, у выніку чаго да праваслаўнага веравызнання перайшло больш за 1900 святароў і манахаў і 1,5 мільёна беларускіх уніятаў. Тое, што ў пачатку ХХІ стагоддзя 80 працэнтаў вернікаў Беларусі адносіцца да праваслаўнай царквы, — адзін з вынікаў уплыву Полацкага сабора.
Кандыдат гістарычных навук, загадчыца кафедры Мінскай духоўнай акадэміі Валянціна Цяплова звярнула ўвагу на тое, што Полацкі сабор паўплываў і на моўнае пытанне: да яго службы вяліся на польскай мове, у царкве людзям не дазвалялася карыстацца мясцовай гаворкай.
Выстава знаёміць з падзеямі 1839 года, а таксама з тымі, што ім папярэднічалі. Яна прадстаўляе дакументы, звязаныя з дзейнасцю духоўных дзеячаў — удзельнікаў сабора, а таксама працамі даследчыкаў, якія вывучалі гэту тэму. У экспазіцыі размешчаны зборнікі дакументаў, заканадаўчых актаў, успаміны і выданні ўдзельнікаў, а таксама працы даследчыкаў, прысвечаныя гісторыі царквы і падзеям 1839 года. На выставе ў тым ліку можна пабачыць выданні з аўтографамі і дароўнымі надпісамі Іосіфа Сямашкі і Васіля Лужынскага.
Алена Дзядзюля, фота аўтара.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.