Калектывізм, руплівасць, адказнасць — такую традыцыю заклалі ў аснову журфака яго ўвішныя дэканы пасля ўзнаўлення ў 1968 годзе функцыянавання самастойнай акадэмічнай структуры ў БДУ. Галоўным архітэктарам і будаўніком стаў ініцыятар самастойнасці журфака Рыгор Булацкі (1968–1981). Калектыў камплектаваў, падбіраў, расціў сістэмна і прадбачліва: па ініцыятыве Рыгора Васільевіча на факультэце пачала працаваць вялікая плеяда вядомых журналістаў-практыкаў, што ўзначалілі чатыры кафедры і стварылі руплівы цэнтр падрыхтоўкі і выхавання журналісцкіх кадраў: Мікалай Дастанка, Яўген Радкевіч, Міхаіл Цікоцкі, Барыс Стральцоў…
Ключавым фактарам і каталізатарам самаўдасканалення журфака з’явілася адкрыццё пяці новых кафедр: у 1998 г. — сацыялогіі журналістыкі, перыядычнага друку, літаратурна-мастацкай крытыкі, у 1999 г. — тэхналогій камунікацыі і англійскай мовы і моўнай камунікацыі.
Дзейсным сродкам згуртавання педагагічнага калектыву і рацыянальнай «прышчэпкай» ад спарадычных праяў «хутарскіх абміцый» у інтэлігентным асяроддзі стала ўкараненне пяці новых разгалінаваных спецыяльнасцяў — «Інфармацыя і камунікацыя», «Аўдыявізуальная журналістыка», «Друкаваныя СМІ», «Літаратурная работа», «Міжнародная журналістыка».
Павышэнню эфектыўнасці тэхналагічнай і метадычнай дзейнасці калектыву спрыяў створаны «з нуля» вучэбны цэнтр камунікацыйных тэхналогій. Упершыню былі створаны беларускія адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы для двухузроўневай падрыхтоўкі профільных кадраў.
Нарэшце ўдалося замацаваць за журфакам права творчага адбору абітурыентаў праз сістэму профільных іспытаў і рэдакцыйныя алімпіяды ў маладзёжных выданнях. Закладзена аснова сістэмнай мадэлі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі супрацоўнікаў інфармацыйнай галіны. Першым у краіне журфак распрацаваў і ўкараніў рэйтынгавую сістэму бягучай паспяховасці студэнтаў.
Спадкаемцы атрымалі ад пакалення выкладчыкаў пачатку ХХІ стагоддзя шмат доўгатэрміновых напрацовак і пачынанняў.
Суцэльнафрантальнае рэфармаванне журналісцкай адукацыі ў краіне на мяжы тысячагоддзяў было выклікана самім жыццём, пераўтварэннямі ў сацыяльным, палітычным жыцці беларускага грамадства. Трансфармацыю вучэбна-метадычнага працэсу ажыццяўляў літаральна ўвесь калектыў журфака. Асноўны цяжар гэтай самакрытычнай і мэтанакіраванай работы вынес «штаб» намеснікаў дэкана, новы склад загадчыкаў кафедр — А. К. Свораб, Л. П. Саянкова, В. Р. Булацкі, Т. М. Дасаева, В. Р. Вашкевіч,
П. Л. Дарашчонак, І. Ф. Ухванава.
Журналісцкія будні і навуковы пошук выявілі патрэбу насычэння класічнага ўніверсітэцкага навучання журналістаў дысцыплінамі сацыяльна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, сацыяльна-псіхалагічнага, прававога, тэхналагічнага профіляў, збалансаваных з філалагічнай і гістарычнай падрыхтоўкай. Шэраг новых дысцыплін, уведзеных у вучэбны план, арыентаваны на выхаванне ў журналістаў-пачаткоўцаў трывалых навыкаў аб’ектывацыі фактаў жыцця ў палітычным, эканамічным, псіхалагічным кантэксце рэчаіснасці.
Дынамізм навуковай сферы факультэта характарызаваўся не толькі аб’ёмам і якасцю навуковых прац, але і тэмпам кваліфікацыйнага
сталення. Гэта дазволіла ўпершыню ў гісторыі журфака стварыць «доктарскі» савет па абароне дысертацый, што, у сваю чаргу, стымулявала паспяховую абарону чатырох доктарскіх дысертацый, вельмі чаканых пасля 15-гадовага тайм-аўта. Закладзена яшчэ адна трывалая перспектыўная традыцыя — правядзенне міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Створаны ўмовы для штогадовага абагульнення міжнароднага і нацыянальнага вопыту журналісцкай тэорыі і практыкі. Гэта дазваляла аб’ектыўна асэнсоўваць сацыяльна-культурны статус журналістыкі і перспектывы яе развіцця.
Замацаванне і развіццё трывалых традыцый журфака трымалася таксама на постацях легендарных асоб выкладчыкаў журфака. На двух прозвішчах спынімся асобна.
Нястомная падзвіжніца — менавіта з гэтымі словамі асацыіруецца постаць прафесара, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, знакамітага кінакрытыка і заснавальніцы беларускай школы кінадаследчыкаў, выпускніцы журфака першага склікання Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай. Такой засталася ў памяці сваіх выхаванцаў і калег па выкладчыцкім цэху шаноўная і непаўторная, прынцыповая і рашучая, уважлівая і лагодная Ефрасіння Леанідаўна.
Прафесар журналістыкі ўсе гады сваёй нястомнай і высакароднай працы ва ўніверсітэце з’яўлялася генеральным канструктарам студэнцкага навуковага таварыства, дзейсным арганізатарам даследчыцкай школы роднага факультэта. Не проста была куратарам, не проста выконвала функцыю адказнага выканаўцы па кіраванні студэнцкімі гурткамі і навукова-практычнымі канферэнцыямі, а штодзённа жыла натхненнем студэнцкай творчасці.
Прадбачлівасць Ефрасінні Леанідаўны ў пошуку даследчыцкіх талентаў сярод студэнцкай моладзі ўражвала. Праз дзесяцігоддзі яе характэрная рыса пранікнёнага прагназіста чалавечых лёсаў знайшла пераканаўчы гістарычны доказ і пацверджанне. Студэнцкі кіраўнік журфакаўскага навуковага таварыства Саша Астроўскі стаў цудоўным рэдактарам першага ў былым Саюзе шматпалоснага штотыднёвіка, а потым — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў шэрагу краін Еўропы, Генеральным консулам у ЗША. Місіянерская настаўніцкая душа Ефрасінні Леанідаўны падарыла журфаку шэраг прыгажунь-разумніц, якіх яна выпеставала ў навуковых гуртках, а затым вырасціла ў таленавітых выкладчыкаў і даследчыкаў журналістыкі — Таццяну Чыгрынаву, Таццяну Падаляк, Людмілу Саянкову, Вольгу Мядзведзеву... Пералічваць імёны-зоркі, што запаліла Ефрасіння Леанідаўна, можна бясконца. Важкі і незабыўны ўнёсак няўрымслівай Ефрасінні Бондаравай у скарбонку талентаў журфака, беларускай кінакрытыкі, журналістыкі працягваюць узгадаваныя ёю вучні.
Не забываюцца, а крышталізуюцца і становяцца больш выразнымі, рэльефнымі і красамоўнымі па шчырасці і чалавечнасці яе простыя асобасныя ўчынкі. Пасля чарговай студэнцкай канферэнцыі, якую даручыла адкрываць Ефрасіння Леанідаўна, яна прылюдна на прэзідыумнай трыбуне ўручыла звычайную духмяную сушку-абаранак... Маўляў, на «абаранкі не атрымаеш», бо здолеў правесці пленарнае пасяджэнне студэнцкай канферэнцыі журфака як след: па яе высокіх стандартах. Даражэй гэтага падарунка-сімвала з рук аўтарытэта для мяне — тагачаснага трэцякурсніка журфака і кіраўніка савета СНТ — нічога не было. Бо гэта сімвалізавала прызнанне самой Ефрасінні Леанідаўны і цанілася вышэй грамат і значкоў.
А літаральна праз год-паўтара прафесар на імпрэзе ў культавым для журфака з бласлаўлення Ефрасінні Леанідаўны Доме кіно запрасіла на кубачак кавы. Тады здалося, што багіня мудрасці і шчырасці адарыла шчаслівым білетам на ўсе экзамены жыцця. Без лішніх слоўных канструкцый вынесла вердыкт: «Ведаю, што сябруеце, таму далейшая даследчыцкая сцяжынка ў цябе побач з Барысам Васільевічам».
Прысуд яе стаў прароцтвам.
І наказам. І бласлаўленнем. Такая бескарыслівая дапамога-парада не забываецца. Невыпадкова ўдзячныя вучні Ефрасінні Леанідаўны адкрылі яе імянную аўдыторыю побач і насупраць імянной аўдыторыі Б. В. Стральцова. Два знакамітыя журфакаўскія настаўнікі назаўсёды прапісаны побач. Гэтак жа ішлі і па жыцці: па журналісцкім, даследчыцкім, настаўніцкім, асобасным і маральным кірунках.
Стваральнай асобай і прыцягальным прафесіяналам застаўся навечна ў летапісе факультэта журналістыкі Барыс Васільевіч Стральцоў. Пуцявіны лёсу творцы па жыцці абудзілі ва ўчарашнім армейцы смак да беларускага слова і журналістыкі. Набываючы завочна адукацыю ў БДУ, Барыс Васільевіч загартаваў прафесійныя кампетэнцыі журналіста ў газетным горне раённай і маладзёжнай газет, газеты «Звязда».
Змястоўная, глыбокая кандыдацкая дысертацыя ў манаграфічным аздабленні «Газета і мараль» падштурхнула Б. В. Стральцова да новай прыступкі і місіі ў жыцці — настаўніцтва. З 1967 года ён паслядоўна становіцца спачатку дацэнтам, загадчыкам кафедры. Настаўнік ад Бога і сейбіт разумнага, добрага, вечнага па вопыце журналісцкіх будняў на чатыры дзесяцігоддзі звязаў свае жыццё з БДУ. Маральныя каштоўнасці, што абараняў і папулярызаваў Б. В. Стральцоў у журналістыцы, у студэнцкім асяроддзі, не выцвілі ад часу ні ў кандыдацкім даследаванні, ні ў шматлікіх вучэбных дапаможніках і навуковых артыкулах. Рэфрэнам праз яго навуковую, педагагічную і публіцыстычную дзейнасць праходзіць думка, што «журналістыка — гэта лад жыцця». Сучаснасць пацвердзіла трываласць меркавання Настаўніка і для сённяшняга дня: толькі ў суладдзі з жыццём журналістыка валодае стваральным патэнцыялам.
Даследчык па перакананні, Барыс Стральцоў спаўна рэалізаваў сваю творчую здольнасць у доктарскім даследаванні праблем мадыфікацыі прадмета і функцый журналістыкі ў жанравых формах. Стральцоўская сістэма інфармацыйных, аналітычных і мастацка-публіцыстычных жанраў журналістыкі запатрабавана і сёння ў акадэмічных колах, сярод журналістаў-практыкаў. Даследаванне на дзесяцігоддзі перажыло вучонага. Але засталася памяць пра цудоўнага чалавека, асобу, прафесіянала, творцу, журналіста, настаўніка, даследчыка, вучонага, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Школа Барыса Стральцова — школа майстра. Яго даследчыцкая спадчына вельмі багатая і даволі разнастайная па кірунках і праблематыцы. Спрычыненасць навукова-даследчага азімуту дзенняў Б. В. Стральцова жыццёва-прафесійным сталеннем асобы не выклікае сумненняў. Літаратурны супрацоўнік тагачаснай бабруйскай абласной газеты «Савецкая Радзіма», літработнік, загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», літаратурны супрацоўнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда». З 1951 да 1969 года ён валадарыў паміж «молатам» рэдакцыйных заданняў і «накавальняй» творчых памкненняў у журналісцкім цэху і літаратурнай ніве.
Практыкаарыентаванай стратэгіяй Б. В. Стральцова у 70–80 гады ХХ стагоддзя быў прадыктаваны выхад манаграфічных даследаванняў «Публіцыстычнасць інфармацыйных жанраў», «Аналітычныя жанры», «Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства». На іх аснове была абаронена доктарская дысертацыя «Праблемы мадыфікацыі функцый і прадмета публіцыстыкі ў газетных жанрах». Гэта дазволіла ўвесці ў вучэбны працэс журфака аж пяць самастойных, але лагічна ўзаемазвязаных узаемаразвіццёвых дысцыплін, якія закладваюць падмурак прафесійнага творчага сталення студэнтаў. Гэтым і тлумачыцца неўміручая памяць выпускнікоў пра Настаўніка.
Натуральна, што пасля паспяховых даследчыцкіх і рацыянальных вучэбна-метадычных учынкаў (змены тыпавога плана навучання ў Савецкім Саюзе — гэта сапраўды мужны стральцоўскі ўчынак!) загадчык кафедры тэорыі практыкі савецкай журналістыкі БДУ змог рэалізаваць наступную высакародную задумку — стварэнне даследчыцкай школы. Пільная ўвага Б. В. Стральцова да працэсу развіцця здольных студэнтаў, падбор, замацаванне іх у даследчай майстэрні грунтаваліся на светапоглядным прынцыпе — наяўнасць абавязковага практычнага журналісцкага вопыту. Сістэмныя захады неўзабаве прынеслі і плён.
Пад кіраўніцтвам прафесара Б. В. Стральцова былі абаронены шматлікія кандыдацкія дысертацыі. Дыяпазон тэм і кірункаў даследавання поліфункцыянальнай прыроды журналістыкі аб’яднаны асобай кіраўніка — Б. В. Стральцова. Яго бачанне перспектыў развіцця сродкаў масавай інфармацыі і практыкаарыентаваная мэтазгоднасць навуковага асэнсавання дыктавалі падбор вопытных практыкаў з розных выданняў і фарміраванне беларускай даследчай школы журналістыкі.
На рубяжы стагоддзяў прафесар Б. В. Стральцоў узначаліў спецыялізаваны Савет па абароне доктарскіх дысертацый у галіне журналістыкі. Упершыню ў гісторыі журфака з’явілася магчымасць калектыўнай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Гэтую магчымасць Б. В. Стральцоў бліскуча рэалізаваў на карысць журфака і журналісцкай навукі Беларусі. Чатыры дактары навук і дваццаць адзін кандыдат навук выпеставаныя з лёгкай рукі і з рэдактарска-кансультатыўным удзелам Барыса Васільевіча. Яны і сёння вызначаюць даследчы патэнцыял інфармацыйнай галіны ведаў Беларусі.
Каб быць паходняй, трэба свяціць. Гэтага прынцыпу Барыс Васільевіч прытрымліваўся ўсё сваё жыццё. Ён заклікаў журналістаў да прафесійнага, кваліфікаванага, творчага ўдасканалення інфармацыйнай прасторы Беларусі.
Васіль ВАРАБ’EЎ, прафесар кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».