Вы тут

Беларускія біятланісткі эфектна пачалі новы сезон


У традыцыйным аглядзе «Звязды» — выдатныя спартыўныя навіны.


Каманда тыдня. Баскетбалісты «Гродна-93» сталі пераможцамі 28-га розыгрышу Кубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд, які праходзіў у Магілёве. У вырашальным матчы гродзенскія баскетбалісты абыгралі сапернікаў з «МІНСКА» з вынікам 80:63. Трэцяе месца занялі баскетбалісты магілёўскага «Барысфена», якія абыгралі віцебскі «Рубон» — 98:75. Больш за ўсіх Кубкам Беларусі валодаў «МІНСК», 
у якога 14 перамог, у актыве «Гродна-93» цяпер восем трафеяў.

Гераіні тыдня. Беларускія біятланісткі Дзінара Смольская і Ганна Сола заваявалі залатыя медалі другога этапа Кубка Садружнасці, які прайшоў у Ханты-Мансійску. Дзінара стала найлепшай у гонцы пераследу. Ганна перамагла ў жаночым мас-старце. Гэта яе першая перамога ў бягучым сезоне. Мужчынская палавіна каманды на гэты раз засталася без медалёў.

Аб’ява тыдня. Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatіcs) зняла забарону на ўдзел беларускіх і расійскіх плыўцоў у асобных відах праграмы. З гэтага часу беларускія і расійскія спартсмены ў нейтральным статусе пры выкананні крытэрыяў допуску могуць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах па плаванні, плаванні на адкрытай вадзе, сінхронным плаванні і скачках у ваду ва ўсіх дысцыплінах. Такім чынам, плыўцы атрымалі магчымасць выступлення ў эстафетах. Пад забаронай застаецца ўдзел у турнірах па водным пола.

Медалі тыдня. Беларускія спартсменкі бліскуча выступілі на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы «Кубак «Нябесная грацыя» ў Катары. Лідар каманды Аліна Гарнасько не пакінула саперніцам шанцаў. Яна заваявала залатыя медалі ў практыкаваннях з абручом (33,000), з мячом (31,500), з булавамі (32,700). Таксама ў Аліны сярэбраныя ўзнагароды ў кампазіцыях са стужкай і скакалкай, у мнагаборстве. Прызёрамі турніру сталі таксама беларускія гімнасткі, якія выступаюць у групавых практыкаваннях: Кір’яна Шаўцова, Валерыя Малькавіч, Эмілія Вячорка, Таісія Ярчак і Злата Бучанкова заваявалі «серабро» ў практыкаванні з пяццю абручамі і «бронзу» — са стужкамі і мячамі.

Матч тыдня. Гандбалісты СКА і ЦСКА сустрэліся ў Мінску ў дэрбі SEHA-лігі. Матч скончыўся нічыёй — 28:28. У сваім першым матчы папярэдняй групы В мінчане перамаглі «Машэку» з Магілёва (32:27), а потым уступілі «Пермскім мядзведзям» (34:35), масквічы разграмілі «Машэку» (39:25) і згулялі ўнічыю з «Пермскімі мядзведзямі» (32:32). Становішча ў групе В цяпер такое: «Пермскія мядзведзі» — 5 ачкоў (3 матчы), ЦСКА — 4 (3), СКА — 3 (3), «Машэка» (Магілёў) — 0 (3). А ў групе А сустрэліся фаварыты — «Зеніт» і «Мяшкоў-Брэст», якія таксама згулялі ўнічыю — 25:25. Турнірнае становішча групы А: «Мяшкоў-Брэст» — 6 ачкоў (4 матчы), «Зеніт» — 5 (3), «Чэхаўскія мядзведзі» — 5 (4), «Віктар» (Стаўрапаль) — 2 (4), «Бусел Кітая» — 0 (3). Групавы этап завершыцца 9 лютага 2025 года, пасля чаго пачнуцца матчы плэй-оф.

Перамога тыдня. Вольга Немагай стала пераможцай міжнароднага старту Quzhou Marathon у кітайскім Цюйчжоу. Наша спартсменка паказала вынік 2 гадзіны 41 хвіліна 48 секунд, апярэдзіўшы сярэбраную медалістку Лею Чорута з Кеніі больш чым на дзве з паловай хвіліны.

Лічба тыдня. Дзевяць медалёў заваявалі беларускія спартсмены на чэмпіянаце свету па кікбоксінгу, які праходзіў у Іспаніі. Чэмпіёнамі свету сталі Іван Чарнецкі (да 75 кг, лоу-кік), Віктар Нечытайла (лоу-кік, да 60 кг), Станіслаў Саўчанка (К-1, да 86 кг), Максім Казаку (К-1, да 60 кг) і Яўген Мягкоў (лоу-кік, да 81 кг). Другія месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі Максім Спадарэнка (К-1, да 75 кг), Дзмітрый Сікорскі (лоу-кік, звыш 91 кг) і Уладзіслаў Абрамовіч (К-1, да 63,5 кг), на трэцюю прыступку п’едэстала падняўся Андрэй Варанік (лоу-кік, да 63,5 кг).

Валерыя СЦЯЦКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».