Вы тут

І самагонны апарат — на выхадзе


У мінулым месяцы з інтэрвалам тыдня ў паўтара давялося пабываць у двух вельмі розных сельгаспрадпрыемствах двух зусім не памежных раёнаў. У кожным расказалі па гісторыі з паметкай «не для друку», якія без прывязкі да мясцовасці можна ўжо пераказваць амаль як анекдоты. І на першы погляд яны не маюць абсалютна нічога агульнага. Але ж як паглядзець…


У першай гаспадарцы размова зайшла пра недахоп кадраў. А каго гэтым цяпер здзівіш? Нават самыя заможныя і перадавыя цяпер часта сутыкаюцца з праблемай няхваткі механізатараў у гарачую пару альбо не даюць рады затрымаць спецыяліста, які сумленна адпрацаваў размеркаванне і навастрыў лыжы ў горад, дзе жыць больш камфортна, дзе рабочы дзень абмежаваны строгімі рамкамі, ды і наогул ёсць шмат таго, чаго ў вёсцы пакуль бракуе.

Дык вось на работу ў гэтым сельгаспрадпрыемстве ўладкоўваўся ветурач. Другі раз уладкоўваўся пасля амаль гадавога перапынку. Прапаную сціслы пераказ гісторыі, пачутай ад супрацоўніцы адной са служб гаспадаркі. Гэты спецыяліст прыехаў некалі сюды па размеркаванні, праз некаторы час стварыў сям’ю, потым атрымаў дом. Чалавек як чалавек, работу сваю ведае, вось толькі мае грэх ці нават два: да чаркі ахвочы, ды ўсё прыгожае любіць, у прыватнасці дзяўчат. Апошняе, вядома, не надта падабалася яго жонцы і цешчы, але ж неяк цярпелі. Пра іх высвятленні адносін у сценах дома ніхто не ведаў дакладна, хіба толькі згадкі строілі. Трэба аддаць належнае жонцы, на людзях ад яе ніхто слова дрэннага не чуў пра мужа. А вось ён за чаркай з сабутэльнікамі мог і паскардзіцца, што не цэніць яго ні кіраўніцтва — на рабоце, ні жонка з цешчай — дома, запілавалі гаротніка, хоць у белы свет бяжы.

Ну і аднойчы, як у той песні, дзе лірычная гераіня раіць: «Не бойтесь жизнь переменить», — рашыў усё змяніць: работу, жонку, і як высветлілася, цешчу. Па сакрэце казаў сябрукам за чаркай, што сустрэў каханне ўсяго жыцця: а новая абранніца — адукаваная, натура тонкая, яго разумее як ніхто. Адным словам, сабраў чамадан, паехаў да яе ў суседні раён. Работа па яго спецыяльнасці знайшлася. Але пратрымаўся там наш герой нават меней за год. Паколькі на новым месцы не сталі цярпець яго «маленькую слабасць» і пры першым выпадку з’яўлення на рабочым месцы нападпітку выгналі з трэскам... Як даведаліся падрабязнасці ў гэтай гаспадарцы? Там сваяк галоўнага эканаміста жыве, ён расказаў. Пасля звальнення новыя жонка і цешча — натуры тонкія і ранімыя — выкінулі яго рэчы на ганак. Суседзі казалі, нібыта нават надавалі ў каршэнь, але гэтага ніхто дакладна не ведае.

На гэты раз ён кляўся ў канторы, што больш у рот ні кроплі. Зрабілі выгляд, што паверылі, тым больш што працаваць на гэтай пасадзе цяпер зусім няма каму. А жонка? Пусціла, пакуль толькі ў бакоўку, дом жа гэты ён атрымліваў у гаспадарцы. Сябрукам жа сваім потым скардзіўся, што жыццё — наогул дрэнь, як ні спрабаваў перамяніць яго, а вынік адзін.

Пра нечаканы вынік намаганняў расказалі ў другім, не менш паспяховым, сельгаспрадпрыемстве. І тут гаворка не столькі пра чалавека, ці правільней сказаць, людзей, колькі пра прадмет іх працы. Словам, да раённых «Дажынак» усе рыхтавалі свае падворкі. Ім, як найбліжэйшым да Белавежскай пушчы, даручылі зрабіць макет самагоннага апарата. Каб падкрэсліць асаблівасці, турыстычную прывабнасць раёна і ўсё такое. Нацпарк, як вядома, мае ліцэнзію на выраб названага напою, яго прадаюць там легальна.

Кіраўнік гаспадаркі агучыў заданне работнікам майстэрні. Тыя ўзяліся за справу. Але ж як ні мудрылі, як ні стараліся зрабіць макет, атрымаўся... сапраўдны апарат. Кіраўнік выраб забракаваў, паставіў задачу зрабіць другі варыянт. І майстры ж — не так сабе, да сельгасмашын такія дэталі выраблялі, што на заводах пазайздросцілі б. 
А тут узяліся з яшчэ большым імпэтам і зноў выдалі самы сапраўдны самагонны апарат. «Ну што: «І тчэ забыўшыся рука...» — паўшчуваў дырэктар сваіх падначаленых ды схаваў гэты «макет» у гараж з прыцэлам на будучы музей. На «Дажынках» яго так і не выставілі. Хоць аўтар гэтых радкоў гаварыла ім, што дарэмна, маглі б, напрыклад, падпісаць для асабліва цікаўных «Макет» альбо «Муляж». Думаю, што ад наведвальнікаў каля іх падворка адбою не было б. Бо ўсе ведаюць, што ў пушчанскім краі спрадвеку людзі выраблялі гэты моцны напой, і ў многіх гаспадарчых пабудовах альбо на гарышчы тыя самыя экспанаты захоўваюцца. Сказалі, што не здагадаліся, разгубіліся, бо вынік атрымаўся нечаканы.

Мараль якая? — вы спытаеце. 

А ніякай, хіба толькі тое, што часам як ні старайся, што ні рабі, ды ад сябе не ўцячэш.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».