Вы тут

Сергяенка з рабочым візітам наведаў Віцебскую вобласць


27 лістапада падчас рабочай паездкі ў Віцебск Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка разам з дэпутатамі ад Віцебскай вобласці прыняў удзел у пасяджэнні аблвыканкама і наведаў важныя для горада аб’екты.


Патрэбен аналіз на месцах

Умацаванне працоўнай дысцыпліны, бяспека работнікаў на вытворчасці і ў вольны час — такія пытанні абмяркоўваліся на адкрытым пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

У Віцебскай вобласці намецілася тэндэнцыя да зніжэння смяротнасці ад знешніх прычын: менш патанулых, загінулых на пажарах і з-за траўм на вытворчасці. У цэлым зніжаецца і вытворчы траўматызм: за дзевяць месяцаў зарэгістравана на 6 працэнтаў менш падобных выпадкаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аднак застаецца трывожнай сітуацыя са злоўжываннем алкаголем, з-за чаго ўзнікаюць негатыўныя наступствы, аж да смяротнага зыходу. На пасяджэнні ўдзельнікі адзначылі, што трэба ўзмацніць кантроль за дысцыплінай на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэгіёна, далучаць людзей да грамадска карыснай дзейнасці.

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў падкрэсліў, што сярод прычын гібелі людзей ад знешніх прычын яшчэ ёсць факты халатнага стаўлення да бяспекі і саміх работнікаў. Яны праходзяць інструктаж, атрымліваюць сродкі індывідуальнай абароны, але ўсё роўна ігнаруюць правілы бяспечных паводзін на вытворчасці.

Для прафілактыкі гібелі і траўміравання людзей праводзяцца розныя мерапрыемствы, рэйды сумесна з праваахоўнымі ведамствамі, месячнікі бяспекі, тыдні нулявога траўматызму, выязныя мерапрыемствы па ахове і захаванні гігіены працы.

Ігар Сергяенка акцэнтаваў увагу, што неабходна правесці аналіз абстаноўкі па раёнах, дзе недапрацоўваюць мясцовыя ўлады, напрыклад па абсталяванні месцаў для купання ў летні перыяд, прывядзенні ў парадак дарог, каб устараніць гэтыя недахопы і мінімізаваць трагічныя выпадкі.

Таксама на пасяджэнні старшыня Палаты прадстаўнікоў уручыў узнагароды работнікам Віцебшчыны, якія ўнеслі дастойны ўклад у развіццё рэгіёна.

Які закон самы складаны?

Таксама Ігар Сергяенка з дэпутатамі наведалі ТАА «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка». Там кіраўнік Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з вытворчасцю і пагутарыў з работнікамі прадпрыемства.

Калектыў прадпрыемства пераважна жаночы, на «Марка» працуюць і людзі з інваліднасцю. Ігар Сергяенка расказаў аб розных сацыяльных праграмах, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне, — для сем’яў, уключаючы шматдзетных, людзей з асаблівасцямі развіцця і асаблівымі патрэбамі, а таксама аб рабоце над законамі, іх змяненнямі і дапаўненнямі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што сацыяльная сфера для дзяржавы прыярытэтная.

Работніцы завода спыталі, што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса краіны. «Гэта чалавек. Усё павінна быць ад жыцця», — адзначыў Ігар Сергяенка і прывёў у якасці прыкладу школьныя аўтобусы ў сельскай мясцовасці. Раней іх можна было выкарыстоўваць толькі для падвозу дзяцей да ўстановы адукацыі, а цяпер дырэктар можа пры неабходнасці браць транспарт для школьных паездак у райцэнтр на экскурсіі, канцэрты, іншыя мерапрыемствы ў межах навучальна-выхаваўчага працэсу.

Віцяблянкі спыталі, як можна трапіць на экскурсію ў Дом урада, убачыць, як працуюць дэпутаты. Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, што для гэтага трэба толькі папрасіць дырэктара прадпрыемства прадставіць аўтобус у Мінск. Амаль кожны дзень па 2-3 групы экскурсантаў прыязджаюць у Дом урада, наведваюць музейную экспазіцыю, якая расказвае пра гісторыю беларускага парламентарызму.

На няпростае пытанне аб самым складаным законе, над якім даводзілася працаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Ігар Сергяенка адзначыў, што гэта тыя, якія адносяцца да сацыяльнай сферы. У гэтых пытаннях важна захоўваць асцярожнасць, таму што кожнае слова, прапісанае ў законе, значнае, і менавіта таму важна прапрацоўваць усё ў дэталях. А законы, якія датычацца далучэння да міжнародных дагавораў, ідуць крыху лягчэй, бо многія пагадненні ўжо адпрацаваны.

Цікавіліся жанчыны і дасягненнямі краіны за апошнія дзесяцігоддзі, якія, на думку Ігара Сергяенкі, з’яўляюцца найбольш значнымі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што гэта захаванне незалежнасці буйных прамысловых прадпрыемстваў. Сёння вытворчы сектар — адзін з магутных слупоў, на якіх трымаецца эканоміка кожнага рэгіёна і краіны ў цэлым. Акрамя таго, нават на зломе эпох у нашай краіне пачыналі зараджацца прадпрыемствы, і прыкладам таму служыць «Марка», якое бярэ пачатак у 1991 годзе, а на абутковы рынак выйшла ў 1994 годзе.

Ігар Сергяенка сустрэўся таксама з кіраўніцтвам кампаніі, абмеркаваўшы пытанні, вострыя не толькі для прадпрыемства, але і ўсёй галіны лёгкай прамысловасці краіны. Напрыклад, гэта плата за электраэнергію. Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна расказала, што 25 працэнтаў прамысловасці Беларусі складаюць прадпрыемствы Віцебскай вобласці. Яны ўсе энерганасычаныя, і важкая частка расходаў займае аплата энерганосьбітаў. Калі знізіць кошт аднаго кілавата для заводаў, прычым не толькі абутковых, але і льнозаводаў, то вызваленыя сродкі можна будзе накіроўваць на зарплату работнікаў або мадэрнізацыю. Таксама яшчэ адзін важны момант для беларускіх вытворцаў — роўныя з расійскімі ўмовы цэнаўтварэння, каб наша якасная прадукцыя магла ствараць здаровую канкурэнцыю на рынку Саюзнай дзяржавы. Ігар Сергяенка адзначыў, што абмяркуе гэтыя тэмы на высокім узроўні.

* * *

Яшчэ адным пунктам праграмы рабочай паездкі дэпутатаў у паўночны рэгіён стала наведванне Цэнтра культуры «Віцебск». Установа займаецца арганізацыяй культурнага адпачынку і развіццём мастацкай самадзейнасці, канцэртнай дзейнасцю і правядзеннем фестываляў, аказвае сацыяльна накіраваныя паслугі і садзейнічае дыялогу нацыянальных культур, ажыццяўляе выставачную дзейнасць, а таксама праводзіць спартыўную і фізкультурна-аздараўленчую работу. Асноўным праектам цэнтра з’яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Ігар Сергяенка паразмаўляў з удзельнікамі калектываў мастацкай самадзейнасці.

Тут жа старшыня Палаты прадстаўнікоў правёў сустрэчу з актывам Віцебскай вобласці, дзе абмяркоўваліся пытанні сумеснай працы ў рэгіёне дэпутацкага корпуса і выканаўчай улады, працы з насельніцтвам, грамадска-палітычная і сацыяльна эканамічная сітуацыя.
Ігар Сяргеенка адзначыў, што Віцебскую вобласць у Палаце прадстаўнікоў прадстаўляюць 14 чалавек, за кожным дэпутатам стаяць 50-60 тысяч выбаршчыкаў. Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, што пытанні дэпутатам, якія паступілі на асабістых прыёмах, трэба вырашаць разам з мясцовымі органамі ўлады. Ён прывёў некалькі прыкладаў такіх зваротаў і перадаў усе звесткі старшыні аблвыканкама Аляксандру Субоціну і кіраўніку Аршанскага раёна Ігару Марозу.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».