Аб тым, што візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістане надаюць асаблівае значэнне, сведчыла нават цырымонія яго сустрэчы — ля трапа кіраўніка нашай дзяржавы вітаў асабіста прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф. А сталіцу ісламскай дзяржавы ўпрыгожыла беларуская нацыянальная сімволіка і плакаты з партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі і вышэйшага кіраўніцтва Пакістана. Самі ж плакаты падпісалі на беларускай і англійскай мовах: «Узаемная павага, давер і партнёрства», «Будуем масты для квiтнеючай будучыні», «Партнёры ў прагрэсе i росквiце», «Новая эра супрацоўніцтва». Гэтыя фразы фактычна і сталі дэвізам перагавораў на вышэйшым узроўні.
У Ісламабадзе Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Сустрэча прайшла ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Бакі разгледзелі найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і абмеркавалі сумесны план дзеянняў на перспектыву. Асобная ўвага была ўдзелена тэме рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, узаемадзеянню ў інтэграцыйных аб’яднаннях і сумеснай рабоце на міжнародных пляцоўках.
На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Пакістан маюць бліскучыя палітычныя адносіны, цяпер неабходна падцягнуць да гэтага ўзроўню гандлёва — эканамічнае супрацоўніцтва.
«Мы не гіганцкая краіна, і гігантаманіяй ніколі не пакутавалі і не пакутуем. Але ад Савецкага Саюза, які быў высокатэхналагічнай краінай, нам дасталіся добрыя тэхналогіі, якія мы апошнім часам развілі. І я ўпэўнены, што тыя тэхналогіі, якімі мы валодаем, вельмі патрэбныя Пакістану», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, бакі дамовіліся правесці рэвізію адносін і лепш азнаёміцца з магчымасцямі адзін аднаго. «Я запрасіў вашых міністраў і спецыялістаў, кіраўнікоў кампаній прыехаць у Беларусь, яшчэ раз паглядзець на нашы магчымасці і ўзяць тое, што вам трэба. Закрытых тэм няма», — заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў падзяку Прэм’ер-міністру Пакістана за тое, што ён узяў на кантроль пастаўкі беларускай тэхнікі. «Вы ведаеце, што мы можам паставіць вам патрэбныя аб’ёмы прадуктаў харчавання, у тым ліку дзіцячага, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — І вельмі правільна, што вы дамовіліся аб тым, што пасля нашай сустрэчы ў шырокім складзе нашы міністры дамовяцца аб канкрэтных дзеяннях. Дапусцім , міністр прамысловасці можа дамовіцца з вашым міністрам прамысловасці аб далейшых дзеяннях».
Прэзідэнт даручыў міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову ўзяць гэту работу на кантроль. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выпрацаваць прапановы ад беларускага боку і ўнесці іх на разгляд. «Проста вельмі вас прашу, каб ніводзін міністр, які знаходзіцца ў маёй дэлегацыі, калі не з партфелем цікавых пытанняў у Беларусь з’ехаў, то хаця б адно-два пытанні павёз для вырашэння з Пакістана. Ніякіх турыстычных паездак быць не можа. Нам патрэбны практычныя крокі. Таму вы твар у твар дамаўляйцеся сёння, сустракайцеся, трэба — заўтра сустракайцеся, колькі трэба сустракайцеся, але дамовіцеся», — падкрэсліў беларускі лідэр.
Ён канстатаваў, што Беларусь і Пакістан маюць бліскучыя палітычныя адносіны, а вось гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, нягледзячы на тое, што краіны патрэбны адна адной, развіваюцца не вельмі актыўна. «Нам вельмі цікавая ваша прапанова па транспартным калідоры, асабліва цяпер. Мы пачулі вас наконт бязвізу. Міністр замежных спраў ведае вельмі добра нашу палітыку. Думаю, што і тут асаблівых у нас праблем не будзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У час перагавораў кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь катэгарычна супраць нагнятання сітуацыі паміж Пакістанам і Індыяй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра азнаёмлены з сітуацыяй у Джаму і Кашміры. Нявызначаны статус гэтай тэрыторыі ўжо даўно з’яўляецца чыннікам канфлікту паміж Пакістанам і Індыяй. «Мы катэгарычна супраць нагнятання сітуацыі паміж суседнімі дзяржавамі. Мы вас у гэтых адносінах падтрымаем. Павінна быць мірнае вырашэнне гэтага пытання», — падкрэсліў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Пакістана падкрэсліў, што беларускі лідар з’яўляецца вялікім сябрам Пакістана і ў фармаце «сам-насам» бакі ўжо змаглі абмеркаваць шэраг надзённых і важных пытанняў. «Вы чалавек практыкі, таму мы сёння пастараемся гаварыць менш, але больш ажыццяўляць практычныя рэчы», — сказаў Шахбаз Шарыф.
Паводле яго слоў, Пакістан зацікаўлены ў тэхналогіях, якія ёсць у Беларусі. Напрыклад, у цяжкай прамысловасці, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы. «У нас ёсць свае тавары ў галіне сельскай гаспадаркі, тэкстыльная прамысловасць, якія ў многім маюць патрэбу ў тэхналогіях. Гэтыя тэхналогіі нам можа даць Беларусь. Мы лічым, што ваша вялікая краіна зможа істотна дапамагчы Пакістану дасягнуць пастаўленых мэт», — заявіў Прэм’ер-міністр.
Ён прапанаваў членам дэлегацый дэталёва і прадметна абмеркаваць канкрэтныя пытанні па рэалізацыі перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння, каб усе дамоўленасці не засталіся проста на паперы, а абавязкова рэалізаваліся.
Па выніках перагавораў бакі зацвердзілі дарожную карту па развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады. Подпісы пад дакументам паставілі сустаршыні беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка і міністр гандлю Джам Камал Хан.
Па выніках перагавораў у Ісламабадзе Прэзідэнт Беларусі і Прэм’ер-міністр Пакістана прынялі сумесную заяву. У дакуменце адзначаецца, што лідары дзвюх краін разгледзелі ўвесь спектр двухбаковых адносін і пацвердзілі ўзаемную прыхільнасць да паглыблення дружалюбных сувязей паміж дзвюма краінамі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай, сацыяльнай і іншых галінах.
«У гэтым годзе споўнілася 30 гадоў дыпламатычным адносінам паміж Пакістанам і Беларуссю. Абодва бакі прызналі, што іх адносіны перараслі ў трывалае, шырокамаштабнае і ўсёабдымнае партнёрства, якое мае ўсё большае значэнне, — гаворыцца ў заяве. — Падчас сустрэчы два лідары падкрэслілі важнасць прасоўвання палітычнага дыялогу і ўмацавання міжпарламенцкіх адносін».
Увага таксама была засяроджана на пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, ажыццяўленні сумеснага падыходу да рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі і ўзаемасувязяў, а таксама паляпшэнні прававой базы для садзейнічання двухбаковаму супрацоўніцтву. «Прызнаючы перадавыя магчымасці сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі і патрэбы пакістанскай эканомікі, заснаванай на сельскай гаспадарцы, абодва бакі дамовіліся садзейнічаць стварэнню сумесных прадпрыемстваў у сельскагаспадарчым і прамысловым сектарах, у тым ліку для вытворчасці высокатэхналагічнай і буйнагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі», — адзначаецца ў заяве.
Бакі дамовіліся супрацоўнічаць у сферы продажаў, вытворчасці і абслугоўвання аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку праз партнёрства паміж прыватнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі дзвюх краін. Гэта ініцыятыва накіравана на выкарыстанне моцных бакоў абедзвюх краін у аўтамабільнай вытворчасці і тэхналогіях і стымуляванне прамысловага росту.
Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф таксама абмеркавалі важныя рэгіянальныя і міжнародныя пытанні. Пакістанскі бок праінфармаваў беларускі аб сітуацыі ў рэгіёне Джаму і Кашмір. Абодва бакі падкрэслілі неабходнасць урэгулявання ўсіх міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі і ў адпаведнасці са Статутам ААН і рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф у сумеснай заяве выказалі глыбокую занепакоенасць эскалацыяй канфлікту на Блізкім Усходзе, які прывёў да разбуральнага гуманітарнага крызісу і значных ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ў сектары Газа і Ліване. «Бакі заклікалі да неадкладнага і пастаяннага спынення баявых дзеянняў без папярэдніх умоў у сектары Газа і Ліване, удараў па тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, забеспячэння бесперабойнай і бяспечнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі, стрыманасці на фоне пагрозы пашырэння зоны канфлікту, падкрэслілі неабходнасць актывізацыі намаганняў па дасягненні міру, стабільнасці і бяспекі для ўсяго рэгіёна», — гаворыцца ў дакуменце.
У сумеснай заяве бакі пацвердзілі сваю прыхільнасць да права палесцінскага народа на самавызначэнне і стварэнне незалежнай палесцінскай дзяржавы на аснове двухдзяржаўнай формулы ў адпаведнасці з рашэннямі Савета Бяспекі і Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф таксама падкрэслілі першачарговую важнасць мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, неабходнасць дыпламатычных намаганняў і канструктыўнага дыялогу. Яны адзначылі, што канфлікт мае далёка ідучыя наступствы не толькі для рэгіёна, але і для глабальнай стабільнасці і бяспекі.
«Абодва лідары заклікалі ўсе ўцягнутыя бакі аддаць прыярытэт перагаворам і мірным сродкам вырашэння ўсіх асноўных праблем, пацвердзіўшы сваю прыхільнасць да падтрымкі ініцыятыў, якія садзейнічаюць трываламу міру і стабільнасці ў рэгіёне», — адзначаецца ў сумеснай заяве.
***
Пасля цырымоніі падпісання дакумента Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў Шахбазу Шарыфу сертыфікат на два трактары BELARUS-1025.3. Яны будуць бясплатна перададзены пакістанскай кампаніі Heavy Industries Taxila.
Гаворачы па выніках перагавораў з журналістамі аб падпісанай раней дарожнай карце, Прэзідэнт заявіў, што, на яго думку, гэтага ўсё яшчэ недастаткова. «Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я падумаў аб тым, што мемарандумы — гэта добра, гэта намеры, як мы будзем развіваць супрацоўніцтва. Але нам патрэбны пагадненні і кантракты. І ён (Прэм’ер-міністр Пакістана. — Зв.) як быццам ведаў мае думкі і слова ў слова мне кажа: слухай, мемарандумы добра, але нам патрэбныя дагаворы і кантракты. Давай сустрэнемся ў Мінску і падпішам гэтыя дагаворы і кантракты ў плане тых намераў, якія сёння ажыццявілі. Бліскучая прапанова!» — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з журналістамі.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Пакістан супрацоўнічаюць на працягу 30 гадоў, за гэты час шмат ужо зрабілі. Навошта тады новая дарожная карта? «Дарожная карта патрэбна актуалізаваная, сучасная. Трэба адкінуць тое, што не працуе, што нам увогуле сёння ў сувязі са змяненнем свету не трэба, — растлумачыў ён. — І спецыялісты з Пакістана нядрэнна ведаюць Беларусь, але пажадана сучасную Беларусь паглядзець. І Шахбаз гаворыць.: нашы спецыялісты праз два тыдні гатовы быць у Мінску для таго, каб паглядзець, удакладніць некаторыя пагадненні і кантракты. У лютым ён гатовы да нас прыехаць, і мы ўжо падпішам адпаведныя пагадненні і кантракты ў развіццё сённяшніх нашых намераў».
«Мы таксама канстатавалі сёння галоўны факт у нашых адносінах. У нас бліскучыя дыпламатычныя адносіны. Мы аднолькава бачым міжнародны парадак дня. Але мы значна адстаём у гандлёва-эканамічных адносінах ад тых магчымасцей, якія існуюць паміж нашымі краінамі. Таму нам абавязкова трэба нашы палітычныя адносіны манетызаваць Трэба паглыбіць і развіць гандлёва-эканамічныя адносіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускага дзяржавы расказаў, што ў час перагавораў бакі абмеркавалі ўвесь спектр супрацоўніцтва: ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага комплексу. «Закрытых тэм у супрацоўніцтве Беларусі і Пакістана сёння няма. Мы будзем развіваць усё, што цікавіць Пакістан. У нас ёсць усё тое, што трэба сёння і, можа быць, нават заўтра Пакістану. Я маю на ўвазе тэхналогіі, якія мы захавалі з часоў Савецкага Саюза , мадэрнізавалі і развілі. Мы гатовы гэтым дзяліцца з Пакістанам. Абаронная прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, лагістыка, сельгасмашынабудаванне, цяжкія грузавікі, электратранспарт... Мы ўсё гэта спецыялістам пакажам. Тое, што вельмі патрэбна сёння Пакістану», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў сучасным свеце не толькі буйныя дзяржавы маюць вялікія тэхналогіі. «Гэтыя тэхналогіі ёсць і ў сярэдніх дзяржаў, невялікіх. І Пакістану трэба развіваць адносіны з такімі дзяржавамі. Мы да гэтага гатовы. Мы можам нямала зрабіць для Пакістана. Мы з задавальненнем гатовы купляць тавары, якія вырабляюцца тут. Асабліва тэкстыль і многае іншае. Мы заўсёды ставіліся да Пакістана як да каштоўнага і надзейнага партнёра не толькі ў Паўднёвай Азіі, але і ва ўсім мусульманскім свеце», — заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за рамкамі афіцыйных заяў — афіцыёзу, як выказаўся Прэзідэнт, — хацеў бы звярнуцца да пакістанскага боку з адной асабістай прапановай. «Нашы адносіны ўжо тры дзясяткі гадоў выбудоўваюцца. І я працую Прэзідэнтам столькі ж гадоў. Для мяне Пакістан — гэта не нешта далёкае. Гэта вельмі блізкая і сяброўская для нас краіна. Мы калісьці дамовіліся — больш за 10 гадоў таму — інтэнсіфікаваць нашы адносіны, і за гэты час нямала зрабілі. Тое, што адбываецца ў Пакістане, заўсёды нас хвалюе. Мы перажывалі за вас, калі здарылася страшная паводка. Мы вельмі хвалюемся за вас, калі тут адбываецца тое, што не павінна адбывацца ў вашым грамадстве. Мы таксама вельмі хвалюемся і перажываем за ўсё тое, што адбываецца сёння», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў свеце адбываюцца страшныя перамены, якіх не было некалькі апошніх стагоддзяў. «Свет вельмі турбулентны, змены кожны дзень. І ў гэты складаны час выжывуць толькі тыя краіны, якія будуць адзіныя і народы якіх будуць перажываць за будучыню сваёй краіны. Ідзе перадзел свету. Моцныя, багатыя краіны схапіліся ў гэтай жалезнай схватцы. Сёння ў свеце больш за 50 войнаў і канфліктаў. Ідзе жорсткая барацьба за лідэрства сёння, заўтра і ў будучым. Ваша краіна як гіганцкая краіна, пятая па колькасці насельніцтва ў свеце, натуральна, уцягнута ў гэты вір. Пазіцыя Пакістана на міжнароднай арэне вам выдатна знаёмая. Вы ведаеце, чаго хоча Пакістан. Але тое, чаго вы хочаце, не адпавядае жаданням буйных краін, якія сёння вядуць барацьбу за лідарства», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Ціхаакіянскім рэгіёне ЗША, Англія, Індыя, Аўстралія (магчыма, падключацца Японія і Паўднёвая Карэя) хочуць стварыць своеасаблівае «ціхаакіянскае НАТА». «Пакістану, які хоча мірна развівацца, гэта, магчыма, нецікава. Таму вас будуць хістаць, у вас будуць пастаянна нагнятаць абстаноўку. І галоўнае, што я хацеў сказаць, гэта ўжо насельніцтва датычыцца: беражыце сваю краіну.
Захаваеце — у вас будзе месца для жыцця. Не захаваеце — будзе бяда. Сяброўская вам парада», — сказаў беларускі лідар.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.