Штодня ратавальнікі цэнтральнага рэгіёна адпраўляюцца ў рэйды па кожным раёне, каб правесці прафілактычныя мерапрыемствы сярод насельніцтва. У прыватным сектары печ застаецца адным з асноўных спосабаў абагравання, і ў разгар ацяпляльнага сезона колькасць пажараў, выкліканых парушэннем правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення, узрастае. Аднак галоўнай прычынай трагедый па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Карэспандэнт «Звязды» высветліў, як пажарныя-ратавальнікі змагаюцца з гэтай небяспекай.
Днямі ў Лагойску прайшоў пажарна-прафілактычны рэйд, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, асабісты склад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі добраахвотнага пажарнага таварыства і члены суб’ектаў прафілактыкі.
Вядома, што з пачатку года ў Лагойскім раёне адбылося 60 пажараў, якія забралі жыцці пяці чалавек. У большасці выпадкаў прычынай гэтых трагедый стала чалавечая бестурботнасць. «Асаблівую ўвагу нашы рэйдавыя групы надаюць дамам адзінокіх і пажылых грамадзян, шматдзетным сем’ям і асобам, якія злоўжываюць алкаголем, — расказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Зінькевіч. — Спецыялісты правяраюць стан печаў, бытавых катлоў, электрычных абагравальнікаў і электрапрыбораў у цэлым, а таксама наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў».
З жыхарамі праводзяцца прафілактычныя размовы аб правілах пажарнай бяспекі ў побыце, аб неабходнасці пастаяннага нагляду за дзецьмі і недапушчальнасці курэння ў ложку, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення.
«Неад’емнай часткай нашай работы з’яўляецца прафілактыка ў жылым сектары, — адзначае спецыяліст па арганізацыйна-масавай рабоце РДГА „Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства“ Наталля Ратава. — Нашы работнікі рэгулярна наведваюць домаўладання, каб выявіць магчымыя парушэнні ў эксплуатацыі пячнога ацяплення. На шчасце, наша арганізацыя гатова аказаць неабходную дапамогу. Мы ўстанаўліваем аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, забяспечваючы дадатковую бяспеку для нашых грамадзян. У супрацоўніцтве з работнікамі МНС мы праводзім абследаванні домаўладанняў, каб зрабіць жыццё людзей бяспечным і камфортным».
Тым часам ратавальнікі са Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях таксама правялі рэйд па жылым фондзе, нагадваючы жыхарам аб захаванні правіл пажарнай бяспекі.
Вольга Васільеўна, якая выхоўвае дваіх дзяцей разам з мужам, сустрэла ратавальнікаў з разуменнем: «Добры дзень! Прыемна, што нас не забываюць. Праходзьце, глядзіце — у нас у кожным пакоі маюцца працоўныя апавяшчальнікі. У кватэры ніхто не курыць, але штодзённыя навіны даказваюць, што пажар можа здарыцца не толькі з-за цыгарэты. Вядома, стараемся сачыць за электрапрыборамі, але мабільныя тэлефоны на начной зарадцы яшчэ не цалкам выключылі: хто-небудзь ды пакіне зараджацца. Мы перыядычна паўтараем нумар службы ратавання з дзецьмі. У нас неяк у суседняй кватэры адбыўся пажар — мы, дарослыя, хвілін пяць не маглі ўспомніць ні нумар „101“, ні нумар „112“. Так што цяпер стараемся рабіць усё бяспечна і вучым гэтаму дзяцей».
Ратавальнікі праверылі працаздольнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў — усе тры знаходзяцца ў спраўным стане. Яны нагадалі гаспадыні пра тое, што нельга пакідаць маленькіх дзяцей без нагляду і што апавяшчальнікі неабходна падтрымліваць у працоўным стане (устаноўка на столі, спраўная батарэйка тыпу «Крона», перыядычны кантроль за станам самога апавяшчальніка). Уручаючы «пажарныя буклеты», ратавальнікі адправіліся далей.
Наступным прыпынкам на шляху супрацоўнікаў МНС стаў дом Марыны Аляксееўны. Па спісах ратавальнікаў, яна пражывае адзінока. Жанчына з радасцю прыняла гасцей: «Добры дзень! — з усмешкай сустракае ратавальнікаў гаспадыня. — Вы зноў з праверкамі да старэйшага пакалення. Заходзьце. У мяне сціплыя валоданні — адзін пакой ды кухня. Апавяшчальнік у мяне ёсць, не так даўно нават батарэйку ў ім мянялі. Пішчаў сярод ночы так моцна, што думала, ён суседзяў разбудзіць! Раніцай сына папрасіла адразу адрамантаваць. Аказалася, толькі батарэйку памяняць трэба было. Рэч, вядома, карысная. Увогуле, я да яго прывыкаю... Ён да мяне таксама».
Апавяшчальнік сапраўды ў спраўным стане — відаць, што з гаспадыняй у іх поўнае паразуменне. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік «падморгвае» ціхенька — Марына Аляксееўна адчувае сябе ў бяспецы.
Варта адзначыць, што ў большасці домаўладанняў, якія наведалі ратавальнікі, гаспадары станоўча ставяцца да ўстаноўкі пажарных апавяшчальнікаў. «Пытанне ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў падымаецца не проста так, — адзначае першы намеснік начальніка Стаўбцоўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Кузняцоў. — Сёння аўтаномны пажарны апавяшчальнік — гэта самы верны спосаб выявіць загаранне на ранняй стадыі і выратаваць сваё жыццё і жыццё блізкіх. Хацелася б, каб пажарныя апавяшчальнікі з’явіліся і ў дамах грамадзян, якія не ўяўляюць сваё жыццё без пэўнай колькасці выкураных у дзень цыгарэт. Як паказвае статыстыка, неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку і пры курэнні, з’яўляецца адной з асноўных прычын узнікнення пажараў і гібелі людзей ад іх. А вось аўтаномны пажарны апавяшчальнік пры спраўнасці зможа папярэдзіць аб пажары на ранняй стадыі».
Крупскія ратавальнікі падчас сваіх візітаў абмяркоўвалі пытанні бяспекі. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Гурыновіч з першага погляду вызначае «клас» пажарнай небяспекі дома. «Пах цыгарэтнага дыму — курэц у доме. Калі яшчэ запалкі і цыгарэты ў спальнага месца, значыць, курыць лежачы. Гэта самая распаўсюджаная прычына пажару і гібелі людзей, — адзначае Дзмітрый Гурыновіч. — Толькі ў 2024 годзе ў Крупскім раёне з гэтай прычыны загінулі тры чалавекі».
Тыя, хто адказна ставіцца да сваёй бяспекі, загадзя рыхтуюць печы да ацяпляльнага сезона. Гэтыя грамадзяне з гонарам дэманструюць работніку МНС печ: «Вось тут падмазалі, вось прадтопачны ліст, комін пачысцілі...». Застаецца толькі нагадаць пра небяспеку ўгарнага газу і распальвання лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі.
Аднак ёсць і іншая катэгорыя грамадзян. Тут ратавальнікам даводзіцца працаваць як «сышчыкам» — адну печ прадэманструюць, а пра другую маўчаць. І правільна: там хваліцца няма чым — расколіны ў палец, агонь бачны, дзверцы цэглай падпёртая... Прамая дарога да трагедыі. Ды яшчэ і апавяшчальнік зняты — толькі яго частка на столі. Яно і зразумела: ён спрацоўвае пастаянна на дым! Так уласнымі рукамі несвядомыя грамадзяне падвяргаюць сваё жыццё небяспецы.
Тым часам у Салігорскім раёне ратавальнікі правяралі спраўнасць пячнога ацяплення і наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Пры іх адсутнасці давалі рэкамендацыі ўстанавіць прыбор.
«Я ніколі не думала, што мне так проста могуць дапамагчы з устаноўкай пажарнага апавяшчальніка. Цяпер я адчуваю сябе значна спакайней, ведаючы, што мой дом абаронены», — падзялілася пенсіянерка.
«Каб засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад вогненнай бяды, не грэбуйце правіламі бяспекі пры выкарыстанні адкрытага агню! Устанавіце ва ўсіх жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, а калі яны ўжо ўстаноўлены — падтрымлівайце іх працаздольнасць. У перыяд ацяпляльнага сезона кантралюйце спраўнасць печаў, каміноў і катлоў на цвёрдым паліве. Будзьце ўважлівыя пры эксплуатацыі электрычных і газавых прыбораў», — нагадалі работнікі МНС.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота МНС
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.